Хлопчык-зорка  Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд

Хлопчык-зорка

Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1996
69.52 МБ
На другі дзень усе газеты выйшлі з паласой з сэрцаў і з вензелямі прынцэсы. У газетах было абвешчана, што кожны малады чалавек прыемнага выгляду
можа прыйсці ў палац і паразмаўляць з прынцэсай; таго ж, хто будзе трымацца проста, як дома, і акажацца найбольш красамоўным, прынцэса выбера за мужа. Так, так! — паўтарыў крумкач.— Усё гэта такая ж праўда, як тое, што я сяджу тут перад табою. Народ валам паваліў у палац, пачалася цісканіна і таўкатня, але ўсё без карысці ні ў першы, ні на другі дзень. На вуліцы ўсе жаніхі размаўляюць выдатна, а варта ім пераступіць парог палаца, убачыць гвардыю ў срэбры ды лакеяў у золаце і ўвайсці ў вялізныя, залітыя святлом залы — і бянтэжацца. Падыдуць да трона, дзе сядзіць прынцэса, ды і паўтараюць за ёю яе ж словы, а ёй зусім не гэта было патрэбна. Ну, быццам на іх чары напускалі, апойвалі дурманам! А выйдуць за вароты — зноў вяртаецца да іх дар слова. Ад самых варот да дзвярэй цягнуўся доўгі-доўгі хвост жаніхоў. Я сам там быў і бачыў.
Ну, а Кай жа, Кай? — спытала Герда.— Калі ж ён з’явіўся? I ён прыйшоў сватацца?
— Пачакай! Пачакай! Вось мы якраз дайшлі і да яго! На трэці дзень з’явіўся невялічкі чалавечак, не ў карэце, не вярхом, а проста пяшком, і напрасткі ў палац. Вочы ззяюць, як твае, валасы доўгія, вось толькі апрануты бедна.
— Гэта Кай! — узрадавалася Герда.— Я знайшла яго! — I яна запляскала ў ладкі.
— За спінай у яго была торба,— працягваў крумкач.
He, гэта, пэўна, былі яго санкі! — сказала Герда.— Ён пайшоў з дому з санкамі.
— Магчыма і так! — сказаў крумкач.— Я не асабліва прыглядваўся. Дык вось, мая нявеста расказвала, як увайшоў ён у вароты палаца і ўбачыў гвардыю ў срэбры, а па ўсёй лесвіцы лакеяў у золаце, то ніколькі не разгубіўся, толькі галавой кіўнуў і сказаў: «Сумненька, відаць, стаяць тут на лесвіцы, увайду ж я лепш у пакоі!» А ўсе залы заліты святлом. Тайныя саветнікі і іх правасхадзіцельствы пахаджваюць без ботаў, залатыя талеркі са стравамі разносяць,— болып урачыста і немагчыма. Боты яго жахліва рыпяць, а яму хоць бы што.
— Гэта, напэўна, Кай! — усклікнула Герда.— Я ведаю, ён быў у новых ботах. Я сама чула, як яны рыпелі, калі ён прыходзіў да бабулі.
— Так, яны вельмі рыпелі,— працягваў крумкач.— Але ён смела падышоў да прынцэсы. Яна сядзела на жамчужыне памерам з кола калаўрота, а вакол стаялі прыдворныя дамы са сваімі служанкамі і служанкамі служанак і кавалеры са слугамі і слугамі слуг, а ў тых зноў прыслужнікі. Чым бліжэй хтосьці стаяў да дзвярэй, тым вышэй задзіраў нос. На прыслужніка слугі, які прыслужваў слузе і стаяў каля самых дзвярэй, нельга было і зірнуць без дрыжыкаў — такі ён быў важны!
— Ну і страхоцце ж! — сказала Герда.— А Кай усё ж такі ажаніўся з прынцэсай?
— Калі б я не быў крумкачом, я б сам ажаніўся з ёю, хоць я і заручаны. Ён завёў з прынцэсай размову і размаўляў не горш, чым я па-крумкачынаму,— так, прынамсі, сказала мне мая нарачоная. Трымаўся ён свабодна і міла і заявіў, што прыйшоў не сватацца, а толькі паслухаць разумную прынцэсу. Ну і вось, яна яму спадабалася, ён ёй таксама.
— Так-так, гэта Кай! — сказала Герда.— Ён жа Ta­Ki разумны! Ён ведаў усе чатыры дзеянні арыфметыкі, ды яшчэ з дробамі! Ах, правядзі ж мяне ў палац!
