• Часопісы
  • Дзевяноста трэці  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста трэці

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 536с.
    2018
    89.7 МБ
    Шушкевіч: Я вам адказаў на гэтае пытаньне.
    Пазьняк: На апошнім Прэзыдыюме вы сказалі аб неабходнасьці разабрацца з урадам, зь яго дэзінфармацыяй па паліўна-энэргетычным пытаньні, Косьцікава... Гэтага ж трэба здымаць, Косьцікава, гэта ж элемэнтарна...
    Шушкевіч: Я хачу вам сказаць, што я згодзен з гэтым падыходам, але...
    Пазьняк: Але вы адмовіліся, вы сказалі другое. Вы сказалі: урад працуе з патроенай энэргіяй. Гэты «ўрад», калі ён зразумеў, што над ім небясьпека, павярнуўся на 180 градусаў. Тое, што Кебіч гаварыў два тыдні, тыдзень назад — цяпер ён гаворыць адваротнае. Зьменіцца сытуацыя — ён ізноў будзе гаварыць адваротнае. Хіба можна так? Вы мяняеце тут жа сваю пазыцыю! У вас сябра зьявіўся ў Маскве.
    «Урад добра папрацаваў»
    Шушкевіч: Трэба завяршаць гэтую размову. Я адкажу на гэта ваша пытаньне. Вы хочаце, ну... зламаць структуру, паказаць яе непрыгоднасьць, і гэтак далей, і гэтак далей. Я кажу: у тых умовах, у якіх я канкрэтна знаходжуся, у мяне ёсьць толькі адзін захад: выпраўляць. I рабіць так, каб яна працавала лепей. Я думаю, што сёньняшняя заява старшыні Савету міністраў, якая надрукавана ў «Народнай газэце», — вы ж чытаеце толькі свой зварот — тут канстатацыя якіх пазыцый: і па ўраджаі, мне здаецца, і па паліве, я ня маю іншых зьвестак — я зьвяз-
    ваюся з абласьцямі, сытуацыя выпраўляецца. Так, і выпраўленая ў значнай ступені. Чаму ж я павінен ісьці ў атаку на ўрад, склікаць цяпер сэсію, дарэчы, адрываць у тым ліку людзей ад уборкі ўраджаю, а яны кажуць, што мы не паедзем на сэсію, што ў нас такая сытуацыя, — чаму я павінен гэта рабіць? Чаму я не павінен рабіць сумленна, падрыхтоўваць новую сэсію і рабіць тыя захады, якія я магу рабіць бяз сэсіі?
    Пазьняк: Фэнамэнальна! Усяго два тыдні назад была зусім іншая сытуацыя, Прэзыдыюм разглядаў, зь лічбамі, з усім... Цяпер Кебіч робіць заяву, што ўсё «о’кей», і—усё, вы ўжо нічога ня можаце рабіць.
    Шушкевіч: Я Вам хачу сказаць, што калі я выходжу на вобласьці, і крытычнага становішча з нафтай, з палівам, з бэнзінам няма — то ўрад добра папрацаваў.
    Навумчык: Ну вы паспрабуйце праехаць ад Менску да Віцебску не на машыне з аховай, а нармальна, і паглядзіце. якая сытуацыя з палівам. Але справа тут, Станіслаў Станіслававіч, крыху ў іншым. Я ня ведаю, здаецца, вам...
    Шушкевіч: Лічбы ёсьць!
    Навумчык: Мы чулі, выбачайце, на той сэсіі лічбы ад Косьцікава, і пэўныя завярэньні, і ведаем, якая цана гэтым завярэньням.
    Шушкевіч: He, назавіце мне раён, назавіце мне канкрэтныя гаспадаркі, дзе крытычная сытуацыя, дзе ўраджай гіне ад адсутнасьці паліва. Назавіце. Цяпер! Я паеду туды. Назавіце мне цяпер!
    Навумчык: 3 шэрагу раёнаў Магілёўскай вобласьці людзі ня могуць трапіць у абласныя цэнтры, не працуюць аўтобусы...
    Шушкевіч: Гэта — іншае пытаньне. Ёсьць абмежаваньне па ўраджаі. Я ведаю, што скараціліся. Гэта рыначны падыход. Нерацыянальныя маршруты. Мы ў бюджэце не знаходзім такіх сродкаў. Гэта факт — але гэта так. Няма такіх сродкаў, каб існавалі аўтобусныя маршруты, няма сродкаў у бюджэце, вось тут у чым справа.
    Пазьняк: Ну там і гаспадарка паралізавана...
    Шушкевіч: Гаспадарка не паралізавана.
    Холад: Ды людзям за трыццаць кілямэтраў у шпіталь немагчыма патрапіць! Вось пра што гаворка.
    «Выйдзіце з ініцыятывай!»
