Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц  Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж

Паляўнічы | Стары чалавек і мора | Планета людзей | Маленькі прынц

Антуан дэ Сент-Экзюперы, Эрнэст Хемінгуэй, Джэймс Олдрыдж
Выдавец: Юнацтва
Памер: 429с.
Мінск 1996
148.39 МБ
Але ў роўнай ступені будзеце мець рацыю і вы ў сваёй нянавісці да вайны.
Каб зразумець чалавека і яго патрэбы, каб спасцігнуць у ім самае галоўнае, не трэба супрацьпастаўляць адна адной вашы відавочныя ісціны. Так, вы маеце рацыю. Усе вы маеце рацыю. Лагічна можна даказаць усё на свеце. Mae рацыю нават той, хто ва ўсіх няшчасцях чалавецтва гатовы абвінаваціць гарбуноў. Дастаткова абвясціць вайну гарбунам — і мы адразу
ўспалыхнём нянавісцю да іх. Мы пачнём жорстка помсціць гарбунам за ўсе іх злачынствы. Бо сярод гарбуноў таксама ж ёсць злачынцы.
Каб зразумець, у чым жа сутнасць чалавека, неабходна хоць на момант забыць пра тое, што раздзяляе, бо ўсякая іх тэорыя і ўсякая вера спавадоўваюць цэлы звод непарушных ісцін, а яны спараджаюць фанатызм. Можна размежаваць людзей на правых і левых, на гарбатых і негарбатых, на фашыстаў і дэмакратаў, і любы гэты падзел не абвергнеш. Але ж агульнавядома, што ісціна — гэта тое, што спрашчае свет, а не тое, што стварае вэрхал. Ісціна — гэта мова, якая выяўляе ўсеагульнае. Ньютан «адкрыў» доўга неспасцігальны закон зусім не так, як рашаюць рэбус. Тое, што здзейсніў Ньютан, было творчасцю. Ен стварыў мову, якая можа сказаць і пра падзенне яблыка ў разору, і пра ўсход сонца. Ісціна зусім не тое, што можна даказаць, ісціна — гэта прастата.
Навошта аспрэчваць ідэалогіі? Калі ўсе іх можна даказаць, то ўсе можна і абвергнуць, і ад гэтых спрэчак толькі траціш усялякую надзею на збавенне людзей. А людзі ж вакол і ўсюды імкнуцца да аднаго і таго ж самага.
Мы хочам быць вольныя. Той, хто працуе кіркай, хоча, каб у кожным удары кіркай быў сэнс. Калі кіркай працуе катаржнік, кожны яе ўдар толькі прыніжае катаржніка, але калі кірка ў руках разведвальніка, кожны яе ўдар узвышае разведвальніка. Катарга не там, дзе працуюць кіркай. Яна жахлівая не тым, што гэта цяжкая праца. Катарга там, дзе ўдары кіркай не маюць ніякага сэнсу, дзе праца не злучае чалавека з людзьмі.
А мы хочам уцячы з катаргі.
У Еўропе маецца дзвесце мільёнаў чалавек, якія не бачаць у жыцці ніякага сэнсу, якія жадалі б лепей не нараджацца. Прамысловасць адарвала іх ад таго жыцця, якое пакаленне за пакаленнем вядзе сялянскі род, і замкнула ў агромністых гета, якія нагадваюць сартавальныя станцыя, забітыя шкілетамі чорных вагонаў. Людзі, пахаваныя ў рабочых пасёлках, былі б радыя абудзіцца да новага жыцця.
Есць і такія, каго зацягнула ў сістэму шасцерань вузкай спецыялізацыі працы, каму забаронены радасці
першаадкрывальніка, веруючага, вучонага. Сяму-таму пачало здавацца, што, каб узвысіць гэтых людзей, дастаткова апрануць іх, накарміць, задаволіць усе іх матэрыяльныя патрэбы. I спакваля вырасцілі з іх мізэрных мяшчан у духу раманаў Курталіна, местачковых палітыкаў, вузкалобых спецыялістаў без якіх-небудзь духоўных запытанняў. Веды ім даліся неблагія, а вось культуры аніякай. Нікчэмны погляд на культуру ў таго, хто мяркуе, быццам яна зводзіцца да завучвання формул. Самы бяздарны студэнт палітэхнікума ведае пра прыроду і яе законы куды болей, чым некалі ведалі Дэкарт і Паскаль. Але ці здольны гэты шкаляр на такую разумовую працу, як яны?
