Запісы 39 дыск у дадатку

Запісы 39

дыск у дадатку
205.84 МБ
Жыцьцё й дзейнасьць Тамаша Грыба цалкам адлюстроўваюць трагізм беларускай ідэі ў спробах яе ўвасабленьня ў першай трэці XX ст. Пазьнейшы гістарычны досьвед вынес крытычны прысуд леварэвалюцыйнай народніцкай дактрыне, якую спавядалі Тамаш Грыб
і ягоныя аднапартыйцы — беларускія эсэры. Гэта, аднак, не вызваляе ад неабходнасьці аналізу дзейнасьці той сілы, якая на беларускім палітычным полі 1920-х гг. праявіла сябе найбольш эфэктыўна і чыя ідэалёгія, стратэгія й тактыка ў значнай ступені вызначалася менавіта Тамашом Грыбам. Акрамя таго, як вызначыў Арсень Ліс, гэты дзеяч назаўжды застаўся “рыцарам беларускай свабоды” — маральным ідэалам і прыкладам самаахвярнага служэньня Бацькаўшчыне.
Як заўважаюць складальнікі, падборкай твораў яны імкнуліся адлюстравацьувесь спэктарзацікаўленьняўТамашаГрыба.Томуключыў даволі разнастайныя матэрыялы: публіцыстыку, аўтабіяграфічныя занатоўкі, ліставаньне, пасьмяротныя ўспаміны аб дзеячы. Частка матэрыялаў публікуецца ўпершыню, а раней друкаваныя ў розных выданьнях і ў розныя часы зьвераны з арыгіналамі, набылі болып грунтоўны камэнтар і сабраныя пад адной вокладкай. Важна тое, што ў чытацкі ўжытак уведзены тэксты з рарытэтных і цяжка даступных айчыннаму чытачу выданьняў 1920-х гг., у прыватнасьці — віленскіх і праскіх, а таксама архіўныя. Каштоўным дадаткам зьяўляецца бібліяграфія Тамаша Грыба. Том пачынаецца з даволі кароткай прадмовы складальнікаў, у якой адсутнічае традыцыйны для такіх выданьняў біяграфічны нарыс, што апраўдваецца зьмяшчэньнем у тэкстах аўтарскага “Жыцьцяпісу” ад 1927 г.
Значны аб’ём кнігі складае публіцыстыка — творы, друкаваныя ў пэрыёдыках, многія зь якіх паводле аб’ему і ўзроўню аналітыкі выходзяць далека за межы жанру.
Зазначым, што больш раньнія артыкулы Тамаша Грыба 1919— 1921 гг. адметныя сваёй палітычнай абвостранасьцю й зьяўляюцца непасрэднай рэакцыяй на лёсавазначальныя для Беларусі актуаліі. Прадметам “апэратыўнага асэнсаваньня” сталі савецка-польскія перамовы й наступствы Рыскага міру. Ва ўспрыманьні гэтых падзей аўтар выступае найперш як носьбіт тагачаснай эсэраўскай ідэалёгіі й тактыкі. Артыкулы “Новы беларускі ўрад”, “Да каго прылучыцца”, “Чаго прыйшлі лапчывыя польскія паны на Беларусь” і “Сучасныя думкі” прысьвечаны выкрыцьцю партыйных апанэнтаў — палянафільскага крыла беларускіх дзеячаў — і паказваюць сымпатыі да савецкай Беларусі. Аўтар вітае стварэньне ССРБ і Часовага рабоча-сялянскага ўраду як беларускага і як рэальнай альтэрнатывы антынацыянальнаму Аблвыканкамзаху. “Панская й эксплюататарская” Польшча ды прапольская плынь беларускіх палітыкаў супрацьпастаўленыя сялянскай Беларусі — сацыялістычнай і дэмакратычнай паводле сваёй прыроды. Тэзіс “ніякіх кампрамісаў з акупантамі” — адкрыты заклік да гвалтоўнага адпору польскім уладам ў Заходняй Беларусі — цалкам адпавядаў тактыцы БПСР і яе спадзяваньням на парытэт з балыпавікамі-беларусамі ў “адбудове Беларускага дому”.
Як лідар БПСР Тамаш Грыб заклікае бараніць “маладую радавую Беларусь”. Заўважым, што празь нядоўгі час і яму, і ягонай партыі давядзецца перажыць цяжкія расчараваньні. Пазбаўленьне ад ілюзіяў утрымае дзеяча ад вяртаньня на радзіму разам з многімі паплечнікамі ды ад страшэннага молаху рэпрэсіяў.
У праскі пэрыяд біяграфіі Тамаша Грыба, які пачаўся з 1922 г., ягоныя публіцыстычныя творы становяцца больш аб емнымі, разнастайнымі паводле праблематыкі, грунтоўна-аналітычнымі.