— Лёгка сказаць,— адказаў крумкач,— цяжка зрабіць. Пачакай, я пагавару з маёй нявестай, яна што-небудзь прыдумае і параіць нам. Ты думаеш, што цябе вось так проста і пусцяць у палац? He, не вельмі і пускаюць такіх дзяўчынак!
— Мяне пусцяць! — сказала Герда.— Калі Кай пачуе, што я тут, ён адразу ж прыбяжыць па мяне.
— Пачакай мяне тут каля агароджы,— сказаў крумкач, страсянуў галавой і паляцеў.
Вярнуўся ён ужо зусім пад вечар і закаркаў:
— Кар! Кар! Мая нявеста шле табе тысячу паклонаў і вось гэту булачку. Яна ўкрала яе на кухні — там іх многа, а ты, пэўна, галодная!.. Ну, у палац табе не трапіць: ты ж босая — гвардыя ў срэбры і лакеі ў золаце нізашто не прапусцяць цябе. Але не плач, ты ўсё ж такі будзеш там. Нявеста мая ведае, як прайсці ў спальню прынцэсы з чорнага ходу і дзе дастаць ключ.
I вось яны ўвайшлі ў сад, пайшлі па доўгіх алеях, дзе адно за адным падала асенняе лісце, і калі агні ў палацы патухлі, крумкач правёў дзяўчынку ў прачыненыя дзверы.
О, як білася сэрцайка Герды ад страху і нецярплівасці! Нібы яна збіралася зрабіць штосьці дрэннае, а яна ж толькі хацела даведацца, ці не тут яе Кай! Так, так, ён, пэўна, тут! Герда так выразна ўяўляла сабе яго разумныя вочы, доўгія валасы, і як ён усміхаўся ёй, калі яны, бывала, сядзелі побач пад кустамі ружаў. А як узрадуецца ён цяпер, калі ўбачыць яе, пачуе, на які доўгі шлях рашылася яна дзеля яго, даведаецца, як бедавалі з-за яго ўсе сваякі! Ах, яна была проста сама не свая ад страху і радасці!
Але вось яны на лесвічнай пляцоўцы. На шафе гарэла лямпа, а на парозе сядзела ручная варона і азіралася на бакі. Герда прысела і пакланілася, як вучыла яе бабуля.
— Мой жаніх расказваў мне пра вас столькі добрага, паненка! — сказала ручная варона.— I ваша жыццё таксама вельмі жаласлівае! Ці не возьмеце вы лямпу, а я пайду наперадзе. Мы пакіруем напрасткі і тут нікога не сустрэнем.
— А мне здаецца, за намі хтосьці ідзе,— сказала Герда, і ў тую ж хвіліну міма яе з лёгкім іпумам пранесліся нейкія цені: коні з трапяткімі грывамі і тонкімі нагамі, паляўнічыя, дамы і кавалеры конна.
— Гэта сны! — сказала ручная варона.— Яны з’яўляюцца сюды, каб думкі высокіх асоб паляцелі на паляванне. Тым лепш для нас, зручней будзе разгледзець спячых.
Тут яны ўвайшлі ў першую залу, дзе сцены былі абабіты ружовым атласам, вытканым кветкамі. Міма дзяўчынкі зноў пранесліся сны, але так хутка, што яна не паспела разгледзець коннікаў. Адна зала была прыгажэйшая за другую, так што было ад чаго збянтэжыцца. Нарэшце яны дайшлі да спальні. Столь напамінала верхавіну вялізнай пальмы з каштоўным крыіптальным лісцем; з сярэдзіны столі спускалася тоўстае залатое сцябло, на якім віселі два ложкі ў выглядзе лілей. Адзін быў белы, у ім спала прынцэса, другі — чырвоны, і ў ім Герда спадзявалася знайсці Кая. Дзяўчынка злёгку адхінула адзін з чырвоных пялёсткаў і ўбачыла цёмна-русую патыліцу. Гэта Кай! Яна гучна назвала яго па імені і паднесла лямпу да самага яго твару. Сны з шумам адляцелі прэч; прынц прачнуўся і павярнуў галаву... Ах, гэта быў не Кай!
Прынц быў падобны на яго толькі з патыліцы, але
быў такі ж малады і прыгожы. 3 белай лілеі выглянула прынцэса і запытала, што здарылася. Герда заплакала і расказала ўсю сваю гісторыю, упамянуўшы і пра тое, што зрабілі для яе крумкач і варона.
— Ах ты небарака! — сказалі прынц і прынцэса, пахвалілі крумкача і варону, аб’явілі, што ніколькі не злуюцца на іх — толькі няхай яны не робяць гэтага ў далейшым,— і захацелі нават узнагародзіць іх.