Усе людзі, адны мацней, другія слабей, адчуваюць цьмяную патрэбу ў адраджэнні. Але бывае і так, што прымаюцца памылковыя рашэнні. Вядома, можна ажывіць людзей, апрануўшы іх у якія-небудзь мундзіры. Яны будуць дружна спяваць ваенныя гімны і дзяліцца кавалкам хлеба з таварышам. Яны знойдуць тое, чаго шукалі — пачуццё лучнасці. Але гэты хлеб прынясе ім смерць..
Можна пазвяргаць драўляных ідалаў і ўваскрасіць старажытныя міфы, на аснове даволі грунтоўных доказаў можна ажывіць містыку пангерманізму альбо Рымскай імперыі. Можна ўскружыць галовы немцам выключнасцю нямецкай нацыі і дачыненнем да генія Бетховена. Можна апаіць гэтым усіх — да апошняга качагара. Гэта, вядома, лягчэй, чым у качагары выявіць Бетховена.
Але падобнае кумірства — хцівае кумірства. Той, хто ахвяруе сваім жыццём дзеля навуковага адкрыцця альбо дзеля збавення людзей ад хвароб, нават уласнай смерцю служыць справе жыцця. Магчыма, гэта і прыгожа — памерці за пашырэнне нечых уладанняў, але сучасная вайна знішчае ўсё тое, дзеля чаго яна нібыта вядзецца. Цяпер справа ўжо не ў тым, каб невялікай крывёю адрадзіць цэлы народ. 3 той пары як вайна вядзецца з дапамогай самалётаў і іпрыту, яна стала проста бойняй. Ворагі заточваюцца пад прытулак муроў, і кожны, хто як можа, ноч у ноч шле эскадрыллі, якія вымотваюць праціўніку вантробы, узносяць у паветра яго жыццядайныя цэнтры, паралізуюць прамысловасць і шляхі зносін. Перамога за тым, хто сканае апошні. I абодва праціўнікі канаюць
разам.
Свет стаў пустыняй, і ўсе мы прагнем знайсці ў ёй таварьішаў: дзеля таго каб спазнаць смак раздзеленага з таварышамі хлеба, мы і прымаем вайну. Але каб адчуць гэтае цяпло, каб поплеч рушыць да адной і той жа мэты, ні да чаго ваяваць. Вайна ашуквае нас. Нянавісць не можа ўзвялічыць радасць агульнага натхнёнага руху.
Навошта нам ненавідзець адзін аднаго? Мы ж адна сям’я, нас кружыць адна і тая ж планета, мы экіпаж аднаго карабля. Добра, калі цывілізацыі ўступаюць у спрэчкі дзеля росквіту больш дасканалых чалавечых арганізацый, але жахліва, калі яны пажыраюць адна адну.
А каб вызваліць нас, дастаткова ж толькі памагчы нам усвядоміць усеагульную мэту і пачаць шукаць тыя повязі, якія з’яднаюць усіх. Доктар пры аглядзе хворага не слухае стогнаў: доктару важна вылечьіць чалавека. Доктар служыць законам усеагульнага. Ім служыць і фізік у роздуме над сваімі неверагоднымі ўраўненнямі, з дапамогай якіх ён спасцігае і атам, і касмічную туманнасць. Ім служыць і звычайны пастух. Бо хай толькі той, хто сціпла пасе пад зорным небам з паўтузіна авечак, асэнсуе сваю працу,— і вось ён ужо не проста слуга. Ен — вартавы. А кожны вартавы ў адказе за ўсю дзяржаву.
Ці вы думаеце, што пастух не імкнецца асэнсаваць сябе і сваё месца ў жыцці? Калі я быў на мадрыдскім фронце, я наведаў там адну школу, размешчаную на ўзгорку за пяцьсот метраў ад акопаў, абнесеную невысокай каменнай сцяною. У гэтай школе адзін капрал выкладаў батаніку. У грубых руках капрала была кветка маку, ён асцярожна разнімаў пялёсткі і тычынкі, і з усіх бакоў з акопнага бруду пад грукат снарадаў да яго сцякаліся зарослыя бародамі паломнікі. Яны абступалі капрала, сядалі проста на зямлю і, падпёршы кулакамі падбародкі, уважліва слухалі. Яны супілі бровы, сціскалі зубы, яны не надта разумелі тлумачэнне настаўніка, але ім сказалі: «Вы — цёмныя, вы звяры, вы толькі выпаўзаеце са сваіх бярлогаў, трэба даганяць чалавецтва!» I цяжкай хадою яны спяшаліся наўздагон.
Толькі калі мы асэнсуем сваю ролю на зямлі, хай нават самую сціплую і непрыкметную, толькі тады мы будзем шчаслівыя. Толькі тады мы зможам жыць і паміраць спакойна, бо тое, што надае сэнс жыццю, надае сэнс і смерці.
