Хлопчык-зорка
Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1996
— Ці не будзеце ласкавыя ўзняцца, бясконца шаноўная мадэмуазель Мары? — спытаў Шчаўкунчык.
Мары так і зрабіла. I не паспела яна ўзняцца праз рукаў, не паспела выбрацца з-за каўняра, як ёй насустрач заззяў асляпляльны свет, і яна апынулася на цудоўным, духмяным лузе, які ўвесь іскрыўся, нібы бліскучымі каштоўнымі камянямі.
— Мы на Ледзянцовым лузе,— сказаў Шчаўкунчык.— А зараз пойдзем у тыя вароты.
Толькі цяпер, узняўшы вочы, заўважыла Мары прыгожыя вароты, якія ўзвышаліся ў некалькіх кроках ад яе пасярод лугу; здавалася, што яны складзены з белага і карычневага мармуру, упрыгожанага спрэс крапінкамі. Калі ж Мары падышла бліжэй, яна ўбачыла, што гзта не мармур, а міндаль у цукры і разынкі, чаму і вароты, пад якімі яны прайшлі, называліся, як запэўніваў Шчаўкунчык, Міндальна-Разынкавымі варотамі. На бакавой галерэі гэтых варот, верагодна, зробленай з ячменнага цукру, шэсць малпачак у чырвоных куртках склалі цудоўны турэцкі ваенны аркестр, які іграў так добра, што Мары, сама таго не заўважаючы, ішла ўсё далей і далей па мармуровых плітах, па-майстэрску вырабленых з цукру, які быў звараны разам з дабаўкамі.
Неўзабаве яе апанавалі салодкія пахі, якія духмянілі з цудоўнага гаю, што раскінуўся па абодва бакі. Цёмнае лісце блішчэла і палымнела так ярка, што добра бачны былі залатыя і сярэбраныя плады, якія віселі на рознакаляровых сцяблінах, і банты, і букеты кветак, што ўпрыгожвалі ствалы і галіны, нібы вясё-
лых жаніха і нявесту і гасцей на вяселлі. Пры кожным подыху зефіру, напоўненага пахамі апельсінаў, у галінах і лістах узнімаўся шолах, а залатая мішура хрумсцела і трашчала як радасная музыка, якая захапляла ззяючыя агеньчыкі, і яны танцавалі і скакалі.
— Ах, як тут цудоўна! — усклікнула ў захапленні Мары.
— Мы ў Калядным лесе, любая мадэмуазель,— сказаў Шчаўкунчык.
— Ах, як мне хацелася пабываць тут. Тут так цудоўна! — зноў усклікнула Мары.
Шчаўкунчык пляснуў у далоні, і імгненна з’явіліся малюсенькія пастухі і пастушкі, паляўнічыя, такія пяшчотныя і белыя, што можна было падумаць, быццам яны з чыстага цукру. Хаця яны і гулялі па лесе, Мары іх раней чамусьці не заўважыла. Яны прынеслі цудоўнае залатое крэсла, паклалі на яго белую падушку з пасцілы і вельмі ветліва запрасілі Мары сесці. I зараз жа пастухі і пастушкі выканалі чароўны балет, а паляўнічыя тым часам па-майстэрску трубілі ў рогі. Пасля ўсе схаваліся ў кустах.
— Прабачце, любая мадэмуазель Штальбаўм,— сказаў Шчаўкунчык,— прабачце за т^кія бездапаможныя танцы. Але гэта танцоры з нашага лялечнага балета — яны толькі і ведаюць, што паўтараюць адно і тое ж. А цяпер ці не хочацца вам пайсці далей?
— Што вы, балет быў проста чароўны, і мне вельмі спадабаўся! — сказада Мары, устаючы і накіроўваючыся за Шчаўкунчыкам.
Яны ішлі ўздоўж ручаіны, якая бегла з пяшчотным журчэннем і лепетам і напаўняла сваім цудоўным пахам увесь лес.
— Гэта Апельсінавы ручай,— адказаў Шчаўкунчык на пытанне Мары,— але, калі не ўлічваць яго цудоўнай духмянасці, ён не можа параўнацца ні па велічыні, ні па прыгажосці з Ліманаднай ракой, што, як і ён, упадае ў возера Міндальнага Малака.
Сапраўды, неўзабаве Мары пачула больш гучны плёскат і журчанне і ўбачыла шырокі ліманадны паток, які імчаў свае светла-жоўтыя хвалі сярод зіхоткіх, як ізумруды, кустоў. Незвычайна бадзёрай прахалодай, што наталяла грудзі і сэрца, цягнула ад ЧУДоўнай вады. Непадалёку запаволена цякла цёмнажоўтая рака, якая распаўсюджвала незвычайна са-
лодкі пах, а на беразе сядзелі прыгожыя дзеці, лавілі маленькіх тоўстых рыбак і адраізу з’ядалі іх. Наблізіўшыся, Мары заўважыла, што рыбкі былі падобныя на ламбардскія арэхі. Крыху далей на беразе размясцілася прыгожанькая вёсачка. Дамы, царква, дом святара, свірны былі цёмна-карычневыя з залатымі дахамі, а многія сцены былі распісаны так ярка, быццам на іх наляпілі міндаліны і лімонныя цукаты.
