Хлопчык-зорка
Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1996
Аднаго разу ўночы ўсплылі з вады поплеч яе сёстры і заспявалі журботную песню; яна кіўнула ім, яны пазналі яе і расказалі, як засмуціла яна іх усіх. 3 таго часу яны наведвалі яе кожную ноч, а аднойчы яна ўбачыла воддаль нават сваю старую бабулю, якая ўжо шмат гадоў не падымалася з вады, і самога цара Map-
скога з каронай на галаве, яны працягвалі да яе рукі, але не адважваліся падплысці да зямлі так блізка, як сёстры.
3 кожным днём прынц усё болып і болып адчуваў замілаванасць да русалачкі, але ён любіў яе толькі як мілае, добрае дзіця, ажаніцца ж з ёю і зрабіць яе прынцэсай яму і ў галаву не прыходзіла, а між тым ёй патрэбна было стаць яго жонкай, інакш, калі б ён аддаў сваё сэрца і руку другой, русалачка стала б пенай марской.
«Ці любіш ты мяне болып за ўсіх на свеце?» — здавалася, пыталіся русалаччыны вочы, калі прынц абдымаў яе і цалаваў у лоб.
— Так, я люблю цябе! — гаварыў прынц.— У цябе добрае сэрца, ты адданая мне болып за ўсіх і падобная на маладую дзяўчыну, якую я бачыў аднойчы і, напэўна, болей ужо не ўбачу! Я плыў на караблі, карабель патануў, хвалі выкінулі мяне на бераг паблізу нейкага храма, дзе служаць богу маладыя дзяўчаты; самая малодшая з іх знайшла мяне на беразе і выратавала мне жыццё; я бачыў яе ўсяго два разы, але толькі яе адну ў цэлым свеце мог бы я пакахаць! Ты падобная на яе і амаль выцесніла з майго сэрца яе вобраз. Яна належыць святому храму, і вось мая шчаслівая зорка паслала мне цябе; ніколі я не расстануся з табой!
«На жаль, ён не ведае, што гэта я выратавала яму жыццё! — думала русалачка.— Я вынесла яго з хваляў марскіх на бераг і паклала ў гаі, каля храма, а сама схавалася ў марской пене і глядзела, ці не прыйдзе хто-небудзь да яго на дапамогу. Я бачыла гэтую прыгожую дзяўчыну, якую ён любіць больш за мяне! — I русалачка глыбока ўздыхала, плакаць яна не магла.— Але тая дзяўчына належыць храму, ніколі не вернецца! Я ж знаходжуся каля яго, бачу яго кожны дзень, магу служыць яму, любіць яго, аддаць за яго жыццё!»
Але вось пачалі пагаворваць, што прынц жэніцца з чароўнай дачкой суседняга караля і таму рыхтуе свой раскошны карабель у плаванне. Прынц паедзе да суседняга караля быццам бы для таго, каб пазнаёміцца з яго краінай, а на самай жа справе, каб пабачыць прынцэсу; з ім едзе вялікая світа. Русалачка на ўсе гэтыя размовы толькі ківала галавой і смяялася — яна ж лепш за ўсіх ведала прынцавы думкі.
— Я павінен ехаць,— казаў ён ёй.— Мне трэба пабачыць вельмі прыгожую прынцэсу; гэтага патрабуюць мае бацькі, але яны не будуць прымушаць мяне жаніцца з ёю, а я ніколі не пакахаю яе! Яна ж не падобная на тую прыгажуню, на якую падобная ты. Калі ж мне давядзецца нарэшце выбраць сабе нявесту, дык я лепш выберу цябе, мой нямы знайдыш з гаваркімі вачыма!
I ён цалаваў яе ружовыя вусны, забаўляўся з яе доўгімі валасамі і клаў сваю галаву на яе грудзі, дзе білася сэрца, якое так хацела чалавечага шчасця і кахання.
— Ты ж не баішся мора, мая нямая малышка? — казаў ён, калі яны ўжо стаялі на караблі, які павінен быў адвезці іх у краіну суседняга караля.
I прынц пачаў расказваць ёй пра буру і пра штыль, пра дзіўную рыбу, што жыве на глыбіні, і пра тое, што бачылі там нырцы, а яна ж лепш за ўсіх ведала, што ёсць на марскім дне.
