• Часопісы
  • Хлопчык-зорка  Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд

    Хлопчык-зорка

    Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд
    Для малодшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 303с.
    Мінск 1996
    69.52 МБ
    — Схадзі ты ў склеп ды паглядзі, што там з Эльзай здарылася.
    Пайшла работніца, бачыць — сядзіць Эльза перад бочкай і плача-заліваецца.
    — Эльза, чаго ты плачаш? — пытаецца работніца.
    — Ох,— адказвае яна,— ды як жа мне не плакаць? Калі выйду я замуж за Ганса і народзіцца ў нас дзіця, вырасце яно вялікае, і давядзецца яму пайсці ў склеп піва нацадзіць, то раптам незнарок можа зваліцца яму на галаву кірка і забіць яго насмерць...
    I сказала работніца:
    — Вось якая ў нас Эльза разумніца!
    Падсела яна да яе і пачала таксама гора аплакваць. А ў хаце ўсё піва чакаюць не дачакаюцца, а работніца не вяртаецца. Тады бацька і кажа работніку:
    — Схадзі ты ў склеп ды паглядзі, што там Эльза з работніцай робяць.
    Спусціўся работнік у склеп, бачыць — сядзіць Разумная Эльза з работніцай, і абедзве плачуць. Пытаецца ён у іх:
    — Чаго вы плачаце?
    — Ох,— адказвае Эльза,— ды як жа мне не плакаць? Калі выйду я замуж за Ганса і народзіцца ў нас дзіця, вырасце яно вялікае, і давядзецца яму пайсці ў склеп піва нацадзіць, то раптам зваліцца яму на галаву кірка і заб’е яго насмерць...
    Работнік і кажа:
    — Вунь якая ў нас Эльза разумная! — падсеў да яе і таксама заплакаў. А ў хаце чакаюць работніка, і ён усё ніяк не вяртаецца. Тады бацька кажа маці:
    — Схадзі ты сама ў склеп ды паглядзі, што там з Эльзай здарылася.
    Спусцілася маці ў склеп, бачыць — усе трое плачуць. Пытаецца яна ў іх, чаго гэта яны плачуць; расказала ёй Эльза, што яе будучае дзіця, калі яно падрасце, можа забіць кірка,— будзе яно наліваць піва, а кірка раптам і зваліцца яму на галаву. I сказала маці:
    — Ох, якая ж у нас разумная Эльза!—падсела да іх і таксама заплакала.
    Пачакаў бацька крыху, бачыць — маці таксама не вяртаецца, а выпіць піва ўсё болей і болей хочацца. Ён і кажа:
    — Трэба будзе мне самому ў склеп схадзіць ды паглядзець, што гэта там з Эльзай здарылася.
    Спусціўся ён у склеп, бачыць — сядзяць усе поруч і горка плачуць; даведаўся ён, што прычынай таму Эльзіна дзіця, якога яна, магчыма, калі-небудзь народзіць, і што можа яго забіць кірка, калі, нацэджваючы піва, яно будзе сядзець якраз пад кіркай, а ў гэты час яна можа зваліцца, і ён усклікнуў:
    — Якая ж у нас, аднак, разумная Эльза! — сеў і таксама разам з імі заплакаў.
    Доўга чакаў жаніх у хаце адзін, але ніхто не вяртаўся, і падумаў ён: «Відаць, яны мяне ўнізе чакаюць, трэба будзе і мне таксама туды схадзіць ды паглядзець, што яны там робяць». Спусціўся ён уніз, бачыць — сядзяць яны ўсе ўпяцярых і плачуць-галосяць, ды так жаласна — адно мацней за аднаго.
    — Што ў вас за бяда здарылася? — пытаецца ён.
    — Ах, мілы Ганс, — адказала Эльза,— калі мы з табой пажэнімся і будзе ў нас дзіця, вырасце яно вялікае, то можа здарыцца, што пашлем мы яго ў склеп піва нацадзіць, а кірка, якая тырчыць на сцяне, можа, чаго добрага, зваліцца і разбіць яму галаву і забіць яго насмерць. Ну, як жа нам не плакаць з-за гэтага.
    — Ну,— сказаў Ганс,— большага розуму для маёй гаспадаркі і не трэба. Эльза, ты такая разумная, што я з табою ажанюся,— і ўзяў яе за руку, павёў наверх і адсвяткаваў з ёю вяселле.
    Пажыла яна з Гансам трохі, а ён і кажа:
    — Жонка, я паеду на заробкі. Патрэбна нам на грошы разжыцца, а ты ідзі ў поле жаць пшаніцу, каб быў у нас хлеб у хаце.
    — Добра, мілы Ганс, я так і зраблю.
