Хлопчык-зорка  Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд

Хлопчык-зорка

Браты Грым, Шарль Пэро, Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Ханс Крысціян Андэрсен, Аскар Уайльд
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1996
69.52 МБ
— Праўду кажаш,— адказаў яго таварыш.— Ад-
ным дадзена вельмі многа, а другім — вельмі мала. У свеце пануе несправядлівасць, і дабром яна адорвае толькі нямногіх, а вось гора адмервае шчодрай рукой.
Але пакуль яны наракалі так на сваю горкую долю, адбылося штосьці дзіўнае і незвычайнае. Цудоўная, незвычайна яркая зорка ўпала з неба. Яна пакацілася па небасхіле паміж іншых зорак, і калі здзіўленыя Лесарубы праводзілі яе позіркам, ім падалося, што яна ўпала за старымі вербамі каля невялікай аўчарні, непадалёку ад таго месца, дзе яны стаялі.
— Слухай! Ды гэта ж кавалак золата, трэба яго адшукаць! — разам закрычалі абодва і тут жа кінуліся бегчы — такая прага золата іх ахапіла.
Але адзін з іх бег хутчэй за другога, абагнаў свайго таварыша, прабраўся паміж вербамі... I што ж ён убачыў? На белым снезе і напраўду ляжала штосьці ззяючае, як золата. Лесаруб падбег, нахіліўся, падняў гэты прадмет з зямлі і ўбачыў, што ён трымае ў руках плашч з залатой тканіны, які мудрагеліста расшыты зоркамі і звісае пышнымі складкамі. I ён крыкнуў свайму таварышу, што знайшоў скарб, які зваліўся з неба, і той заспяшаўся да яго, і яны апусціліся на снег і павыпроствалі складкі плашча, каб дастаць адтуль золата і падзяліць яго паміж сабой. Але, але! У складках плашча яны не знайшлі ні золата, ні серабра, ні іншых скарбаў, а ўбачылі толькі дзіця, якое спала. I адзін Лесаруб сказаў другому:
— Усе нашы спадзяванні пайшлі марна, няма нам з табой удачы! Ну якая карысць чалавеку ад дзіцёнка? Давай пакінем яго тут і пойдзем сваім шляхам, бо мы людзі бедныя, у нас і сваіх дзяцей хапае, і мы не можам адбіраць у іх хлеб, каб аддаваць яго другім.
Але другі Лесаруб адказваў так:
— He, нельга ўчыніць такую злую справу — пакінуць гэтае дзіця замярзаць тут на снезе, і хаця я не багацейшы, чым ты, і ў мяне яшчэ больш ратоў просіць хлеба, а ў гаршках таксама не густа, усё роўна я аднясу гэтае дзіця да сябе дадому, і мая жонка паклапоціцца аб ім.
I ён асцярожна падняў дзіця, загарнуў яго ў плашч, каб абараніць ад пякучага марозу, і пакрочыў уніз з пагорка да свайго сяла, а яго таварыш вельмі здзівіўся сам сабе з такога яго глупства і мяккасардэчнасці.
А калі яны прыйшлі ў сяло, яго таварыш сказаў:
— Ты ўзяў сабе дзіця, дык аддай мне плашч, ты ж павінен падзяліцца са мной знаходкай.
Але той адказваў яму:
— He, не аддам, таму што гэты плашч не твой і не мой, а належыць толькі дзіцяці,— і, пажадаўшы яму добрага здароўя, пайшоў да свайго дома і пастукаў у дзверы.
Калі жонка адчыніла дзверы і ўбачыла, што гэта яе мужык вярнуўся дадому цэлы і здаровы, яна абвіла рукамі яго шыю, і пацалавала яго, і зняла з яго спіны вязанку галля, і абтрэсла снег з яго ботаў, і запрасіла яго зайсці ў дом.
Але Лесаруб сказаў жонцы:
— Я знайшоў сёе-тое ў лесе і прынёс табе, каб ты паклапацілася аб ім.— I ён не пераступіў парога.
— А што ж гэта такое? — усклікнула жонка.— Пакажы хутчэй, бо ў нас у доме пуста, і нам багата што патрэбна.
I тады ён расхіснуў плашч і паказаў ёй спячае дзіця.
— Авохці мне! — з горыччу прашаптала жонка.— А ці ж у нас няма ўласных дзяцей, што табе, гаспадар, спатрэбілася садзіць да нашай печы падкідыша? А можа, ён прынясе нам няшчасце? I хто яго ведае, як трэба за ім прыглядаць? — I яна вельмі раззлавалася на мужа.
— Ды ты паслухай, гэта ж Дзіця-зорка,— адказваў муж і 'расказаў жонцы дзіўную гісторыю пра тое, як ён знайшоў гэтае дзіця.