Яснай месячнай ноччу, калі ўсе, акрамя рулявога, спалі, яна села каля самага борта і пачала глядзець у празрыстыя хвалі, і ёй падалося, што яна бачыць бацькоўскі палац; старая бабуля ў сярэбранай кароне стаяла на вышцы і глядзела праз хвалістыя струмені вады на кіль карабля. Потым на паверхню мора ўсплылі яе сёстры; яны журботна глядзелі на яе і працягвалі свае белыя рукі, а яна кіўнула ім галавой, усміхнулася і хацела расказаць аб тым, як ёй добра тут, але да яе падышоў карабельны юнга, і сёстры нырнулі ў ваду, а юнга падумаў, што гэта мільганула ў хвалях белая марская пена.
Раніцай карабель увайшоў у гавань прыгожай сталіцы суседняга каралеўства. У горадзе зазванілі ў званы, з высокіх вежаў пачуліся гукі рагоў; на пляцах стаялі палкі салдат з бліскучымі штыкамі і трапяткімі сцягамі. Пачалося свята, балі ішлі за балямі, але прынцэсы яшчэ не было — яна выхоўвалася дзесьці далёка ў манастыры, куды яе аддалі навучацца каралеўскай дабрадзейнасці. Нарэшце прыехала і яна.
Русалачка прагна глядзела на яе і не магла не прызнаць, што больш мілага і больш прыгожага твару яна яшчэ не бачыла. Скура на твары прынцэсы была такая пяшчотная, празрыстая, а з-за доўгіх цёмных веек усміхаліся сінія лагодныя вочы.
— Гэта ты! — усклікнуў прынц.— Ты выратавала мне жыццё, калі я напаўмёртвы ляжаў на беразе мора.
I ён моцна прытуліў да сэрца сваю пачырванелую нявесту.
— Ах, які я шчаслівы! — сказаў ён русалачцы.— Тое, аб чым я не адважваўся і марыць, збылося. Ты парадуешся майму шчасцю, ты ж так любіш мяне.
Русалачка пацалавала яму руку, а сэрца яе, здавалася, вось-вось разарвецца ад болю: яго вяселле павінна было забіць яе, ператварыць у марскую пену.
У той жа вечар прынц з маладой жонкай павінны былі адплыць на радзіму прынца; гарматы стралялі, сцягі развяваліся, на палубе быў расстаўлены шацёр з золата і пурпуру, засланы мяккімі падушкамі; у шатры яны павінны былі правесці гэтую ціхую халаднаватую ноч.
Ветразі напяліся ад ветру, карабель лёгка і плаўна рушыў па хвалях у адкрытае мора.
Як толькі сцямнела, на караблі запаліліся рознакаляровыя ліхтарыкі, а матросы пачалі весела скакаць на палубе. Русалачка прыгадала, як яна ўпершыню паднялася на паверхню мора і ўбачыла такую ж весялосць на караблі. I вось яна паплыла ў хуткім паветраным танцы, нібы ластаўка, за якою гоніцца каршун. Усе былі ў захапленні: ніколі яшчэ не танцавала яна так прыгожа! Яе пяшчотныя ножкі рэзала, як нажамі, але гэтага болю яна не адчувала — сэрцу яе было яшчэ балючэй. Яна ведала, што адзін толькі вечар засталося ёй пабыць з тым, дзеля каго яна пакінула родных і бацькоўскі дом, аддала свой цудоўны голас і цярпела невыносныя пакуты, пра якія прынц і не здагадваўся. Толькі адну ноч заставалася ёй дыхаць адным паветрам з ім, бачыць сіняе мора і зорнае неба, а там настане для яе вечная ноч, без думак, без сноў. Далёка за поўнач працягваліся на караблі танцы і музыка, і русалачка смяялася і танцавала са смяротнай пакутай на сэрцы; прынц жа цалаваў прыгажуню жонку, а яна забаўлялася з яго чорнымі кучарамі; нарэшце поплеч яны пайшлі ў свой раскошны шацёр.
На караблі ўсё сціхла, толькі рулявы застаўся каля руля. Русалачка абаперлася на парэнчы і, павярнуўшыся тварам да ўсходу, пачала чакаць першага сонечнага промня, які, яна ведала, павінен быў забіць яе. I раптам яна ўбачыла, як з мора падняліся яе сёст-
ры; яны былі бледныя, як і яна, але іх доўгія пышныя валасы не развяваліся больш на ветры — яны былі абрэзаны.
