Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
Пазьняк: А гэта не пасада, гэта зусім іншае, адна справа — урад, другая справа — парлямэнт.
«Я магу абапірацца толькі на тых, хто ёсьць»
Шушкевіч: Я адказваю на ваша пытаньне. Ня можна звольніць з пасады, і таму ня трэба мяне падштурхоўваць на гэтыя захады. Цяпер наконт
парушэньняў закону. Тут вы маеце рацыю. Маеце рацыю. Шэраг нарматыўных актаў міністэрстваў і Савету міністраў не адпавядаюць нашаму заканадаўству. Такое заданьне дадзена нашаму юрыдычнаму аддзелу, гэта будзе ўключана ў той даклад, які я рыхтую, але я не магу падрыхтаваць яго на нечарговую сэсію, гэта складанае пытаньне. Чаму, калі мы зьбіраем адну групу юрыстаў, яны лічаць, што парушэньне ёсьць, калі зьбіраецца група саўмінаўскіх юрыстаў — яны вельмі адукаваныя, можа нават значна лепш, чым нашы — яны кажуць, што не, парушэньняў няма. Дзе той орган, які павінен вырашыць спрэчку? Наша камісія па заканадаўстве? He жартуйце са мной так. Прабачце, пэрсанальна па Данілаву. Hi адна асоба мяне так не абражала. Я вельмі ўдзячны вам, за тое, што вы ня думаеце, што я злодзей, але я ня злодзей, ніколі ня быў хабарнік і ня буду. Я гэта вам гарантую. I калі афіцыйная асоба дае такую абразу, я вам скажу, я нават трубку тэлефонную не падымаю, калі мне сакратар кажа, што звоніць Данілаў, таму што я не хачу рукі забруджваць, я не хачу мець кантактаў з такім чалавекам. Я выказаў кіраўніку ўраду. Я кажу, што я лічу, што недапушчальна мець такіх несумленных людзей на такой пасадзе. Бо я кажу... Яго пазыцыя ня мае доказаў, але правесьці такую пазыцыю, што я вязу хабар з Кітаю дзяржаўным самалётам, гэта, прабачце. недапушчальна. Я нават па тэлефоне зь ім не магу гаварыць, я наогул не пушчу яго... ну... да свайго кабінэту. Няхай яго прымае нехта іншы тут, таму што гэта недапушчальна. Ну дык што ж, я буду хадзіць па плошчы і крычаць пра гэта?
Цяпер — «паставіць справаздачу аб развале эканомікі». Я думаю, што пытаньне справаздачы ўраду стане на гэтай сэсіі. Стане. Яшчэ кажу: а калі цяпер гэта зробім, то страцім яшчэ ўраджаю болей. Гэта маё разуменьне. Цяпер — па абласьцях. Вы даяце слушную параду: сёньня Кузьняцоў зьбірае дэпутатаў Віцебскай вобласьці, гэта яго заданьне, і будзе гаварыць аб тых актуальных пытаньнях, якія трэба вырашаць. I работа гэтая ідзе....
Пазьняк: Кузьняцоў?! Ха-ха-ха...
Шушкевіч: Ну, я магу абапірацца толькі на тых, хто ёсьць, прабачце. Я сустракаўся з Кулаковым, дарэчы, сустракаўся з Грынёвым, яны ведаюць мой пункт гледжаньня. Сустракаўся за гэты пэрыяд. Я ведаю пра тую «вячэру», але ніколі я ня стану на шлях, каб выкарыстаць падпарадкаваныя мне альбо Вярхоўнаму Савету органы на супрацьпраўныя дзеяньні.
Навумчык: А яны — супрацьпраўна!
Шушкевіч: Я адказваю вам на ваш запыт. Калі вы прадставіце... Давайце падвядзём такія вынікі. Калі вы прадставіце матэрыялы, якія паказваюць, дакумэнты, што можна склікаць нечарговую сэсію і яна прынясе карысьць — я на гэты шлях пайду. Інакш я на гэты крок не пайду. Дзякую за ўвагу.
Даўгалёў: Станіслаў Станіслававіч, але год таму вы Арцыменю давалі грамату, разумееце... A сёньня — вам трыццаць гадоў працаваць трэба, каб такія грошы зарабіць, што ў ягоным сэйфе..
Навумчык: Якая «сьлежка»? Калі падымаецца на трыбуну і нясе, што тут трэба... Якая сьлежка — ня трэба сьлежкі, тут парадак проста павінен быць...
Шушкевіч: Усяго добрага.
Пасьля гэтых слоў Шушкевіч з ахоўнікам пакінулі памяшканьне.