    Трусаў: Вы цудоўна ведаеце: структура Савету міністраў нагадвае ЦК КПБ. Гэтых камітэтаў розных і службаў больш, чым міністэрстваў. Калі міністры нават не сядзяць з Кебічам, а сядзяць, як хлопчыкі, ззаду, а тут сядзяць нейкія невядомыя нам людзі. Калі мы да канца года захаваем старую структуру Саўміну — нас нічога добрага не чакае, што б там ні было ў Расеі ці ў Вашынгтоне. Вы паглядзіце, што атрымліваецца, як раздзьмуўся гэты апарат.
    Шушкевіч: Спадар Трусаў, а як яго зьмяніць?
    Трусаў: Як зьмяніць? Вельмі проста — пачаць з кіраўніка.
    Навумчык: Выйдзіце з ініцыятывай!
    Шушкевіч: Вас падтрымае Вярхоўны Савет?
    Навумчык: Выйдзіце з ініцыятывай!
    Шушкевіч: Вас падтрымае Вярхоўны Савет?
    Навумчык: Народ падтрымае.
    Пазьняк: I можа падтрымаць Вярхоўны Савет, калі правільна арганізаваць работу.
    Навумчык: Калі падтрымае народ — падтрымае і Вярхоўны Савет. Вярхоўны Савет не падтрымліваў незалежнасьць яшчэ ў траўні 1991 году.
    Шушкевіч: А вы знайшлі захад, каб вырашыць на гэтым Вярхоўным Савеце пытаньне аб незалежнасьці?
    Навумчык: Народ стаяў на Плошчы.
    Шушкевіч: Вы мне прабачце, знайшлі захад ці не?
    Пазьняк: Мы — знайшлі.
    Шушкевіч: Дык трэба шукаць і цяпер, такі, каб Вярхоўны Савет прыняў рашэньне.
    «А потым будзе вінаваты Шушкевіч»
    Трусаў: Калі мы на Вярхоўным Савеце паставім пытаньне аб справаздачы спадара Кебіча, не такое, як ён прывык, а па-сапраўднаму: хто вінаваты ў тым, што Рэспубліка Беларусь панесла шматмільённыя страты ў сельскай гаспадарцы — я казаў на Прэзыдыуме — і хто за гэта адказны? Канкрэтна!
    Шушкевіч: Я думаю, што можна ставіць такое пытаньне, для гэтага ня трэба нечарговай сэсіі.
    Трусаў: Гэта першае. Другое пытаньне. Чаму Саўмін ня ўносіць прапановы аб структуры Саўміну. Калі яны ня ўносяць — мы самі можам унесьці, дэпутаты таксама зразумеюць і зробяць. Я не сумняваюся, што значная частка дэпутатаў, і тых самых аграрнікаў, якія засталіся бяз паліва, падтрымаюць. Усё, цягнік пайшоў. Чаму не было нафты раней?
    Шушкевіч: Хутчэй будзе паліва тут, калі мы склічам сэсію?
    Трусаў: Хутчэй.
    Шушкевіч: Ведаеце, каб я быў у гэтым перакананы — я б такі падыход падтрымаў. Я не магу пераканаць у гэтым нават членаў Прэзыдыюму.
    Трусаў: А потым будзе вінаваты Шушкевіч.
    Холад: У членаў Прэзыдыюму машыны заўсёды запраўленыя. А вось што робіцца ў нас у раёне, калі сёньня яшчэ стаіць ячмень, авёс, палова бульбы. У які заўгодна калгас паедзьце ў Лагойскім раёне. Я ўчора ў Вялейскім раёне быў — тое самае.
    Шушкевіч: Я гаварыў з кіраўніцтвам гэтых раёнаў...
    Холад: Вы гаварылі з кіраўніцтвам абласьцей...
    Навумчык: Вось на будаўніцтва катэджаў у іх — так, бэнзіну хапае... I ўсяго іншага.
    Шушкевіч: Для такой гаворкі я нечарговую сэсію зьбіраць ня буду.
    Голубеў: Можна я задам адно пытаньне?
    Шушкевіч: Калі ласка.
    Голубеў: Станіслаў Станіслававіч! Той Вярхоўны Савет, якому застаецца, па вашым выказваньні, існаваньня два месяцы...
    Шушкевіч: Чаму два месяцы? Да сакавіка!
    Голубеў: А, ну разумееце, калі ўжо пачнуцца выбары... Я вось і да таго вяду: ці можа гэты Вярхоўны Савет, які ўжо сам, як вы кажаце, прымае... дайшоў да таго, што ён павінен сысьці з арэны... Ці мае ён маральнае і палітычнае права прымаць тыя — я гэтага слова не пабаюся — прымаць лёсавызначальныя для Беларусі рашэньні, тыя пытаньні, якія ўнесеныя ў парадак дня сэсіі. Маральна і палітычна — ці можа? I другое. Станіслаў
    Станіслававіч, вось са мной выбаршчыкі мае — у мяне і заўтра будзе сустрэча, і я сустракаўся ў акрузе — мяне пытаюцца: ці праўда, што зараз дэпутаты Вярхоўнага Савету актыўна займаюцца стварэньнем розных пасадаў, структураў для таго, каб было куды ўцячы. Ці праўда, што многія зараз ужо ўцякаюць зь Вярхоўнага Савету на гэтыя створаныя пад сябе пасады?