Роздумы над лёсам Беларусі й прычынамі няўдачы дзяржаўніцкай справы падводзяць Тамаша Грыба да тэарытычнага асэнсаваньня праблемаў нацыі, якое завяршылася дактаратам "Пытаньне народу й нацыі” ў Карлавым унівэрсытэце.
Для гісторыі айчыннай грамадзкай думкі зьмешчаныя ў выданьні творы згаданай праблематыкі будуць цікавыя з пункту гледжаньня генэзісу айчыннай паліталёгіі й пошукаў яе мэтадалягічнага інструмэнтарыю. Тамаш Грыб рэзка выступае супраць вульгарызацыі бальшавікамі марксісцкага матэрыялізму і не пакідае ягоных пазіцый. Адначасова, напэўна, упершыню ў айчынным навуковым дыскурсе ён спрабуе выкарыстаць для аналізу грамадзка-палітычных працэсаў сучасныя яму сацыялягічныя й сацыяпсыхалягічныя мэтады. Гэта найбольш выявілася ў трактоўцы праблемы беларускай нацыі й яе інтэлігенцыі, дзе Тамаш Грыб адступае ад схематычнага клясавага аналізу й набліжаецца да тэорыі элітаў, фармаваньня іх этнічнай ідэнтыфікацыі, апрабуе таксама канцэпцыю стратыфікацыі. Тэме прысьвечаны працы “Аснаўныя падваліны вызвольнай ідэолёгіі беларускай нацыі” (1924), “Інтэлігенцыя і народ” (1931) “Нацыя як прадмет навуковага вывучэньня” (1933), “Рэлігійная справа на Беларусі” (1934) і інш.
Яшчэ ў віленскіх артыкулах “Сучасныя думкі” (1921) у палеміцы з польскімі палітыкамі Тамаш Грыб аспрэчвае тэзу аб адсутнасьці ў беларусаў інтэлігенцыі, што было прызнана паказьнікам культурнацывілізацыйнай недасьпеласьці да прэтэнзій на дзяржаўнасьць. Аўтар зьвяртае ўвагу на непазьбежны, хоць і асінхронны працэс паўстаньня эўрапейскіх нацый і іх дзяржаўнага самавызначэньня. Без эліты, найперш інтэлектуальнай, гэты працэс сапраўды немагчымы, але спэцыфіка Беларусі ацэньваецца з пазыцый клясава-нацыянальных: на зьмену наяўнай, адчужанай ад беларускага народу іншаэтнічнасьцю й інтэграванасьцю ў інтэрэсы суседніх імпэрскіх цэнтраў гарадзкой інтэлігенцыі прыйдзе інтэлігенцыя свая — вясковая. Яе нараджэньне відавочна дэманструе плеяда “сялянскіх песьняроў” — Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гарун, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі ды інш. Натхнёны гістарычным аптымізмам, Тамаш Грыб, як бачым, пакідае адкрытым важнае пытаньне аб пэрспэктывах кансалідацыі шматлікіх
Валянціна ЛЕБЕДЗЕВА іншанацыянальных элемэнтаў у агульнабеларускіх інтэрэсах, іх далейшага лёсу ў працэсе беларускага дзяржаўна-нацыянальнага разьвіцьця.
Пры гэтым са свабодным разьвіцьцём нацый публіцыст наўпрост зьвязвае міжнародны лад: “праз нацыянальнае адраджэньне і дзяржаўную незалежнасьць... ляжыць шлях да міжнароднай згоды і братоўства, а не праз насільства і асіміляцыю”. На гэтым шляху беларуская сялянская, простая, мова здольная рэалізаваць ўнёсак беларусаў у сусьветную культуру. Праз праблему фармаваньня нацыянальнай інтэлігенцыі ацэньвае Тамаш Грыб і навучаньне беларусаў у Празе (артыкул “Мэты і заданьні”), вітаючы сярод студэнтаў Карлава ўнівэрсытэту іоо сялянскіх дзяцей з радзімы — “факт раней не вядомы”. Але, заўважае аўтар, гістарычныя рэаліі ставяць пытаньне аб запатрабаванасьці гэтых сілаў у Беларусі: ці прыме савецкая Беларусь спэцыялістаў з дыплёмамі Карлава ўнівэрсытэту й Чэскага вышэйшага тэхнічнага вучылішча?
Навуковы досьвед прыводзіў аўтара да тэарытыка-мэтадалягічных абагульненьняў паняцьцяў і суадносінаў нацыі й дзяржавы. На думку Тамаша Грыба, гэтыя катэгорыі непадзельныя: толькі той народ, які ўжо мае альбо імкнецца да здабыцьця дзяржавы, можа разьлічваць на гістарычную пэрспэктыву, шматнацыянальныя дзяржавы зьнікнуць у будучыні, недзяржаўныя народы чакае той жа лёс.
