Хлопчык-зорка
Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1996
— Увесь свет ведае, што ў мяне ёсць такая рэдкая птушка, і толькі я адзін не ведаю пра гэта,— сказаў імператар.— Я хачу, каб сёння ж вечарам яна была тут і спявала мне!
— Я адшукаю яе, ваша вялікасць,— адказаў першы міністр.
Адказаць-то было няцяжка. Але дзе яе знойдзеш?
I вось першы міністр забегаў уверх і ўніз па лесвіцах, па залах і калідорах, але ніхто з прыдворных не мог яму сказаць, што за птушка салавей і дзе гэты самы салавей жыве.
Першы міністр вярнуўся да імператара і далажыў, што салаўя ў Кітаі няма і ніколі не было.
— Ваша вялікасць дарма дазваляе верыць усяму, што напісана ў кнігах,— прамовіў ён.— Усё гэта адны пустыя выдумкі.
— He гавары лухты! — абурыўся імператар.— Я хачу чуць салаўя. Ён павінен быць у палацы сёння ж вечарам! А калі яго не будзе тут у вызначаны час, я загадаю пасля вячэры адлупіць цябе і ўсіх міністраў палкамі па пятках.
— Тзінг-пе! — прагугнеў першы міністр і зноў пачаў бегаць уверх і ўніз па лесвіцах, па калідорах і залах.
3 ім бегалі ўсе саноўнікі і прыдворныя — нікому не хацелася адведаць палак.
Раз-пораз яны сутыкаліся насамі і пыталіся адзін у аднаго:
— Што такое са-ла-вей?
— Дзе знайсці са-лаў-я?
Але ніхто ў імператарскім двары нават не чуў пра салаўя, пра якога ведаў ўжо увесь свет.
Нарэшце прыдворныя прыбеглі на кухню. Там сядзела маленькая дзяўчынка і выцірала талеркі.
Першы міністр спытаў у дзяўчынкі, ці не ведае яна, дзе жыве салавей.
— Салавей? — здзівілася дзяўчынка.— Ды як жа мне не ведаць! Ён жыве ў нашым лесе. А ўжо як спявае! Я кожны дзень нашу маёй хворай маме рэшткі абеду з імператарскай кухні. Жывём мы ля самага мора. Поруч у лясной глухамані ёсць старое дрэва з вялікім дуплом і густымі-густымі галінамі. I кожны раз, калі я сядаю адпачыць пад гэтым дрэвам, я чую песню салаўя. Ён спявае так пяшчотна, што слёзы самі па сабе цякуць у мяне з вачэй, а на душы становіцца так радасна, нібы мяне цалуе матуля.
— Дзяўчынка,— узмаліўся першы міністр,— я прызначу цябе першай пасудамыйкай і нават дазволю паглядзець, як абедае сам імператар, калі ты пакажаш нам, дзе жыве салавей. Ён запрошаны сёння вечарам у імператарскія палаты.
I вось усе накіраваліся ў лес.
Паперад усіх ішла дзяўчынка, а за ёй міністры і саноўнікі.
Ішлі яны, ішлі, і раптам недзе непадалёк зарыкала карова.
— Во! — дружна выгукнулі прыдворныя.— Гэта, напэўна, і ёсць салавей. Які, аднак, у яго моцны голас!
— Гэта карова рыкае,— растлумачыла дзяўчынка.— Яшчэ далёка да таго дрэва, на якім жыве салавей.
I ўсе пайшлі далей.
Раптам у балоце заквакалі жабы.
— Цудоўна! — узрадаваўся прыдворны бонза.— Нарэшце я чую салаўя. Цюцелька ў цюцельку як сярэбраныя званочкі ў нашай бажніцы!..
— He, гэта ўсяго толькі жабы,— прамовіла дзяўчынка.— Але цяпер, я думаю, мы хутка пачуем і самога салаўя.
I на самай справе з гушчэчы галін данёсся цудоўны спеў.
— Вось гэта і ёсць салавей! — сказала дзяўчынка.— Слухайце, слухайце! А вось ён і сам! — I яна
паказала пальцам на маленькую шэранькую птушачку, што сядзела на галінцы.
— Пф! — здзівіўся першы міністр.— Ніяк не думаў, што гэты знакаміты салавей такі нягеглы з выгляду. Напэўна, ён стаў шэрым ад страху, убачыўшы адразу столькі вяльможных асоб.
— Салавейка! — гучна закрычала дзяўчынка.— Наш літасцівы імператар хоча паслухаць цябе.
