Запісы 39 дыск у дадатку

Запісы 39

дыск у дадатку
205.84 МБ
Цяпер з такой нагоды мы можам адкрыць “Выбранае” Уладзімера Самойлы.
He, гэта, вядома ж, не хрэстаматыя для сучаснага агітатара й прапагандыста беларушчыны. Але гэта менавіта тая філязофія, зь якой вырастае публіцыстычна завостраная й аксіёматычна бясспрэчная нацыянальная ідэя, прыдатная для скарыстаньня, нацыянальная праграма, зразумелая ў выкананьні.
Менавіта ў гэтым бачыцца мне вялікая гістарычная справядлівасьць: творы выбітнага беларускага філёзафа Ўладзімера Самойлы, дасюль не зьбіраныя, прыходзяць да чытача менавіта сёньня, тады, калі яны нам асабліва патрэбныя. Так, з пункту гледжаньня справядлівасьці чалавечай такое выказваньне выглядае занадта цынічным, але апраўданьнем мне — Самойлаў крытычны аптымізм, які вучыць скарыстоўваць непазьбежнае гістарычнае зло дзеля перамогі нацыянальнага дабра.
“Абсалютнае зло — гэта ленасьць волі”, — фармулюе Ўладзімер Самойла. “Бязспынная творчая актыўнасьць, якая чынна змагаецца з злом, ператвараючы яго ў дабро” — наша агульнае выратаваньне. Сапраўды, у тым, што Ўладзімер Самойла, як і іншыя беларускія філёзафы — Ігнат Дварчанін, Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), Тамаш Грыб, Мар’ян Зьдзяхоўскі, Адам Бабарэка — былі выкрасьленыя з навуковага й чытацкага ўжытку, шмат у чым менавіта “ленасьці волі” народу, спакутаванага ў бясконцых войнах і акупацыях. Але колькі бясспыннай творчай актыўнасьці, чыннага змаганьня з гэтым непазьбежным нацыянальным злом у факце зьяўленьня “Збору твораў” Адама Бабарэкі, “Выбранага” Тамаша Грыба, зараз — “Выбранага” Ўладзімера Самойлы, колькі сапраўднай самаахвярнай працы, якая, пэўна, ня мела б таго нутранага стрыжня, той рамантычнай напружанасьці, якой асьветлена сёньня дзейнасьць рупліўцаў беларушчыны, калі б не была адказам на гэтае крыўднае забыцьцё й прыкры ігнор афіцыйнай акадэмічнай навукі. Як сапраўдны й правадзейны крытычны аптыміст (а ўсё — чытаньне Самойлы!), не магу не зазначыць: мо яно й добра, што такія выданьні сёньня — справа не акадэмічных інстытутаў і дзяржаўных філялягічных службаў, а грамадзкіх аб’яднаньняў і асабістых ініцыятываў. Такія сэрыі, як “Спадчына: агледзіны”, такія кнігі, як “Выбранае” Ўладзімера Самойлы, тое, што нясе ў сабе нутранае сьвятло альтруістычнай навукі, захоўваюць тое прыгожае імкненьне й імпэт, які кіраваў іх героямі, творцамі міжваеннага часу. Гэтая тугая спружына той самай самойлаўскай творчай актыўнасьці выразна бачна ў сьціслай, пругкай прадмове да выданьня Натальлі Гардзіенкі й Лявона Юрэвіча, у зьмесьце, у падборы матэрыялу, у ёмкіх, зьмястоўных камэнтарах, напісаных укладальнікамі й Аляксандрам Пашкевічам.
Яна ж кіруе шпаркім бегам крытычна-біяграфічнага нарысу, напісанага Ўладзімерам Конанам: нягледзячы на аб’ектыўна небагатыя
зьвесткі пра жыцьцё Ўладзімера Самойлы, якія меў дасьледчык перад сабой, чытачу прапанаваная максымальна насычанае чытаньне — насычанае ня толькі фактаграфічна, але й эмацыйна. Наогул гэтая эмацыйнасьць навуковага тэксту, адзнака сапраўднай дасьледчыцкай апантанасьці, непазьбежны спадарожнік творчай актыўнасьці, уласьцівая й кожнаму тэксту самога Ўладзімера Самойлы.
