Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
Пазьняк назваў «абракадабрай» пастаноўку пытаньня аб адстаўцы адначасна і Кебіча, і Шушкевіча, чаго дамагаўся Лукашэнка — Шушкевіч можа толькі выйсьці з прапановай адстаўкі ўраду, і гэта ён абавязаны зрабіць.
Лідэр БНФ прапанаваў першым пытаньнем сэсіі вынесьці адстаўку Кебіча, калі гэта ня пройдзе — паспрабаваць сарваць кворум. Яго падтрымаў Генадзь Карпенка, які ці не ўпершыню прыйшоў на пасяджэньне Апазыцыі БНФ, бо разьлічваў на пасаду кіраўніка кааліцыйнага ўраду. Уладзімер Заблоцкі выказаўся за тое, што пакідаць сэсію ня варта, трэба «рыхтаваць грамадзкую думку».
Было зразумела, што адкрыцьцё сэсіі будзе для нас няпростым.
Ліст Шушкевічу
Увечары таго дня, 8 лістапада, я атрымаў інфармацыю, што да Дому ўраду сьцягваюцца войскі; не выключалася, што Кебіч перад пачаткам сэсіі пойдзе на ўвядзеньне надзвычайнага становішча.
Я напісаў ліст да Шушкевіча, у якім падрабязна выклаў усю вядомую мне інфармацыю і яшчэ раз пацьвердзіў, што Апазыцыя БНФ яго падтрымае, калі ён у пачатку сэсіі пойдзе на рашучыя крокі (гэта значыць — запатрабуе адстаўкі Кебіча і запрапануе стварэньне кааліцыйнага ўраду).
Да мяне ва Ўручча, дзе я жыў, прыехаў адзін з ахоўнікаў Шушкевіча, узяў мой ліст і паабяцаў, што ён будзе перададзены адрасату неадкладна.
I сапраўды — назаўтра плошча перад Домам ураду была ачэпленая міліцыяй і амапаўцамі, у самім Доме ўраду была вялікая колькасьць людзей у форме.
Ужо ў першыя хвіліны працы сэсіі, у адказ на зачытаную ўлётку нібыта БНФ, Зянон Пазьняк назваў яе правакацыяй і запатрабаваў ад Генэральнага пракурора распачаць сьледзтва.
Натуральна, пракуратура ня высьветліла, хто аўтар паклёпу. Гэтак сама, як праз паўтара года не адшукае таго, хто ў часе галадоўкі дэпутатаў БНФ пазваніў у міліцыю і паведаміў пра нібыта закладзеную ў Авальнай залі бомбу. Аднак ужо тады з вартых даверу крыніцаў мы ведалі імя ініцыятара абедзьвюх правакацый. Хоць для мяне найбольш яскравай характарыстыкай палкоўніка Уладзімера Замяталіна (прэс-сакратара пры Кебічу і начальніка ўпраўленьня інфармацыі адміністрацыі, а потым віцэ-прэм’ера пры Лукашэнку) зьяўляецца ягоная
Кардон міліцыі перад Домам ураду.
фраза, што доля беларускай мовы ў Беларусі ў дачыненьні да расейскай не павінна перавышаць адной дзясятай.
«Кансэрватыўная большасьць раптам палюбіла сьпікера»
Пазьней Станіслаў Шушкевіч абвінаваціць мяне ў тым, што ў для сваіх кніг я выбіраю толькі выгадныя для БНФ факты, выстаўляючы яго ў непрывабным сьвятле.
Таму працытую словы журналіста, які ў той дзень знаходзіўся ў Авальнай залі. I прайшоў туды ўсяго толькі пяць разоў паказаўшы пропуск — бо Аляксандра Старыкевіча на сэсію не пускалі ўвогуле, Ігару Герменчуку і Васілю Даўгалёву давялося падключаць міністра ўнутраных спраў Ягорава, a 38 дэпутатам па выніку інцыдэнту зьвяртацца да
Генэральнага пракурора (канешне, ніхто ня быў пакараны).
