Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц  Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж

Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц

Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж
Выдавец: Юнацтва
Памер: 429с.
Мінск 1996
148.39 МБ
— Каб табе было не сорамна туды ісці? — сказаў Скоці.
Роя гэта не кранула, і Скоці пашкадаваў, што сказаў гэта.
— Я жанаты, Рой,— сказаў Скоці, каб вылучыць неабвержны аргумент і істотную прычыну.— Жанаты і Самсон. Мы не можам так рызыкаваць, як рызыкуеце вы.
— А што такое? — умяшаўся Зел.— Сахаты жанаты, і я жанаты.
— Так,— марудна запярэчыў Скоці,— і калі б вы маглі атрымаць назад вашыя надзелы, вы ўчапіліся б у іх зубамі і рукамі. Дык навошта ўцягваць Роя ў вашыя неразумныя задумкі?..
— Ладна, Скоці,— спакойна прамовіў Рой, і больш да гэтай тэмы яны не вярталіся.
— А як жа з тваёй уласнай лоўляй, Рой? — спытаў Самсон.— Калі інспектар захоча праверыць цябе, ён адразу зразумее, што цябе няма.
Рой кіўнуў.
— Я і хацеў папрасіць цябе і Скоці, каб вы час ад часу правяралі мае пасткі. Усё, што трапіць у іх — вашае, толькі стаўце іх зноў. Можаце карыстацца маімі хацінамі. Як? Згода?
Скоці і Самсон пераглянуліся.
— Ладна,— сумна адказаў Скоці.
— А калі ты вернешся? — спытаў Самсон.
— Пра гэта ты спытай у Сахатага,— адказаў Рой.
— He ведаю,— сказаў Мэрэй.— Гледзячы, як пой-
дуць справы. Лавіць баброў цяжка, калі балота замерзне. Будзем там тыдняў восем-дзевяць.
Рой еў фасолю, падагрэтую для яго Скоці.
— Калі хто-небудзь будзе наводзіць пра мяне даведкі,— сказаў ён Скоці,— кажы, што я тут паблізу ў разведцы, скажам, у лесе, каля ўчастка Боба.
— I ўсё адно ты дзейнічаеш няправільна, Рой,— даказваў Скоці.— Навошта тады законы пра паляванне, калі кожны будзе парушаць іх?
Гэта быў працяг іхняй нявырашанай спрэчкі, бо калі Скоці шчыра паважаў закон і захапляўся ім, то Рой адносіўся да закону звысоку. Скоці баяўся закону як маральнага кодэкса, Рой баяўся толькі пакарання згодна з законам. Яны не маглі сысціся наконт гэтага, і Рой не меў настрою працягваць спрэчку звыклым для іх спосабам прыкладаў і пярэчанняў. Рой не адрозніваў у гэтым пытанні невінаватага ад вінаватага, гэта не прыходзіла да яго само, і ён не дазваляў сабе задумвацца над гэтым. Калі закон парушаў Скоці, ён пакутаваў, але калі яго парушаў Рой, сумленне ставіла пад сумненне сам закон, і ў гэтым выпадку ён не баяўся закону. Дрэнна было толькі тое, што ён парушаў уласныя інтарэсы звералова. Якім бы цяжкім ні было паляванне ў Муск-о-гі, ён ведаў, як ведаў і Бэрк, і Скоці, і любы звералоў, што пушныя заказнікі — гэта адзінае спадзяванне трапераў. Лавіць у іх было грахом для звераловаў, але становішча склалася так, што Рою даводзілася душыць у сабе гэта прафесійнае сумленне. Ен дзейнічаў так, як мусіў дзейнічаць, і разважаць тут не было пра што.
— Застаецца толькі спадзявацца, што цябе не зловяць,— такім было апошняе слова Скоці.
Рой паціснуў плячыма і працягваў даядаць фасолю.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Дарогу паказваў Мэрэй, але пракладваў сцежку і таптаў снег Рой. Згодна з указаннямі Мэрэя ён кіраваўся то на адзінокую сасну, то на граду пагоркаў, то на карабельны гай, то ў даліну. Большай часткай нельга было абысціся без плеценых канадскіх лыжаў, і на долю Роя выпадала самая цяжкая, знясільваючая праца, але і ў гэтым выпадку два іншыя ледзь
паспявалі за ім. Рой імкнуўся наперад так, нібыта адчай падганяў яго, і ногі яго ішлі самі, якім бы глыбокім ні быў снег. Мэрэй нёс самы цяжкі груз, у тым ліку большую частку пастак; нават гэтаму велікану даводзілася паскараць свой шырокі крок, каб паспець за Роем. Мэрэй імкнуўся скарачаць дарогу, ідучы нацянькі, але Рой кожны раз выбіраў да таго ж і больш лёгкі варыянт і ні на хвіліну не збаўляў тэмп.