— Гэта Пернікавая вёска,— сказаў Шчаўкунчык,— размешчана на беразе Мядовай ракі. Народ у ёй жыве прыгожы, але вельмі злы, бо ўсе там пакутуюць на зубны боль. Лепш мы туды не пойдзем.
У той жа момант Мары заўважыла прыгожы горад, у якім усе дамы спрэс былі пярэстыя і празрыстыя. Шчаўкунчык накіраваўся проста туды, і вось Мары пачула бязладны вясёлы гоман і ўбачыла тысячу прыгожанькіх чалавечкаў, якія разбіралі даверху напакаваныя вазы, што мясціліся на кірмашы. А тое, што яны даставалі, нагадвала яркія рознакаляровыя пацеркі і пліткі шакаладу.
— Мы ў Цукеркахаўзене,— сказаў Шчаўкунчык,— зараз якраз прыбылі прадстаўнікі з Папяровага каралеўства і ад Шакаладнага караля. He так даўно бядотным цукеркахаўзенцам пагражала армія камарынага адмірала, таму яны накрываюць свае дамы падарункамі з Папяровай краіны і ўзводзяць умацаванні з трывалых пліт, якія даслаў Шакаладны кароль. Але, бязмежна шаноўная мадэмуазель Штальбаўм, мы не можам наведаць усе гарадкі і вёсачкі краіны — у сталіцу, у сталіцу!
Шчаўкунчык заспяшаўся далей, а Мары, згараючы ад нецярплівасці, не адставала да яго. Неўзабаве патыхнула пахам руж, і ўсё нібы асвятлілася пяшчотна мігаючым ружовым ззянем. Мары заўважыла, што гэта быў водбліск ружова-пунсовай вады, якая з соладка-меладычным гукам плёскалася і журчэла каля яе ног. Хвалі ўсё прыбывалі і прыбывалі і нарэшце ператварыліся ў вялікае цудоўнае возера, па якім плавалі прыгожыя серабрыста-белыя лебедзі з залатымі стужкамі на шыі і пелі мілагучныя песні, а брыльянтавыя рыбкі, нібы ў вясёлым танцы, ныралі і куляліся ў ружовых хвалях.
— Ах,— у захапленні ўсклікнула Мары,— дык гэта ж тое самае возера, якое паабяцаў зрабіць мне хрос-
ны! А я — тая самая дзяўчынка, якая павінна была забаўляцца з любымі лебедзямі.
Шчаўкунчык усміхнуўся так кпліва, як яшчэ ні разу не ўсміхаўся, а пасля сказаў:
— Дзядзьку ніколі не змайстраваць нешта падобнае. Хутчэй вы, любая мадэмуазель Штальбаўм... Але ці варта над гэтым думаць! Лепш мы пераправімся па ружовым возеры на той бок, у сталіцу.
СТАЛІЦА
Шчаўкунчык зноў запляскаў у далоні. Ружовае возера зашумела болып моцна, вышэй узняліся хвалі, і Мары заўважыла ўдалечыні двух залатых дэльфінаў, якія былі запрэжаны ў ракавіну, што ззяла яркімі, як сонца, каштоўнымі камянямі. Дванаццаць найпрыгажэйшых арапчыкаў у шапачках і фартухах, сатканых з вясёлкавых пёраў калібры, перанеслі спачатку Мары, а пасля Шчаўкунчыка ў ракавіну, якая адразу панеслася па возеры.
Ах, як хораша было плысці ў ракавіне ў духмянасці руж сярод ружовых хваляў! Залатыя дэльфіны ўзнялі морды і сталі выпускаць крыштальныя струмені высока ўгору, а калі гэтыя струмені падалі з вышыні з бліскучымі і іскрыстымі дугамі, здавалася, нібы спяваюць два цудоўныя, пяшчотна-сярэбраныя галасы:
«Хто па возеры плыве? Фея рэк! Камарыкі, ду-дуду! Рыбкі, пляск-пляск-пляск! Лебедзі, бляск-бляск! Дзіва-птушка, тра-ля-ля! О спявайце, хвалі, смела, бо плыве па ружах фея; ты, струменьчык залаты, аж да сонца даляці!»
