Запісы 39 дыск у дадатку

Запісы 39

дыск у дадатку
205.84 МБ
Зьмест і якасьць тэкстаў зборніку дазваляе зрабіць некаторыя агульныя заўвагі наконт стану й пэрспэктываў вывучэньня беларускага замежжа. Ня можа ня радаваць тэндэнцыя паступовага росту цікавасьці да дыяспарнай праблематыкі ў дасьледчыкаў, пашырэньне тэматычнай разнастайнасьці, увага й да гісторыі, і да сучаснасьці. Важна й тое, што аўтары не абмяжоўваюцца пераказваньнем раней апублікаваных тэкстаў, а выкарыстоўваюць у сваіх працах арыгінальныя, у тым ліку й архіўныя, крыніцы. Усё гэта робіць зборнік “Да гісторыі беларускай дыяспары. Сшытак 2” ня толькі цікавым чытвом ды ілюстрацыяй стану эміграцыязнаўства, але й крыніцай арыгінальнай інфармацыі ды правакацыяй для новых дасьледаваньняў.
Н.Г.
Гардзіенка, Натальля; Юрэвіч,Лявон. Хронікі БІНіМу: Гісторыя Беларускага інстытуту навукі і мастацтва у дакументах, лістах і ўспамінах. Мінск: Кнігазбор, 2017. — 352 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 33). (Наклад 200 ас.)
На фоне выданьня кніг пра эміграцыйныя Раду БНР, БЦР, Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі, падрыхтоўкі выданьня пра Беларуска-Амэрыканскае задзіночаньне цалкам заканамерным выглядае зьяўленьне працы, прысьвечанай Беларускаму інстытуту
навукі й мастацтва. Гэтая ўстанова, што паўстала ў 1951 г. і мела на мэце аб’яднаньне беларускіх інтэлектуалаў, якія апынуліся на Захадзе, стала эпіцэнтрам нацыянальнага навукова-культурнага жыцьця эміграцыі. Згуртаваўшы каля сотні пісьменьнікаў і мастакоў, кампазытараў і мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў ды іншых навукоўцаў, БІНіМ ладзіў дыскусіі, прэзэнтацыі, выставы, канфэрэнцыі, выдаваў і працягвае выдаваць пэрыёдыкі ды кнігі. Дзейнасьць гэтай інстытуцыі даўно патрабуе сур’ёзнага вывучэньня й асэнсаваньня, і праца Натальлі Гардзіенкі й Лявона Юрэвіча ёсьць першаю прыступкаю на гэтым шляху.
Зрабіць кнігу, прысьвечаную дзейнай да сёньня арганізацыі, тым болын у працу якой заангажаваныя самі аўтары, — надзвычай складаная задача. I Натальля Гардзіенка й Лявон Юрэвіч знайшлі добрае яе вырашэньне, абраўшы жанр хронікі й аддаўшы права расказваць пра БІНіМ самім ягоным стваральнікам і ўдзельнікам. Абапіраючыся на дакумэнты з архіву БІНіМу, які ў працэсе падрыхтоўкі кнігі працягваў свой дрэйф зь Нью-Ёрку ў Менск, у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры й мастацтва, аўтары выбудоўваюць гісторыю інстытуцыі паводле лістоў і справаздачаў, пратаколаў і інфармацыйных паведамленьняў, успамінаў і прэс-рэлізаў. У выніку чытач атрымоўвае жывую карціну дзейнасьці БІНіМуўрозныя часы: бачыць намаганьні Вітаўта Тумаша па наладжваньні выдавецкай і канфэрэнцыйнай дзейнасьці, можа ацаніць працу ягонага наступніка Вітаўта Кіпеля па ўмацаваньні фінансавага грунту арганізацыі, разбудове выдавецтва, наладжваньні кантактаў зь Беларусьсю. Шырокае ліставаньне паказвае, у якіх умовах даводзілася працаваць заснавальнікам інстытуту, пераадольваючы часам супраціў сваіх жа калегаў-суродзічаў. Яно ж сьведчыць, як шмат было зроблена ў справе дапамогі суайчыньнікам на Бацькаўшчыне ад пачатку 1990-х — лісты ў БІНіМ зь Беларусі, a таксама словы некаторых прыяцеляў арганізацыі зь Беларусі (Адама Мальдзіса, Радзіма Гарэцкага, Уладзімера Арлова, Генадзя Сагановіча) тое пацьвярджаюць.
Выдатна адлюстроўваюць “Хронікі...” даробак БІНіМу ды тое, якімі намаганьнямі ён ствараўся. Справаздачы Вітаўта Тумаша, сьпісы
тэматычных зборак, выдадзеных кніг, абшырны зьмест “Запісаў”, якіх на сёньня выйшла ўжо 38 нумароў, — усё гэта гаворыць само за сябе.