— Мы аддалі нашы валасы ведзьме, каб яна дапамагла нам выратаваць цябе ад смерці! А яна дала нам вось гэты нож — бачыш, які ён востры? Раней чым узыдзе сонца, ты павінна ўсадзіць яго ў сэрца прынца, і калі цёплая кроў яго пырсне табе на ногі, яны зноў зрастуцца ў рыбін хвост і ты зноў станеш русалкай, спусцішся да нас у мора і пражывеш свае трыста гадоў, перш чым ператворышся ў салёную марскую пену. Але спЯшайся! Ці ён, ці ты — адзін з вас павінен памерці да ўсходу сонца. Забі прынца і вярніся да нас! Спяшайся. Бачыш, на небе паказалася чырвоная палоска? Хутка ўзыдзе сонца, і ты памрэш!
3 гэтымі словамі яны глыбока ўздыхнулі і апусціліся ў мора.
Русалачка прыўзняла пурпуровую фіранку шатра і ўбачыла, што галоўка маладой жонкі ляжыць на грудзях прынца. Русалачка нахілілася і пацалавала яго ў прыгожы лоб, паглядзела ў неба, дзе разгараўся золак, потым паглядзела на востры нож і зноў зірнула на прынца, які ў сне назваў імя сваёй жонкі — яна адна была ў яго думках! — і нож задрыжаў у русалаччыных руках. Яшчэ хвіліна — і яна кінула яго ў хвалі, і яны пачырванелі, нібы на тым месцы, дзе ён упаў, з мора выступілі кроплі крыві.
Апошні раз зірнула яна на прынца паўзгаслым позіркам, кінулася з карабля ў мора і адчула, як цела яе расплываецца пенай.
Над морам узышло сонца, промні яго лагодна сагравалі змярцвела-халодную марскую пену, і русалачка не адчувала смерці; яна бачыла яснае сонца і нейкія празрыстыя, дзіўныя стварэнні, якія сотнямі ляталі над ёю. Яна бачыла праз іх белыя ветразі карабля і ружовыя аблокі ў небе; голас іх гучаў як музыка, але такая ўзвышаная, што чалавечае вуха не пачула б яе, гэтак жа, як чалавечыя вочы не бачылі самі сябе. У іх не было крылаў, але яны ляталі ў паветры, лёгкія і празрыстыя. Русалачка заўважыла, што і яна стала такой жа, адарваўшыся ад марской пены.
— Да каго я іду? — запытала яна, падымаючыся ў паветры, і яе голас гучаў такою ж дзіўнаю музыкай.
— Да дачок паветра! — адказалі ёй паветраныя
стварэнні.— Мы лятаем усюды і ўсім імкнемся прыносіць радасць. У гарачых краінах, дзе людзі гінуць ад спякотнага, зачумленага паветра, мы навяваем прахалоду. Мы распаўсюджваем у паветры прыемны пах кветак і нясём людзям здароўе і радасць... Паляцелі з намі ў завоблачны свет! Там ты знойдзеш любоў і шчасце, якіх не знайшла на зямлі.
I русалачка працягнула свае празрыстыя рукі да сонца і ўпершыню адчула ў сябе на вачах слёзы.
На караблі за гэты час усё зноў ажыло, і русалачка ўбачыла, як прынц з маладой жонкай шукаюць яе. Журботна глядзелі яны на шумлівую марскую пену, нібы ведалі, што русалачка кінулася ў хвалі. Нябачная, пацалавала русалачка прыгажуню ў лоб, усміхнулася прынцу і паляцела разам з іншымі дзецьмі паветра да ружовых аблокаў, якія плавалі ў небе.
СНЕЖНАЯ КАРАЛЕВА
ПСТОРЫЯ ПЕРШАЯ,
у якой расказваецца пра люстэрка і яго асколкі
Ну, пачнем! Прачытаўшы нашу гісторыю да канца, вы будзеце ведаць болей, чым зараз. Дык вось, жыўбыў троль, вельмі злосны, сапраўдны д’ябал. Аднойчы быў ён у асабліва добрым настроі: змайстраваў такое люстэрка, у якім усё добрае і прыгожае памяншалася далей няма куды, а ўсё дрэннае і агіднае так і выпірала, рабілася яшчэ брыдчэйшым. Найпрыгажэйшыя ландшафты выглядалі ў ім вараным шпінатам, а лепшыя з людзей — пачварамі, ці здавалася, быццам стаяць яны дагары нагамі, а жыватоў у іх зусім няма! Твары перакрьіўляліся так, што і не пазнаць, а калі ў каго была вяснушка, то яна распаўзалася і на нос і на вусны. А калі ў чалавека з’яўлялася добрая думка, яна адбівалася ў люстэрку такой грымасай, што троль аж заходзіўся ад смеху, радуючыся сваёй хітрай выдумцы.