Смерць такая лагодная, калі яна — натуральны зыход, калі стары правансальскі селянін у канцы свайго панавання аддае сынам у спадчыну сваіх коз і свае алівы, каб сыны ў свой час перадалі іх сынам сваіх сыноў. У сялянскім родзе чалавек памірае толькі напалавіну. Настае час, і жыццё разлушчваецца, як спелы струк гароху, і аддаюцца зёрны.
Аднойчы мне давялося стаяць з трыма сялянамі ля смяротнай пасцелі іхняй маці. Гэта было горка, што казаць. Другі раз ірвалася пупавіна. Другі раз развязваўся вузел: той, што нітуе адно пакаленне з другім. Трое сыноў апынуліся ў вялікай самоце, яны раптам спасціглі, што цяпер навек пазбаўлены сямейнага стала, за якім на свята збіралася ўся сям’я, таго магніту, які ўсіх іх прыцягваў. Але мне бачылася, што тут не толькі рвуцца повязі, але і паўторна даецца жыццё. Бо кожны з сыноў у сваю чаргу стане галавою роду, патрыярхам, вакол якога будзе збірацца сям’я, a калі настане час, і ён у сваю чаргу перадасць руль кіравання дзятве, якая гуляе зараз на падворку.
Я глядзеў на маці, на старую сялянку са спакойным і суровым тварам, на яе туга сціснутыя вусны — не твар, а маска, высечаная з каменю. I ў ім я пазнаваў рысьі сыноў. Іхнія твары — злепак з гэтай маскі. Гэтае цела фармавала іхнія целы — выдатна вылепленыя, моцныя, мужньія. I вось яно ляжыць, пазбаўленае жыцця, але гэта змярцвеласць абалонкі, з якой дасталі спелы плод. I ў сваю чаргу яе сыны і дочкі з плоці сваёй злепяць новых людзей, сваіх нашчадкаў. У сялянскім родзе не паміраюць. Маці памерла — няхай жыве маці!
Так гэта балюча, але так проста і натуральна — мерны поступ роду: пакідаючы на шляху адну за адной тленныя абалонкі пасівелых працаўнікоў, пастаянна абнаўляючыся, рухаецца ён да няведамай ісціны.
Вось чаму ў той вечар у голасе пахавальнага звону, што плыў над вёсачкай, мне чулася не роспач, a
затоеная пакорлівая радасць. Звон, які адной і той жа мовай ганараваў і хаўтуры і народзіны, зноў абвяшчаў пра змену пакаленняў. I глыбокае супакаенне зыходзіла ад гэтага гімна ў гонар заручын сціплай старой працаўніцы з зямлёй.
Гэткім чынам,— паволі, як расце дрэва,— з пакалення ў пакаленне перадаецца не толькі жыццё, а і свядомасць. Якое дзівоснае ўзыходжанне! 3 расплаўленай лавьі, з зорнага цеста, з жыватворнай, цудам аплодненай клетачкі выйшлі мы — людзі — і паступова ўзнімаліся ўсё вышэй, ступень за ступенню, і вось мы пішам кантаты і вымерваем сузор’і.
Маці перадала не проста жыццё: яна навучыла сваіх сыноў роднай мове, яна даверыла ім так марудна — стагоддзямі — збіраны скарб, духоўную вотчыну, якую сама атрымала ў спадчыну — сціплы запас традыцый, паняццяў і казак, усё, што розніць Ньютана і Шэкспіра ад пячорнага чалавека.
Той голад, што пад абстрэлам гнаў іспанскіх салдат на ўрокі батанікі, што гнаў Мермоза да Паўднёвай Атлантыкі, а яшчэ некага — да вершаў, азначае, што працэс нашага развіцця далёка не завершаны і што нам яшчэ неабходна зразумець саміх сябе і сусвет. Нам неабходна перакінуць сходкі праз ноч. He разумеюць гэтага толькі тыя, чыя мудрасць — абыякавасць, хто жыве толькі для самога сябе; але такая мудрасць — нікчэмны падман! Таварышы, таварышы мае, будзьце сведкамі: калі мы адчулі сябе шчаслівымі?
I вось на апошніх старонках гэтай кнігі мне зноў прыгадваюцца ссівелыя чыноўнікі — нашы суправаджальнікі на золку таго дня, калі нам нарэшце ўпершыню даверылі паштовы самалёт і мы рыхтаваліся стаць людзьмі. Яны таксама былі падобныя на нас, толькі яны не ведалі, што яны галодныя.