Але гэта яе не супакоіла, і яна пачала пасміхацца над ім і лаяць яго:
— Нашы дзеці сядзяць без хлеба, а мы будзем карміць чужое дзіця? А пра нас хто паклапоціцца? Нам хто дасць паееці?
— Але ж гасподзь клапоціцца нават пра вераб’ёў і дае ім харчаванне,— адказаў муж.
— А ці ж мала вераб’ёў гіне ад голаду зімой? — спытала жонка.— I ці ж цяпер не зіма?
На гэта муж нічоГа не адказаў ёй, але і не пераступіў парога.
I тут злы вецер, які прыляцеў з лесу, уварваўся ў расчыненыя дзверы, і жонка здрыганулася, пацепнулася і сказала мужу:
— Чаму ты не зачыніў дзверы? Глядзі, які сцюдзёны вецер, я зусім замерзла.
— У доме, дзе жывуць людзі з каменнымі сэрцамі, заўсёды будзе сцюжа,— сказаў муж.
I жонка не адказала яму нічога, толькі бліжэй падсунулся да агню.
Але прайшло яшчэ крыху часу, і яна павярнулася да мужа і паглядзела на яго, і яе вочы былі поўныя слёз. I тады ён хутка ўвайшоў у дом і паклаў дзіця ёй на калені. А яна, пацалаваўшы дзіця, апусціла яго ў калысачку побач з малодшым са сваіх дзяцей. А раніцой Лесаруб узяў незвычайны плашч з золата і схаваў яго ў вялізны куфар, а яго жонка зняла з шыі дзіцяці бурштынавыя пацеркі і таксама схавала.
Такім чынам, Дзіця-зорка стала расці разам з дзецьмі Лесаруба, і есці за адным з імі сталом, і гуляць з імі. I з кожным годам яно рабілася ўсё прыгажэйшае і прыгажэйшае, і жыхары сяла дзівіліся яго прыгажосцю, бо ўсе яны былі смуглявыя і чорнавалосыя, а ў яго твар быў белы і пяшчотны, быццам вытачаны са слановай косці, і залатыя кучары яго былі як пялёсткі нарцыса, а губы — як пялёсткі пунсовай ружы, і вочы — як фіялкі, адлюстраваныя ў празрыстай вадзе ручая. I ён быў як кветка, якая вырасла ў густой траве, дзе не ступала нага касца.
Але прагажосць яго прынесла яму толькі зло, бо ён вырас сябелюбівым, гордым і жорсткім. На дзяцей Лесаруба, ды і на ўсіх іншых дзяцей у сяле ён глядзеў зверху ўніз, таму што, казаў ён, усе яны нізкага паходжання, у той час як ён — знатнага роду, бо паходзіць ад Зоркі. I ён пагарджаў дзецьмі і называў іх сваімі слугамі. Ён не адчуваў спачування да бедных або да сляпых, нядужых і пакалечаных, але кідаў у іх каменнем і праганяў іх з сяла на праезджую дарогу і крычаў ім, каб яны ішлі жабраваць у іншае месца, пасля чаго ніводзін з жабракоў, акрамя якіх-небудзь самых дайшоўшых да адчаю, не асмельваўся паўторна прыйсці ў гэта сяло за міласцінай. I ён быў нібыта зачараваны сваёй прыгажосцю, і здзекаваўся над усімі, хто быў варты жалю, і выстаўляў іх на пасмешышча. Сябе ж ён вельмі любіў і летам у бязветранае надвор’е часта ляжаў каля вадаёма ў садзе свяшчэнніка і глядзеў на сваё дзіўнае адлюстраванне, і смяяўся ад радасці, захапляючыся сваёй прыгажосцю.
Лесаруб і яго жонка не раз дакаралі яго, гаворачы: Мы ж не так абышліся з табой, як абыходзішся ты з гэтымі няшчаснымі, абдзеленымі лёсам, у якіх няма ніводнай блізкай душы на свеце. Чаму ты такі жорсткі да тых, каму патрэбна спагада?
Але Хлопчык-зорка не прымаў іх словы, толькі хмурыўся і ўсміхаўся з пагардай, а потым бег да сваіх аднагодкаў і папіхаў імі як хацеў. I аднагодкі слухалі яго, таму што ён быў прыгожы, хутканогі і ўмеў скакаць, і спяваць, і наігрываць на жалейцы. I куды б Хлопчык-зорка ні павёў іх, яны ішлі за ім, і што б ён ні загадаў ім зрабіць, яны яму падпарадкаваліся. I калі ён выкалаў вострай былінкай падслепаватыя вочы ў крата, яны смяяліся, і калі ён кідаў каменнямі ў пракажонага, яны смяяліся таксама. Заўсёды і ва ўсім Хлопчык-зорка быў іх важаком, і яны сталі такімі ж бязлітаснымі, як і ён.
