Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц  Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж

Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц

Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж
Выдавец: Юнацтва
Памер: 429с.
Мінск 1996
148.39 МБ
— А вы можаце здабыць вавёрку?
— А ў вас ёсць дваццацідвухкаліберная? — спытаў Рой.
— Есць у Ласона. Зараз яна ў вас пад ложкам.
Рой дастаў ружжо і выйшаў з хаціны, адчуваючы, што ўсё гэта радуе Бэрка. Рой яшчэ раз сказаў сабе, што гэтыя людзі паступова заваёўваюць яго давер, заваёўваюць, калі абыходзяцца з ім як з роўным, паводзяць сябе як і сябры-лесавікі, амаль што як братыпаляўнічыя.
Ён ведаў, што для гэтага ёсць свае прычыны, і хоць міжволі паддаваўся іхнім дружалюбным паводзінам, усё адно з недаверам пытаўся ў сябе — навошта ім спатрэбіўся яго давер. Усё ж яны прадстаўнікі ўлады, якія б у іх ні былі прафесіі. Праз некалькі хвілін Рой падстрэліў чырвоную вавёрку, калі яна на хваёвым суку вішчала на яго, свайго сябра і ворага. Калі ён вяртаўся ў хаціну, сустрэў Ласона, які ішоў ад возера. Човен быў перакулены на прычальнай скале. Усё так, усё зроблена, як трэба.
У хаціне Ласон паказаў здаравенную рыбіну.
— Бачыце, што я тут знайшоў, Кевін? — сказаў ён Бэрку.
— Ого, дык гэта ж чорны акунь, Уіл! — усклікнуў Бэрк.— Дзе вы яго знайшлі?
— Ды тут, у сетцы Роя,— сказаў той.— Я не спадзяваўся, што мы знойдзем чорнага акуня ў азёрах Муско-гі.
Рой чакаў асуджэння за сетку, але Бэрк толькі зірнуў на Роя так, нібыта гэта яго яшчэ больш пацешыла.
— А ці падстрэлілі вавёрку? — спытаў Бэрк.
Рой падняў вавёрку, трымаючы яе за хвост.
— Калі я зраблю замеры гэтага тыпа,— сказаў Ласон наконт акуня,— вы можаце дадаць яго да ўсяго астатняга.— Ён стаў на калені і выцягнуў акуня на разасланай газеце, змерыў яго і ўважліва агледзеў.— Дарэчы,— сказаў ён быццам між іншым, не падымаючы вачэй ад акуня, але гэта адносілася да Роя: — я зата-
піў вашу сетку на той выпадак, калі хто-небудзь сюды зазірне і пацікавіцца ёю. Я не памыліўся?
Рой памарудзіў з адказам, затым усміхнуўся. Здавалася, што зараз ён зарагоча. Зел Сен-Клэр глядзеў на Роя гарачымі вачамі кельта, ён асуджаў гэтую нямую сцэну, у якой вытрымка задушыла ў гэтых англасаксаў і гумар і запал. Як паляўнічы, хоць зараз і пазбаўлены права паляваць, Зел дастаткова выразна разумеў сітуацыю, каб не ўмешвацца ў гульню Роя, але гэта каштавала яму шмат намаганняў. Пра сетку Рой больш нічога не сказаў: ні прабачэння, ні жарту. Відаць, ён зразумеў нарэшце, што гэта за людзі, і хутка пачуўся яго гучны смех, а затым зарагатаў і бландзін Ласон. Нават Бэрк усміхнуўся, распраўляючыся з бабром, і вочы ягоныя заблішчалі ад вострага адчування задавальнення.
— А чым вы, уласна, займаецеся? — спытаў Рой.
Ен назіраў, як Бэрк, седзячы на парозе, абдзіраў і абскрэбваў бабра, быццам сапраўдны паляўнічы. Ласон усё яшчэ не ўставаў з падлогі: седзячы ля печы, ён моцнымі ўдарамі рассякаў акуня, мерыў яго асобныя часткі, пасля выпатрашыў, страўнік паклаў у слоік. Гэтыя людзі ведалі сваю справу, і гэта падкупляла Роя.
— Мы проста блукаем па розных мясцінах і глядзім, як жывецца дзічыне і рыбе,— сказаў Бэрк.— Ласон іхтыёлаг.— Бэрк паказаў цераз плячо сточаным паляўнічым нажом. Адначасна ён зірнуў на Роя, каб пераканацца, ці спадабалася яму гэтае слова, і Рой зразумеў, што яно якраз яму і прызначана.
— Ен спецыяліст па рыбе,— патлумачыў Бэрк.
— А вы? — спытаў Рой.
— А я заолаг,— сказаў Бэрк.
— Значыць, спецыяліст па дзічыне?
— Вы маеце рацыю.