— Ты, відаць, спяшаешся? — сказаў Мэрэй пасля двух дзён такой дарогі.
— Навошта губляць час? — адказаў Рой.
— Але ж часу ў нас дастаткова,— зазначыў Мэрэй.
— Гэта як сказаць,— запярэчыў Мэрэю Зел, але той ніяк не зрэагаваў. А іменна Зелу даводзілася цяжэй за ўсё: Мэрэй неаднойчы ўжо выцягваў яго са снегу і нёс яго мех, пакуль ён трохі не дужэў, каб цягнуць груз далей. Але Зел усё адно быў за Роя.— Чым хутчэй мы туды трапім і чым хутчэй выберамся, тым лепей для нас,— казаў ён.
Першыя тры дні яны ішлі прыкладна па прамой. Мясцовасць ім была добра знаёмая, і ніякіх адкрыццяў не прадбачылася. Але на чацвёрты дзень яны пераправіліся цераз Серабрыстую раку і падняліся на хрыбет Белых гор. Хрыбта такой вышыні не было ва ўсім Муск-о-гі; востры, як брытва, ён выцягнуўся з усходу на захад як кінуць вокам. Гэта быў межавы хрыбет, які адразаў Муск-о-гі ад пустынных участкаў на поўначы. Залазячы на гэты хрыбет, Мэрэй двойчы губляў арыенціры, і толькі калі дабраўся да самай вяршыні, ён зноў вызначыў напрамак.
Там, наверсе, перад імі паўстала зусім новая для іх краіна, не падобная на іхнія ўчасткі. Пазіраючы на яе з радасцю і хваляваннем, Рой зразумеў, чаму яе называюць краінай Сярэбраных Долараў.
— Глядзіце, якія азёры! — захоплена ўсклікнуў ён.— Вось гэта краіна! Я ўздымаўся на гэты хрыбет на ўсходзе, але такога яшчэ не бачыў. Тут усё не такое. Зусім не такое.
Сапраўды, гэта не было падобна на нагрувашчванне невысокіх аднастайных хрыбтоў Муск-о-гі, гэта была краіна кантрастаў. Тут былі і адгор’і, і высокія пікі, і глыбокія даліны. Былі і плато, якія выцягнуліся вузкімі палоскамі паміж гор, пляскатыя і гладкія, яны таксама былі ўсеяны азёрамі і сасновымі лясамі. У па-
раўнанні з больш мірным пейзажам Муск-о-гі тут ўсё было ўздыблена і скручана. Лясы, яшчэ не кранутыя сякерай, цёмныя гушчары і побач ззялі на сонцы здрадніцкія снежныя схілы.
— Яно мо і прыгожа,— сказаў Мэрэй,— але на такім схіле сам чорт галаву скруціць. А зараз, калі яны заледзянелі, на іх і нам можна галаву зламаць. Бачыш лес на тым баку плато? — спытаў Мэрэй у Роя.
Рой зірнуў цераз два хрыбты і плато на густы сасновы лес.
— Пастарайся вывесці нас туды найболып дакладна,— сказаў Мэрэй.— Якраз там мая хаціна. У канцы вунь таго азярца.
Гэты апошні адрэзак шляху Рой правёў так, што ва ўсіх аж дух заняло. Яго прыспешваў яшчэ і звычайны азарт гонкі з дзённым святлом. Кожны крок у гэтай новай краіне прыносіў яму задавальненне, кожная цяжкасць была прыемнай. На гэтым апошнім пераходзе давялося абыходзіць шмат лясных гушчароў і зараснікаў, і хоць часцей за ўсё мэта паходу была схаваная, Рой прывёў іх проста да месца. Шлях гэты ім варта было добра запомніць, бо яны не рызыкавалі пазначаць свой шлях, як бы цяжка ні было знайсці яго пасля. Яны былі ў заказніку, і чым менш слядоў заставалася пасля іх — тым лепей. Заказнік не меў мяжы альбо іншых апазнавальных знакаў, але яны ведалі, што ён пачынаўся ад хрыбта Белых гор, і чым далей яны адыходзілі ад хрыбта, тым болып паглыбляліся ў заказнік. Да таго часу, як Рой вывеў іх глыбокай далінай да ўказанага Мэрэем сасновага лесу, хрыбет Белых гор ледзь дыміўся вечаровай смугой далёка ззаду, а самі яны былі ў глыбіні заказніка.
