• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзевяноста трэці  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста трэці

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 536с.
    2018
    89.7 МБ
    Гэтае рашэньне Ельцына (як і празь некалькі дзён штурм будынку Вярхоўнага Савету), на мой погляд, было адзіным шанцам спыніць «чырвонакарычневых», якія, захапіўшы ўладу ў Маскве, безумоўна, не спыніліся б на Расеі — і першай была б зьнішчаная Беларусь як сувэрэнная дзяржава, балазе ў кіраўніцтве Саўміну хапала прыхільнікаў Хасбулатава і Макашова і праціўнікаў беларускай незалежнасьці.
    Зь цягам часу, аналізуючы падзеі восені 1993-га, я пераканаўся, што Ельцына можна папракнуць толькі ў адным — ня ў тым, што ён зрабіў, а ў тым, чаго не зрабіў.
    У першыя тыдні пасьля правалу ГКЧП у жніўні 1991-га, калі абрынулася КПСС, калі аўтарытэт Ельцына быў у народзе як ніколі высокі (у адрозьненьне ад рэнамэ прэзыдэнта фармальна існуючага
    СССР Гарбачова), калі чыноўнікі і ў Маскве, і ў рэгіёнах баяліся за свой лёс і гатовыя былі выканаць які заўгодна загад пераможцы (а менавіта Ельцын справядліва лічыўся пераможцам) — вось у гэтыя тыдні кіраўнік Расеі мусіў зрабіць самыя рашучыя крокі, каб канчаткова зьнішчыць рэшткі камуністычнай сыстэмы.
    Гэта было б лягічна і гістарычна справядліва — як справядлівай і неабходнай была ліквідацыя рэштак нацысцкага дзяржаўнага ладу і нацысцкай ідэалёгіі ў Нямеччыне. Тады, у 1945-м, нікому зь пераможцаў не прыходзіла ў галаву спыніцца перад пытаньнем — а ці адпавядаюць іх дзеяньні законам Трэцяга Райху? А ці не закрануць яны пачуцьці сотняў тысяч «простых» членаў нацысцкай партыі, якія непасрэдна ня мелі дачыненьняў да злачынстваў гітлераўскага рэжыму?
    Прызнаньне ўказам злачыннага характару камуністычнай партыі і яе забарона, забарона камуністычных і пракамуністычных выданьняў, вынас Леніна з Маўзалея, ліквідацыя КДБ і поўнае, у максымальна кароткі тэрмін, адкрыцьцё яго архіваў, прызначэньне новых выбараў у парлямэнт (які, калі б абіраўся ў верасьні-кастрычніку 1991-га, адназначна быў бы дэмакратычным) — вось толькі некаторыя дзеяньні, якія мусіў бы зрабіць Ельцын у канцы жніўня — пачатку верасьня.
    Такія крокі станоўча паўплывалі б і на сытуацыю ў іншых былых рэспубліках, у Беларусі (Апазыцыя БЕІФ, натуральна, ня мела такіх магчымасьцяў, якія меў Ельцын. Ня меў іх і новаабраны старшыня Вярхоўнага Савету Шушкевіч).
    Замест гэтага ў апошнія дні жніўня Ельцын вуснамі свайго прэсавага сакратара пагразіў былым
    савецкім рэспублікам, якія асьмеліліся абвясьціць незалежнасьць, а потым на некалькі тыдняў паляцеў у рэзыдэнцыю пад Сочы. Чым ён займаўся ў той рэзыдэнцыі — невядома; памятаю, адны казалі, што абдумвае палітычныя пляны, другія — што па-руску адзначае перамогу. Зусім магчыма, што рацыю мелі і адны, і другія.
    Так ці інакш, але час быў страчаны. Тры месяцы пайшлі на змаганьне з Гарбачовым за ўладу і супольна з Гарбачовым — у імкненьні захаваць тое, што называлася Савецкім Саюзам. Пасьля падпісаньня пагадненьняў аб ліквідацыі СССР у Віскулях пачаліся гайдараўскія эканамічныя рэформы. На першым іх этапе ўзровень жыцьця людзей вельмі моцна пагоршыўся, мільёны апынуліся ў жабрацтве, аўтарытэт Ельцына пачаў зьніжацца, і ён ужо ня меў той падтрымкі, якая дазваляла б яму зрабіць тое, што ён мог зрабіць увосень 1991 -га.
