Хлопчык-зорка
Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1996
Мядзведзь дабрадушна дазваляў гуляць з ім, але калі яго вельмі даймалі, роў:
— Беласнежка! Красназорка!
Дзеці, грэх вам — не ха-ха, Заб’яце вы жаніха.
Калі надышла ноч і трэба было класціся спаць, маці сказала мядзведзю:
— Заставайся ты тут, каля ачага. Тут будзеш заслонены ад ветру і сцюжы.
Махнаты госць застаўся.
На світанні дзяўчаты адчынілі дзверы, і мядзведзь павольна паплёўся ў лес па снежных гурбах.
Але з той пары кожны вечар у той жа час ён прыходзіў да іх, клаўся перад ачагом і дазваляў абедзвюм сёстрам тармасіць яго колькі ім захочацца.
Дзяўчаткі так прывыклі да яго, што нават дзверы не зачынялі, пакуль не прыйдзе іх калматы чорны прыяцель.
I вось надышла вясна. Калі ўсё навакол зазелянела, мядзведзь сказаў Беласнежцы:
— Бывай. Я павінен пайсці ад вас, і ўсё лета мы не ўбачымся.
— А куды ты ідзеш, мілы мядзведзь? — спытала Беласнежка.
— У лес — вартаваць сваё багацце ад злых карлікаў,— адказаў мядзведзь.— Зімой, калі зямля моцна замярзае, яны не могуць выкараскацца наверх і нехаця сядзяць у сваіх глыбокіх норах.
Але цяпер сонца абагрэла зямлю, растапіла лёд, і яны ўжо, напэўна, праклалі дарогу са свайго падзямелля на волю, вылезлі наверх, усюды шныраць і цягнуць да сябе ўсё, што ім прыглянецца. А хай што трапіць ім у рукі,— апынецца ў іх нары, не хутка выйдзе зноў на белы свет.
Шкада было Беласнежцы расставацца з добрым другам. Яна ў апошні раз адчыніла яму дзверы. А ён, прабіраючыся міма яе праз парог, зачапіўся неспадзявана за крук у дзвярах і вырваў кавалачак поўсці. I тут Беласнежцы здалося, што пад калматай мядзведжай шкурай бліснула золата... Але яна вачам сваім не паверыла. Мядзведзь з усіх ног кінуўся ўцякаць і, перш чым яна паспела азірнуцца, знік за дрэвамі.
Неўзабаве пасля таго паслала маці абедзвюх дачок у лес па сушняк. У глыбіні лесу дзяўчаты ўбачылі вялікае дрэва, паваленае бурай. Яшчэ здалёк яны заўважылі, што каля ствала ў траве штосьці мітусіцца, скача. Але што гэта такое — яны не маглі разабрацца.
Сёстры падышлі бліжэй і ўбачылі карліка — маленькага дзядка з маршчыністым тварам і доўгай, белай як снег барадой. Кончык яго барады трапіў у расколіну дрэва, і дзядок скакаў і мітусіўся, нібы
сабачка на вяровачцы, але ніяк не мог вырвацца на волю.
Убачыўшы дзяўчат, ён выпучыў свае чырвоныя, іскрыстыя вачаняты і закрычаў:
— Чаго вы спыніліся? He можаце падысці бліжэй і дапамагчы!
— Ды што ты тут робіш, дзядок? — спытала Красназорка.
— Неразумная цікаўная гуска! — адказаў карлік.— Я хацеў расшчапіць дрэва, каб нарыхтаваць сабе дробных дроўцаў для кухні. На тоўстых паляняках прыгараюць нашы далікатныя, лёгкія стравы. Але мы ядзім патрошку, не напіхваем свае жываты, як вы, грубы, прагавіты народ!.. Я ўжо амаль загнаў у дрэва клій, і ўсё ішло выдатна, ды праклятая дзеравяка трапіла вельмі слізкая і ні з таго ні з сяго выскачыла назад. Я не паспеў адскочыць, і маю цудоўную белую бараду прыхапіла, нібы ціскамі. Вось яна і сядзіць у расколіне, і я, колькі ні б’юся, не магу вырвацца... Ды што вы смеяцеся, таўсташчокія дурнічкі? Цьфу, і глядзець на вас агідна!
Дзяўчаты што было моцы імкнуліся дапамагчы дзядку, але вызваліць яго бараду ім ніяк не ўдавалася: вельмі ўжо моцна заціснула яе расколіна.
— Я пабягу паклічу людзей,— сказала Красназорка.
— Пустыя барановыя галовы! — заскрыпеў карлік.— Вельмі патрэбна клікаць сюды людзей! Хопіць з мяне і вас дваіх. Няўжо вы не можаце прыдумаць неіпта лепшае? ,
— Пацярпі трошкі,— сказала Беласнежка.— Зараз я цябе выручу.