— А што вы робіце тут у Муск-о-гі? — спытаў Зел Сен-Клэр.
— Глядзім, як тут жывецца рыбе і дзічыне,— паўтарыў Бэрк.
Ласон зірнуў на Сен-Клэра і зразумеў, што трэба супакоіць і француза.
— Вам, сябры, няма чаго баяцца,— сказаў ён.— Мы на самай справе не маем нічога агульнага з інспектарам.
— Вы англічанін? — спытаў Рой у Ласона.
— Нібыта напаўанглічанін,— адказаў бладзін.
Яго гаворка толькі часткова нагадвала англійскую, і, як мог зразумець Рой, у астатнім ён размаўляў як канадзец. Ен значна адрозніваўся ад свайго старэйшага спадарожніка. Ва ўсім, што Бэрк назіраў збоку, Ласон прымаў актыўны ўдзел. Бэрк усё ведаў, але Рой здагадваўся, што Ласон здольны ўсё адчуваць. I знешнасцю, і ўчынкамі Ласон паказваў, што яму падабаецца жыць, і за гэта Рой прымаў яго, як прымаў яго адкрыты хлапчуковы смех. У нечым гэты смех быў нават празмерны. Бэрк быў не надта схільны смяяцца, ён хутчэй смяшыў іншых, нечаму ўсміхаўся цішком. Гэта быў чалавек, які выклікаў захапленне, і Рой бачыў, што малодшы спадарожнік аддаваў яму належнае.
— Ну вось, з гэтым усё,— сказаў Бэрк і кінуў кавалкі бабровага філе ў каструлю.— Зараз возьмемся за пацука.
У справу пайшло ўсё: андатра, заяц, курапатка, акунь і апошняй — маленькая чырвоная вавёрка. Ён выбіраў толькі лепшыя кавалкі, але і так каструля была поўная мяса і прыправы з цэлых бульбін, цыбулін, морквы і жменькі пахучай травы.
— А смажаніна будзе тлустая,— сказаў Рой.
— Трэба ж нагульваць тлушч на зіму,— сказаў Бэрк, ляскаючы сабе па жываце.
Гэтак сказаць мог бы і сам Рой, і гэта яшчэ павялічыла яго давер. Але ўсё адно ён не мог даўмецца, чаго яны ад яго хочуць? Дзесьці ўнутры ўсё яшчэ жыло сумненне, хоць яны яму і падабаліся, і ён шукаў адгадку: чаго яны хочуць.
Ён так і не знайшоў адказу аж да таго часу, калі дзверы хаціны адчыніліся і з цемры ў яе зайшоў Джэк Бэртан. Ён быў зацярушаны свежым снегам, яго худыя шчокі палалі чырванню і распухлі, ён аж згінаўся пад цяжарам сваіх рэчаў і рэчаў Роя.
— Фермер Джэк усё ж прабіў сцежку.
— Гэта твой цюк прабіў мне спіну,— сказаў Джэк.
— Узяў таго лася? — спытаў Рой.
— He.— Джэк зірнуў на незнаёмцаў, але прамое пытанне Роя адразу ўнесла атмасферу даверу. Уласна, Бэртану не было чаго хавацца, у яго быў дазвол на адстрэл лася і аленяў.— Заўтра я яго абавязкова вазьму,— сказаў Джэк Рою.— Лось адбіўся ад чарады на верхняй пашы. Там я заўважыў і аленя.
Госці слухалі, але маўчалі.
Рой сказаў:
— Гэта спецыялісты па дзічыне і рыбе, Джэк.
Ен прамовіў гэта, каб падвесяліць Бэрка. Гэта тлумачыла іхняе з’яўленне для Джэка, але, замест таго, каб увязацца ў далейшую гульню з Бэркам, Рой раптам замаркоціўся. Джэк адчуў гэтую раптоўную перамену настрою Роя і здзівіўся. Ен не здагадваўся, што глыбока ў душы Рой па-ранейшаму турбаваўся пра Эндзі і Сэма, пра Сент-Элен і пра Джыні. Зараз гэтая турбота стала прыкметнай. Быццам гэта Джэк прынёс яе з сабой і быццам сам Эндзі з’явіўся разам з Джэкам. Прыход незнаёмых людзей часова адагнаў гэтую турботу, але Джэк спалохаў яго дыханнем Сент-Элена.
Хутка Джэк зразумеў, што на Роя напала маркота. У такім настроі Рой быў слабы і безразважлівы. Зел ужо тут, Мерэй вось-вось з’явіцца, значыць, усё яшчэ існуе небяспека, што яны ўгавораць Роя ісці з імі ў заказнік. Адзінай даступнай Джэку контрмерай было жаданне зноў зацягнуць Роя ў лес. Ен пачаў з размовы пра ласёў.
