Хлопчык-зорка
Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1996
— Ах, калі ж мне будзе пятнаццаць гадоў! — казала яна.— Я ведаю, што вельмі палюблю той свет і людзей, якія .там жывуць!
Нарэшце і ёй споўнілася пятнаццаць гадоў.
— Ну вось, выгадавалі і цябе! — сказала бабуля, каралева-ўдава.— Падыдзі ж сюды, я ўпрыгожу цябе, як астатніх сясцёр!
I яна надзела русалачцы на галаву вянок з белых лілей, толькі кожны пялёстак быў палавінкай жамчужыны, а потым начапіла ёй на хвост восем вустрыц у знак яе высокага сану.
— Ды гэта балюча! — сказала русалачка.
— Каб быць прыгожай, можна і патрываць! — сказала бабуля.
Ах, з якой ахвотай скінула б русалачка ўсю гэту пышнасць і цяжкі вянок! Чырвоныя кветкі з яе градкі падышлі б ёй куды болын, але нічога не паробіш.
— Бывайце! — сказала яна і лёгка і плаўна, быццам бурбалачка паветра, паднялася на паверхню.
Калі яна падняла галаву над вадой, сонца толькі што села, але аблокі яшчэ адсвечвалі ружовым і залатым, а ў блякла-чырвоным небе ўжо запаліліся ясныя вячэрнія зоркі; паветра было мяккае і свежае, мора спакойнае. Непадалёку стаяў трохмачтавы карабель з адным паднятым ветразем — не было ні самага малога ветрыку. Усюды на снасцях і рэях сядзелі матросы. 3 палубы чуліся музыка і спевы, а калі зусім сцямнела, сотні рознакаляровых ліхтарыкаў асвяцілі карабель, і ў паветры быццам бы замільгалі сцягі ўсіх нацый. Русалачка падплыла проста да акна каюты, і кожны раз, калі яе прыпадымала хваляй, яна магла зазірнуць усярэдзіну праз празрыстае шкло. Там было шмат прыгожа апранутых людзей, але прыгажэйшым за ўсіх быў малады прынц з вялікімі чорнымі вачыма. Яму, пэўна, было не больш за шаснаццаць гадоў. Святкаваўся дзень нараджэння, таму на караблі і было так весела. Матросы танцавалі на палубе, а калі выйшаў туды малады прынц, у неба ўзляцелі сотні ракет, і стала светла, як днём, нават русалачка зусім перапалохалася і нырнула ў ваду, але хутка зноў высунула галаву, і здавалася, нібы ўсе зоркі з неба падаюць да яе ў мора. Ніколі яшчэ не бачыла яна такога феерверка. Круціліся колам вялізныя сонцы, узлятала ў сінюю высь дзівосная вогненная рыба, і ўсё гэта адлюстроўвалася ў ціхай яснай вадзе. На самім караблі было так светла, што можна было адрозніць кожны канат, а людзей і тым больш. Ах, які прыгожы быў малады прынц! Ён паціскаў усім рукі, усміхаўся і смяяўся,
а музыка ўсё грымела і грымела ў цудоўную ноч.
Ужо было позна, а русалачка ўсё не магла вачэй адарваць ад карабля і ад вельмі прыгожага прынца. Патухлі рознакаляровыя ліхтарыкі, не ўзляталі болып ракеты, не грукаталі гарматы, затое загуло і забурчала ў глыбіні марской. Русалачка гайдалася на хвалях і ўсё заглядвала ў каюту, а карабель пачаў набіраць ход, адзін за адным распускаліся ветразі, усё вышэй узнімаліся хвалі, збіраліся хмары, далёка забліскалі маланкі.