Найперш, вядома ж, легендарнае эсэ “Гэтым пераможаш!”, cappa выданьня, спружына творчай спадчыны філёзафа. Насамрэч яно павінна быць раскладзенае (і будзе раскладзенае!) на цытаты, статусы ў сацыяльных сетках, эпіграфы да манаграфій і формулы, ад якіх пачынаецца сур’ёзная філязофская спрэчка. Празрыстасьць і доказнасьць асноўнай ідэі, аўтарская ўпэўненасьць у ёй, бясспрэчная аргумэнтацыя й лёгкая вобразная мова, якой усё гэта выкладзена, робяць “нарысы крытычнага аптымізму” сур’ёзнай заяўкай на фармулёўку нацыянальнай ідэі, прыдатнай для сучаснага скарыстаньня. Для чалавека, у памяць якога ўжо пакладзена крывавае дваццатае стагодзьдзе зь ягонымі немагчымымі пытаньнямі й патрэбамі даваць на іх адказы, крытычны аптымізм Уладзімера Самойлы выглядае на шклянку чыстай пітной вады, надта простай пасьля філязофскіх напояў постмадэрну, але неабходнай хоць каб проста спатоліць смагу, а потым — і атрымаць сілы пераўтвараць ваду ў віно.
Далей — крытычныя артыкулы, прысьвечаныя творчасьці Янкі Купалы, Казіміра Сваяка, Натальлі Арсеньневай, літаратурнай пэрыёдыцы й асобным творам аўтараў 1920—1930-х гг. Крый божа, калі б раптам зьніклі ўсе мастацкія творы, а засталіся толькі крытычныя працы й школьныя падручнікі з цытатамі колішніх аэдаў і рапсодаў, як гэта некалі здарылася ў вогнішчы Александрыйскай бібліятэкі, дык няхай бы тыя падручнікі складаў Уладзімер Самойла — настолькі шчодра ён цытуе вершы сваіх герояў, настолькі трапна й густоўна адбірае матэрыял для аналізу. Героі ягоных крытычных разбораў паўстаюць перад чытачом ва ўсім багацьці паўсядзённасьці, у якой засьпеў іх крытык — тэматычнай, вобразнай, творчай і чалавечай. I адначасова, сабраныя разам, разборы гэтыя складаюцца ў бясконцы канструктыўны розум аб тым, што ёсьць беларус, Беларусь, душа беларуская, дзе праходзіць мяжа беларускага й чужога, што ёсьць нацыянальнае, а што — прынесенае звонку. Неадступная думка Самойлы пра нацыянальную ідэнтычнасьць і стратэгію будаваньня нацыі счытваецца амаль у кожным ягоным артыкуле.
Яшчэ адно багацьце выданьня — лісты.
I ў лістах Уладзімера Самойлы выразна бачу я тое высокае імкненьне думак, тую незвычайную ўнутраную праблематыку, той асаблівы строй, які ўласьцівы, прыкладам, эпісталярным і мэмуарным тэкстам выбітных дзеячаў рускага Сярэбранага веку й “новай
рэлігійнай сьвядомасьці” Андрэя Белага, Аляксандра Блока, Паўла Фларэнскага, Мікалая Бярдзяева. Тое, што становіцца тэмай абмеркаваньня звычайнага, падавалася б, ліста — ці ліста да рэдактара — насамрэч ёсьць тэмай філязофскай працы, экзістэнцыйнага роздуму, якім сапраўды жыве адрасант Уладзімер Самойла пасярод няўтульнага, беднага, нішчымнага міжваеннага жыцьця. Асаблівая, у нечым нават інтымная шчырасьць, зь якой ён дзеліцца сваімі ўласнымі перажываньнямі й думкамі пра роднае, нацыянальнае, грамадзянскае, сусьветнае, — уражвае.
Дарэчы, з Аляксандрам Блокам Уладзімер Самойла быў добра знаёмы па пецярбурскім жыцьці, стала ліставаўся, меў у хатняй бібліятэцы зборнікі ягоных вершаў з інскрыптамі, але сувязі паміж імі былі значна глыбейшыя за сяброўскае ліставаньне. Як і для Блока, для Ўладзімера Самойлы філязофскія пытаньні былі пытаньнямі жыцьцятворчымі. Прадмет філязофскага пошуку — нацыянальнае самавызначэньне, роля мовы й адукацыі на роднай мове ў жыцьці народу ды асобнага грамадзяніна, пераход ад духоўнай ляноты да творчай актыўнасьці ў нацыянальным кірунку, усьведамленьне нацыі ў сабе й сябе ў нацыі — гэтыя пытаньні Самойла вырашаў практычна, падпарадкоўваючы ім уласны лёс.
