Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц  Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж

Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц

Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж
Выдавец: Юнацтва
Памер: 429с.
Мінск 1996
148.39 МБ
— Мільёнаў чаго?
Дзелавы чалавек зразумеў — няма ніякай надзеі, што яго пакінуць у спакоі.
— Мільёнаў гэтых дробненькіх штучак, якія часам відны ў паветры.
— Мух?
— Ды не, дробненькія такія, зіхоткія...
— Пчолы?
— Ды не. Дробненькія такія, залатыя... На іх яшчэ любяць глядзець ды марыць розныя лайдакі. Але я — чалавек сур’ёзны! У мяне няма часу на мары.
— А! Зоркі?
— Во-во. Зоркі.
— I што ты робіш з пяццюстамі мільёнамі зорак?
— Пяцьсот адзін мільён шэсцьсот дваццаць дзве тысячы семсот трыццаць адна. Я чалавек сур’ёзны і люблю дакладнасць.
— I што ты робіш з гэтымі зоркамі?
— Што я з імі раблю?
— Але.
— Нічога не раблю. Я імі валодаю.
— Валодаеш зоркамі?
— Так.
— Але я ўжо бачыў аднаго караля, які...
— Каралі не валодаюць. Яны толькі «пануюць над». Вялікая розніца.
— I што табе з гэтага валодання зоркамі?
— Яно прыносіць мне багацце.
— А нашто табе быць багатым?
— Каб купляць іншыя зоркі, калі хто-небудзь іх адкрые.
«Ен разважае амаль так, як той п’яніца»,— падумаў Маленькі прынц.
— А як можна валодаць зоркамі?
— Зоркі чые? — нездаволена запытаўся дзялок.
— He ведаю. Нічые.
— Значыць, яны мае, раз я першы дадумаўся да гэтага!
— I гэтага дастаткова? .
— Ну безумоўна! Калі ты знойдзеш дыямант, які нікому не належыць, ён твой. Калі ты знойдзеш востраў, які нікому не належыць, ён твой. Калі ў цябе першага ўзнікла ідэя, ты бярэш на яе патэнт: яна твая.
— I то праўда,— згадзіўся Маленькі прынц.— I што ты з імі робіш?
— Проста распараджаюся імі. Лічу і пералічваю,— адказаў дзялок.— Цяжкая работа. Але я чалавек сур’ёзны.
Маленькі прынц усё яшчэ не быў задаволены.
— Калі ў мяне ёсць шалік, я магу закруціць яго на шыю і ўзяць з сабой. Калі ў мяне ёсць кветка, я магу сарваць яе і ўзяць з сабой. А ты ж не можаш пазбіраць зоркі!
— He, але я магу пакласці іх у банк.
— Як гэта?
— А так: пішу на паперчыне, колькі ў мяне зорак. Потым кладу гэтую паперчыну ў іпафу і замыкаю яе на ключ.
— I ўсё?
— Гэтага дастаткова!
«Займальна,— падумаў Маленькі прынц.— I досыць паэтычна. Але не так ужо гэта і сур’ёзна».
Што сур’ёзна, а што не сур’ёзна — Маленькі прынц разумеў па-свойму, зусім не так, як дарослыя.
— У мяне ёсць кветка,— сказаў ён.— I я штодня паліваю яе. У мяне ёсць тры вулканы, і я штодня чышчу іх. Чышчу нават той, які даўно патух. Да прыгоды не тры годы! Гэта карысна маім вулканам, гэта карысна
маёй кветцы, каб я валодаў імі. А якая карысць ад цябе зоркам?..
Дзялок разявіў рот, але не знайшоў, што адказаць, і Маленькі прынц пайшоў далей.
«Дарослыя сапраўды проста звышнезвычайныя людзі»,— падумаў ён дарогаю.
XIV
Пятая планета была надзвычай цікавая. Яна аказалася найменшай з усіх. Там хапала месца толькі для вулічнага ліхтара і ліхтаршчыка. Маленькі прынц ніяк не мог дацяміць, навошта патрэбен быў у небе, на бязлюднай, пустой планеце, вулічны ліхтар і ліхтаршчык. Аднак ён падумаў:
«Можа, гэты чалавек не ў сваім розуме? I ўсё ж ён не такі дурны, як кароль, славалюб, дзялок і п’яніца. У яго рабоце ёсць хоць нейкі сэнс. Калі ён запальвае свой ліхтар — дык нібыта нараджаецца яшчэ адна зорка ці кветка. Калі гасіць яго — дык нібы зорка ці кветка засынаюць. Цудоўны занятак. Гэта сапраўды карысна, таму што прыгожа».
Прынц ступіў на планету і з павагай павітаўся з ліхтаршчыкам.
— Дзень добры. Навошта ты зараз патушыў свой ліхтар?
