• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц  Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж

    Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц

    Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 429с.
    Мінск 1996
    148.39 МБ
    — Ну вось!..
    А я так ганарыўся сваімі баабабамі!
    — А якія вушы ў тваёй лісіцы... Як рогі... Ды якія доўгія!..
    I ён зноў засмяяўся.
    — Ты несправядлівы, малыш, я ж не ўмею маляваць, хіба толькі ўдаваў — звонку ды знутры.
    — Нічога. I так добра будзе,— супакоіў ён мяне,— дзеці зразумеюць.
    Я ўзяў аловак і намаляваў наморднічак. Сэрца маё сціснулася, калі я аддаваў малюнак Маленькаму прынцу:
    — Ты нешта ўтойваеш ад мяне...
    Але ён адказаў:
    — Ведаеш... заўтра будзе якраз гадавіна, як я трапіў да вас на Зямлю...
    Ен змоўк. Потым дадаў:
    — Я прызямліўся побач, зусім недалёка адгэтуль...
    I пачырванеў.
    I зноў, я сам не разумеў чаму, але мяне агарнула дзіўная туга. I ўсё ж я спытаў:
    — Значыць, ты зусім невыпадкова прагульваўся тут у дзень нашага знаёмства, тыдзень назад, такі
    адзінокі, тут, за тысячу міль ад людскога селішча! Ты вяртаўся на тое месца, дзе прызямліўся?
    Маленькі прынц зноў пачырванеў.
    — Мабыць таму, што спаўняецца год?..— нерашуча прадаўжаў я.
    Маленькі прынц зноў пачырванеў. Ен ніколі не адказваў на пытанні, але калі ён чырванеў, гэта значыла «так», ці ж няпраўда?
    — Ах,— вырвалася ў мяне,—баюся, што...
    Але ён не даў мне дагаварыць:
    — Пара табе ўжо ўзяцца за работу. Ідзі да сваёй машыны. Я буду чакаць цябе тут. Вяртайся вечарам.
    Я вагаўся. Мне ўспомніўся Ліс. Нялёгка стрымаць слёзы, калі дазволіш, каб цябе прыручылі...
    XXVI
    Непадалёку ад калодзежа грувасціліся руіны старажытнай каменнай сцяны. На другі вечар я вяртаўся сюды ад самалёта і яшчэ здалёк заўважыў Маленькага прынца, які сядзеў на сцяне і матляў нагамі. Да мяне данёсся яго голас:
    — Хіба ты не помніш? — казаў ён.— Але не тут!
    Нехта, безумоўна, падтрымаў гамонку, бо Маленькі прынц запярэчыў:
    — Ну так, так! Гэта было роўна год назад, дзень у дзень, толькі ў іншым месцы...
    Я набліжаўся да сцяны. Як і раней, нікога не бачыў і не чуў. Аднак Маленькі прынц зноў запярэчыў:
    — Ну безумоўна. Ты знойдзеш мяне па слядах на пяску. Чакай. Сёння ўночы я прыйду туды.
    Я быў за дваццаць метраў ад развалін і па-ранейшаму нікога не бачыў.
    Маленькі прынц памаўчаў, потым спытаў:
    — А ў цябе добрая атрута? Ты ўпэўнены, што я не буду доўга пакутаваць?
    Я спыніўся як укопаны, сэрца маё сціснулася, але я ўсё роўна нічога не разумеў.
    — А цяпер ідзі,— сказаў ён.— Я хачу злезці!
    Я апусціў вочы долу і — аж адскочыў! Там, каля сцяны, выцягнуўшы да Маленькага прынца агідную пляскатую галаву, пакалыхвалася ядавітая змяя — такія змеі ў трыццаць секунд здольны адправіць чала-
    века на той свет. Я ліхаманкава сунуў руку ў кішэню па рэвальвер і кінуўся да яе, але на мой шум змяя мякка, нібы паміраючы струмень вады, асунулася ў пясок і не надта паспешліва, з лёгкім металёвым шорхатам слізганула пад каменне.
    Я падбег да сцяны і падхапіў на рукі бледнага як палатно Маленькага прынца.
    — Гэта яшчэ што прыйшло табе ў галаву?! Ты гутарыш са змяёй?!
    Я разматаў яго вышываны золатам шалік. Змачыў скроні вадой, даў папіць. Але я не мог болей нічога выпытваць у яго. Ен сур’ёзна паглядзеў на мяне і абвіў маю шыю рукамі. Сэрца яго калацілася, нібы ў прыстрэленай птушкі.
    — Я рады, што ты знайшоў непаладку ў сваёй машыне,— сказаў ён.— Цяпер ты зможаш вярнуцца на радзіму...
    — Адкуль табе гэта вядома?!.
    Я ж якраз ішоў паведаміць яму, што зусім неспадзявана я адрамантаваў самалёт!..