    Шушкевіч: Вы перада мной ставіце пытаньне? Я такога ня ведаю.
    Голубеў: Ня ведаеце?
    Шушкевіч: Ня ведаю. А вось я вам магу адказаць іншую пазыцыю. Што кваліфікаваныя дэпутаты, якія могуць займацца заканадаўчай, заканатворчай дзейнасьцю, якія ну нават, можа, ня маючы юрыдычнай кваліфікацыі, засвоілі гэтае пытаньне, — так многа вакансій, напрыклад, у тым самым апараце СНД, — я ўчора меў гаворку з Каратчэнем (выканаўчы сакратар СНД — С. Н.), — што гэта проста праблема! Проста праблема.
    Пазьняк: Тут праблема з СНД.
    Шушкевіч: Але гэта структура, якая фінансуецца і па якой ёсьць рашэньне шырокае, і я думаю, што яна будзе жыць значна даўжэй, чым, ва ўсялякім разе, Вярхоўны Савет гэтага скліканьня. Так што тут з пункту гледжаньня прагматычнага, таго, які вамі ўзьняты... Вось вам... I ня трэба ствараць гэтыя пасады — яны ёсьць. Яны ёсьць, і там патрабуюцца людзі.
    Голубеў: Ці можа гэты Вярхоўны Савет...
    Шушкевіч: Прапануйце іншы легітымны шлях.
    Навумчык: Выбары!
    Голубеў: Мы ж прапануем...
    Шушкевіч: Вы, прабачце, я вам зараз растлумачу, што робіце. Вы хочаце азлобіць гэты Вярхоўны Савет, ну каб яны не адбыліся і ў сакавіку... Маё разуменьне.
    Даўгалёў: СтаніслаўСтаніслававіч! Існуепэўны нарматыўны тэрмін ад моманту прыняцьця закону да пачатку выбараў...
    Шушкевіч: Я ўжо адказваў вам на гэтае пытаньне. Калі вы ставіце яго па-расейску, я патлумачу. У Расеі выбары будуць адбывацца 12-13 сьнежня. Нарматыўны тэрмін гэты існуе ў старой дзяржплянаўскай сыстэме, і там была процьма бюракратаў, якія толькі іх і падтрымлівалі і іншага нічога ня ведалі. Існуе нармальны, сэнсавы тэрмін. Я лічу, што калі прымем у лістападзе закон аб выбарах, то выбары правесьці ў сакавіку — няма праблем.
    Даўгалёў: Але ў нас жа няма нават першага чытаньня закону аб выбарах!
    Шушкевіч: А яно і не патрэбна! Адказваю на ваша пытаньне. Мы таксама вывучалі яго дэталёва. Закон аб выбарах можа быць прыняты — дарэчы, там і па паўпрапарцыйнай, прапарцыйнай сыстэме — як папраўкі да існуючага Закону аб выбарах і да Канстытуцыі існуючай. Іншага легітымнага шляху я ня бачу. Калі вы яго бачыце — прапануйце.
    «Вы ў тупіку знаходзіцеся!»
    Пазьняк: Вось тое, што прапануеце вы — гэта якраз шлях захаваць намэнклятуру. Таму што легітымны выхад быў адзіны. Які пацьвердзіўся чатырыста сарака тысячамі подпісаў людзей, якія сабралі іх за правядзеньне рэфэрэндуму аб новых выбарах. I рашэньнем, якое было прынята. I вы
    паспрыялі таму, каб Вярхоўны Савет парушыў і Канстытуцыю, так сказаць, і ўсё. I зараз ёсьць у Вярхоўнага Савету адзіны легітымны шлях. Адзіны. На які ён, канечне ж, ня пойдзе. Гэта прыняць тое рашэньне, якое было выстаўлена на рэфэрэндум. Закон гэта дазваляе. Іншага шляху няма, і ня будзе.
    Шушкевіч: Ну, як яго прыняць, можа мне падкажаце?
    Навумчык: Закон! Прыняць той Закон, які выносіўся на рэфэрэндум...
    Шушкевіч: Як яго прыняць?
    Пазьняк: Тая фармулёўка, якая прадстаўлена...
    Шушкевіч: «За» будзе 50 галасоў. Што будзем рабіць далей? Я гавару, што гэтак і будзем хадзіць па вуліцах, і гаварыць: «Мы дэпутаты, вось...»
    Пазьняк: Правільна.
    Шушкевіч: Тупік!
    Пазьняк: Гэта вы ў тупіку знаходзіцеся! Я вам канстатую,..