Вітаўт Кіпель не абмяжоўваецца вылучна асьвятленьнем дзейнасьці беларускіх грамадзкіх, палітычных, культурных ці рэлігійных арганізацый і таварыстваў. Ён паказвае шматаблічнасьць і шматкультурнасьць эмігрантаў зь Беларусі. Так, напрыклад, піша пра беларускіх габрэяў у Амэрыцы, а таксама старавераў, якія цалкам альбо часткова інтэграваліся ў беларускую культуру. Па-за яго ўвагай не засталіся таксама беларускія праявы ў чыннасьці расейскай эміграцыі. Многія ўзьнятыя на бачынах працы аспэкты й эпізоды яшчэ патрабуюць дэталёвага вывучэньня й могуць быць тэмай асобных манаграфій. Кніга Вітаўта Кіпеля ёсьць выдатнай інсьпірацыяй і дае добры штуршок да далейшых дасьледаваньняў, якія павінны адбывацца з улікам як эміграцыйных збораў, гэтак і крыніцаў у мэтраполіі, да якіх аўтар ня меў магчымасьці доступу. Аўтар ставіць розныя пытаньні, стварае своесаблівы каталёг праблемаў, што мае значна аблегчыць працу наступным дасьледчыкам, якія будуць займацца дадзенай тэматыкай. Характэрнай рысай працы ёсьць ейны аб’ектывізм у паданьні матэрыялу. Зьвяртаем увагу на гэтую акалічнасьць таму, што аўтар належыць да пакаленьня паваеннай эміграцыі, якая, як вядома, зазнала сур’ёзныя падзелы. Трывалы й шматгадовы раскол на “крывічоў” і “зарубежнікаў” выклікаў узаемную варожасьць, якая знаходзіць сваё адлюстраваньне ў працах многіх эмігрантаў — сучасьнікаў аўтара. Амаль кожная праца носіць на сабе таўро аднабаковасьці, а аўтары выразна займаюць месца на адным з бакоў “барыкады”. Гэтага ні ў якім выпадку нельга сказаць у дачыненьні да кнігі Вітаўта Кіпеля. Аўтар працы ўзьняўся па-над усялякімі падзеламі й асьвятляе гісторыю эміграцыі з гледзішча навуковай аб’ектыўнасьці. Чытач можа заўважыць, што паводле сваёй структуры другое выданьне амаль нічым не адрозьніваецца ад першага, ня лічачы аднаго з разьдзелаў, прысьвечанага беларуска-амэрыканскім дачыненьням. Тым ня менш другое выданьне большае па памеры, значна болып ілюстраванае, дапрацаванае й дапоўненае. Галоўнае адрозьненьне тычыцца храналягічных межаў працы. Па зразумелых прычынах у першым выданьні была асьветленая гісторыя амэрыканскіх беларусаў да пачатку 1990-х гг. Тым часам у другім дадаліся часткі, у якіх аўтар прасачыў жыцьцё беларускай дыяспары за акіянам да нашых дзён. Такім чынам, найноўшае выданьне было падрыхтавана з улікам зьменаў, якія адбыліся на працягу апошняга 2О-годзьдзя. Гэта вельмі цікавы й насычаны на падзеі час, які характарызаваўся прыбыцьцём у Амэрыку новых эмігрантаў зь Беларусі, пачаткамі дыпляматычнай актыўнасьці беларускай дзяржавы за акіянам, узаемаадносінамі паміж дыяспарай і мэтраполіяй. Згаданай праблематыцы цалкам прысьвечаны разьдзел “Рэспубліка Беларусь: новыя амэрыканскабеларускія дачыненьні й новая хваля эміграцыі”. Дасьледчык аналізуе зьмены, якія адбыліся ў жыцьці дыяспары пад уплывам грамадзка-палітычных і сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў на бацькаўшчыне, паказвае ролю дыяспары ў захаваньні й пашырэньні сярод амэрыканскага грамадзтва ідэі беларускай незалежнасьці. Чытача могуць зацікавіць узаемаадносіны і кантакты паміж старымі (паваеннымі) эмігрантамі й новымі, якія прыехалі ўжо зь незалежнай Беларусі. Аўтар разглядае пытаньні пераемнасьці пакаленьняў, а таксама паказвае ўнёсак прадстаўнікоў найноўшае хвалі эміграцыі (напрыклад, Алены й Лявона Юрэвічаў) у грамадзка-культурную й дасьледчыцкую дзейнасьць дыяспары. Высновы дасьледчыка дадаюць аптымізму: новыя эмігранты (а прынамсі іх частка) выдатна дапамагаюць пашырэньню беларускіх незалежніцкіх ідэалаў і бяруць чынны ўдзел у эміграцыйных арганізацыях. 