— Такі ўгавор,— адказаў ліхтаршчык.— Добры дзень.
— Які ўгавор?
— Патушыць ліхтар. Добры вечар.
I ён запаліў яго.
— Тады навошта ж ты зноў запаліў яго?
— Такі ўгавор,— адказаў ліхтаршчык.
— Нічога не разумею,— паціснуў плячыма Маленькі прынц.
— А тут і разумець няма чаго,— сказаў ліхтаріпчык,— угавор ёсць угавор. Добры дзень.
I патушыў ліхтар.
Потым выцер успацелы лоб чырвонай клятчастай насоўкай і сказаў:
— Цяжкае ў мяне рамяство. Колісь гэта было разумна. Уранку я тушыў свой ліхтар, а ўвечары запальваў. I рэштка дня заставалася ў мяне, каб адпачьіць, а рэштка ночы — каб выспацца...
— А што, з тае пары ўгавор змяніўся?
— Угавор якраз і не змяніўся,— уздыхнуў ліхтаршчык.— У гэтым уся бяда. Планета з году ў год абарочваецца ўсё хутчэй, а ўгавор застаецца нязменным!
— Ну і?..— цікавіўся Маленькі прынц.
— Ну і цяпер, калі яна робіць адзін абарот за хвіліну, у мяне не стала ні секунды пярэдыху. Штохвіліны то запальвай, то гасі!
— От смешна! Дні доўжацца ўсяго хвіліну!
— I зусім не смешна,— запярэчыў ліхтаршчык.— Мы ўжо цэлы месяц размаўляем з табой.
— Месяц?!
— Канечне. Трыццаць хвілін. Трыццаць дзён! Добры вечар!
I ён зноў запаліў ліхтар.
Маленькі прынц з любоўю глядзеў на ліхтаршчыка, які быў так шчыра верны ўгавору. На памяць прыйшло, як ён калісьці перастаўляў з месца на месца крэсла, каб лішні раз паглядзець на захад сонца... I яму захацелася памагчы сябру.
— Паслухай... я ведаю, як ты можаш адпачыць, калі захочаш...
— Я ўжо даўно хачу,— сказаў ліхтаршчык.
Можна ж быць і верным слову і адначасова ляніўцам.
Маленькі прынц гаварыў далей:
— Твая планета настолькі маленькая, што ты трыма крокамі абыдзеш яе ўсю. I табе проста трэба ісці з такой хуткасцю, каб увесь час быць на сонцы. Захочацца адпачыць — дык ты ідзі, ідзі... I дзень будзе працягвацца столькі, колькі захочаш,
— Ну, ад гэтага мне толку мала,— сказаў ліхтаршчык.— Больш за ўсё на свеце я люблю спаць.
— Тады дрэнна,— цяжка ўздыхнуў Маленькі прынц.
— Дрэнна,— згадзіўся ліхтаршчык.— Добры дзень.
I патушыў ліхтар.
«Гэтым чалавекам,— ужо зноў у дарозе падумаў Маленькі прынц,— гэтым чалавекам пагарджалі б усе астатнія: і кароль, і славалюб, і п’яніца, і дзялок. А памойму, ён адзіны з іх усіх, хто не смешны. Мабыць таму, што думае не толькі пра сябе».
Ен з жалем уздыхнуў і падумаў яшчэ:
«Бадай, адзіны чалавек, з кім я мог бы пасябраваць.
Але яго планета сапраўды надта маленькая. На двух не хопіць месца».
Маленькі прынц нават сабе не асмеліўся прызнацца, што яму шкада было пакідаць гэтую блаславёную планету болып за ўсё з-за тысячы чатырохсот сарака захадаў сонца!
XV
Шостая планета была ў дзесяць разоў большая за папярэднюю. На ёй жыў дзядуля, які пісаў таўшчэзныя кнігі.
— Эге! А вось і падарожнік! — узрадаваўся ён, калі заўважыў Маленькага прынца.
Маленькі прынц сеў на стол, каб аддыхацца. Ён ужо так здарожыўся!
— Адкуль ты? — спытаў яго дзядуля.
— Што гэта за кніга, такая тоўстая? — пацікавіўся Маленькі прынц.— Што вы тут робіце?
— Я географ,— адказаў стары.
— А што такое — географ?
— Гэта вучоны, які ведае, дзе знаходзяцца моры, рэкі, гарады, горы і пустыні.
— От цікава! — адразу ажывіўся Маленькі прынц.— Вось нарэшце сапраўдны занятак!
I ён акінуў вачыма планету географа. Ніколі яшчэ ён не бачыў такой велічнай планеты.
— У вас вельмі прыгожая планета. Тут ёсць акіяны?
— He магу гэтага ведаць,— адказаў географ.
