• Часопісы
  • Дзевяноста трэці  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста трэці

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 536с.
    2018
    89.7 МБ
    Шушкевіч: Я шукаю іншага шляху...
    «Вы ім няўгодны толькі таму, што Вы не крадзяце»
    Пазьняк: Канстатую, што гэты Вярхоўны Савет знаходзіццаўтупіку. Ніякіх захадаў вы не шукаеце. Усё, што вы тут зараз прапаноўваеце — Вы гуляеце з намі ў пінг-понг. Мы зьвярнуліся да чалавека, які ня хоча праяўляць ніякай ініцыятывы і гуляе з намі, так сказаць, у славесную баталію. Але мы вам прапануем шлях: што цяпер, паколькі ўрад яўна засьведчыў сваё банкруцтва, ён засьведчыў сваю антыдзяржаўнасьць — у выказваньні свайго старшыні, у змове зь мяцежнікамі, гэта ж лёгка даказваецца,
    гэта відавочна, яны гэтага не хаваюць — у вас жа ёсьць органы адпаведныя, прытым менавіта вам падпарадкоўваюцца (КДБ — С. Н.)... I вось мы прапаноўваем шлях: адправіць у адстаўку гэты ўрад. Калі мы адправім... Але магчымасьць такая ёсьць! Увесь закон, уся, як кажуць, мараль, усё права зараз на нашым баку. I з кожным днём мы страчваем гэтую магчымасьць. Кебіч пачынае рабіць вось такія заявы дэмагагічныя — і вы паказваеце: вось, Кебіч зрабіў такую заяву! Ды ён скуру сваю ратуе, таму ён робіць такую заяву! Вось у чым справа.
    Цяпер. Структура ўраду. Структура ўраду намі распрацавана, цяпер яна паглыбляецца, але яна ня будзе цяпер, мы ня можам цяпер яе паказваць, і мы ня можам зараз гаварыць пра тыя кандыдатуры і гэтак далей, гэта не публічная размова, гэта, як кажуць, тады, калі ўжо будзе сапраўды шлях да гэтага. Тады сапраўды людзі зьбіраюцца, і тады ідзе канкрэтная размова. Але нават калі ня будзе гэтага, калі нават адзін прэм’ер-міністар, які нясе абсалютную, як кажуць, стопрацэнтовую адказнасьць за ўсё, і Косьцікаў, канкрэтна, крымінальны элемэнт, — калі гэтыя людзі будуць прынятыя — усё. Тады мы ставім пытаньне — і абавязаны Вярхоўны Савет паставіць — аб структуры, таму што ў Саўміне нелегітымныя структуры працуюць. Хто такі Данілаў? I гэтае ведамства, якое напрасткі было зьвязана з Хасбулатавым, Зюганавым, падрыхтоўвалі гэты мяцеж? Вы ведаеце, што сорак баевікоў было паслана ад Саюзу афіцэраў у Маскву, і яны там змагаліся? Займаецца КДБ імі? Займаецца Міністэрства ўнутраных справаў? He займаецца! I яны прыедуць сюды са сваімі «акээмамі» (аўтаматамі Калашнікава — С. Н.). Вось у чым справа.
    Тут, як кажуць, калі людзі, як кажуць, пагарэлі на мокрым дзеле, — вы пачынаеце разважаць, што яны заяву, бачыце, зрабілі, што ўсё «о’кэй». Дык ня ўсё ж «о’кэй» — выйдзіце на дарогу, паглядзіце! Усё дрэнна.
    Потым. У любой сытуацыі, вы ж зразумейце, што яны паставілі пытаньне тады, калі вы, як кажуць, сталі ім папярок дарогі, — калі вы не стаялі ім папярок дарогі, вы ім былі добры. Усё, яны вас аднагалосна падтрымлівалі. Як толькі гэтая вось «калектыўная бясьпека» — і нават не ў «калектыўнай бясьпецы справа»... Вы проста ня іх чалавек, вы — не намэнклятура. Яны разумеюць, што вы ім няўгодны, толькі таму, што вы не крадзяце, ну шчыра давайце гаварыць. Толькі таму вы ўжо «ня іх». I таму яны вас — хоць вы зрабілі ўсё для іх — яны вас вырашылі выгнаць, таму што падрыхтоўвалася гэтая змова з лета 92-га году (вы павінны гэта ведаць, калі вы гэтым цікавіліся) з Масквой. I цяпер, калі яны пагарэлі на гэтай справе, вы што думаеце, што ўсё добра, урад стаў тройчы працаваць? За месяц — калі вось ня будзе выкарыстаны гэты момант — за месяц яны створаць тут тое самае, толькі іншымі сродкамі, што хацеў стварыць Хасбулатаў. I вы пазбавіцеся цалкам падтрымкі. Таму што восем галасоў у вас толькі было ў запасе — хоць былі ўсе сілы кінутыя (маецца на ўвазе спроба адстаўкі Станіслава Шушкевіча летам 1993-га, ініцыяваная пракамуністычнай большасьцю — С. Н.). Цалкам! Вось у чым справа. Таму давайце гэтае пытаньне вырашаць зараз.