— Вельмі рад! — адказаў салавей і заспяваў яшчэ званчэй.
— Пф, пф! — надзьмуўся першы міністр.— Яго голас звініць гэтак жа звонка, як шкляныя бразготкі на парадным балдахіне імператара. Зірніце толькі, як працуе гэты маленькі гарлапан! Дзіўна, што мы ніколі дагэтуль не чулі такога выдатнага спевака. Ён несумненна будзе мець вялікі поспех пры двары.
— Ці не жадае імператар, каб я паспяваў яшчэ? — спытаў салавей. Ён думаў, што з ім размаўляе сам імператар.
— Непераўзыдзены пан салавей! — сказаў першы міністр.— Яго вялікасці імператара тут няма, але ён усклаў на мяне прыемнае даручэнне запрасіць вас на маючае адбыцца сёння ўвечары прыдворнае свята. He сумняваюся, што вы зачаруеце яго вялікасць сваім дзіўным спевам.
— Песні мае куды лепш гучаць у зялёным лесе,— адказаў салавей.— Але я ахвотна палячу з вамі, калі гэта будзе прыемна імператару.
А ў палацы, між іншым, рыхтаваліся да свята. Усе бегалі, шчыравалі, мітусіліся. У фарфоравых сценах і ў шкляной падлозе адлюстроўваліся сотні тысяч залатых ліхтарыкаў. У калідорах радамі былі расстаўлены надзвычай прыгожыя кветкі, а прывязаныя да кветак званочкі ад усёй беганіны, сумятні і скразняку звінелі так гучна, што ніхто не чуў свайго ўласнага голасу.
I вось наступіў вечар. Пасярод агромністай залы сядзеў імператар. Насупраць імператарскага трона паставілі залаты шост, а на самым вяршку яго сядзеў салавей. Усе прыдворныя былі ў поўным зборы. Нават беднай дзяўчынцы з кухні дазволілі стаяць у парозе,— яна ж была цяпер не звычайная дзяўчынка, а прыдворная пасудамыйка. Усе былі па-святочнаму расфуфыраныя і не адводзілі вачэй ад маленькай шэранькай птушачкі.
Але вось імператар запрашальна кіўнуў галавой. I салавей заспяваў. Ён спяваў так пяшчотна, так цудоўна, што нават у самога імператара выступілі на вачах слёзы і пакаціліся па шчоках.
Тады салавей заліўся яшчэ грамчэй, яшчэ больш пяшчотна. Спеў яго так і палоніў сэрца.
Калі ён скончыў, імператар абвясціў, што даруе яму сваю залатую пантофлю на шыю. Але салавей падзякаваў і адмовіўся.
— Я ўжо і так узнагароджаны,— сказаў ён.— Я бачыў слёзы ў вачах імператара. Якой жа яшчэ жадаць мне ўзнагароды?
I зноўку загучаў яго крыштальны голас.
— Ах, як гэта чароўна! — усклікнулі наперабой прыдворныя дамы.
I з той пары, калі яны размаўлялі з кім-небудзь, хто ім падабаўся, яны набіралі ў рот вады, каб яна булькатала ў іх у горле. Прыдворныя дамы ўявілі, што гэтае булькатанне падобна на салаўіны пошчак.
Салаўя пакінулі пры двары і адвялі яму асобны пакой. Два разы днём і адзін раз уначы яго выпускалі на волю.
Але да яго прыставілі дванаццаць слуг, і кожны з іх трымаў у руках прывязаную да ножкі салаўя шаўковую стужачку.
Нічога не скажаш, вялікае задавальненне магла прынесці такая прагулка!
Увесь горад пачаў гаварыць пра дзівосную птушку, і калі на вуліцы сустракаліся трое знаёмых, адзін з іх вымаўляў: «Са», другі падхопліваў: «ла», а трэці заканчваў: «вей», пасля чаго ўсе трое ўздыхалі і скіроўвалі позірк у неба.
Адзінаццаць лавачнікаў далі сваім сынам новае імя: «Салавей» — у гонар імператарскага салаўя, хоць галасы ў гэтых дзіцянят нагадвалі скрып нязмазаных колаў.
Словам, маленькая лясная птушачка праславілася на ўвесь Кітай.
Але аднойчы імператару прыслалі з Японіі скрыначку, загорнутую ў шаўковую матэрыю. На скрыначцы было напісана: «Салавей».
— Гэта, напэўна, новая кніга пра нашу знакамітую птушку,— сказаў імператар.