    Затое антыдэмакратычныя пракамуністычныя сілы пачалі ўмацоўваць свае структуры і свой аўтарытэт. Менавіта з гэтымі сіламі і стасаваліся антынезалежніцкія арганізацыі ў Беларусі (Славянскі Сабор «Белая Русь», камуністычная партыя, Саюз афіцэраў ды іншыя, якія ўвайшлі ў склад так званага Народнага руху Беларусі на чале зь Сяргеем Гайдукевічам).
    Барадулін: Расейскі мядзьведзь прачнуўся
    «Расея раздвойваецца, — пісаў у верасьні 1993-га аглядальнік «Звязды» Валянцін Жданко. — Выканаўчая ўлада на месцах, прызначаная прэзыдэнтам, у асноўным падтрымлівае яго. Мясцовыя саветы ў значнай колькасьці выпадкаў сталі на бок Кансты-
    туцыі і Вярхоўнага Савету. На жаль, такое супрацьстаяньне можа стаць дэтанатарам кровапраліцьця, грамадзянскай вайны. Яно павінна ахаладзіць тых нашых прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй, якія з такім патасам гаварылі ў апошнія месяцы пра канфэдэрацыю і фэдэрацыю».
    Валянцін Жданко ў сваёй публікацыі даў меркаваньні «вядомых у нашай краіне людзей».
    «Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі: Лічу, што падзеі, якія адбыліся ў Маскве, лягічныя, яны павінны былі адбыцца нават раней. Нарэшце гэты расейскі мядзьведзь прачнуўся і рашуча заявіў тое, што трэба было заявіць. Думаю, што большасьць павінна падтрымаць Ельцына. Таму што Ельцын пры ўсіх яго недахопах усё-такі працягвае лінію дэмакратыі. Думаю, гэта трохі астудзіць пал і пыл нашых працаўнікоў так званага парлямэнту, якія хочуць увайсьці ў Расею як састаўная яе частка, пакончыць зь незалежнасьцю. У нас на Беларусі то ў свой час прымервалі канфэдэратку, то цяпер канфэдэрацыю прымерваюць. Думаю, што ўсё-такі пара нам прымераць свой нацыянальны гарнітур і мець свой нацыянальны твар.
    Сяргей Гайдукевіч, старшыня Народнага руху Беларусі: Як ставіцца да чалавека, які праігнараваў усе канстытуцыйныя нормы? А калі заўтра, гледзячы на старэйшых братоў у бліжнім замежжы, нехта ў нас на Беларусі захоча парушыць Канстытуцыю? У мяне няма ніякіх сумненьняў, што Ельцын атрымае ад расейскіх рэспублік і рэгіёнаў адэкватную рэакцыю. ЕІехта таксама захоча праігнараваць усе ягоныя ўказы і стаць самастойным. Мы страцілі магутную дзяржаву — а цяпер і Расею па кусках разарвуць, застануцца краі і вобласьці.
    I скупяць іх разам зь Беларусьсю за даляры і нямецкія маркі. А мы потым будзем гаварыць, што незалежныя... Я не падпісаў заяву аб імкненьні да канфэдэрацыі з Расеяй, якую перадаў Генадзь Іванавіч Казлоў (каардынатар групы «Беларусь», пракебічаўскай парлямэнцкай большасьці, першы намесьнік начальніка ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны Савету міністраў. Паказальна, што адзін з кіраўнікоў абароны дзяржавы выступіў за ліквідацыю незалежнасьці гэтай дзяржавы — С. Н.). Чаму? Як можна аб’ядноўвацца зь дзяржавай, калі незразумела, што зь ёй будзе заўтра. А заўтра, можа здарыцца, таварыш Хасбулатаў абвесьціць сябе адзіным законьнікам і здолее перамагчы Ельцына. I яны зьнішчаць выканаўчую ўладу. А далей што будзе? Таму я быў і застаюся за эканамічны саюз са славянскімі народамі. I вельмі шкадую, што ўсё так адбылося ў Расеі... А адбываецца там распад дзяржавы. Бо абласныя, краявыя, гарадзкія саветы выконваць указ Ельцына ня будуць — яны прынялі гэтае рашэньне на сваіх сэсіях і прэзыдыюмах. A выканаўчыя органы, прызначаныя прэзыдэнтам. будуць патрабаваць выкананьня... Можна ўявіць, якім драматычным будзе працяг сытуацыі.