Будзем абмяркоўваць? — запытаўся я Пазьняка.
— Паспрабуй сабраць праз гадзіну Апазыцыю, — адказаў ён.
Праз гадзіну мы сабраліся ў нашым 383-м пакоі ў Доме ўраду. Аднадушна прыйшлі да высновы, што ў нашых дзеяньнях на Шушкевіча спадзявацца не выпадае.
Лявон Дзейка (Клецкая выбарчая акруга№ 62): Я зачытаю вам заяву II зьезду Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. «... У праваднікоў бруднай прапаганды прамываньня мазгоў усіх часоў і народаў прыёмы тыя самыя. Падрыхтоўка інфармацыі згодна з гэтымі прыёмамі простая: спачатку распусьціць плётку, абвінавачаньні, а потым павесьці ўсіх на барацьбу з тым, пра каго плётка распушчана. Здольнымі нашчадкамі мастакоў бруднай прапаганды мінулага паказалі сябе аўтары ананімных заявак 7 верасьня і 5 лістапада, падпісаных “Совет Мйнйстров Республйкй Беларусь”. Яны абвінавацілі БЗВ і іншыя дэмакратычныя рухі ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, стварэньні ўзброеных аддзелаў, ледзь не ў жаданьні зброяй скінуць урад... Гэткая хлусьня, што мела месцаў заяве Савету міністраў ад 7 верасьня, засталася беспакаранай, разьвілася і фактычна вырасла да спробы дзяржаўнага перавароту 9 лістапада. Заявай 5 лістапада найбольш артадаксальныя прадстаўнікі правячай намэнклятуры хацелі стварыць крызісную сытуацыю ў грамадзтве для ўвядзеньня надзвычайнага становішча, забароны дэмакратычных і патрыятычных арганізацый... Мы заўжды карысталіся законнымі мэтадамі, a тых, хто імкнецца пераступіць гэтую апошнюю рысу, БЗВ пстярэджвае, што яны будуць несьці асабістую адказнасьць у адпаведнасьці з законам і шыльда “Савет міністраў” іх не ўратуе».
КЕБІЧ УВОДЗІЦЬ ВОЙСКІ Ў ДОМ ЎРАДУ
У пачатку кастрычніка Вячаслаў Кебіч прадэманстраваў, што палітык ён ня толькі гнуткі, але і элястычны, здольны імгненна перакруціцца на 180 градусаў.
Адразу пасьля перамогі Ельцына над «чырвона-карычневымі», літаральна ў той самы дзень Кебіч выступіў з заявай, у якой падтрымаў «курс дэмакратычных рэформ і пераўтварэньняў, якія праводзяцца ўрадам Расеі» — нібыта не ягоныя найбліжэйшыя паплечнікі яшчэ ўчора абдымаліся з тымі, хто абяцаў гэты расейскі ўрад павесіць на Краснай плошчы.
Кебіч прыгадаў і беларускія «дзяржаўнасьць» і «сувэрэнітэт». Але — пахваліўся, што «мы падышлі ўсутыч да стварэньня эканамічнага саюзу і цьвёрда перакананыя ў тым, што толькі коштам аб’яднаньня можна аднавіць абарваныя гаспадарчыя сувязі».
Так што — не зусім на 180 градусаў павярнуўся Кебіч, магчыма. толькі на 90. Але мы былі перакананыя, што не павярнуўся ні на градус, што заявы пра дэмакратыю і сувэрэнітэт — толькі словы напалоханага чалавека
I вось тут бы Шушкевічу — званок Ельцыну, заручыцца ягонай падтрымкай (інфармацыі пра пазыцыю Кебіча ў апошнія месяцы хапала) і запатрабаваць адстаўкі ўраду (ці хоць бы сваіх асабістых праціўнікаў — Данілава, Казлова). Але ...
За некалькі дзён перад сэсіяй, якая была прызначаная на 9 лістапада, мы правялі антыкарупцыйны мітынг перад будынкам Вярхоўнага Савету на Карла Маркса. Прыйшло некалькі тысяч чалавек,
і яны падтрымалі нашае рашэньне ісьці на сэсію з патрабаваньнем адстаўкі ўраду Кебіча.
5 лістапада Савет міністраў выступіў са зваротам, у якім абвінаваціў БНФ у закліку да стварэньня баявых дружын, узброеных выступаў ды распальваньня міжнацыянальнай варожасьці. Як нам адразу стала вядома, тэкст пісаўся ў кабінэце прэссакратара прэм’ера Ўладзімера Замяталіна.