    Шушкевіч: Так, добра. Хто-небудзь яшчэ?
    Холад: Яны і сёньня носяць сьпіс са 188 подпісамі (за адстаўку Шушкевіча — С. Н.) Сёньня. Пад носам трасуць.
    «КДБ падпарадкоўваеца Вам!»
    Шушкевіч: Добра. Я ўсё зразумеў. Яшчэ ёсьць жадаючыя?
    Трусаў: Тое самае прапаную наконт ураду. Станіслаў Станіслававіч, вось вы спасылаецеся на рашэньне Прэзыдыюму. Яно ёсьць, так. Але вы цудоўна ведаеце, што як мінімум 30 % па маіх падліках, можа я памыляюся, рашэньняў Прэзыдыюму ўрадам ня выкананыя. Больш таго. Урад прымае пастановы свае, пячэ, як бліны, якія парушаюць нашы законы, Вярхоўнага Савету. Хаця б пра гэта пагаварыць дастаткова, колькі можна назваць такіх пастановаў Саўміну, якія парушаюць нашы законы. Возьмем апошнюю так званую пастанову аб прывілеях для народных дэпутатаў. Што гэта такое? Як гэта назваць? Гэтыя прывілеі? Пэнсію будуць плаціць немаведама якую! Гэта што, Вярхоўны Савет прыняў гэтыя прывілеі, і гэтыя дэпутаты? Гэта ж прыняў Саўмін — незаконна, нелегітымна. I я магу назваць цэлы шэраг законаў, па адукацыі па той самай. Саўмін пячэ пастановы любыя, любыя распараджэньні, не выконвае нашы законы, не выконвае нашы, як кажуць, пастановы Прэзыдыюму — і ўсё нармальна?
    Другое, я лічу, што трэба пытаньне паставіць аб справаздачы Саўміну аб развале нашай эканомікі — а ён цалкам у гэтым вінаваты — і аб тых стратах, што Беларусь панесла з-за гэтай «нафтавай» сыстэмы. I аб пакараньні вінаватых. Усё гэта
    можна, і для гэтага дастаткова два ці тры дні. Я думаю, што тыя дэпутаты, якія маўчалі, зараз скажуць сваё слова. I прагаласуюць — нават калі яно і ня будзе прынята для галасаваньня. Таму што ўсё-такі сумленных дэпутатаў у парлямэнце дастаткова, каб зрабіць свае вывады.
    Шушкевіч: Яшчэ?
    Пазьняк: 3 дэпутатамі трэба весьці размову, трэба сабраць іх па абласьцях, а ня з членамі Прэзыдыюму толькі гаварыць. Вы маеце такую магчымасьць. Ну ёсьць людзі сапраўды са здаровым сэнсам там, а ня толькі з адкручанымі мазгамі...
    Навумчык: Я памятаю, Дземянцей два разы прыходзіў, зьбіралі там тую віцебскую дэлегацыю...
    Пазьняк: А яны ладзяць гэтую «тайную вячэру», гэта ж усе ведаюць усё... Вы ж павінны зараз як старшыня Вярхоўнага Савету з гэтымі дэпутатамі сабрацца, пагаварыць, з тым самым Кулаковым. Тую самую Віцебскую вобласьць... А што творыць Грынёў? Яны ўжо змову ўтварылі. 3 Чарнігаўскай, з Бранскай, з Смаленскай, Віцебскай і Гомельскай абласьцямі. Яны заяўляюць адкрыта, што яны будуць ствараць свой мытны саюз, і гэтак далей. Што гэта такое? Трэба ж, як кажуць, нейкія канфэрэнцыі, трэба з дэпутатамі сустракацца, весьці работу, а вы седзіце, толькі інтэрвію даяце...
    Шушкевіч: Ужо ў нас паўторы пайшлі. Так. Усё?
    Навумчык: Ну, і апошняе — КДБ. Падпарадкоўваецца вам! Калі ласка — прыяжджаюць сюды ўсе гэтыя палітычныя ўблюдкі, выбачайце, Макашоў, Сьцерлігаў, у іх тут бяруць інтэрвію, героямі ходзяць, выдаюць сябе... Выбачайце, калі гэта КДБ — яно павінна стаяць, так бы мовіць, на аба-
    роне дзяржаўнай незалежнасьці, дзяржавы. Яно павінна адпаведныя і дакладныя дзеяньні прымаць.
    Шушкевіч: Што, напрыклад?
    Навумчык: Ды элемэнтарна — высылка. Пасадзілі ў самалёт, за шэсьць гадзін, дастаткова...
    Голубеў: СтаніслаўСтаніслававіч...
    Шушкевіч: Так, я ўжо чую, што вы ўжо ўсе паўтараецеся.