— Ведаеш, Рой,— сказаў Джэк,— я чуў, як гэты лось на хрыбце двойчы паклікаў, як цяля, нібыта чакаў, што яму адкажуць.
— Занадта позна для лася,— безуважна адгукнуўся Рой.
— А я табе кажу, што чуў,— настойваў Джэк. — Ну калі чуў, значыць, клікаў,— заключыў Рой. Але тут размову пра лася падхапіў Ласон.
— I на самай справе, сёлета, здаецца, мала ласёў,— сказаў ён Рою.— Як на вашым участку?
— Малавата,— адказаў Рой.— Усяго становіцца мала.
Джэк, уласна, не гэтага хацеў, але наведвальнікі яўна нечага чакалі ад Роя. Яны падхапілі гэтую тэму і пачалі распытваць Роя пра дзічыну, паляванне, але без вялікага поспеху. Рой еў смажаніну і адказваў неахвотна. Нарэшце Бэрк перавёў размову ад становішча дзічыны на яе звычкі. Паволі і паступова ён уцягваў у гаворку і Роя. Паціху, пакрысе Бэрк раскатурхваў яго, то жартам, то пакепліваннем, і ўсё больш уцягваў яго ў сутнасць гаворкі. У ёй прыняў удзел і маленькі Зел Сен-Клэр, і менавіта ён пераважыў. Ен ляжаў на ложку Роя і нават не здаваўся такім кволым, бо добра пад’еў.
— Дзіўна,— сказаў ён, пазіраючы чорнымі вачамі на бабровыя скуркі над галавой,— дзіўна, як адны
жывёліны трымаюцца адной самкі, а іншым быццам усё роўна, абы адарваць сваё дзе давядзецца.
— У лесе няма такога звера, які трымаўся б адной самкі,— заявіў Рой.
— А бабёр,— запярэчыў Зел.
— Хітры бабёр зусім не такі прыкладны ў сямейным жыцці, як гэта звычайна лічаць,— сказаў Рой.
— Ен прытрымліваецца адной самкі,— настойваў Зел.
— Ен выбірае сабе сяброўку, будуе хатку і клапоціцца пра сяброўку і дзяцей,— сказаў Рой,— але, акрамя таго, начамі ён знікае ў пошуках іншых самак. Мне надаралася лавіць старых самцоў на месцы сустрэчы, куды яны прыходзілі іпукаць чужых самак. Тое ж самае і скунс. Сваю самку ён пакідае ў нары і ідзе шукаць іншую. Гэта праўда, містэр Бэрк? — спытаў Рой.
— Праўда,— адказаў Бэрк.
— Я вам і больш магу расказаць, такога вы, напэўна, не бачылі,— працягваў Рой. Ен папраўляў у печы дровы. Джэк, які назіраў за ім, трохі супакоіўся.— У Каліфорніі я бачыў халастога бабра, старога халасцяка, які збудаваў сабе хату і жыў у ёй адзін. Хочаце верце, хочаце не, містэр Бэрк.
— Чаго толькі не бывае ў Каліфорніі,— згадзіўся Бэрк.
— Ты ж ніколі не быў у Каліфорніі,— сказаў Зел Рою.
Той нібыта не пачуў заўвагі Зела.
— Альбо вазьміце норку там, на захадзе. 3 усёй прынады прызнае толькі крутое яйка. А калі не сервіруеш ёй крутых яек, яна выпраўляецца на бераг акіяна і спакойна чакае, пакуль ён выкіне ёй рыбу на абед. Вось гэта мясціны! — сказаў Рой.— Нават бабёр здольны заленавацца. Без вялікай патрэбы нават плаціну не збудуе, не ўмее пракладваць пратокі. Жыве сабе побач з фермерамі і аб’ядае фруктовыя дрэвы. Ен мае там летнюю нару, зімовую нару — і ўсё! Гэта праўда, бабёр жыве ў Каліфорніі прыпяваючы.
Усе засмяяліся, і Рой гучней за іншых.
— Хіба не так, містер Бэрк? — сказаў Рой.
— А калі ж ты быў у Каліфорніі? — дапытваўся Зел.
— Расстаўляў я там аднойчы пасткі,— сказаў Рой.— Залатая гэта была лоўля!
Джэк часта чуў расказ пра каліфарнійскую лоўлю
Роя, але так і не мог вырашыць, верыць у гэта тті не. Адзіны раз, калі Рой на доўгі час пакідаў Сент-Элен, быў цяжкі час крызісу на пачатку трыццатых гадоў. Тады Рой знік ажно на паўтара года. Вядома, ён мог быць і ў Каліфорніі, хоць Джэк меркаваў, што Рой проста працаваў на ферме дзе-небудзь у Мічыгане, але быў занадта ганарлівы, каб прызнацца ў гэтым.
— Вось я раскажу вам, што бачыў у адной бабровай хатцы,— сказаў Рой.