Запісы 39 дыск у дадатку

Запісы 39

дыск у дадатку
205.84 МБ
да яе, выніковай названая быць ня можа, як і ня можа быць названая этапнаю, — зборнік артыкулаў, пра зьмест якіх можна спрачацца, аднак любы чытач працаў Лявона Юрэвіча пацьвердзіць, што ў ягонай бібліяграфіі ёсьць і куды больш вартасныя выданьні. Вось чаму прадмова Ціхана Чарнякевіча да “Літштудыяў” чытаецца як своеасаблівы загадзя падрыхтаваны нэкралёг, час для якога прыйдзе, спадзяюся, ня вельмі хутка.
I гэта, бадай што, адзіны папрок, які рэцэнзэнт абавязаны выказаць у гэтым выпадку ўсім, хто меў дачыненьне да выданьня зборніку.
Цяпер мае сэнс перайсьці да аналізу тэкстаў, што ўвайшлі ў “Літштудыі”.
Нягледзячы на тое што перад намі менавіта зборнік артыкулаў, а не манаграфія, ён мае пэўную нутраную лёгіку, абумоўленую
навуковымі інтарэсамі аўтара. У першую чаргу гэта заўважна паводле ўлюбёных пэрсаналій, якім прысьвечаныя артыкулы. Такіх пэрсаналій тры — Янка Юхнавец, Уладзімер Караткевіч і Чорт, што часам прыкідваецца Сьмерцю.
Лявон Юрэвіч заслужана можа лічыцца найбуйнейшым знаўцам творчасьці Янкі Юхнаўца — надзвычай своеасаблівага й складанага беларускага паэта-эмігранта, на жаль, зацемненага ў вачах чытачоў постацямі іншых пісьменьнікаў-эмігрантаў, безумоўна выбітных Натальлі Арсеньневай, Алеся Салаўя й Масея Сяднёва. Менавіта Лявон Юрэвіч падрыхтаваў да выданьня найбольш поўны том паэзіі Юхнаўца, што пабачыў сьвет у Менску ў 2012 г.
У зьмест “Літштудыяў” увайшлі некалькі працаў, прысьвечаных асэнсаваньню фэномэну Юхнаўца, ягонай паэтыкі. Лявон Юрэвіч па-майстэрску ўпісвае свайго ўлюбёнага аўтара ў кантэкст эўраатлянтычнай культурнай традыцыі, выкарыстоўваючы тэарэтычныя напрацоўкі гэткіх розных мысьліўцаў, як Поль дэ Ман, Ханс-Георг Гадамэр ці Лорэнс Ліпкінг. Ня ведаю, ці быў знаёмы зь іхнымі працамі сам Юхнавец, але, думаю, яму спадабалася б выкарыстаньне інструмэнтарыю Гадамэра для аналізу ягонай творчасьці. Тым ня менш некаторая спрэчнасьць аўтарскіх высноваў цалкам апраўдваецца веданьнем матэрыялу: паўторым, што сп. Юрэвіч можа заслужана лічыцца найбуйнейшым знаўцам творчасьці Юхнаўца, значная частка спадчыны якога працягвае заставацца ў рукапісах.