6 лістапада прадстаўнікі дэмакратычных сілаў выступілі з заявай, у якой абверглі сьцьвярджэньні ўраду.
«Мы проціпастаўляем правакацыйным, гвалтоўным дзеяньням ураду цывілізаваныя крокі ў межах законнасьці. Мы патрабуем ад Вярхоўнага Савету прыняць канстытуцыйнае рашэньне — стварыць пераходны ўрад і правесьці датэрміновыя выбары паводле новага сапраўды дэмакратычнага выбарчага закону, за што падпісаліся 442 тысячы грамадзянаў Беларусі, патрабуючы рэфэрэндум», — гаварылася ў заяве, падпісанай лідэрамі трынаццаці партыяў і арганізацыяў, у тым ліку БНФ, БСДГ, ЗБС «Бацькаўшчына», БЗВ, ТБМ.
Шушкевіч дапускае ўвядзеньне расейскага рубля
8 лістапада ў 14 гадзінаў Станіслаў Шушкевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю, якая нас моцна расчаравала. Шушкевіч сказаў, што падтрымае «ўсе пазыцыі гэтай Канстытуцыі» (а значыць, і прэзыдэнцтва), дапусьціў магчымасьць увядзеньня расейскага рубля («нават увядзеньне ўласнай валюты не супярэчыць адзінай рублёвай зоне, паколькі абапірацца будзе на расейскі рубель»).
На пытаньне журналіста Аляксандра Старыкевіча, як ён ацэньвае перавод спэцназу на казарменнае становішча (гэта значыць — прывядзеньне ў баявую гатовасьць), распаўсюд нібыта ад імя БНФ улётак з заклікам да пагромаў і ці ня бачыць ён у гэтым ініцыятывы Саўміну, Шушкевіч адказаў: «Я адрынаю такое падозраньне. Ня трэба правакатараў атаясамліваць з урадам. Надышоў час паважаць уладу».
Выглядала, што імпэт, які Шушкевіч меў у верасьні, сышоў. У кабінэтах апарату Вярхоўнага Савету казалі, што нібыта сьпікер і прэм’ер разам схадзілі ў лазьню, і «Стась замірыўся з Францавічам».
Мы ўсьведамлялі, што спадзяваньні Шушкевіча на «замірэньне» з Кебічам наіўнае: было вядома, што лідэр групы «Беларусь» Генадзь Казлоў сабраў 188 подпісаў дэпутатаў для адстаўкі Шушкевіча (пры тым, што дастаткова было 173 галасы). Між іншым, гэткая самая колькасьць— 188 дэпутатаў— прагаласавала 9 красавіка за далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі.
Але Шушкевіч усё яшчэ верыў Кебічу. Нам, як выглядала — не.
Генэрал-палкоўнік на пасяджэньні Апазыцыі БНФ
У 15 гадзінаў 8 лістапада мы сабраліся ў нашым 363-м пакоі ў правым крыле Дому ўраду. На пасяджэньне прыйшоў міністар унутраных спраў генэрал-палкоўнік Уладзімер Ягораў, што было надзвычайна.
Міністар сказаў, што яму вядома толькі пра «афіцыйныя» ўлёткі БНФ (тыя, дзе мы патрабавалі
Пратакол пасяджэньня Апазыцыі БНФ з удзелам міністра ўнутраных спраў Уладзімера Ягорава.
адстаўкі Кебіча і фармаваньня кааліцыйнагаўраду ды заклікалі людзей на Плошчу, у гэтым не было нічога антызаконнага), ні пра якія іншыя яму не дакладалі. Акрамя выпадку, калі ў корпусе Белдзяржунівэрсытэту зьнялі нешта напісанае ад рукі. Генэрал пацьвердзіў, што, паводле ягоных зьвестак, правакацыйныя ўлёткі ад нібыта ад імя БНФ рыхтаваліся ў апараце Саўміну. Ягораў сказаў, што сытуацыя вельмі напружаная. «Мае падначаленыя рыхтуюцца да любога разьвіцьця падзей», — зафіксаваў я словы міністра ў пратаколе пасяджэньня.
Мы вырашылі ісьці на сэсію з патрабаваньнем адстаўкі Кебіча. Заставалася яшчэ кволая надзея, што Шушкевіч усё ж, хоць бы з інстынкту самазахаваньня, нас падтрымае. Тым больш што ў яго і ў нас зьявіліся новыя і нечаканыя саюзьнікі — старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі і міністар унутраных спраў Уладзімер Ягораў (пра іх адкрыты ліст да Вярхоўнага Савету — асобная глава кнігі).