Насоўвалася бура, матросы пачалі здымаць ветразі. Карабель, разгойдваючыся, ляцеў па бушуючым моры, хвалі ўзнімаліся вялізнымі чорнымі гарамі, імкнучыся перакаціцца цераз мачту, а карабель ныраў, быццам лебедзь, між высозных валоў і зноў узнімаўся на грэбень грувасткай хвалі. Русалачцы ўсё гэта здавалася прыемнай прагулкай, але не матросам. Карабель стагнаў і трашчаў; вось падалася пад ударамі хваляў тоўстая абшыўка бартоў, хвалі захліснулі карабель, пераламалася папалам, як чарацінка, мачта, карабель лёг на бок, і вада хлынула ў трум. Тут ужо русалачка зразумела, якая небяспека пагражае людзям,— ёй і самой даводзілася ўхіляцца ад бярвення і абломкаў, якія насіліся па хвалях. На хвіліну стала цёмна, хоць вока выкалі, але вось бліснула маланка, і русалачка зноў убачыла людзей на караблі. Кожны ратаваўся як мог. Яна шукала вачыма прынца і ўбачыла, як ён зваліўся ў ваду, калі карабель разваліўся на часткі. Спярша яна вельмі ўзрадавалася — ён жа трапіць цяпер да яе на дно, але тут жа ўспомніла, што людзі не могуць жыць у вадзе і ён прыплыве ў палац яе бацькі толькі мёртвы. He, не, ён не павінен памерці! I яна паплыла між бярвення і дошак, зусім не думаючы аб тым, што яны могуць яе раздушыць. Яна то нырала глыбока, то ўзлятала на хвалю і нарэшце даплыла да юнага прынца. Ён амаль ужо зусім выбіўся з сіл і плыць па бурным моры не мог. Рукі і ногі адмаўляліся яму служыць, прыгожыя вочы заплюшчыліся, і ён патануў бы, калі б не з’явілася яму на дапамогу русалачка. Яна прыўзняла над вадой яго галаву і дала магчымасць хвалям несці іх абоіх хоць куды...
Да раніцы бура сціхла. Ад карабля не засталося і трэскі. Зноў заззяла над вадой сонца і як быццам
вярнула фарбы шчокам прынца, але вочы яго ўсё яшчэ былі заплюшчаныя.
Русалачка адкінула з прынцавага лба валасы, пацалавала яго ў высокі прыгожы лоб, і ёй падалося, што ён падобны на мармуровага хлопчыка, які стаіць у яе садзе. Яна пацалавала яго яшчэ раз і пажадала, каб ён выжыў.
Нарэшце яна ўбачыла сушу, высокія сінія горы, на вяршынях якіх, нібы чароды лебедзяў, бялелі снягі. Каля самага берага зелянелі дзівосныя лясы, а перад імі стаяла не то царква, не то манастыр — яна не магла сказаць дакладна, ведала толькі, што гэта быў будынак. У садзе раслі апельсінавыя і лімонныя дрэвы, а каля самых варотаў — высокія пальмы. Мора ўразалася тут у бераг невялікім залівам, ціхім, але вельмі глыбокім, са скалой, каля якой мора намыла дробнага белага пяску. Сюды якраз і прыплыла русалачка з прынцам і паклала яго на пясок так, каб галава была крыху вышэй на сонцы.
Тут у высокім белым будынку зазванілі званы, і ў сад высыпаў цэлы натоўп маладых дзяўчат. Русалачка адплыла далей за высокія камяні, якія тырчалі з вады, накрыла свае валасы і грудзі марской пенай, так што цяпер ніхто не заўважыў бы яе твару, і пачала чакаць, ці не прыйдзе хто на дапамогу няшчаснаму прынцу.
Неўзабаве да скалы падышла маладая дзяўчына і спачатку вельмі спалохалася, але тут жа пасмялела і паклікала іншых людзей, і русалачка ўбачыла, што прынц ажыў і ўсміхнуўся ўсім, хто быў каля яго. А ёй ён не ўсміхнуўся, ён нават не ведаў, што яна выратавала яму жыццё. Засумавала русалачка, і калі прынца завялі ў вялікі будынак, яна сумна нырнула ў ваду і паплыла дамоў.
Цяпер яна стала яшчэ цішэйшай, яшчэ болып задуменнай, чым раней. Сёстры цікавіліся, што яна бачыла ўпершыню на паверхні мора, але яна нічога ім не расказала.
Часта раніцамі і вечарамі прыплывала яна да таго месца, дзе пакінула прынца. Яна бачыла, як паспявалі ў садзе плады, як іх потым збіралі, бачыла як растаў снег на высокіх гарах, але прынца так болып і не бачыла і вярталася дамоў кожны раз усё больш маркотнай. Адзінай радасцю было для яе сядзець у сваім садзе.
абхапіўшы рукамі прыгожую мармуровую статую, падобную на прынца, але свае кветкі яна болып не даглядала. Яны здзічэлі і разрасліся па дарожках, перапляліся сцяблінамі і лісцем з галінамі дрэў, і ў садзе стала зусім цёмна.
Нарэшце яна не вытрымала і расказала пра ўсё адной з сясцёр. Потым даведаліся і астатнія сёстры, але больш ніхто, хіба што яшчэ дзве-тры русалкі ды іхнія самыя блізкія сяброўкі. Адна з іх таксама ведала аб прынцу, бачыла свята на караблі і нават ведала, адкуль родам прынц і дзе яго каралеўства.