Палітычная публіцыстыка закранае такія праблемы, як сутнасьць і палітычныя формы дзяржавы, сацыяльныя сілы самавызначэньня, мэтады дасягненьня самастойнасьці, суадносіны ўнутраных і зьнешніх рэсурсаў і г. д.
Адметна, што ў трактоўцы дзяржаўнасьці й незалежнасьці Тамаш Грыб не абмяжоўваецца палітычнымі мэтамі, а ўзвышаецца да філязофска-гуманістычных высноваў: “незалежнасьць — не дзяля незалежнасьці, а для вызваленьня асабістай і калектыўнай чалавечай індывідуальнасьці”, прычым індывідуальнасьці “крытычна-думаючай”, а не прыгнечанай дзяржаўнымі імпэратывамі. Толькі праз дасягненьне гэтага ляжыць шлях інтэграцыі ў “вольную сувязь вольных народаў зямлі”.
Беларусь пакуль не здабыла незалежнасьці й застаецца разарванай на часткі, але “шлях да перамогі вядзе праз паражэньні”, a памылкі — навука на будучыню.
Пры ацэнцы сілаў барацьбы за нацыянальную свабоду, палітычнай сутнасьці беларускай дзяржаўнасьці Тамаш Грыб не адступае ад клясычнага народніцка-сацыялістычнага падыходу. Асноўныя сілы тут — сялянства (90 % жыхароў Беларусі) і інтэлігенцыя, якая зь яго выходзіць, а “незалежная беларуская дзяржава можа быць толькі працоўная, соцыялістычная, або яе зусім ня будзе”. Адметна, ад-
нак, што ў працах 1930-х гг. Тамаш Грыб заўважае працэс абуджэньня нацыянальнай сьвядомасьці ў спалянізаваных ці зрусіфікаваных “непрацоўных” стратах — сярод памешчыкаў, шляхты, сьвятароў, прадстаўнікоў буржуазіі, мяшчанства, у якіх нібыта ўжо “дзьве душы”, “дзьве радзімы”. Аднак гэтым групам адводзіцца роля ўсяго толькі прыстасаванцаў да непазьбежнага нацыянальнага адраджэньня.
Тамаш Грыб выдатна разумеў ролю ў працэсе паўстаньня нацыі й дзяржавы такога рэсурсу, як гістарычная памяць. Шэраг артыкулаў — “Да пытаньня аб навуковым досьледзе і вывучаньні Беларусі” (1928), «У 50-я ўгодкі часопісі “Гоман”» (1931), “3 віру дзён мінаючых” і іншыя — сьведчаць пра ягоную нязбыўную цікавасьць да беларускай гісторыі й гістарыяграфіі. У названых працах згадваюцца прозьвішчы бадай усіх аўтараў, якія зрабілі больш-менш заўважны ўнёсак у распрацоўку беларусазнаўства ў дарэвалюцыйнай Расеі, Заходняй і Савецкай Беларусі: ад Івана Насовіча і да Самуіла Агурскага. Аднак дасягнуты ўзровень Тамаш Грыб ацэньвае скептычна, зьвяртаючы ўвагу на навуковую нераспрацаванасьць гісторыі, прыроднаэканамічнага патэнцыялу, сацыяльна-нацыянальнай структуры й адносінаў, гісторыка-юрыдычных помнікаў, традыцый прававой культуры, мастацкай спадчыны, рэлігійных адносінаў у Беларусі, вытокаў нацыянальнага руху. На погляд Тамаша Грыба, час вымагаў сыстэмнага досьледу, выяўленьня самаістасьці й індывідуальнасьці краіны, прымяненьня ў ім гісторыка-сацыялягічнай мэтадалёгіі, аналізу гістарычных працэсаў у статыцы й дынаміцы, уключэньня ў сусьветны кантэкст. Пры гэтым палітык ня бачыў подступу для вырашэньня гэтых задач у тагачаснай БССР, дзе ні Акадэмія навук, ні ўнівэрсытэт ня сталі беларускімі інтэлектуальна-навуковымі цэнтрамі. Тамаш Грыб вельмі рана адчуў працэс згортваньня й зьнішчэньня вынікаў беларусізацыі.
Празорлівы характар адносна палітычных працэсаў у БССР і СССР мае праца “Што такое нацыянал-дэмакратызм” (1935), у якой Тамаш Грыб паказаў прыроду савецкай партыйна-дзяржаўнай дыктатуры, непазбежнасьць спаўзаньня бальшавіцкай ўлады да ўнутраных рэпрэсій і зьнішчэньня нацыянальна-адраджэнцкіх памкненьняў народаў. Аўтар прароча прадказаў, што масавыя рэпрэсіі супраць “нацдэмаў” у БССР і беларускіх дзеячаў у Заходняй Беларусі трагічна паўплываюць на лёс беларускага народу ў XX ст.