Яна выцягнула з кішэні маленькія нажніцы і адрэзала яму кончык барады.
Ледзь толькі карлік адчуў сябе на свабодзе, схапіў схаваны ў карэнні дрэва і з коптурам напакаваны золатам мех, надзейна завязаў яго, выгукнуў буркліва:
— Неачэсаны народ!.. Адхапілі кавалак маёй цудоўнай барады... Каб вам пуста было!
3 гэтымі словамі ён узваліў мяшок на плечы і пайшоў, нават не глянуўшы на дзяўчат.
Праз некалькі дзён пасля таго Беласнежка і Красназорка вырашылі налавіць на абед рыбы. Прыйшоўшы
на бераг ракі, яны ўбачылі вялікага коніка, які скакаў каля самай вады.
Яны падбеглі бліжэй і пазналі карліка, якога нядаўна бачылі ў лесе.
— Ды што з табой? — спытала Красназорка.— Ты, здаецца, збіраешся скочыць у ваду?
— Я не такі дурань! — крыкнуў у адказ карлік.— Няўжо вы самі не бачыце, што гэта праклятая рыба цягне мяне за сабой?
Сталася так, што карлік сядзеў на беразе ракі і лавіў рыбу. На бяду, вецер захацеў пазабаўляцца з яго доўгай барадой і накруціў яе на лёску вуды. А тут, нібы знарок, клюнула вялікая рыбіна. У бедака не хапіла сілы выцягнуць яе на бераг. Рыба адолела рыбака і пацягнула яго за сабой у ваду. Ён хапаўся за травінкі і саломінкі, але ніяк не мог утрымацца. Рыба кідалася ў вадзе і цягала яго за сабой па беразе то ўправа, то ўлева... Яшчэ трохі, і яна пацягнула б яго на дно. .
Дзяўчаты падаспелі якраз у час. Моцна схапіўшы карліка, яны паспрабавалі разблытаць яго бараду. Але дзе там! Барада і лёска так цесна перапляліся, што пра гэта нельга было думаць.
Заставалася адно: зноў дастаць з кішэні маленькія нажніцы і адстрыгчы яшчэ жмут барады.
Ледзь толькі ляснулі нажніцы, карлік закрычаў не сваім голасам:
— Ды дзе гэта бачана, жабы вы лупатыя, так нявечыць чалавека! Мала таго, што вы ўжо адхапілі ў мяне канец барады, цяпер вы адрэзалі яё лепшую частку. Ды як я ў такім выглядзе пакажуся! Ах, каб вы, уцякаючы, свае падэшвы пагублялі!..
Тут ён схапіў мяшок з жэмчугам, закінуў у чарот і, не сказаўшы болып ні слова, знік за каменем.
Прайшло яшчэ тры дні, і вось маці паслала абедзвюх дачок у горад купіць іголак, нітак, шнуркоў і стужак.
Дарога ішла цераз пустэльную раўніну, па якой тут і там былі раскіданы агромністыя глыбы камянёў.
Дзяўчаты заўважылі, што ў небе лунае вялікая птушка. Павольна кружачыся, яна апускалася ўсё ніжэй і ніжэй і нарэшце села непадалёк ад дзяўчат, каля адной са скал.
У тое ж імгненне яны пачулі пранізлівы, жаласны крык.
Сёстры кінуліся на дапамогу і з жахам убачылі, што ў кіпцюры арла трапіў іх стары знаёмы — сівабароды карлік. Птушка развінула крылы і ўжо сабралася панесці яго.
Дзяўчынкі што было моцы ўхапіліся за чалавечка і датуль тузалі і цягнулі яго да сябе, пакуль птушка не выпусціла сваю здабычу.
• Толькі апомніўся карлік ад перапалоху, як закрычаў сваім скрыпучым, вісклівым галаском:
— Няўжо нельга было абысціся са мной як-небудзь асцярожней? Вы на шматкі парвалі каптанчык з такога тонкага сукна!.. Эх вы, нехлямяжыя, непаваротлівыя дзеўчаняты!
Ён падняў мяшок, на гэты раз напакаваны каштоўнымі камянямі, і шмыгнуў у якуюсьці нару пад скалой.
А дзяўчаткі, зусім не здзівіўшыся, пайшлі далей: яны ўжо прывыклі да яго няўдзячнасці.
Вечарам, скончыўшы ў горадзе свае справы, сёстры вярталіся той жа дарогай. I зноў нечакана сустрэлі карліка.