— Ну-у...— Маленькі прьінц быў расчараваны.— А горы?
— He магу гэтага ведаць,— адказаў географ.
— Але ж вы географ!
— Правільна,— адказаў географ,— але не падарожнік. Мне так не хапае падарожнікаў. Геаграфія не займаецца падлікам гарадоў, рэк, гор, мораў, акіянаў і пустынь. Географ — надта важная асоба, географу няма часу на пагулянкі. Ен не выходзіць са свайго кабінета і толькі прымае падарожнікаў. Падарожнікі расказваюць пра свае вандраванні, а географ запісвае пачутыя навіны. Калі якое-небудзь паведамленне выклікае інтарэс, географ наводзіць даведкі, ці прыстойны чалавек гэты падарожнік.
— Гэта навошта ж?
— Ды калі ж падарожнік пачне хлусіць, то ў падручніках геаграфіі не разбяры-бяры што будзе! Або калі ён ласы да чаркі — таксама бяда.
— А чаму? — не зразумеў Маленькі прынц.
— Таму што ў п’яніц дваіцца ў вачах. I дзе на самой справе адна гара, там географ адзначыць дзве.
— Я знаёмы з адным чалавекам,— задуменна сказаў Маленькі прынц,— з яго атрымаўся б кепскі падарожнік.
— Усё магчыма. Ну, а калі прыстойнасць падарожніка не выклікае падазрэнняў, тады правяраюць яго адкрыццё.
— Ідуць глядзець?
— Ну не. Гэта надта складана. Проста ад падарожніка патрабуюцца доказы. Калі, да прыкладу, справа ходзіць пра адкрыццё якой-небудзь вялікай гары, яму неабходна прынесці вялікія камяні. Але ж ты,— нечакана ўсхваляваўся географ,— ты ж прыйшоў сюды здалёк! Ты ж падарожнік! Хутчэй апішы мне сваю планету!
Географ разгарнуў кнігу запісаў, завастрыў аловак. Расказы падарожнікаў запісваюцца спачатку алоўкам. А потым ўжо, калі падарожнік доказамі пацвердзіць сваё адкрыццё, тыя расказы перапісваюць чарнілам.
— Ну? — падахвоціў географ.
— Ды на маёй радзіме няма нічога асабліва цікавага,— сказаў Маленькі прынц.— Яна зусім маленькая. Есць у мяне тры вулканы. Два вулканы дзейнічаюць, а адзін патух. Але ж да прыгоды не тры годы.
— Праўда, ці мала што можа стацца,— згадзіўся географ.
— А яшчэ ёсць у мяне кветка.
— Мы не запісваем кветак,— папярэдзіў географ.
— Гэта чаму ж?! Гэта ж самае прыгожае!
— Таму што кветкі эфемерныя.
— Як гэта — эфемерныя?
— Кнігі па геаграфіі,— важна растлумачыў географ,— самыя каштоўныя кнігі на свеце. Яны ніколі не выходзяць з моды. Амаль не здараецца, каб гара пераходзіла з месца на месца. Амаль не здараецца, каб акіян высыхаў. Мы пішам пра вечнае.
— Але патухлыя вулканы могуць абудзіцца,— перапыніў Маленькі прынц.— Што такое — «эфемерны?»
— Патух вулкан ці дзейнічае — гэта для нас, гео-
графаў, не мае аніякага значэння,— сказаў географ.— Для нас важна адно: сама гара. Яна заўсёды нязменная.
— Але што такое — «эфемерны»? — паўтарыў Маленькі прынц, які ніколі не супакойваўся, пакуль не атрымліваў адказу на сваё пытанне.
— Гэта «тое, што можа знікнуць у бліжэйшы час».
— Мая кветка можа знікнуць у бліжэйшы час? — Безумоўна.
«Мая кветка эфемерная,— падумаў Маленькі прынц,— і ў яе ўсяго чатыры калючкі, каб абараніць сябе ў гэтым свеце! А я пакінуў яе зусім адну на планеце!»
Упершыню ён пашкадаваў, што пакінуў сваю красуню. Але ён усё-такі ўзяў сябе ў рукі і спытаў:
— Што б вы параілі мне наведаць?
— Планету Зямля,— адказаў яму географ.— Пра яе ходзіць добрая слава...
I Маленькі прьінц рушыў у дарогу, але думкі яго былі пра самотную кветку...
XVI
Такім чынам, сёмай планетай была Зямля.
Зямля не простая планета! Тут налічваецца сто адзінаццаць каралёў (і негрыцянскіх, вядома), сем тысяч географаў, дзевяцьсот тысяч дзялкоў, сем з палавінай мільёнаў п’яніц, трыста адзінаццаць мільёнаў славалюбаў,— усяго каля двух мільярдаў дарослых.