Вось як апісваў пачатак сэсіі аглядальнік тыднёвіка «Літаратура і мастацтва» Міхась Замскі:
«Сьпікер парлямэнту прапанаваў ад імя Прэзыдыюму ВС пачаць працу з праекту новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая прапанова многімі дэпутатамі была расцэненая як спроба адсунуць на задні плян пытаньні вастрэйшага сацыяыльна-эканамічнага крызісу ў рэспубліцы, вывесьці з-пад крытыкі ўрад, які нясе найбольшую адказнасьць за эканамічны развал. Ля мікрафонаў адразу выстраіліся чэргі. 3. Пазьняк, які атрымаў слова адзін зь першых, патрабаваў у катэгарычнай форме паставіць пытаньне аб адстаўцы ўраду В. Кебіча. Яго падтрымалі калегі па Апазыцыі народныя дэпутаты А. Трусаў, М. Крыжаноўскі, С. Навумчык, У. Заблоцкі і іншыя. Хоць і не ў такой катэгарычнай форме, але патрабавалі пачаць працу сэсіі з абмеркаваньня пытаньняў, зьвязаных з пераадоленьнем заняпаду эканомікі, многія іншыя парлямэнтарыі. Яны прывялі шматлікія факты заняпаду прамысловасьці, сельскай гаспадаркі рэспублікі. Дзясяткі прадпрыемстваў апынуліся на мяжы спыненьня — вычарпаныя ўсе фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы, рабочыя па некалькі месяцаў не атрымліваюць зарплату. Ня лепшыя справы і ў аграрным сэктары — фактычна засталіся няўбранымі на значных плошчах многія сельскагаспадарчыя культуры, рэзка зьнізілася вытворчасьць жывёлагадоўчай прадукцыі. I яшчэ адзін характэрны штрых: за апошні год экспарт нашай прадукцыі зьнізіўся на 44 працэнты...
Прызнацца, мне падумалася, што бурная дыскусія, у часе якой прагучала пераканаўчая крытыка ўраду, прымусіць пераважную большасьць цьвяроза паставіцца да прапаноў апазыцыі. Дарэмныя спадзяваньні: ніводная зь іх не прайшла. Гэтым разам кансэрватыўная большасьць парлямэнту раптам палюбіла сьпікера і ахвотна падтрымала ягоную прапанову пачаць працу сэсіі з паартыкульнага прыняцьця Канстытуцыі» («Літаратура і мастацтва», 12лістапада 1993).
Што прыкметна, апантаныя прыхільнікі ўступленьня Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі ўжо не казалі пра яе як пра спосаб забясьпечыць прадпрыемствы заказамі — было відавочна, што, як мы і прагназавалі, ніякага станоўчага эфэкту на эканоміку красавіцкае рашэньне Вярхоўнага Савету аб падпісаньні дамовы ня мела. Але і адмаўляцца ад таго рашэньня парлямэнцкая большасьць не зьбіралася: усё, што прывязвала Беларусь да Масквы, успрымалася гэтымі дэпутатамі як перамога.
Шушкевіч вырашыў «не абвастраць» сытуацыю і, як варта было чакаць, знайшоў у гэтым падтрымку парлямэнцкай большасьці.
На нейкі час верныя Кебічу дэпутаты пакінулі Шушкевіча ў спакоі — і старшыню Вярхоўнага Савета, напэўна, падалося, што небясьпека зьнікла. Але тое толькі быў тактычны ход намэнклятуры: яны вырашылі зрабіць сумнеўную справу рукамі Лукашэнкі.
Лукашэнка на сэсіі трос нашай заявай, у якой мы патрабавалі пазбавіць яго паўнамоцтваў, зь ягоных вуснаў ізноў гучаў звыклы набор абвінавачаньняў у бок Шушкевіча, і нарэшце — «з настойлівасьцю, што набывае маніякальны характар» (Міхась
Замскі) Лукашэнка вынес прапанову адправіць у адстаўку і Шушкевіча, і Кебіча. Гэта быў хітра разьлічаны ход: было зразумела, што парлямэнцкая большасьць за адстаўку Кебіча не прагаласуе, а вось Шушкевіча зьняць з пасады могуць.
Нам было ясна, што дзеяньні Лукашэнкі цалкам скаардынаваныя з атачэньнем Кебіча.
Лукашэнка паводзіў сябе нагэтулькі агрэсіўна, што ў адзін момант захапіў трыбуну, і Шушкевіч вымушаны быў спыніць пасяджэньне.
Але гэта не спыніла пагрозу адстаўкі сьпікера.
Хоць менавіта тады ў Шушкевіча нечакана зьявіліся вельмі ўплывовыя саюзьнікі.