Наогул, і тэматыка, і праблематыка, і стылістыка тэкстаў Уладзімера Самойлы вырастаюць на той жа глебе ды жывяцца тымі ж сокамі, што й эўрапейская філязофія пачатку стагодзьдзя: гэта тое ж пераасэнсаваньне клясычных пастулатаў, хрэстаматыйных фармулёвак, фундамэнтальных муроў і бясспрэчных ісьцінаў праз рэлігійныя прызмы, адмытыя ад стэрэатыпных напластаваньняў папярэдняга тэалягічнага пошуку. I ён бы стаўся для нас, пэўна, шараговым эўрапейскім філёзафам і публіцыстам, калі б ня быў сапраўдным беларусам у сваіх развагах і высновах. Нашае, беларускае — і ў шматмоўі творчай спадчыны, і ў цяжкім, але ўпартым шляху да мовы, і ў абагульненым рэлігійным патасе, і ў часовай аўтарскай няўпэўненасьці, і ў выразным адчуваньні культурнага “скрыжаваньня”, на якім даводзіцца стаяць, як на юры, са сваімі невыноснымі пытаньнямі, якія не цікавяць паблізу нікога, апрача самога цябе.
Гэтая адзінота, сьвятая самота беларускага культурніка, якую зьведалі пэўна ўсе, хто стаяў на пачатку і новай беларускай літаратуры, і новай беларускай філязофіі (і ці не яна так добра вядомая нам і сёньня?), выразна адчуваецца ў тэкстах, якія фіналяць выданьне: у фактаграфічна насычаным нарысе польскай дасьледчыцы Аляксандры Бэргман, поўным каштоўных біяграфічных зьвестак юбілейным артыкуле Станіслава Станкевіча, а таксама ў кранальным і зьмястоўным інтэрвію сына Уладзімера Самойлы, якога напрыканцы стагодзьдзя адшукала Аляксандра Бэргман. “Одйн меж нйх в ревуіцем
пламенй й дыме” — радкі Максіміліяна Валошына напісаны нібыта й пра Ўладзімера Самойлу, які сапраўды захоўваў свой выключны, неангажаваны погляд на гістарычнае разьвіцьцё беларускай нацыі й дзяржавы пасярод сусьветных рэвалюцый, войнаў, тэрытарыяльных падзелаў і цяжкіх умоваў чалавечага побыту.
I хіба нам сёньня часам не даводзіцца адчуваць сябе гэтаксама? Хіба наогул у беларусаў ёсьць іншыя варыянты самаадчуваньня? I што застаецца нам, акрамя нашага нацыянальнага майстэрства ператвараць непазьбежнае навакольнае гістарычнае зло ў спрадвечнае народнае дабро? “Народ стаецца тым, чым ён сам сябе штодзённа робіць”, — піша Ўладзімер Самойла. Рупнае зьбіраньне й захаваньне таго, што засталося нам ад папярэднікаў, пільная ўвага да таго, што робяць на карысьць народную сучасьнікі, няспынная творчая праца дзеля будучыні сваёй краіны, якую ніхто болей не забярэ, — здаецца, простая й натхняльная праграма на кожны беларускі дзень.
Гэтым — пераможам. I дапамагай нам, паўтаруся я за ўкладальнікамі “Выбранага” Ўладзімера Самойлы, — і дапамагай нам крытычны аптымізм!
Натальля Гардзіенка
Яна Славіна
КНІЖНЫ АГЛЯД
Цягам 2016—2017 гг. пабачыла сьвет адметная колькасьць кніг, зьвязаных з эміграцыязнаўчай тэматыкай. На вялікую частку зь іх у гэтым выпуску “Запісаў” падаюцца адмысловыя рэцэнзіі, таму яны ня ўключаныя ў сёлетні больш сьціплы, чым традыцыйна, агляд. Тут жа прапануем кароткія згадкі пра некаторыя выданьні, наўпрост ці пасярэдна зьвязаныя з тэмаю беларускага замежжа, што пабачылі сьвет цягам апошніх гадоў.
Можна згадаць адразу некалькі выданьняў, зьвязаных зь беларускай прысутнасьцю ў балтыйскіх краінах. Так, у 2016 г. пабачыла сьвет другая кніга з сэрыі “Беларусы ў Літве: учора і сёньня”, гэтым разам прысьвечаная рэлігійнай гісторыі, што адлюстроўваецца ў падназове “3 Богам па-беларуску” (Вільня, 2016). Аўтар-укладальнік Аляксандар Адамковіч сабраў і прадставіў чытачам вялікую колькасьць дакумэнтаў, зьвязаных як зь дзейнасьцю паасобных беларускіх сьвятароў і актывістаў, так і з працай розных установаў, выданьнем пэрыёдыкаў і інш., што паказвае рэлігійнае жыцьцё (і праваслаўных, і каталікоў, і пратэстантаў) і ў міжваенны пэрыяд, і ў сучаснасьці. У кнізе багата ілюстрацыйнага матэрыялу, і яна, безумоўна, ня можа застацца па-за ўвагай дасьледчыкаў беларускай прысутнасьці ў Літве, а таксама рэлігійнай гісторыі Беларусі.