I яшчэ адзін важны момант, пра які сьведчыць “Хронікі...”: БІНіМ — гэта людзі. Роля канкрэтных асобаў (асабліва кіраўнікоў) у гісторыі арганізацыі выключная. Менавіта ад актыўнасьці і ўласных зацікаўленьняў ды здольнасьцяў двух Вітаўтаў — Тумаша ды Кіпеля, а таксама падтрымкі іх найбліжэйшага атачэньня залежалі зьмест і абсягі дзейнасьці інстытуту. Уяўленьне пра тое, што БІНіМ — гэта людзі, адлюстравалася й на вокладцы кнігі, дзе зьмешчаныя партрэты найбольш актыўнай часткі ягоных сябраў, і ў здымках на ўклейцы, і ў адмысловым біяграфічным даведніку, што прадстаўляе жыцьцёвыя й творчыя лёсы ўдзельнікаў арганізацыі.
“Хронікі БІНіМу”, безумоўна, не вычэрпваюць гісторыю інстытуту, не замяняюць і не адмяняюць патрэбы напісаньня адпаведнай аналітычнай працы, але даюць для яе каштоўныя крыніцы, ствараюць базу, на якую змогуць абаперціся наступныя дасьледчыкі.
Я. С.
БЕРАГУ МАЙГО ЗАРНІЦЫ
Запруднік, Янка. Берагу майго зарніцы: Паэзія (1946—2017). Дзёньнік(і949—1954).Мінск:Лімарыус,2017.— 264c. (Наклад300ас.)
Новая кніга вядомага амэрыканскага беларуса Янкі Запрудніка “Берагу майго зарніцы”, што пабачыла сьвет у Менску, выглядае своеасаблівым “вяртаньнем да вытокаў” — большасьць апублікаванага датычыць часоў студэнцтва.
Першую частку выданьня складае паэтычны даробак гісторыка, журналіста й грамадзкага дзеяча: ад першых вершаў яшчэ гімназічнага часу да сёлетняй ’‘Надзінай малітвы”, прысьвечанай жонцы. Часам даводзілася сустракаць у літаратуразнаўцаў нараканьні, што Сяргей Ясень (пад гэтым псэўданімам пачынаў пісаць вершы Янка Запруднік) дарма не працягваў паэтычную творчасьць, спыніўшы яе ў маладосьці на самым узьлёце. Іншыя справы й абавязкі падаліся больш важнымі й надзённымі, а вершы засталіся
Янка Запруднік
раскіданымі па розных пэрыёдыках. Дзякуючы новай кнізе Янкі Запрудніка публіка й дасьледчыкі могуць атрымаць найбольш поўнае ўяўленьне пра ягоную паэтычную спадчыну, ацаніць яе комплексна: і вершы, і эпітафіі, і паэму.
Другую найважнейшую частку кнігі складае дзёньнік, які Янка Запруднік вёў у 1949—1954 гг. Часткова ён ужо публікаваўся ў кнізе “Дванаццатка”, таксама прысьвечанай таму самаму пэрыяду жыцьця аўтара. Тут жа падаецца болып поўны варыянт зь некаторымі аўтарскімі камэнтарамі. Гэта дзёньнік маладога беларуса, які імкнецца атрымаць вышэйшую асьвету, працуе над сабою, зьяўляецца актыўным удзельнікам беларускай грамады, падарожнічае, шукае сваё каханьне.
Запісы нераўнамерныя: напачатку яны амаль штодзённыя — у 1949 г. Янка Запруднік зь сябрамі працаваў на капальнях у Ангельшчыне і чакаў вырашэньня справы са стыпэндыямі для навучаньня ва ўнівэрсытэце. Дзёньнік дапамагаў юнаку адрэфлексаваць свае жаданьні і надзеі, выказаць пачуцьці, упарадкаваць думкі. Па запісах можна прасочваць зьмены настрою і чаканьняў у дачыненьні і да навучаньня, і наогул да ўласнай будучыні. У 1950 г. пачалося навучаньне ў Каталіцкім унівэрсытэце ў Лювэне, і дзёньнікавыя запісы сталі менш рэгулярнымі. Сам аўтар тлумачыць гэта штодзённай занятасьцю, а таксама тым, што шмат часу стала забіраць абшырная карэспандэнцыя. Пацьвярджае гэта і папярэдняя кніга Янкі Запрудніка, што зьмяшчала якраз ягонае ліставаньне з 1950-х гг. Запісы за апошні год навучаньня наогул эпізадычныя. Гэта абсалютна натуральна для дзёньніка, які ствараўся для сябе, без ідэі публікацыі і фіксаваньня падзей поўнага і пасьлядоўнага.