— Паплылі разам, сястрыца! — сказалі русалачцы сёстры і, абняўшыся, падняліся на паверхню мора каля таго месца, дзе стаяў палац прынца.
Палац быў узведзены са светла-жоўтага бліскучага каменя, з вялікімі мармуровымі лесвіцамі; адна з іх спускалася проста да мора. Прыгожыя пазалочаныя купалы ўзвышаліся над дахам, а паміж калонамі, якія абкружалі будынак, стаялі мармуровыя статуі, зусім як жывыя людзі. Праз высокія люстраныя вокны былі відаць раскошныя пакоі; усюды віселі дарагія шаўковыя фіранкі, былі разасланы дываны, а сцены ўпрыгожвалі вялікія карціны. Цуд, ды і толькі! Пасярод самай вялікай залы журчаў фантан; струмені вады білі высока-высока пад шкляны купал столі, праз які ваду і дзіўныя расліны, што раслі па краях басейна, асвятляла сонца.
Цяпер русалачка ведала, дзе жыве прынц, і пачала прыплываць да палаца амаль кожны вечар ці кожную ноч. Ніводная з сясцёр не асмельвалася падплываць да зямлі так блізка, ну а яна заплывала нават у вузкі канал, што праходзіў якраз пад мармуровым балконам, ад якога падаў на ваду доўгі цень. Тут яна спынялася і падоўгу глядзела на юнага прынца, а ён жа думаў, што гуляе пры святле месяца адзін-адзінюткі.
Шмат разоў бачыла яна, як ён катаўся з музыкантамі на сваёй шыкоўнай лодцы, упрыгожанай трапяткімі сцягамі. Русалачка пазірала з зялёнага трыснягу, і калі людзі часам заўважалі, як трапеча на ветры яе доўгі серабрыста-белы вэлюм, ім здавалася, што гэта плёскае крыламі лебедзь.
Шмат разоў чула яна, як гаварылі аб прынцу рыбакі, якія лавілі па начах з факелам рыбу, яны расказвалі пра яго шмат добрага, і русалачка радавалася, што
выратавала яму жыццё, калі амаль нежывога насіла па хвалях; яна прыгадвала, як яго галава ляжала на яе грудзях і як пяшчотна пацалавала яна яго тады. А ён жа нічога не ведаў пра яе, яна яму і прысніцца не магла!
Усё больш і больш пачынала русалачка любіць людзей, усё мацней цягнула яе да іх; іхні зямны свет здаваўся ёй значна большым, чым яе падводны, яны маглі ж пераплываць на сваіх караблях мора, узбірацца на высокія горы вышэй за аблокі, а іхнія краіны з лясамі і палямі раскінуліся так шырока, што і вокам не ахопіш! Вельмі хацелася русалачцы як болып даведацца пра людзей, пра іх жыццё, але сёстры не маглі адказаць на ўсе яе пытанні, і яна звярталася да бабулі: старая добра ведала «вышэйшы свет», як яна справядліва называла зямлю, што ляжала над морам.
— Калі людзі не топяцца,— пыталася русалачка,— тады яны жывуць вечна, не паміраюць, як мы?
— Ну што ты! — адказвала старая.— Яны таксама паміраюць, іхні век нават карацейшы за наш. Мы жывём трыста гадоў; толькі калі мы перастаём быць, нас не хаваюць, у нас нават няма магіл, мы проста ператвараемся ў марскую пену.
— Я б аддала ўсе свае сотні гадоў за адзін дзень чалавечага жыцця,— прамовіла русалачка.
— Глупства! He трэба і думаць пра гэта! — сказала старая.— Нам тут жывецца лепш, чым людзям на зямлі!
— Значыць, і я памру, стану марской пенай, не буду болып чуць музыкі хваляў, не ўбачу ні дзівосных кветак, ні чырвонага сонца! Няўжо я ніяк не магу пажыць сярод людзей? .
— Можаш,— сказала бабуля,— няхай толькі хтонебудзь з людзей палюбіць цябе так, што ты станеш яму даражэйшай за бацьку і маці, калі ты завалодаеш усім яго сэрцам і ўсімі думкамі, калі ён ажэніцца з табой і паклянецца ў вечнай вернасці. Але гэтага не можа быць ніколі! Бо тое, што ў нас лічыцца прыгожым — твой рыбін хвост, напрыклад,— людзі лічаць брыдкім. Яны нічога не разумеюць у прыгажосці; на іх меркаванне, каб быць прыгожым, трэба абавязкова мець дзве нязграбныя падпоркі, ці ногі, як яны іх называюць.