    Голубеў: He, прашу прабачэньня, яшчэ адно. Вы зьяўляецеся, па сутнасьці, у нас Галоўнакамандуючым, Вы ўзначальваеце Савет бясьпекі.
    Шушкевіч: Прабачце, такога ў заканадаўстве няма.
    Голубеў: Старшыня Савету бясьпекі...
    Шушкевіч: Яшчэ раз кажу: не зьяўляюся я Вярхоўнакамандуючым. Гэта — на вашу думку. А на маю, і на Канстытуцыю, і на заканадаўства — не зьяўляюся. Так што... Давайце кінем гэту гаворку.
    Голубеў: Тады, значыць, вы не зьяўляецеся той галоўнай асобай, якая стаіць на ахове дзяржаўнасьці Рэспублікі Беларусь?
    Шушкевіч: He, я Старшыня Савету бясьпекі, я ім з яўляюся.
    Голубеў: Вось я тады хачу задаць пытаньне. Як вы можаце цярпець на дзяржаўных пасадах людзей, якія выступаюць супраць дзяржавы Беларусь? Я не кажу «незалежнасьці» — супраць дзяржавы Беларусь.
    Шушкевіч: Ну каго? Каго пэрсанальна?
    Голубеў: А я магу назваць I Данілава, я магу назваць і Скарыніна...
    Навумчык: I Гайдукевіч...
    Шушкевіч: Гайдукевіч не зьяўляецца цяпер ніякім...
    Навумчык: He, выбачайце, Гайдукевіч — намесьнік старшыні камітэту па абароне афіцэраў у Саўміне...
    Голубеў: Я ведаю, што ўсе прозьвішчы вы ведаеце ня горш, чым мы.
    «Лукашэнка мае права дэпутацкай недатыкальнасьці»
    Шушкевіч: Так. Ну, цяпер я адкажу, на гэтым і скончым. Я хачу перш адказаць на вашы пытаньні. Я магу займацца толькі тым, дзе ёсьць ну хаця б нейкая верагоднасьць вырашыць пытаньне легітымным шляхам. 3 тымі пытаньнямі, дзе я ня бачу ніякай магчымасьці вырашыць гэта законным, дзяржаўным шляхам, — я займацца не магу. У адрозьненьне ад вас, прабачце. Ну, шэраг вашых прапаноў базуецца не на тым, на чым трэба. Цяпер я вам перш за ўсё адкажу, Сяргей Іосіфавіч. Вам падабалася, калі вас раней ціснула КДБ? Вам падабалася, калі там было 30 кастрычніка? (Разгон акцыі на Дзяды 30 кастрычніка 1988 — С. Н.) Вам падабалася гэта? He, вам не падабалася. I мне не падабалася. Навошта ж вы хочаце мяне падпіхнуць на тое, каб я ўпоперак закону выкарыстоўваў КДБ для сьлежкі і для іншых там захадаў. Я не ведаю, якія парушэньні закону зрабілі Макашоў, іншыя...
    Навумчык: Выступалі супраць дзяржавы.
    Шушкевіч: У нас свабодны ўезд з Расеі. Яны прыехалі на запрашэньне нашых грамадзкіх арганізацыяў, зарэгістраваных Мінюстам, і праводзілі...
    Пазьняк: Яны праводзілі антыдзяржаўную дзейнасьць супраць Рэспублікі Беларусь.
    Навумчык: Гаворка не пра «сьлежку», ні ў якім разе!
    Шушкевіч: А тыя, хто там былі найбольшымі антыдзяржаўнікамі, яны маюць права дэпутацкай недатыкальнасьці. Напрыклад, дэпутат Лукашэнка. Вы мне скажыце. Я выказаў сваю думку і па гэтаму пытаньню, і ні віляў я ніколі. Я выказаў. Але што ж — я не магу зьбіраць іх і вось трэсьці кулакамі «Давайце гэта зробім!» Я павінен знайсьці шлях — як гэта зрабіць. Я яго шукаю. Сумленна шукаю. Цяпер далей. Што да баевікоў — вы ведаеце, у мяне, я вам шчыра кажу, хоць я маю інфармацыю шырокую, ад розных — у мяне такіх зьвестак няма. Я пацікаўлюся больш дэталёва. Магчыма, тут ёсьць нейкі недагляд. Але думаю, што каб туды былі накіраваны баевікі адсюль, то гэтая інфармацыя ў мяне б была. Думаю, што вы памыляецеся. Што пэрсанальна да Скарыніна — ён мае дэпутацкую недатыкальнасьць, і я вам скажу, я ня ведаю, як нават кіраўніку ўраду, калі б ён захацеў зараз яго адсунуць са сваёй пасады, — як гэта зрабіць. (Закон забараняў звальняць дэпутата з працы безь ягонага жаданьня — С. Н.) Так, як я, прабачце, вас, хоць бы я вылез тут... у гэтае акно, я вас не магу зьняць з вашай пасады, падабаецца гэта ці не.