Але дванаццаці арапчыкам, якія ззаду ўскочылі ў ракавіну, відаць, зусім не спадабаліся спевы вадзяных струменяў. Яны так трэслі сваімі парасонамі, што лісты фінікавых пальм, з якіх былі сплецены парасоны, мнуліся і гнуліся, а арапчыкі адбівалі нагамі нейкі нявядомы такт і спявалі: .
— Топ-і-ціп і ціп-і-топ, лоп-лоп-лоп! Мы па хвалях карагодам! Птушкі, рыбкі — на прагулку, услед за ракавінай гулкай! Топ-і-ціп і ціп-і-топ, лоп-лоп-лоп!
— Арапчыкі вельмі вясёлы народ,— сказаў трохі
збянтэжаны Шчаўкунчык,— але ці не закаламуцяць яны мне ўсё возера!
I праўда, хутка пачуўся гучны гул, дзіўныя галасы, здавалася, плылі над возерам. Але Мары не звяртала на іх увагі, яна глядзела на духмяныя хвалі, адкуль ёй усміхаліся мілавідныя твары дзяўчат.
— Ах,— радасна закрычала яна, пляскаючы ў далоні,— паглядзі, любы пан Дросельмеер: там прынцэса Шрліпат! Яна так ласкава мне ўсміхаецца... Глядзі ж, любы пан Дросельмеер!
Але Шчаўкунчык самотна ўздыхнуў і сказаў:
— О бязмежна шаноўная мадэмуазель Штальбаўм, гэта не прынцэса Пірліпат, гэта вы. Толькі вы самі, толькі ваш уласны тварык ласкава ўсміхаецца з кожнай хвалі.
Тады Мары хуценька адвярнулася, моцна заплюшчыла вочы і зусім збянтэжылася. У тое ж самае імгненне дванаццаць арапчыкаў падхапілі яе і адяеслі з ракавіны на бераг. Яна апынулася ў невялікім ляску, які быў, бадай, яшчэ больш прыгожы, чым Калядны лес,— так усё тут ззяла і іскрылася; асабліва прыемныя былі надзвычай рэдкія плады, што віселі на дрэвах, надзвычай рэдкія не толькі па афарбоўцы, але і па дзіўным паху.
— Мы ў Цукатным гаі,— сказаў Шчаўкунчык,— а вось там — сталіца.
Ах, што ж убачыла Мары! Як мне апісаць вам, дзеці, прыгажосць і раскошу горада, які паўстаў перад вачамі Мары і які шырока раскінуўся на паляне, пакрытай кветкамі? Ён свяціўся не толькі вясёлкамі фарбаў сцен і вежаў, але і мудрагелістай формай пабудоў, зусім не падобных на звычайныя дамы. Замест дахаў іх ахіналі адмыслова сплеценыя вянкі, а вежы былі апавіты такімі чароўнымі яркімі гірляндамі, што і ўявіць сабе нельга.
Калі Мары і Шчаўкунчык праходзілі праз вароты, якія, здавалася, былі ўзведзены з міндальнага пячэння і цукатаў, сярэбраныя салдацікі ўзялі на каравул, а чалавечак у парчовым халаце абняў Шчаўкунчыка са словамі:
— Ласкава запрашаем, любы прынц! Ласкава запрашаем у Цукеркабург!
Мары вельмі здзівілася, што такі знатны вяльможа называе пана Дросельмеера прынцам. Але тут яны
пачулі гаману тоненькіх галаскоў, што шумна перапынялі адзін аднаго, даляталі гукі трыумфавання і смеху, спевы і музыка, і Мары, забыўшыся на ўсё, адразу ж запыталася ў Шчаўкунчыка, што гэта.
— О любая мадэмуазель Штальбаўм,— адказаў Шчаўкунчык,— здзіўляцца тут няма чаму: Цукеркабург — шматлюдны, вясёлы горад, тут кожны дзень весялосць і шум. Будзьце ласкавы, пойдзем далей.
Праз некалькі крокаў яны апынуліся на вялікай, дзіўнай прыгажосці плошчы кірмашоў. Усе дамы былі ўпрыгожаны цукровымі галерэямі ажурнага вырабу. Пасярэдзіне, як абеліск, узвышаўся салодкі пірог, абсыпаны цукрам, а вакол з чатырох па-майстэрску вырабленых фантанаў білі ўверх струмені ліманаду і іншых смачных прахаладжальных напояў. Басейн быў напоўнены ўзбітай смятанкай, якую так і хацелася чарпануць лыжкай. Але лепш за ўсё былі чароўныя чалавечыкі, якіх мноства тоўпілася тут. Яны весяліліся, смяяліся, шуткавалі і пелі; гэту іх вясёлую гаману Мары чула яшчэ здалёк. Тут былі прыгожа прыапранутыя кавалеры і дамы, армяне, грэкі, яўрэі і цірольды, афіцэры, салдаты, і манахі, і пастухі, і паяцы — усялякі люд, які толькі сустракаецца на белым свеце.