3 кнігі можна таксама шмат даведацца наконт стаўленьня беларускай супольнасьці ў ЗША да палітычных падзей і зьменаў у Беларусі ў сярэдзіне 1990-х гг. Новыя часткі й разьдзелы маюць ня толькі навуковы, але й мэмуарны характар, у якіх аўтар дзеліцца ўласнымі назіраньнямі й разважаньнямі наконт мінулага й сучаснага стану дыяспары. Другое выданьне кнігі Вітаўта Кіпеля ёсьць надзвычай вартаснай крыніцай інфармацыі для дасьледчыкаў беларускай эміграцыі ў Амэрыцы яшчэ і таму, што яно ўтрымлівае каштоўныя зьвесткі пра беларусістыку ў амэрыканскіх архівах і бібліятэках. Аўтар падкрэсьлівае навуковыя й выдавецкія набыткі апошняга часу, якія тычыліся гісторыі беларускай дыяспары ў ЗША. Надзвычай цікавым ёсьць разьдзел, прысьвечаны ролі амэрыканскіх бібліятэк, навуковых і навучальных установаў у прапагандзе беларускай спадчыны. Неабходна падкрэсьліць, што цягам апошніх гадоў многія беларускія дзеячы на эміграцыі перадалі амэрыканскім адукацыйным установам уласныя кнігазборы й архіваліі. Такім чынам, пры паасобных унівэрсытэтах (у Прынстане, Нью-Брансьвіку, Мінэсоце) узьніклі салідныя беларускія калекцыі. Праблема “расьцярушанасьці” гэтых збораў па-ранейшаму, аднак, ёсьць значным выклікам для дасьледчыка. Тым часам кніга Вітаўта Кіпеля дае добрае ўяўленьне пра іх зьмест і характар, стварае магчымасьць належнай падрыхтоўкі да будучых архіўных пошукаў. Такім чынам, выхад другога выданьня можна лічыць трапным адказам на запатрабаваньне часу. 3 упэўненасьцю можна сьцвярджаць, што праца “Беларусы ў ЗША” будзе вельмі карыснай як адмыслоўцам, якія займаюцца эміграцыйнай праблематыкай, так і аматарам, якія проста цікавяцца гісторыяй. Чытачы, знаёмыя з папярэднім выданьнем, знойдуць у ёй шмат цікавых дапаўненьняў пра тое, як выглядала жыцьцё беларускай дыяспары за акіянам пасьля 1991 г., а тыя, каму не даводзілася гартаць першае выданьне, адкрыюць для сябе зусім новы й цікавы кантынэнт пад назвай “Беларуская Амэрыка”. На заканчэньне нашага кароткага агляду працы Вітаўта Кіпеля цяжка паўстрымацца ад пэўнай рэфлексіі. Калі ў далёкім 1993 г. у Менску пабачыла сьвет першае выданьне гэтай кнігі, мала хто на бацькаўшчыне ведаў пра існаваньне й дзейнасьць беларускіх арганізацый у ЗША. Праблематыка, якой была прысьвечаная манаграфія, пэўна шмат кім успрымалася як вельмі экзатычная й далёкая. У сувязі з гэтым мімаволі прыходзіць на думку параўнаньне кнігі “Беларусы ў ЗША” з дасьледаваньнем беларуска-польскага гісторыка Юрыя Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. У абодвух выпадках мы маем дачыненьне зь піянэрскімі працамі, якія запачаткавалі новую якасьць у ранейшых дасьледаваньнях, дазволілі беларускім гісторыкам зусім па-іншаму зірнуць на пэўныя рэчы, стварылі поле для далейшай дыскусіі й даследаваньняў. На абедзьвюх працах выхавалася кагорта маладых беларускіх гісторыкаў. Думаю, што ня будзе пераболыпаньнем, калі сказаць, што дзякуючы гэтым выданьням адбыўся пэўны пералом у дасьледаваньнях многіх аспэктаў беларускай гісторыі XX ст. Пасьля выхаду вышэйзгаданай кнігі Юрыя Туронка многія перасталі глядзець на падзеі Друтой сусьветнай вайны вылучна вачыма савецкай гістарыяграфіі, а