    Маленькі прынц нічога не адказаў на маё пытанне, але дадаў:
    — Сёння я таксама вярнуся дадому...
    Потым, задуменна:
    — Гэта значна далей... і значна цяжэй...
    Усё было неяк незразумела-дзіўна. Я сціскаў яго ў абдымках, нібы малое дзіця, але мне здавалася, што ён выслізгвае з маіх рук, правальваецца ў бездань, а я не магу яго ўтрымаць...
    Ен задуменна глядзеў некуды далёка-далёка.
    •— У мяне застаецца твой баранчык. I наморднічак...
    I ён сумна ўсміхнуўся.
    Я доўга маўчаў. Ен нібы зноў ажываў: я адчуваў, як ён паволі саграваўся.
    — Хлапчанятка маё, як ты спалохаўся...
    Вядома, ён спалохаўся! Але ён мякка засмяяўся:
    — Сёння ўночы мне будзе яшчэ страшней...
    Я зноў пахаладзеў ад прадчування нейкай непапраўнай бяды. Няўжо, няўжо я ніколі не пачую болып, як ён смяецца?.. Гэты смех для мяне — нібы крыніца ў пустыні.
    — Хлапчанятка маё, я хачу яшчэ паслухаць, як ты смяешся...
    Але ён адказаў:
    — Сёння ноччу спаўняецца роўна год. Сёння мая зорка будзе якраз над той мясцінай, дзе я прызямліўся летась...
    — Хлапчанятка маё, скажы, гэта ўсё проста нядобры сон — і змяя, і спатканне, і зорка — проста нядобры сон, праўда?
    Але ён не адказаў на маё пытанне.
    — Самае галоўнае — тое, чаго не ўбачыш вачыма...— прамовіў ён.
    — Гэта праўда, канечне...
    — Гэта як з кветкай. Калі любіш кветку, што расце недзе на зорцы, так прыемна ноччу глядзець на неба. Здаецца, усе-ўсе зоркі цвітуць.
    — Гэта праўда, канечне...
    — Гэта як з вадой. Тая вада, што ты даў мне напіцца, была як музыка. Музыка калаўрота і вяроўкі... Памятаеш... Як жа гэта было цудоўна...
    — Гэта праўда, канечне...
    — Начамі ты будзеш глядзець на зоркі. Мая зорка вельмі маленькая, я не магу паказаць табе, дзе яна. Але гэтак нават лепей. Яна будзе табе проста адной з зорак. I ты палюбіш глядзець на ўсе зоркі... Усе яны стануць тваімі сябрамі. А яшчэ я зраблю табе сякі-такі падарунак...
    Ен зноў засмяяўся.
    — Ах, малыш, малыш, як я люблю, калі ты смяешся!
    — Вось гэта і будзе маім падарункам... Гэта будзе, як з вадой...
    — Як гэта?
    — У кожнага чалавека — свае зоркі. Адным людзям — тым, хто любіць падарожнічаць,— зоркі паказваюць дарогу. Для іншых гэта проста маленькія светлячкі. Вучоным яны — задачы, якія трэба рашыць. Майму дзялку яны — золата. Але ва ўсіх людзей зоркі — нямыя. У цябе ж будуць зоркі, якіх не будзе ані ў каго на свеце...
    — Як гэта?
    — Ноччу ты глянеш на неба, а там будзе ж і тая зорка, дзе я жыву, дзе я смяюся. Ты не будзеш ведаць, дзе яна, мая зорка, таму табе будзе здавацца, што смяюцца ўсе-ўсе зоркі. Вось і выходзіць, што ў цябе будуць зоркі, якія ўмеюць смяяцца!
    I ён зноў засмяяўся.
    — I калі ты ўцешышся,— а рана ці позна заўсёды прыходзіць суцяшэнне,— табе будзе прыемна, што калісьці ты ведаў мяне. Ты назаўсёды застанешся маім сябрам. Табе захочацца пасмяяцца разам са мной. I аднойчы ты адчыніш акно, проста так, ад радасці-I твае сябры будуць вельмі здзіўлены, чаго гэта ты смяешся, калі глядзіш на неба. А ты ім скажаш: «Так, так я заўсёды смяюся, калі гляджу на зоркі». I яны падумаюць, што ты звар’яцеў. Бачыш, як кепска я абышоўся з табою...
    I ён зноў засмяяўся.
    — Нібыта замест зорак я падарыў табе мноства званочкаў, якія ўмеюць смяяцца...
    I ён зноў засмяяўся. Потым твар яго пасур’ёзнеў:
    — Ты... вось што... сёння ноччу... ты... не прыходзь...
    — Я не пакіну цябе аднаго.
    — Табе памроіцца, што мне нядобра... Памроіцца нават, быццам я паміраю. Што зробіш, так трэба. Але я не хачу, каб ты бачыў гэта. He прыходзь, не трэба...
