• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзевяноста трэці  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста трэці

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 536с.
    2018
    89.7 МБ
    гэтага вопыту. Пры КПСС яны выконвалі ўказаньні з Масквы. I самае вялікае, чым яны займаліся — гэта пабудовай прасёлачных дарог».
    Дэпутат Віктар Алампіеў распавёў пра карупцыю ў паліўна-энэргетычнай сфэры: у часе, калі паліва не хапала для беларускіх спажыўцоў і не было чым запраўляць камбайны ў часе сяўбы — створаныя чыноўнікамі камэрцыйныя фірмы атрымлівалі ліцэнзіі і прадавалі набытае за бюджэтныя грошы паліва ў замежжы, прыбытак клалі сабе ў кішэню.
    Алампіеў: «Я паспрабую прывесьці некаторыя лічбы, якія пакажуць, куды дзяецца частка нафтапрадуктаў. Mary сказаць, што наша рэспубліка засталася верная выкананьню “інтэрнацыянальнага доўгу”. Мы пастаўляем нафтапрадукты і ў краіны СНД, і дапамагаем такім “слабаразьвітым” краінам, як Нямеччына, ЗША, Нідэрлянды. Мы туды пастаўляем і мазут, і дызпаліва, і бэнзін і што заўгодна. У сельскай гаспадарцы вялізныя праблемы. Вось няма дызпаліва. А мы за сем месяцаў у краіны СНД і замежжа паставілі, па адных лічбах, 176 тысяч тон, па другіх — 250 тысяч тонаў. А па дадатковай інфармацыі намесьніка старшыні Савету міністраў Косьцікава — яшчэ 5,4 тысячы тонаў. Аднаму Усявышняму вядома з гэтай арытмэтыкі, куды і колькі пастаўлена. Мазут: адны дадзеныя сьцьвярджаюць, што мы 145 тысяч тон паставілі розным спажыўцам за межы рэспублікі, a іншыя кажуць, што 215 тысяч тон. Можна назваць рэактыўнае паліва, авіяцыйны керасін. Бэнзіну паставілі 22 тысячы тонаў. I што самае цікавае, я выявіў, што нашыя арганізацыі, такія як “Белаграсэрвіс”, пастаўляюць рэактыўнае паліва нават на
    Бэрмудзкія выспы. Можа, там нейкую фэрмэрскую гаспадарку арганізавалі?»
    Нашыя заявы ў часе жывога тэлеэтэру прыйшліся недаспадобы кіраўніцтву ўраду, і празь некалькі дзён іх паспрабавалі абвергуць у той самай студыі кіраўнікі найбуйнейшых прамысловых аб’яднаньняў Менску; разам зь імі ў студыі быў і Дзьмітры Булахаў.
    Ляйтматыў выступаў прыхільнікаў Кебіча (у тым ліку і Булахава) быў просты: усё пад кантролем.
    Шушкевіч сварыцца з Кебічам
    Шушкевіч рабіў усё больш рэзкія заявы на адрас Кебіча: 16 верасьня, на другі дзень пасьля пасяджэньня Прэзыдыюму і жывога этэру дэпутатаў апазыцыі, на прэсавай канфэрэнцыі, камэнтуючы ацэнку прэм’ерам Віскулёўскіх пагадненьняў як памылковых, ён сказаў, што «калі Вячаслаў Францавіч лічыць гэта сваёй памылкай, ну відавочна трэба было б саступіць месца тым, хто гэта памылкай ня лічыць і можа працаваць на падставе ратыфікаваных Вярхоўным Саветам матэрыялаў».
    У тыя дні са мной сустрэўся Іван Сьцяпура, дарадца Шушкевіча. Ён сказаў, што Шушкевіч надзвычай абураны паводзінамі Кебіча, што канфлікт паміж імі дасягнуў найвышэйшага напалу, што атачэньне прэм’ера паводзіць сябе ўсё больш нахабна, што інцыдэнт на Прэзыдыюме быў апошняй кропляй, якая перапоўніла чару.
    «Шушкевіч сасьпеў» (менавіта так і было сказана) да самых рашучых дзеяньняў, гэта значыць — да адстаўкі Кебіча. Але Шушкевіч ня хоча
    сам рабіць першы крок у ініцыяваньні нечарговай сэсіі, на якой можна зьняць Кебіча, а «умераныя», «цэнтрысцкія» прыхільнікі сьпікера ў дэпутацкім корпусе — неарганізаваныя, дый могуць пабаяцца выступіць адкрыта. Было б вельмі добра, каб Апазыцыя БНФ адкрыта падтрымала Шушкевіча.