Чым можа быць цікавы такі дзёньнік? Пра што ў ім можна прачытаць? Найперш ён адлюстроўвае штодзённае жыцьцё моладзі: умовы, у якіх яна жыла, матэрыяльныя складанасьці і іх пераадоленьне, інтарэсы, жаданьні, мэты. Можна зразумець, што ўяўляла зь сябе праца ў капальнях і студэнцкі побыт, прачытаць, як хадзілі на танцы, у кіно, езьдзілі на канцэрты і ў тэатры, як займаліся самаадукацыяй. Есьць у нататках і некаторыя інтымныя моманты разваг пра тых ці іншых дзяўчат, якія цікавілі аўтара. I калі пачынае Янка Запруднік весьці дзёньнік як малады чалавек “у пошуку”, то пры канцы яго ён ужо ня бачыць свайго жыцьця безь сяброўкі Вольгі, што стала неўзабаве ягонай першай жонкаю.
Найбольш зьмястоўныя запісы дзёньніку, і гэта таксама вытлумачальна, прысьвечаныя падарожжам. Адведваньне Лёндану, Парыжу, Мюнхену, Бэрліну, Вэнэцыі, Флярэнцыі, Рыму, Нью-Ёрку, Вашынгтону і шмат якіх іншых меншых гарадоў і мястэчак Старога і Новага Сьвету — шырокая геаграфія вандровак беларускага студэнта пачатку 1950-х. Падарожныя нататкі даволі розныя. Недзе проста згадваюцца
Натальля ГАРДЗІЕНКА, Яна СЛАВІНА турыстычныя славутасьці і выказваюцца эмоцыі захапленьня тым ці іншым месцам ці музэем. У іншых нататках можна адшукаць унікальныя дэталі. Прыкладам, як праваднік у экскурсіях па Лёндане, тады яшчэ студэнт мясцовага ўнівэрсытэту Аляксандар Надсан плянаваў разам са сваім сябрам узьлезьці на калёну Нэльсана на Трафальгарскай плошчы, або як а. Пётра Татарыновіч вадзіў моладзь на экскурсію па рамскіх катакомбах, ці як у часе побыту ў Флярэнцыі ў манастыры беларусаў заядалі камары.
Безумоўна, важным складнікам дзёньнікавых запісаў зьяўляюцца зьвесткі пра ўнівэрсытэцкае жыцьцё: дзейнасьць студэнцкага згуртаваньня, міжасабовых дачыненьняў студэнтаў розных нацыянальнасьцяў, складанасьці навучаньня — фіксаваньне падрыхтоўкі да іспытаў і вынікі здачы сэсій (хто здаў, а хто не), заўвагі пра выкладчыкаў. Можна адзначыць, якую вялікую ролю ў жыцьці беларускіх студэнтаў адыграў пэр Робэрт ван Кавэлярт, які ня толькі дапамог з атрыманьнем стыпэндый, але і ўвесь час апекаваўся беларусамі, падтрымліваў іх матэрыяльна, вазіў на экскурсіі за ўласны кошт. Пераацаніць значэньне гэтай асобы для беларускіх студэнтаў Лювэну вельмі складана.
Дзёньнік выразна адлюстроўвае асобу, яе характар. I запісы вядомага нам заўсёды ўзважлівага й дыпляматычнага Янкі Запрудніка паказваюць, што гэтыя рысы ён меў ад маладосьці. У ягоных нататках ня знойдзеш рэзкіх выказваньняў, “лішняй” інфармацыі. Скарбнік студэнцкага згуртаваньня, памочнік Прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка Янка Запруднік не падае нідзе падрабязнасьці сваёй дзейнасьці — толькі асобныя згадкі ці агульныя характарыстыкі. Зрэшты, крыху болып інфармацыі пра справы звычайна падавалася ў лістах, мо й таму яна вельмі эпізадычна зьяўлялася ў дзёньніку.
Студэнцкі дзёньнік Янкі Запрудніка, у комплексе зь ліставаньнем, адкрывае нам надзвычай цікавы сьвет жыцьця беларускага студэнцтва пачатку 1950-х. Можна хіба пашкадаваць, што з тых амаль паўсотні беларусаў, што вучыліся тады ў Лювэне, толькі гэты рабіў дзёньнікавыя запісы (ці толькі гэтыя на сёньня нам вядомыя). Наколькі б шматаблічным выглядаў беларускі Лювэн, каб такіх дзёньнікаў было болей.
Выдатнай ілюстрацыяй і да “вяртаньня да вытокаў”, і да студэнцкага жыцьця зьяўляюцца зьмешчаныя ў кнізе Янкі Запрудніка здымкі, што пачынаюцца яшчэ ад бацькоўскае хаты.