Калі Юхнавец цікавіць дасьледчыка ў першую чаргу як паэт з арыгінальнай паэтыкай, то Караткевіч — як аб’ект пільнай увагі беларускай культурнай эміграцыі. Рэцэптыўная гісторыя беларускай літаратуры ўсё яшчэ не напісаная, але праблема ўзаемнага ўспрыманьня савецкай і несавецкай літаратуры (а пасьля распаду СССР — культурнай мэтраполіі й эміграцыі) непазьбежна будзе ў ёй адной з асноўных. Артыкул сп. Юрэвіча, прысьвечаны рэцэпцыі творчасьці Караткевіча беларускімі дасьледчыкамі-эмігрантамі і літаратуразнаўцамі-замежнікамі пакідае ў чытача непазьбежнае пачуцьцё недасказанасьці: хацелася б атрымаць болей інфармацыі, a стыль сп. Юрэвіча ў гэтай кнізе вымушана канспэктыўны (навуковец выразна не пажадаў дапісваць зборнік да фармату манаграфіі, нават калі й думаў пра гэта). Аднак бяз гэтай працы сп. Юрэвіча наўрад ці зможа ўжо сёньня абысьціся любы ўдумлівы чытач аўтара “Каласоў...” і “Хрыста...”. У будучыні ж гэтая невялікая праца стане да пэўнай ступені канспэктам разьдзелу ў калектыўнай шматтамовай працы (калі казаць пра самога аўтара) або прыкладам таго, як варта пісаць рэцэптыўную гісторыю.
Нарэшце, трэці герой — спрадвечны вораг роду чалавечага, які выяўляецца ці Чортам, ці Сьмерцю, але ад гэтага не перастае быць
менш прывабным для любога пісьменьніка. На адносінах аўтара “Літштудыяў” з героем мы спынімся адмыслова, паколькі згаданы сюжэт здаецца нам надзвычай важным.
Лявон Юрэвіча — магчыма, праз тое, што ён не знаходзіцца ў беспасярэдняй залежнасьці ад беларускіх постсавецкіх (і, скажам шчыра, неасавецкіх) навуковых інстытуцый, — дастаткова вольны, каб ня толькі апісваць лёсы асобных літаратурных дзеячаў, гісторыю тэкстаў, але і трактаваць тыя лёсы й тэксты, не аглядаючыся на навуковы генэралітэт. Ягоныя ацэнкі аказваюцца таму сьвежымі й неардынарнымі.
Прывядзём прыклад.
Адзін з найбольш заўважных, на наш погляд, артыкулаў, уключаных аўтарам у зборнік, прысьвечаны казачнай аповесьці Зьмітрака Бядулі “Срэбраная табакерка”. Аповесьць гэтая, на думку сп. Юрэвіча, якая супадае і з нашаю, знаходзіцца на маргінальным становішчы ў беларускіх дасьледчыкаў. Яе лічаць ня надта “сур’ёзнай”, і, напрыклад, у аднатамовік выбраных твораў Бядулі, што выйшаў у выдавецтве “Кнігазбор”, яна ўключаная не была. Але Лявон Юрэвіч падыходзіць да казкі зь нечаканага боку — ён трактуе яе як “казку з ключом”. Нагадаем пра той фурор, які зрабілі некалі артыкулы, прысьвечаныя казцы Аляксея Талстога “Залаты ключык”, калі, прааналізаваўшы яе як “казку з ключом” (фактычна — адкрыўшы для дарослага чытача), Мірон Пятроўскі ўбачыў у ёй прысутнасьць паўнавартасных і вельмі жывых ацэнак Талстым калізій мастацка-літаратурнага жыцьця Петраграду 1910—1920-х гг. П’еро, памятаецца, аказаўся Блокам, Арлекін — Андрэем Белым, а Карабас Барабас — і зусім Меерхольдам. Лявон Юрэвіч пераканаўча даводзіць, што Бядуля зь ягоным гіранічным стаўленьнем да рэалій міжваеннай савецкай эпохі ў нейкі момант прыходзіць да неабходнасьці выказаць свае ацэнкі ў зашыфраванай форме. I ў гістарычнай прозе, і ў прозе казачнай ён насяляе прастору тэксту гэроямі, за якімі ўгадваюцца рэальныя асобы і іхныя лёсы.
I Сьмерць робіцца для пісьменьнікаў адным з ключавых пэрсанажаў. Яна здольная схавацца паўсюль — і тое, што яна хаваецца ў табакерцы, ня робіць яе менш небясьпечнай. У любы момант можа яна вырвацца навонкі — і стаць паўнавартаснай царыцаю сьвету.