    Пайшоў Ганс, наварыла яна сабе смачнай кашы і ўзяла з сабой у поле. Прыйшла туды і сама сябе пытае:
    — Што мне рабіць? Ці жаць спачатку, ці перш паесці? Э, мабыць, паем я спачатку.
    З’ела яна гаршчок кашы, наелася і зноў пытае:
    — Што мне рабіць? Ці жаць спачатку, ці, можа, перш паспаць? Відаць, пасплю я спярша.— Лягла яна ў пшаніцу і заснула.
    А Ганс у гэты час даўно ўжо дадому вярнуўся, а Эльзы ўсё няма і няма. Вось ён і кажа:
    — Якая ў мяне разумная Эльза, яна такая руплівая — і дамоў не вяртаецца, і нічога не есць.
    А яе ўсё няма і няма. Ужо і вечар настаў, выйшаў Ганс у поле паглядзець, колькі яна пшаніцы нажала; бачыць, што ніколькі не зжата і ляжыць Эльза ў пшаніцы і спіць. Пабег Ганс хутчэй дамоў, прынёс з сабой птушкалоўную сетку з бразготкамі і накінуў яе на Эльзу; а яна ўсё працягвае спаць. Пабег ён дамоў, зашчапіў дзверы, усеўся на лаву і ўзяўся за работу.
    Нарэшце ўжо зусім сцямнела, прачнулася Разумная Эльза, і толькі яна паднялася, а бразготкі на ёй і зазвінелі, і як ні зробіць яна крок, а бразготкі звіняць і звіняць. Спалохалася яна і задумалася: ці сапраўды яна Разумная Эльза? I пачала сама ў сябе пытаць: «Ці я гэта, ці не я?» I сама не ведала, як ёй на гэта адказаць, і стаяла яна некаторы час у сумненні; нарэшце яна падумала: «Пайду я дамоў ды запытаю, ці я гэта, ці не я,—там ужо дакладна ведаюць».
    Прыбегла яна дадому, а дзверы зашчэплены. Пастукала яна ў аконца і пытае:
    — Ганс, ці дома Эльза?
    — Так,— адказвае Ганс,— яна дома.
    Спалохалася яна і кажа:
    — Ах, божа мой, значыць, гэта не я! — і кінулася да суседзяў. А людзі пачулі звон бразготак і не захацелі ёй адчыняць, і нідзе не знайшлося ёй прытулку. I пабегла яна тады з вёскі; і ніхто яе з таго часу болып не бачыў.
    ХЛОПЧЫК-ЯК-ПАЛЬЧЫК
    Жыў калісьці на свеце бедны селянін. Сядзеў ён аднойчы вечарам ля печы і прысак варушыў, а жонка сядзела і прала. Вось ён і кажа жонцы:
    — Так прыкра, што няма ў нас дзяцей. Вельмі ж у нас ціха, а вось у іншых хатах, ты толькі зірні, як шумна ды весела.
    — Гэта праўда,— адказала жонка і ўздыхнула,— каб быў у нас хоць адзін, хай сабе такі маленькі, як мезены пальчык, дык і то я была б шчаслівая. А як мы любілі б яго!
    I здарылася так, што жонка стала цяжарнай і праз сем месяцаў нарадзіла немаўлятка, і было яно здаровае ды статнае, але росту мела не болей за палеп.
    I сказалі яны:
    — Вось так яно і сталася, як мы хацелі: сыночка нашага мы будзем любіць,— і імя яму далі за яго рост Хлопчык-як-пальчык.	'
    Яны добра яго кармілі, але хлопчык усё не рос ды не рос і заставаўся такім, якім і нарадзіўся; аднак вочы ў яго былі разумныя, і неўзабаве выявіў ён сябе кемлівым і руплівым, і ўсё, за піто ён ні браўся, яму ўдавалася.
    Сабраўся аднойчы селянін у лес дровы секчы і сказаў сам сабе: «Вось было б добра, каб нехта прыехаў па дровы з возам».
    — Татка,— кажа Хлопчык-як-пальчык,— я прывязу воз, ты ўжо не сумнявайся, з’явімся мы ў лесе своечасова.
    — Але як жа ты з гэтым справішся, ты ж такі маленькі, каб канём кіраваць?
    — Гэта, татка, не бяда! Калі маці запражэ, дык я залезу каню ў вуха і буду яму крычаць, куды трэба ехаць.
    — Добра,— адказаў бацька,— адзін раз, бадай што, паспрабуем.
    Калі прыйшла пара, запрагла маці каня і пасадзіла Хлопчыка-як-пальчык каню ў вуха, і стаў хлапчына пакрыкваць, куды яму ехаць: «Но! но! Лявей, правей!»
    Усё ішло як мае быць, як у вопытнага фурмана, і воз каціўся проста ў лес. Ды здарылася так, што на паваротцы, калі Хлопчык-як-пальчык крыкнуў: «На-
    лева, налева!», насустрач з’явіліся двое незнаёмых.