    Ад блізкіх да Шушкевіча людзей у апараце Вярхоўнага Савету (таго самага дарадцы Івана Сьцяпуры або кіраўніка аддзелу прэсы Васіля Вараб’ёва) я ўжо не ўпершыню чуў пра тое, што Шушкевіч «сасьпеў», што трэба яго падштурхнуць, падтрымаць, «падставіць плячо».
    Апошнім разам такое было ў красавіку, калі дарадцы Шушкевіча, які «сасьпеў да рашучых дзеяньняў», прасілі падтрымаць ідэю пра рэфэрэндум аб уваходжаньні ў сыстэму калектыўнай бясьпекі і я зьбіраў подпісы народных дэпутатаў. Як вядома, гісторыя з рэфэрэндумам скончылася нічым.
    Але сказана, што надзея памірае апошняй, і я перадаў просьбу Пазьняку.
    Уласна, гэта цалкам супадала з нашымі плянамі — мы заяўлялі пра неабходнасьць скліканьня нечарговай сэсіі, але тут была нагода зьвярнуцца непасрэдна да старшыні Вярхоўнага Савету.
    Такую заяву (альбо, як яго яшчэ называлі, «адкрыты ліст»), мы напісалі.
    «Паважаны Старшыня, — пісалі мы, — дзеяньні праімпэрскіх і пракамуністычных сілаў на Беларусі ставяць пад пагрозу існаваньне нашай незалежнасьці і дзяржавы. У органах улады адкрыта гаворыцца аб рэанімацыі СССР і імпэрскай адміністрацыйнай сыстэмы. Адкрыта зьневажаецца наша дзяржава, наша гісторыя і мова, нашы нацыянальныя дзяржаўныя сымбалі.
    ... Усе антыбеларускія ініцыятывы падтрымліваюцца і ініцыююцца Саветам міністраў Беларусі. Тым самым груба, бессаромна парушаюцца абавязкі перад народам і законы дзяржавы. Змоўніцкая антыбеларуская пазыцыя Саўміну выкліканая, перш за ўсё, поўным правалам палітыкі ўраду ў эканоміцы, што паставіла ў вельмі цяжкае становішча наша грамадзтва. Каб пазьбегнуць адказнасьці, людзі, надзеленыя ўладай, што загразьлі ў мафіёзных дачыненьнях, гатовыя чарговым ашуканскім чынам здаць абрабаваную ім дзяржаву і прадаць беларускую незалежнасьць расейскай дзяржаве і расейскай мафіі.
    У сувязі з вышэйсказаным прапануем тэрмінова склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету па пытаньні адстаўкі недзеяздольнага кіраваньня Савету міністраў і аб фармаваньні кааліцыйнага ўраду Беларусі».
    Заяву падпісалі Зянон Пазьняк, Сяргей Антончык, Уладзімер Заблоцкі, Сяргей Навумчык, Віктар Алампіеў, Павал Холад, Алесь Шут, Іван Герасюк, Юры Беленькі, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Віктар Какоўка, Лявон Дзейка, Лявонці Зданевіч, Галіна Сямдзянава, Ігар Пырх, Мікола Маркевіч, Мікалай Аксаміт, Мікалай Крыжаноўскі, Віктар Малашка, Яўген Цумараў.
    Шушкевіч мірыцца з Кебічам
    Спадзяваньні на рашучасьць Шушкевіча чарговы раз пацярпелі паразу: ён праігнараваў наш зварот і не скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам склікаць сэсію.
    Больш за тое — на наступным пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 29 верасьня Шушкевіч ужо сядзеў побач з Кебічам, яны ўсяляк дэманстравалі ўзаемную прыязнасьць, і Шушкевіч спыняў усялякія нашыя спробы ўзьняць пытаньне аб адказнасьці ўраду і асабіста прэм'ера за цяжкую сытуацыю ў паліўна-энэргетычным комплексе.
    «Шушкевіч раптам спыніў усялякія выпады на адрас сваіх учорашніх апанэнтаў. На пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 29 верасьня старшыня парлямэнту і кіраўнік ураду сядзелі за сталом побач і ніводным словам не закраналі адзін аднаго. Больш за тое, Шушкевіч рашуча спыняў спробы дэпутатаў апазыцыі схіліць абмеркаваньне да тэмы адказнасьці ўраду за правал у забесьпячэньні рэспублікі энэрганосьбітамі. 3 колаў, блізкіх да прэм’ерміністра, стала вядома, што напярэдадні Шушкевіч правёў шырокія кансультацыі з прадстаўнікамі парлямэнцкай болыпасьці, а таксама меў гутарку і зь Вячаславам Кебічам. Па-за сумневам, Шушкевіч чарговы раз, зусім нечакана для сваіх прыхільнікаў, даў “задні ход” і не асьмеліўся на апошні рашучы крок, да якога яго пастаянна штурхала апазыцыя і які мог карэнным чынам паўплываць на ягоны палітычны лёс. Гэты крок — патрабаваньне адстаўкі ўраду і яго прэм’ер-міністра», — пісаў я ў пачатку кастрычніка ў выпуску штотыднёвага актуальнага аналізу інфармагенцтва «Павет».