Скрынку адчынілі, але ў ёй была не кніга, а разма-
ляваны куфэрчык. А ў куфэрчыку ляжаў штучны салавей. Ён быў вельмі падобны на жывога, але ўвесь зіхацеў брыльянтамі, рубінамі і сапфірамі. Цацку заводзілі — і яна пачынала спяваць адну з тых песняў, якую спяваў сапраўдны салавей, і варушыць пазалочаным хвосцікам. На шыйцы ў птушкі была стужачка з надпісам: «Салавей імператара японскага нішто ў параўнанйі з салаўём імператара кітайскага».
— Якая прыгажосць! — прамовілі ўсе.
А тога, хто прывёз каштоўную птушку, тут жа прызначылі пры двары пастаўшчыком салаўёў.
— Цяпер няхай гэты новы салавей і наш стары спявак зацягнуць разам,— вырашыў імператар.
Ды справа на лад не пайшла: сапраўдны салавей кожны раз спяваў сваю песню па-новаму, а штучны паўтараў адну і тую ж песеньку, як заведзеная шарманка.
Тады штучнага салаўя прымусілі спяваць аднаго. Ён меў такі ж поспех, як і сапраўдны салавей, але знешне пры гэтым быў куды прыгажэйшы — увесь так і пераліваўся, так і зіхацеў каштоўным каменнем. Трыццаць тры разы праспяваў ён адно і тое ж і ніколькі не стаміўся.
Прыдворныя ахвотна паслухалі б яго песеньку яшчэ трыццаць тры разы, але імператар сказаў, што цяпер трэба выслухаць для параўнання і сапраўднага салаўя. Тут ўсе азірнуліся і паглядзелі на залаты шост. Але салаўя там не было. Куды ж ён падзеўся? Ніхто і не заўважыў, як салавей выпырхнуў у адчыненае акно і паляцеў дадому, у свой зялёны лес.
— Як гэта, аднак, разумець? — раззлаваўся імператар.
I ўсе прыдворныя сталі бэсціць салаўя і абзываць яго няўдзячнай жывёлінай.
— Балазе, лепшая птушка засталася ў нас! — гаварылі яны, і завадному салаўю прыйшлося праспяваць сваю адзіную песню ў трыццаць чацвёрты раз.
Прыдворны капельмайстар усяляк расхвальваў штучную птушку і запэўніваў, што яна значна лепшая за сапраўдную і знешнасцю, і голасам.
— Я вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, высокі ўладар мой, і вы, шаноўныя спадары,— прамовіў ён,— што перавага несапраўднага салаўя над жывым неаспрэчная. Як бачыце, маючы справу з жывым, вы
ніколі зараней не ведаеце, што яму стукне ў галаву праспяваць, у той час як вам заўсёды вядома наперад, што іменна будзе спяваць салавей завадны. Калі вам захочацца, вы нават можаце разабраць яго і паглядзець, як ён змайстраваны, як размешчаны і дзейнічаюць усе яго валікі, шрубкі і спружынкі — вынік чалавечага розуму і навучонасці.
— О, канешне, мы таксама так думаем,— згадзіліся прыдворныя.
А імператар загадаў паказаць птушку ўсяму гораду ў наступную ж нядзелю.
— Хай і народ паслухае яе,— сказаў ён.
Гараджане з задавальненнем паслухалі і выказалі сваю поўную згоду, быццам іх пачаставалі выдатным чаем, а кітайцы, як вядома, нішто так не любяць, як чай.
Усе ў адзін голас ускліквалі: «О!», падымалі ўверх указальныя пальцы і хіталі галовамі.
Толькі бедныя рыбакі, якім даводзілася чуць сапраўднага салаўя, гаварылі:
— Няблага спявае! Ёсць падабенства з жывым салаўём. Ды ўсё-такі не тое. Нечага не хапае, а чаго — мы і самі не ведаем!
А тым часам імператар прыняў загад, змацаваны самай вялікай імператарскай пячаткай. У гэтым загадзе сапраўднага салаўя аб’явілі назаўсёды выгнаным з кітайскай імперыі. А штучны заняў месца на шаўковай падушцы каля самай імператарскай пасцелі. Вакол яго былі раскладзены ўсе падораныя для яго каштоўнасці, у тым ліку залатая імператарская пантофля.
Нежывой птушцы далі высокае званне: «Першы спявак імператарскага начнога століка з левага боку», таму што імператар лічыў больш важным той бок, дзе знаходзіцца сэрца, а сэрца знаходзіцца з левага боку нават у імператара!