— Вось тут і пачынаецца самае цяжкае,— сказаў Мэрэй, калі яны ўвайшлі ў лес.— Зараз мне трэба знайсці свае прыкметы,— і ён пайшоў першы.
Нават малеча Зел узбадзёрыўся, і, калі напалоханая лань вылецела на іх з сасновых зараснікаў і адскочыла ўбок, ён гукнуў:
— Глядзіце, як уцякае!
Рою было прыемна бачыць, як ажывае Зел.
— А ты не думаеш, што твой крык пачуе абходчык і за сотні міль адсюль? — сказаў ён Зелу.
Пры згадцы пра пушных абходчыкаў Зел напусціў на сябе абыякавасць.
— Колькі міль адсюль да бліжэйшага кардона? — спытаў ён у Мэрэя.
— Каля паўтары сотні,— адказаў Марэй.— He тое, каб пастаянны пост, а проста ўкрыццё для леснікоў.
— I наогул больш верагоднасці сустрэць тут леснікоў, а не пушных абходчыкаў,— сказаў Рой.— Тут ёсць што аберагаць. Які лес!..
Вакол іх узвышаліся каланады адвечных соснаў. Дрэвьі такія вялікія, што стаяць даволі рэдка, хоць лес здалёку здаваўся вельмі густым. Пад нагамі снегу мала, ён, відаць, яшчэ не паспеў прабіцца праз густую хвойную страху. Цёмна, спакойна, ціха.
У далёкім канцы гэтага лесу, на ўскраіне плато, сярод вялікіх дрэў схавалася маленькая хаціна Мэрэя. Яны выявілі яе, толькі калі падышлі зусім блізка, бо так удала схаваў яе Мэрэй сярод соснаў. Яна была замаскіравана вялізнымі ніжнімі галінамі, якія хавалі і страху і сцены. Мела яна пятнаццаць на пятнаццаць футаў. Уваходзячы ў дзверы, давялося моцна нагнуцца.
— I колькі часу ты яе будаваў? — здзіўлена спытаў Рой, гледзячы на прамыя, цесна падагнаныя сцены, звонку абмазаныя глінай і непадуладныя ветру.
— Амаль усё лета,— адказаў Мэрэй,— і палову восені.
— Дык вось чым ты займаўся! Лавіў тут дзічыну і будаваў таемныя хаціны! — сказаў Рой.
Увайшоўшы ўнутр, ён агледзеўся і дастойна ацаніў майстэрства Мэрэя. Ен быў лесавік ад нараджэння, і ўсякая лясная справа ішла спорна. У хаціне было нават акно і складзена прымітыўная печ: ахвочы да камфорту Рой нават не чакаў такога. Жоўтае аконнае шкло было з трымплексу, і Мэрэй патлумачыў, што здабыў яго ў Скоці, які ў сваю чаргу адхапіў яго на нейкай звалцы ваеннай маёмасці, ды так і не знайшоў, дзе яго скарыстаць. Печ, складзеная з камянёў і гліны, была шэдэўрам. У паглыбленні сцяны быў змайстраваны ачаг з невялікай печчу, і конусам быў складзены комін, абшыты бляхай з бідонаў. Рой адзначыў, што комін, злеплены з камянёў і гліны, быў выведзены каля самага вялікага дрэва так, што дым слаўся па ствале і рассейваўся, перш чым падняцца над лесам.
— Здаецца, ты сабраўся тут асесці надоўга,— сказаў Рой.
— Так, гэта не на адзін год,— адказаў Мэрэй.— Я думаю лавіць у гэтым заказніку кожную зіму, ды
і кожную вясну таксама, калі не перашкодзяць абходчыкі.
Сумненні адносна Мэрэя, якія прыгняталі Зела ўсе чатыры дні іхняга шляху, на час рассеяліся, калі ён убачыў хаціну, якая здзівіла яго і выклікала захапленне.
— Тут можна чакаць другога прышэсця,— сказаў ён Мэрэю,— і ніхто на свеце цябе не знойдзе, нават гэтыя боўдзілы-абходчыкі.
Мэрэй скінуў свой вялізны цюк пастак і правізіі, і ён з грукатам упаў на падлогу.
— Ты не надта паплёўвай на гэтых абходчыкаў, Зел,— сказаў Мэрэй.— Яны вядомыя прайдохі. Пусці іх па следу, і яны табе што захочаш знойдуць.
Рой падумаў, што Мэрэй знарок дражніць Зела, але ў Мэрэя не было ніякага жадання адпомсціць свайму надакучліваму напарніку альбо падсмейвацца. Ен казаў тое, што думаў, і гэта беспамылкова ўздзейнічала на Зела Сен-Клэра.