    — Глянь,— кажа адзін з іх,— што гэта такое? Едзе сабе воз, фурман на каня пакрыквае, а самога не відаць.
    — Тут штосьці не тое,— зазначыў другі,— давай пойдзем следам за возам і пацікуем, дзе ён спыніцца.
    Але воз ехаў сабе ўсё далей і далей у лес і прамым кірункам туды, дзе секлі дровы. Убачыў Хлопчык-якпальчык бацьку і кажа яму:
    — Вось, татка, я і прыехаў з возам. А цяпер ты знімі мяне і апусці на зямлю.
    Бацька левай рукой узяў каня за аброць, а правай дастаў з конскага вуха свайго сыночка, які весела ўсеўся на былінку.
    Убачылі незнаёмцы Хлопчыка-як-пальчык і не ведалі, што ім і казаць ад здзіўлення. Паклікаў адзін другога ўбок і кажа:
    — Паслухай, гэты недаростак мог бы прынесці нам шчасце, мы паказвалі б яго ў вялікім горадзе за грошы,— давай купім яго.
    Падышлі яны да селяніна і гавораць:
    — Прадай нам свайго маленькага чалавечка, яму будзе ў нас добра.
    — He,— адказвае селянін,— гэта мой любы сынок, і я яго нават за вялікае золата не прадам.
    Але Хлопчык-як-пальчык пачуў, што яго купляюць, залез па складках вопраткі да бацькі на плечы і пачаў шаптаць яму ў вуха:
    — Татка, прадавай мяне, а назад да цябе я сам вярнуся.
    I вось прадаў яго бацька за вялікія грошы двум незнаёмцам.
    — А куды ж цябе пасадзіць? — пытаюцца яны ў малечы.
    — Ды пасадзіце мяне на поле вашага капелюша, там мне можна будзе шпацыраваць і ваколіцы аглядаць, я адтуль не звалюся.
    Яны згадзіліся з ім. Хлопчык-як-пальчык развітаўся з бацькам, і яны рушылі ў шлях-дарогу.
    Ішлі яны, ішлі, а ўжо і вечарэць пачынае, тады малеча і кажа:
    — Апусціце мяне на дол, бо маю патрэбу.
    — Ат, заставайся там наверсе,— прамовіў чалавек, на галаве ў якога ён сядзеў,— нічога страшнага, ад
    птушак таксама іншы раз перападае.
    — He,— адказаў Хлопчык-як-пальчык,— я ведавд, як трэба сябе паводзіць, хутчэй апусціце мяне ўніз.
    Зняў чалавек капялюш і пасадзіў малечу на прыдарожнае поле. Хлопчык-як-пальчык скокнуў убок і пачаў прабірацца паміж грудамі зямлі, а калі прыкмеціў мышыную норку, узяў і схаваўся туды.
    — Бывайце, спадары, бывайце, ідзіце сабе дамоў без мяне,— гукнуў ён ім з норкі і пачаў смяяцца з іх.
    Падбеглі тыя да мышынай норкі, давай торкаць у яе палкамі, але дарэмна,— Хлопчык-як-пальчык запаўзаў усё глыбей і глыбей, а незнаёмцаў ужо і ноч агарнула, і давялося ім вярнуцца дамоў са злосцю ды з пустой торбай.
    Калі Хлопчык-як-пальчык зразумеў, што яны пайшлі, ён вылез з падземнага хода. «Упоцемку ісці па полі, бадай што, будзе небяспечна,— сказаў ён,— яшчэ шыю або нагу сабе скруціш». На шчасце, натрапілася яму па дарозе пустая ракавіна слімака. «Дзякуй Богу,— сказаў ён,— цяпер я магу правесці ноч спакойна»,— і залез у ракавіну.
    Толькі прымеркаваўся ён заснуць, як раптам чуе — ідуць міма два чалавекі, і адзін з іх .гаворыць:
    — Як гэта нам украсці ў багатага пастара грошы і серабро?
    — Я табе сказаў бы, як гэта зрабіць! — гукнуў Хлопчык-як-пальчык.
    — Што гэта? — пытаецца напалоханы злодзей.— Я чую, нехта гаворыць.
    Прыпыніліся яны і пачалі ўслухоўвацца. Тады Хлопчык-як-пальчык зноўку прамовіў:
    — Вазьміце мяне з сабою, я вам памагу.
    — А дзе ж ты?
    — А вы пашукайце мяне на зямлі і слухайце, адкуль голас чуецца,— адказаў ён.
    Нарэшце зладзеі знайшлі яго і паднялі ўгару.
    — Ну і малеча ж ты, як ты можаш нам памагчы? — здзівіліся яны.
    — А вось як,— адказаў ён,— я залезу цераз краты ў камору пастара і дастану вам тое, што патрэбна.