    — Я не пакіну цябе аднаго.
    Але ён ўсё непакоіўся.
    — Разумееш... гэта яшчэ і праз змяю. А раптам яна цябе ўкусіць... Змеі злыя. Ім адно задавальненне — уджаліць каго-небудзь.
    — Я не пакіну цябе аднаго.
    Нечакана ён трошкі падбадзёрыўся:
    — Але ж праўда, на двух у яе не хопіць атруты...
    Вечарам я і не заўважыў, калі Маленькі прынц сабраўся ў дарогу. Ен знік цішком. I калі мне ўсё-такі ўдалося дагнаць яго, ён крочыў хутка і рашуча.
    — А! Гэта ты...— толькі і сказаў ён.
    Ен узяў мяне за руку. Але нешта ўсё яшчэ трывожыла яго.
    — Дарма ты ідзеш са мной. Табе будзе балюча. Табе здасца, што я паміраю, але я не памру...
    Я маўчаў.
    — Разумееш, гэта надта далёка. Маё цела надта цяжкае. Мне не ўзнесці яго.
    Я маўчаў.
    — Але гэта ўсё роўна нібы скінуць старую абалонку. Тут няма чаго журыцца...
    Я маўчаў.
    Ен трошкі ўпаў духам. Але ўсё-такі зрабіў яшчэ адно намаганне:
    — А ведаеш, будзе дужа міла! Я таксама буду глядзець на зоркі. Усе зоркі будуць, як калодзеж з заржавелым калаўротам. I кожная падасць мне напіцца...
    Я маўчаў.
    — Падумай, як забаўна! У цябе будзе пяцьсот мільёнаў званочкаў, а ў мяне — пяцьсот мільёнаў крынічак...
    I Маленькі прынц змоўк. Ен плакаў...
    — Ну, вось і прыйшлі. Застанься тут, я зраблю яшчэ крок.
    Але ён апусціўся на пясок, бо яму стала страшна.
    — Ведаеш,— сказаў ён,— мая кветка... Я ў адказе за яе! Яна такая кволая! I такая наіўная... У яе ўсяго і ёсць, што чатыры недалужныя калючкі, каб уберагчы сябе ў гэтым свеце...
    Я таксама сеў, ногі не трымалі мяне болей. Ен сказаў:
    — Ну... Вось і ўсё...
    Павагаўся яшчэ з хвіліну і ўстаў. I зрабіў адзінадзіны крок. А я не мог варухнуцца.
    Нешта, як жоўтая маланка, бліснула каля яго шчыкалаткі. Нейкі міг ён стаяў нерухома. Нават не ўскрыкнуў. Потым паволі, як падае ссечанае дрэўца, бясшумна ўпаў на пясок.
    XXVII
    I вось шэсць гадоў мінула з тае пары... Яшчэ ніколі і нікому я не расказваў пра гэта. Mae таварышы былі вельмі радыя зноў убачыць мяне жывога і здаровага. На роспыты ж, чаму я такі засмучаны, я адказаў: «Проста знямогся...»
    Цяпер я трохі суцешыўся. Праўда... не зусім. Але я ведаю, што Маленькі прьінц вярнуўся на сваю планету, таму што на досвітку я не знайшоў яго цела. Яно было не такое ўжо і цяжкае. А начамі я так люблю слухаць зоркі. Яны — нібы пяцьсот мільёнаў званочкаў...
    Але іншы раз са мною творыцца нешта незвычайнае. Справа ў тым, што да наморднічка, які я намаляваў для Маленькага прынца, я забыў дадаць скураны аброжак. Маленькі прынц ніколі не здолее прывязаць свайго баранчыка. I я проста месца сабе не знаходжу. «Што адбылося на яго планейе? — пытаюся я ў сябе.— Няўжо баранчык з’еў ружу?»
    To я кажу сабе: «Ды, безумоўна, не! Маленькі прынц штовечар накрывае сваю ружу шкляным каўпаком, ды і за баранчыкам ён добра наглядае...» Тады я шчаслівы. I ўсе зоркі ціха смяюцца.
    А то я кажу сабе: «Хіба не здараецца, што мы бываем няўважлівыя? На бяду шмат не трэба! А што, калі аднойчы ён забыўся пра шкляны каўпак, альбо баранчык ноччу ўпотай выбраўся на волю і...» I тады ўсе званочкі горка-горка плачуць...
    Усё гэта так загадкава, незразумела-дзіўна. Вам, хто таксама палюбіў Маленькага прынца, як і мне, гэта зусім, зусім не ўсё роўна: увесь свет робіцца для нас інакшым ад таго, што дзесьці ў невядомым куточку Сусвету баранчык, якога мы ніколі не бачылі, можа, ужо з’еў незнаёмую нам ружу...