* * *
I вось аднаго разу праз сяло праходзіла адна няшчасная жабрачка. Адзенне яе было ў лахманах, босыя ногі, параненыя аб вострае каменне дарогі, усе ў крыві, адным словам, была яна ў самым бядотным стане. Знемагаючы ад стомы, яна прысела адпачыць пад каштанам.
Але тут убачыў яе Хлопчык-зорка і сказаў сваім таварышам:
— Зірніце! Пад цудоўным зялёналістым дрэвам сядзіць агідная брудная жабрачка. Пойдзем прагонім яе, таму што яна прыкрая і брыдкая.
I з гэтымі словамі ён падышоў да яе бліжэй і пачаў кідаць у яе каменне і насміхацца над ёй, а яна глядзела на яго, і ў вачах яе адбіўся жах, і яна не магла адвесці ад яго позірку. Але тут Лесаруб, які стругаў жэрдкі пад павеццю, убачыў, што робіць Хлопчыкзорка, падышоў да яго і пачаў дакараць, кажучы:
— Сапраўды ў цябе каменнае сэрца, і шкадаванне табе невядома. Што зрабіла табе гэта бедная жанчына, чаму ты гоніш яе адсюль?
Тады Хлопчык-зорка пачырванеў ад злосці і сказаў:
— А хто ты такі, каб дакараць мяне, чаму я так
раблю? Я табе не сын і не абавязаны цябе слухацца.
— Гэта так,— адказаў Лесаруб,— аднак я пашкадаваў цябе, калі знайшоў у лесе.
I тут жабрачка, пачуўшы гэтыя словы, гулка ўскрыкнула і павалілася без прытомнасці. Тады Лесаруб падняў яе і аднёс да сябе ў дом, а яго жонка пачала прыглядаць за ёй. I калі жанчына ачуняла, Лесаруб і яго жонка паставілі перад ёй ежу і пітво і сказалі, што яны рады падзяліцца з ёй жытлом.
Але жанчына не хацела ні есці, ні піць і спытала Лесаруба:
— Ці праўду ты сказаў, што знайшоў гэтага хлопчыка ў лесе? I з таго дня мінула дзесяць год, ці не так?
I Лесаруб адказаў:
— Але, так яно і было, я знайшоў яго ў лесе, і з Ta­ro дня мінула ўжо дзесяць год.
— А ці не знайшоў ты разам з ім яшчэ чаго-небудзь? — усклікнула жанчына.— Ці не было ў яго на шыі бурштынавых караляў? I ці не быў ён захутаны ў залаты плашч, расшыты зоркамі?
— Усё так,— адказваў Лесаруб. I ён выцягнуў плашч і бурштынавыя каралі з куфра і паказаў іх жанчыне.
I калі жанчына ўбачыла гэтыя рэчы, яна расплакалася ад радасці і сказала:
— Гэта дзіця — мой маленькі сын, якога я згубіла ў лесе. Прашу цябе, пашлі за ім хутчэй, бо ў пошуках яго я абышла ўсю зямлю.
I Лесаруб з жонкай выйшлі з дому і пачалі клікаць Хлопчыка-зорку і сказалі яму:
— Увайдзі ў дом, там ты знойдзеш сваю маці, якая чакае цябе.
I Хлопчык-зорка, напоўнены пачуццём радасці і здзіўлення, убег у дом. Але калі ён убачыў тую, што чакала яго там, ён пагардліва рассмяяўся і сказаў:
— Ну, а дзе ж мая маці? Я не бачу тут нікога, акрамя гэтай агіднай жабрачкі.
I жанчына адказала яму:’
— Я — твая маці.
— Ты, мабыць, з’ехала з глузду! — гнеўна закрычаў Хлопчык-зорка.— Я не твой сын, бо ты ж жабрачка, ты пачварная і апранута ў лахманы. Ну-тка ідзі адсюль, каб я не бачыў болып твайго агіднага твару!
— Але ж ты на самай справе мой маленькі сынок.
якога я нарадзіла ў лесе! — усклікнула жанчына і, упаўшы перад ім на калені, працягнула да яго рукі.— Разбойнікі ўкралі цябе і пакінулі на гібель у лесе...— плачучы, прагаварыла яна.— Але я адразу пазнала цябе, як толькі ўбачыла, і пазнала рэчы, па якіх цябе можна пазнаць,— залаты плашч і бурштынавыя каралі. I я малю цябе: пойдзем са мной, бо шукаючы цябе, я абышла ўвесь свет. Пойдзем са мной, мой сын, таму што мне вельмі патрэбна твая любоў.