Калі ў “Язэпе Крушынскім” Бядуля хавае сваіх апанэнтаў пад цалкам зразумелымі імёнамі, дык у “Сярэбранай табакерцы” ў алегарычнай форме выяўляецца эпоха — зь ейным гвалтам, зь няспыннай пагрозаю творчай асобе. Аўтар хрэстаматыйна навязлага ў зубах апавяданьня “Пяць лыжак заціркі” выяўляецца мастаком, які здолеў адарвацца ад прымітыўна народніцкага ўспрыманьня рэчаіснасьці, уласьцівага шмат якім беларускім празаікам дарэвалюцыйнага прызыву, і па-
філязофску асэнсаваць сучасную яму рэчаіснасьць. Іншая справа, што чытач ня змог падняцца на дастаткова высокі ўзровень, каб ацаніць майстра. А магчыма і адваротнае: зразумеў, але вырашыў зрабіць выгляд, што не зразумеў галоўнага, што ўтрымлівалася ў фармальна казачным тэксьце.
У гэтым дачыненьні паказальны і заключны артыкул зборніку — “Сьмерць у люстэрку беларускай літаратуры”. Лявон Юрэвіч у назове нібыта працягвае гульню Зьмітрака Бядулі, але ўжо не з эпохаю, а зь літаратурнымі тэкстамі, нагадваючы нам вядомую кнігу Адама Мальдзіса “Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры". Пры гэтым сп. Юрэвіч падкрэсьлівае, што супрацьстаяньне паняцьцяў “Сьмерць — Памяць” наогул характэрна для беларускай літаратуры, і яшчэ больш узмацняе паралель: мэмуарная творчасьць, урэшце, ёсьць спробаю рэалізаваць патэнцыял памяці ў адной з магчымых формаў. Хацелася б адзначыць, што такі падыход, на наш погляд, ёсьць наватарскім. Аднак рэцэнзэнт мае прызнацца, што ягоныя ўласныя ўяўленьні па дадзенай тэме сфармаваныя расейскім літаратурным і навуковым кантэкстам, а таму меркаваць, ці былі папярэднікі ў сп. Юрэвіча ў гэтым падыходзе, нам казаць складана. Адзначым толькі, што вырашаная пераважна на матэрыяле творчасьці аўтараў-эмігрантаў праблема ўжо таму зьяўляецца надзвычай важным крокам наперад: замежны мацярык беларускага літаратурнага сьвету ўсё яшчэ недастаткова дасьледаваны.
Можна сказаць, што сам сп. Юрэвіч цалкам мог бы стаць героем сваёй кнігі — не цэнтральным, але дастаткова яркім, бо, супрацьпастаўляючы Сьмерці (г. зн. Забыцьцю) Жыцьцё (г. зн. Памяць), ён робіць усё, каб ажывіць забытых, гэта значыць памерлых для нас ці не зусім ацэненых намі, аўтараў. I тое яму ўдаецца цалкам.
Менавіта таму хочацца пацьвердзіць нашую думку: прадмовы нэкралягічнага кшталту да кніг Лявона Юрэвіча пісаць рана. Дасьледчык жывы, працуе, піша. I ягоныя літаратурныя штудыі яшчэ ня раз прымусяць нас задумацца пра адэкватнасьць успрыманьня беларускай нацыянальнай культуры.
Юры Грыбоўскі
Варшава
. БЕЛАРУСЫ Ў ЗНІА
Вітаўт Кіпель. Беларусы ў ЗША. Менск: Кнігазбор, 2017. — 632 с.