Выбраўшы чыстую, роўную мясціну, ён вытрас са свайго мяшка каштоўныя камяні і разбіраў іх, не думаючы, што хто-небудзь так позна пойдзе каля скал.
У праменнях вячэрняга сонца бліскучыя каменьчыкі так цудоўна мігацелі, пераліваючыся ўсімі колерамі вясёлкі, што сёстры міжволі спыніліся і залюбаваліся імі.
Карлік узняў галаву і заўважыў дзяўчынак.
— Ну чаго спыніліся, разявакі? — закрычаў ён, і яго попельна-шэры твар паружавеў ад злосці.— Што вам тут патрэбна?..
Ён адкрыў рот, каб вылаяцца, але тут пачуўся грозны роў, і вялікі чорны мядзведзь шарам выкаціўся з лесу.
Страх адкінуў карліка ўбок, але дзядку не ўдалося ўцячы ў сваю надзейную нару: мядзведзь ужо быў у двух кроках ад яго.
Тады, калоцячыся ад страху, ён запішчаў:
— Дарагі пан мядзведзь, злітуйцеся нада мной! Я аддам вам усё сваё багацце! Паглядзіце хоць на тыя цудоўныя каменьчыкі, што ляжаць перад вамі... Толькі падарыце мне жыццё! Ну нашто я вам, такі маленькі і шчупленькі? Вы нават не адчуеце мяне на зубах.
Вазьміце лепш гэтых дрэнных дзеўчанят! Вось гэта будзе для вас смачны кавалачак. Вы ж самі бачыце, што яны больш тлустыя, чым маладыя перапёлкі. З’ешце іх абедзвюх на здароўе!..
Але мядзведзь і вухам не павёў, як быццам не чуў, што кажа яму злы карлік. Ён толькі стукнуў яму разок сваёй цяжкой лапай, і карлік болып не варухнуўся.
Дзяўчаткі вельмі напалохаліся і кінуліся бегчы, але мядзведзь забубнеў ім услед:
— Беласнежка, Красназорка, не бойцеся, пачакайце! I я з вамі!
Тут яны пазналі голас свайго даўняга прыяцеля і спыніліся. Калі ж мядзведзь параўняўся з імі, тоўстая мядзведжая шкура раптам звалілася з яго, і яны ўбачылі перад сабой цудоўнага юнака, з ног да галавы апранутага ў золата.
— Я — каралевіч,— сказаў юнак.— Гэты злы карлік выкраў мае скарбы, а мяне самога ператварыў у мядзведзя. Дзікім зверам павінен я быў бадзяцца па лясных нетрах да таго часу, пакуль яго смерць не вызваліць мяне. I вось нарэшце ён пакараны па заслугах, а я зноў стаў чалавекам. Але я ніколі не забудуся, як вы пашкадавалі мяне, калі я быў яшчэ ў звярынай шкуры. Болып мы з вамі не расстанемся. Няхай Беласнежка стане маёй жонкай, а Красназорка — жонкай майго брата.
Так і адбылося. Калі прыйшоў час, каралевіч ажаніўся з Беласнежкай, а яго брат — з Красназоркай.
Каштоўныя скарбы, схаваныя карлікам у глыбокай пячоры, зноў заблішчэлі на сонцы.
Добрая ўдава яшчэ доўга жыла ў сваіх дачок спакойна і шчасліва. Абодва ружовыя кусты яна ўзяла з сабою. Яны раслі пад яе акном, і кожны год там расцвіталі цудоўныя ружы — белыя і чырвоныя.
ХАНС КРЫСЦІЯН АНДЭРСЕН
БРЫДКАЕ КАЧАНЯ
Хораша было за горадам! Стаяла лета. На полі ўжо залацілася жыта, авёс зелянеў, сена было складзена ў стагі; па зялёным лузе пахаджваў даўганогі бусел і балакаў па-егіпецку — гэтай мове ён навучыўся ад сваёй маці. За палямі і лугамі цямнеў вялікі лес, а ў лесе хаваліся глыбокія сінія азёры. Так, хораша было за горадам! Сонца асвятляла старую сядзібу, абкружаную глыбокімі канавамі з вадой. Уся зямля — ад сценаў хаты да самай вады — зарасла лопухам, ды такім высокім, што маленькія дзеці маглі стаяць пад самымі буйнымі яго лістамі ў поўны рост.
У гушчары лопуху было гэтак жа глуха і дзіка, як у густым лесе, і вось там сядзела на яйках качка. Сядзела яна ўжо даўно, і ёй гэты занятак даволі-такі надакучыў. Да таго ж яе рэдка наведвалі,— іншым качкам было болып даспадобы плаваць па канаўках, чым сядзець у лопуху ды кракаць разам з ёю.