— Хочаце быць вольнымі птушкамі? — запытала прынцэса.— Ці жадаеце заняць пасаду прыдворных варон, на поўным забеспячэнні з кухонных рэшткаў?
Крумкач з варонай пакланіліся і папрасілі пасады пры двары. Яны падумалі пра старасць і сказалі:
— Добра ж мець надзейны кавалак хлеба на старасці год!
Прынц падняўся і саступіў свой ложак Гердзе — больш ён пакуль нічога не мог для яе зрабіць. А яна склала ручкі і падумала: «Якія добрыя ўсе людзі і жывёлы!»—заплюшчыла вочы і салодка заснула. Сны зноў прыляцелі ў спальню, але цяпер яны везлі на маленькіх саначках Кая, які ківаў Гердзе галавою. На жаль, усё гэта было толькі сном і знікла, калі дзяўчынка прачнулася.
На другі дзень яе апранулі з ног да галавы ў шоўк і аксаміт і дазволілі заставацца ў палацы колькі яна пажадае.
Дзяўчынка магла жыць ды пажываць тут прыпяваючы, але прагасцявала ўсяго некалькі дзён і пачала прасіць, каб ёй далі павозку з канём і чаравікі — яна зноў хацела адправіцца па белым свеце на пошукі свайго пабраціма.
Ёй далі і чаравікі, і муфту, і прыгожую сукенку, а калі яна развіталася з усімі, да варот пад’ехала карэта з чыстага золата, з зіхоткімі, як зоркі, гербамі прынца і прынцэсы; у фурмана, лакееў, фарэйтараў — далі ёй і фарэйтараў — красаваліся на галовах маленькія залатыя кароны.
Прынц і прынцэса самі пасадзілі Герду ў карэту і пажадалі ёй шчаслівай дарогі. •
Лясны крумкач, які ўжо паспеў ажаніцца, праводзіў дзяўчынку першыя тры мілі і сядзеў у карэце побач з ёю — ён не мог ехаць, седзячы спінаю да коней. Ручная варона сядзела на варотах і лопала крыламі. Яна не паехала праводзіць Герду, таму што ў яе
балела галава з таго часу, як атрымала пасаду пры двары і занадта шмат ‘ела. Карэта была бітком набіта цукровымі крэндзелямі, а скрыня пад сядзеннем — садавінай і пернікамі.
— Бывай! Бывай! — закрычалі прынц і прынцэса.
Герда заплакала, варона — таксама. Праз тры мілі развітаўся з дзяўчынкай і крумкач. Сумнае было развітанне! Крумкач узляцеў на дрэва, махаў чорнымі крыламі да таго часу, пакуль карэта, зіхатлівая, як сонца, не знікла з поля зроку.
ГІСТОРЫЯ ПЯТАЯ
Маленькая разбойніца
Вось Герда ўехала ў цёмны лес, у якім жылі разбойнікі. Карэта гарэла як жар, яна сляпіла разбойнікам вочы, і яны проста не маглі яе прапусціць.
— Золата! Золата! — закрычалі яны, схапіўшы коней за аброці, забілі маленькіх фарэйтараў, фурмана, слуг і выцягнулі з карэты Герду.
— Бач, якая слаўненькая, тлусценькая! Арэшкамі кармілі! — сказала старая разбойніца з доўгай шорсткай барадой і махнатымі, навіслымі брывамі.— Тлусценькая, як баранчык! Ану, якая на смак будзе?
I яна выцягнула востры зіхоткі нож. Які жах!
— Ай! — ускрыкнула яна раптам: разбойніцу ўкусіла за вуха яе ўласная дачка, якая сядзела ў старой за спінай і была такая нястрымная і свавольная, што проста дзіва! — Ах, ты паганая дзяўчынка! — закрычала маці, але забіць Герду не паспела.
— Яна будзе гуляць са мной,— сказала маленькая разбойніца.— Яна аддасць мне сваю муфту, сваю прыгожую сукенку і будзе спаць са мной на маёй пасцелі.
I дзяўчынка зноў так укусіла маці, што тая падскочыла і закруцілася на месцы. Разбойнікі зарагаталі.
— Бач, як скача перад сваёй дзяўчынкай!
— Хачу ў карэту! — закрычала маленькая разбойніца і дамаглася свайго — яна была вельмі распешчаная і ўпартая.
Яны ўселіся з Гердай у карэту і памчалі па пнях і купінах у лясны гушчар.
Маленькая разбойніца была ростам з Герду, але