Кніга, якую мы зараз трымаем у руках, гэта другое (дапрацаванае й пашыранае) выданьне працы “Беларусы ў ЗША” аўтарства Вітаўта Кіпеля, выбітнага беларускага навукоўца, гісторыка, грамадзкага дзеяча на эміграцыі, аўтара шэрагу грунтоўных і фундамэнтальных публікацый, прысьвечаных беларускай гісторыі й беларусістыцы. Нагадаем, што першае выданьне пабачыла сьвет у 1993 гУ Менску1, а паміж абодвума выданьнямі ў 1999 г. выйшаў яшчэ й ангельскамоўны варыянт. Паводле словаў аўтара, падрыхтоўка другога выданьня доўжылася каля двух гадоў, цягам якіх аўтару дапамагалі Натальля Гардзіенка й Лявон Юрэвіч.
Дадзеная кніга ёсьць плёнам шматгадовай і цяжкай працы ў архівах і бібліятэках, а таксама вынікам уласных перажываньняў і назіраньняў. Гартаючы працу Вітаўта Кіпеля, мімаволі пераконваешся, што такая кніга магла выйсьці толькі з-пад пяра вельмі здольнага дасьледчыка, чыннага ўдзельніка беларускай дыяспары, чалавека зь вялізным жыцьцёвым досьведам. Крыніцавую базу дасьледаваньня складаюць матэрыялы Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку, амэрыканскіх установаў і беларускіх эміграцыйных арганізацый, сьведчаньні відавочцаў, уласныя зборы аўтара2.
1 Кіпель, Вітаўт. Беларусы ў ЗША. Менск: Беларусь, 1993. — 348 с.
2 Частка архіву Вітаўта Кіпеля захоўваецца ў зборах Архіву Цэнтру дасьледаваньняў іміграцыі Ўнівэрсытэту Мінэсоты (Мінэапаліс).
Пазнавальную й навуковую каштоўнасьць кнігі насамрэч цяжка пераацаніць. Безумоўна, гэтую працу належыць залічыць да дасьледаваньняў фундамэнтальнага характару. Кніга ёсьць грунтоўны кампэндыюм ведаў пра гісторыю й сучаснасьць беларускай дыяспары ў ЗША. Адначасова гэта дасканалы шляхавод па арганізацыях, падзеях і постацях Беларускай Амэрыкі.
Манаграфія ўяўляе зь сябе прэзэнтацыю падзей і фактаў у адпаведнасьці з храналягічным парадкам. Чытач знойдзе ў ёй зьвесткі пра першых эмігрантаў зь Беларусі, якія ў XVII—XIX стст. апынуліся на амэрыканскай зямлі, даведаецца пра першыя спробы беларускай дзейнасьці ў міжваенны час, а таксама актыўнасьць у гады Другой сусьветнай вайны. Асноўная ж ўвага, натуральна, надаецца гісторыі паваеннай беларускай эміграцыі. Аўтар асьвятляе ўсе бакі жыцьця амэрыканскіх беларусаў у гэты час: падрабязна разглядае палітычную, рэлігійную й грамадзка-культурніцкую чыннасьць, робіць спробу стварэньня сацыяльнага партрэту амэрыканца-беларуса, аналізуе месца беларусікі ў сродках масавай інфармацыі ЗША. Наватарствам ёсьць таксама асьвятленьне яшчэ аднаго малавядомага аспэкту жыцьця на чужыне, а менавіта працэсу асыміляцыі (амэрыканізацыі) эмігрантаў-беларусаў. На некаторыя пытаньні складана, аднак, знайсьці дакладныя адказы. Напрыклад, гэта тычыцца колькаснага складу амэрыканскіх беларусаў, а дасюлішнія спробы падлікаў маюць арыентацыйны характар. Аўтар раскрывае прычыну гэтага стану рэчаў і піша, што працяглы час беларусы адсутнічалі ў амэрыканскіх нацыянальных статыстыках, датычных эмігрантаў зь Беларусі, якія, падобна як прадстаўнікі іншых народаў Расейскай імпэрыі, заганяліся ў рубрыку “расейцы”. Аўтар слушна адзначае, што гэткая палітыка мела далёкасяжныя наступствы для беларусаў і іх нацыянальнага самавызначэньня на чужыне.