    Неўзабаве мы яшчэ раз запатрабуем ад Шушкевіча скліканьня нечарговай сэсіі — гэта ўжо будзе наўпрост зьвязана з драматычнымі падзеямі ў Маскве і актывізацыяй антынезалежніцкіх сілаў у Беларусі.
    Галіна Сямдзянава (Наваградзкая гарадзкая выбарчая акруга № 262, Горадзенская вобласы^ь): Я зрабіла запыт да старшыні КДБ і старшыні Савету міністраў. Спадар Шыркоўскі своечасова даў адказ. Якое ж было маё абурэньне і зьдзіўленьне, каліз парушэньнем тэрмінаў я атрымала ад Саўміну за подпісам начальніка ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны спадара Данілава той самы адказ, які яшчэ 10 дзён таму мела за подпісам старшыні КДБ. У сувязі з гэтым пытаньне. Ці варта трымаць у Савеце міністраў вялікі штат чыноўнікаў з саліднымі акладамі, якія займаюцца не канкрэтнай справай, а перасылаюць паперкі з адной арганізацыі ў другую і займаюцца каардынацыяй грамадзка-палітычных рухаў камуністычнага накірунку за дзяржаўны кошт?
    БНФ ПАДТРЫМЛІВАЕ РАШУЧАСЬЦЬ ЕЛЬЦЫНА
    Увесь 1992 год мы гаварылі пра рэфэрэндум і датэрміновыя выбары. У 1993-м і рэфэрэндум, і выбары адбыліся — але не ў Беларусі, а ў Расеі.
    У красавіку ў Расеі адбыўся рэфэрэндум пра давер да прэзыдэнта і пра неабходнасьць датэрміновых выбараў. 58,75 % удзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся за давер, 53 % ухвалілі сацыяльна-эканамічную палітыку Ельцына і ягонага ўраду, 49,5 % палічылі патрэбным датэрміновыя выбары прэзыдэнта і 67,2 % былі за тое, каб правесьці датэрміновыя выбары народных дэпутатаў Расеі.
    I хоць вынікі рэфэрэндуму ў частцы датэрміновых выбараў ня мелі абавязковага характару, прэзыдэнт Барыс Ельцын успрыняў іх як падтрымку народа ў супрацьстаяньні з камуністычным парлямэнтам.
    21 верасьня Ельцын заявіў, што распускае Вярхоўны Савет і прызначае новыя выбары. Паводле Канстытуцыі Расеі, Ельцын ня меў права на такі крок — але, як ён заявіў, перад гэтым вычарпаў усе магчымасьці канстытуцыйнага разьвязаньня канфлікту паміж прадстаўнічай і выканаўчай уладай. Заходнія лідэры, у асноўным, падтрымалі Ельцына.
    Дзеяньні Ельцына і цяпер ацэньваюцца па-рознаму, найперш адносна іх канстытуцыйнасьці. Паводле майго перакананьня (гэтак сама я лічыў і ў 1993 годзе), трэба найперш браць пад увагу сутнасьць тагачаснай расейскай Канстытуцыі, якая была прынятая яшчэ ў савецкія, камуністычныя часы, і менавіта таму была вельмі прыдатная для
    антыдэмакратычных, шавіністычных сілаў. Закладзеныя ў расейскім Асноўным законе нормы яны выкарыстоўвалі напоўніцу, каб спыніць дэмакратычныя і эканамічныя рэформы (якія Ельцын усё ж праводзіў, хоць і непасьлядоўна) і вярнуць грамадзтва ў таталітарызм. Гэта былі тыя самыя сілы, зь якімі салідарызаваліся камуністы і шавіністы ў Беларусі, гэта да іх у Маскву езьдзілі Лукашэнка, Казлоў і Булахаў. Аддаць Расею ў іх рукі было б непараўнальна горш, чым парушыць нормы Асноўнага закону.
    Быў і яшчэ адзін важны аспэкт: Ельцын, распускаючы Вярхоўны Савет, абвяшчаў рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі і, адначасна, выбары новага парлямэнту. Такім чынам, ён даваў народу права вызначыць дзяржаўны лад, а менавіта народ у дэмакратычных краінах і ёсьць крыніцай улады.