Уладзімер Шаўцоў (Мазырская сельская выбарчая акруга № 221): «Зварот. Для ўсіх нас вельмі важна ў гэты цяжкі час захаваць законнасьць у грамадзтве... Шмат што ў вырашэньні гэпіай задачы залежыць ад гатоўнасьці праваахоўных органаў і іншых сілавых структур служыць перш за ўсё закону і дзяржаве. Але тыя працэсы, якія ўсе мы назіраем вакол гэтых структур, выклікаюць сур’ёзную заклапочанасьць. Перш заўсёмы маем на ўвазе стварэньне не прадугледжанага Канстытуцыяй, не зацьверджанага Вярхоўным Саветам і не падкантрольнага яму Дзяржсакратарыяту па барацьбе са злачыннасьцю і нацыянальнай бясьпецы, які спрабуе па сутнасьці кіраваць Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам абароны і нават умешваецца ў справы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Самую сур’ёзную заклапочанасыіь выклікае таксама незаконнае стварэньне спэцслужбаў, дзеяньне якіх не прадугледжана існуючымі законамі і знаходзіцца па-за кантролем Вярхоўнага Савету. Да чаго гэта можа прывесьці, паказалі падзеі ў лістападзе, калі ў грамадзтве абсалютна на роўным месцы была створана крызісна небясьпечная сытуацыя...» Зварот падтсалі Партыя народнай згоды, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Беларуская хрысырянска-дэмакратычная злучнасьць, Таварыства беларускай мовы, Беларускае згуртаванае вайскоўцаў, Нацыянальнадэмакратычная партыя Беларусі і Беларуская сялянская партыя.
ШЫРКОЎСКІI ЯГОРАЎ ЗЬВЯРТАЮЦЦА ДА ДЭПУТАТАЎ
Некалькі разоў у фае Дому ўраду старшыня КДБ Шыркоўскі браў мяне за локаць і імпэтна гаварыў тое самае: «Якія сволачы, а? Я там працаваў, у Віцебску, а яны — “Чужак, яго зь Менску прыслалі!” Ну, ня сволачы?» — «Сволачы, Эдуард Іванавіч, сволачы!» — адказваў я. — «То-та!».
Гэты наш традыцыйны дыялёг тычыўся падзеяў вясны 1990-га, калі Шыркоўскі, тады яшчэ першы намесьнік старшыні КДБ БССР, балятаваўся ў Вярхоўны Савет па адной зь віцебскіх акругаў, суседняй з маёй. Я быў перамог у першым туры выбараў і дапамагаў паэту, рэдактару часопіса «Полымя» Сяргею Законьнікаву, які ішоў у адной акрузе з Шыркоўскім.
Хоць змаганьне было напружаным, але мушу засьведчыць, што апанэнты ў адносінах адзін да аднаго паводзілі сябе карэктна. Ніякіх прэтэнзіяў не магу выказаць і да падначаленых Шыркоўскаму мясцовых чэкістаў, якія, канешне, былі ў ягонай камандзе, але ніякіх сумнеўных мэтадаў супраць канкурэнта свайго шэфа не прымянялі.
А вось хто прымяняў такія прыёмы (якія безь перабольшаньня можна назваць подлымі) — дык гэта мясцовае партыйнае начальства, найперш супрацоўнікі райкаму партыі, у якіх была «свая» кандыдатура. Законьнікава яны абвінавачвалі ў тым, што ён як «бээнэфавец» хоча паўтарыць Баку і Сумгаіт (там былі крывавыя міжнацыянальныя канфлікты), а Шыркоўскаму інкрымінавалі тое, што ён «прысланы зь Менску» (тое самае — што
не мясцовы і ня будзе апекавацца віцебскімі выбаршчыкамі — казалі і пра Законьнікава). Пры гэтым Шыркоўскі яшчэ некалькі месяцаў перад тым працаваў у Віцебску начальнікам абласнога ўпраўленьня КДБ.
У выніку, у той раз па гэтай акрузе не перамог ніхто, Законьнікаву не хапіла літаральна некалькіх дзясяткаў галасоў (мая цётка, якая працавала членам камісіі аднаго з участкаў, потым злосна сказала: «Эх, каб ведала — укінула б!»).
Тая выбарчая гісторыя і нашыя дыялёгі ў кулюарах Вярхоўнага Савету выразна адлюстроўваюць атмасфэру таго часу, часу пераменаў.
У 1930-х сакратар райкаму, які б наважыўся выступіць ці патаемна нешта рабіць супраць намесьніка наркама НКВД, быў бы сьцёрты ў лягерны пыл.
У 1970-х мясцовае начальства за вялікую ўдачу палічыла б атрымаць такога «вясельнага генэрала», прычым ня якога-небудзь генэрала артылерыі (зь якога хіба што фэервэрк выпрасіш), а генэрала КДБ. Ужо чые запыты, а звароты такога дэпутата ў Міністэрства аўтамабільных дарог, каб заасфальтавалі вуліцу, ці ў Дзяржснаб, каб выдаткавалі цэглу на будаўніцтва паліклінікі, — выконваліся б імгненна.