    Сяргей Навумчык, каардынатар Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце: Зразумела, што падзеі ў нашых усходніх суседзяў ня могуць не адбіцца на палітычных працэсах, якія ідуць на Беларусі. Мы сьведкі таго, што так заўсёды бывае. Апазыцыя БНФ прыняла заяву, у якой падтрымала дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ельцына, выказала спадзяваньне, што яны пойдуць на карысьць дэмакратызацыі і на карысьць народу Расеі. Адначасова Апазыцыя прыняла адкрыты ліст да Старшыні Вярхоўнага Савету
    Станіслава Шушкевіча, у якім прапануе як мага хутчэй склікаць сэсію, каб разглядзець на ёй пытаньне аб стварэньні часовага кааліцыйнага ўраду і абвяшчэньні даты новых парлямэнцкіх выбараў. Я перакананы, што Ельцыну ўдасца задуманае, народ яго падтрымае. I такія больш радыкальныя дэмакратычныя зрухі ў Расеі станоўчым чынам паўплываюць і на падзеі на нашай зямлі.
    Міхась Савіцкі, народны мастак СССР: «Я не настолькі палітык, каб меркаваць, хто мае, а хто ня мае рацыі ў гэтай блытаніне, хто зь іх больш парушае закон — Вярхоўны Савет або Ельцын. Ясна іншае: Ельцын пайшоў на рэзкую канфрантацыю, аж дарасколу і магчымасьці грамадзянскай вайны. Я лічу, што гэта правакуе ня столькі Вярхоўны Савет, колькі Ельцын. I таму ня згодны з падтрымкай, якую выказаў ад свайго імя, гаворачы ад імя Беларусі, Станіслаў Шушкевіч. Наша пазыцыя ў гэтым выпадку павінна быць староньняя. Мы настолькі залежныя эканамічна, што — хто б ні быў пры ўладзе ў Расеі — зь імі трэба мець кантакт. У нас павінна быць пазыцыя неўмяшаньня. А асабіста я лічу гэты крок з боку Ельцына правакацыйным» («Звязда», 25 верасьня 1993).
    Міхась Савіцкі какетнічаў, адмаўляючы сябе як палітычную фігуру. Ён быў народным дэпутатам СССР, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці падтрымліваў панславісцкія, арыентаваныя на Расею, групоўкі. Ну а Сяргей Гайдукевіч увогуле быў актыўным палітыкам, высокапастаўленым чыноўнікам апарату Савету міністраў і па сумяшчальніцтве кіраўніком Народнага руху Беларусі, у які, як я ўжо казаў, уваходзілі самыя антынезалежніцкія арганізацыі.
    Плач па страце «магутнай дзяржавы» — традыцыйны элемэнт тагачасных інтэрвію Гайдукевіча. «Я не заклікаю да вяртаньня ў колішні СССР. He падабаецца слова Саюз — дай Божа, давайце заменім яго іншым. Але разбураны агульны дом трэба аднаўляць» — заявіў ён праз паўтара месяца («Рэспубліка», 4 лістапада 1993). He інакш, Беларусь домам Гайдукевіч не лічыў, дом у яго разуменьні — толькі «агульны». I, канешне, з Расеяй.
    «Апанэнты часта называюць вас чырвона-карычневымі?» — запытаўся ў тым інтэрвію ў «Рэспубліцы» журналіст Ігар Гукоўскі, актыўны член Славянскага сабору «Белая Русь», які выступаў супраць незалежнасьці Беларусі і за аб’яднаньне з Расеяй. «Відавочна, таму, што ў склад НРБ уваходзяць камуністы і Славянскі сабор», — адказаў Гайдукевіч. Але менавіта спалучэньне кампартыі і Славянскага сабору (як казалі тады, СС «Белая Русь») мы тады называлі камуна-фашызмам у Беларусі. Дарэчы, «Рэспубліка» была органам Савету міністраў; за ўсе гады існаваньня газэты ня памятаю, каб газэта зрабіла інтэрвію зь лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком ці дэпутатамі Апазыцыі БНФ.
    Насамрэч, аб’ядноўвацца з Расеяй Гайдукевіч вельмі жадаў — да моманту, пакуль «чырвона-карычневыя» ў Маскве нарошчвалі энэргію наступу на Ельцына і ягоных рэфарматараў. Пацьверджаньне таму — шматлікія заявы арганізацыяў, якія ўваходзілі ў Народны рух Гайдукевіча. Але «прачнуўся мядзьведзь», як сказаў Барадулін — і запахла паразай, і Гайдукевіч вырашыў пачакаць, чыя возьме. Ну а праз тры гады, калі ўвосень 96-га Лукашэнка зламае Канстытуцыю, Гайдукевіч яго
    падтрымае, забыўшыся на свае словы пра «канстытуцыйныя нормы».