паняткі “калябарацыя” й “акупацыя” перасталі быць табу ў беларускім навуковым асяродзьдзі. У сваю чаргу, праца Вітаўта Кіпеля расплюшчыла вочы на існаваньне іншага аблічча Беларусі. Яна дапамагла вярнуць на радзіму імёны незаслужана забытых сыноў і дачок. Аўтар пераканаўча давёў, што гісторыя беларусаў — гэта ня толькі тое, што адбывалася на бацькаўшчыне, а што існуе яшчэ адзін ейны бок — эміграцыйны і дасягненьні й посьпехі родзічаў на чужыне — гэта агульныя набыткі ўсяго народу. Цягам апошняга часу праблематыка беларускай эміграцыі (ня толькі ў ЗША) стала прадметам дасьледчыцкай увагі на радзіме, у чым ёсьць бясспрэчная заслуга кнігі Вітаўта Кіпеля. Яскрава пераконвае ў гэтым навуковы нарыс Натальлі Гардзіенкі “Вывучэнне гісторыі і сучаснасці беларускай эміграцыі ў ЗША (1993—2016 гг.)”, які дапаўняе друтое выданьне. Аўтарка падагульняе дасягненьні й вынікі дасьледаваньняў беларускай дыяспары, ацэньвае плён працы па гэтай тэматыцы ў прамежку паміж выхадам першага й другога выданьняў працы Вітаўта Кіпеля, даводзіць, што ў гэты час актыўна вывучалася літаратурная спадчына пісьменьнікаў-эмігрантаў, дасьледаваўся пэрыядычны друк дыяспары, дачакалася грунтоўных працаў гісторыя беларускіх палітычных і камбатанцкіх арганізацый у замежжы. Нягледзячы, аднак, на плён апошніх гадоў, стан дасьледаваньня эміграцыйнай праблематыкі, у тым ліку датычнай беларусаў у ЗША, па-ранейшаму шмат у чым жадае быць лепшым. Як трапна адзначае Натальля Гардзіенка, колькасьць выступаў і публікацый у афіцыйных навуковых выданьнях зьмяншаецца. Адначасова аўтарка адзначае: “для сыстэматызаванага вывучэньня беларускай прысутнасьці ў ЗША й наогул беларускай эміграцыі ўсё роўна патрэбная асобная навукова-дасьледчая структура’^. Такім чынам, мусім з сумам канстатаваць, што дасьледаваньні гісторыі беларускага замежжа ажыцьцяўляюцца дзякуючы паасобным гісторыкам, а не навуковадасьледчым установам. 3 гэтым меркаваньнем пагаджаецца таксама 3 Гардзіенка, Наталля. Вывучэнне гісторыі і сучаснасці беларускай эміграцыі ў ЗША (1993—2016 гг.) / В. Кіпель. Беларусы ў ЗША. Менск, 2017. С. 589. аўтар разгляданай працы, які ва ўступе зьвяртае ўвагу на патрэбу ажыцьцяўленьня сыстэматычнага й інтэнсыўнага вывучэньня беларускай эміграцыі. Будзем жа спадзявацца, што хутка гэтак яно й будзе. Але ўжо зараз няма сумневу, што другое выданьне фундамэнтальнай працы Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША” пакіне пасьля сябе трывалы сьлед у гістарычнай навуцы, а таксама будзе вельмі каштоўнай і значнай дапамогай будучым дасьледчыкам беларускага замежжа. Кніжная палгца Валянціна Лебедзева Гомель АБ РЫЦАРЫ БЕЛАРУСКАЙ СВАБОДЫ Тамаш Грыб. Выбранае. Мінск: Кнігазбор, 2017. — 476 с. — (Падсерыя “Спадчына: агледзіны”; серыяБібліятэкаБацькаўшчыны: кн. 32). Напярэдадні набліжэньня пачэснага стогадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі айчынныя дасьледчыкі вымушаныя канстатаваць слабую распрацоўку яе праблематыкі, не выключаючы й пэрсанальны аспэкт. У гэтым кантэксьце цяжка пераацаніць вартасьць выданьня “Тамаш Грыб. Выбранае”, якое гэтым годам пабачыла сьвет у выдавецтве “Кнігазбор” у сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Яно прысьвечана аднаму з найбольш актыўных і інтэлектуальных удзельнікаў руху за нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэньне, лідару Беларускай партыі сацыялістаўрэвалюцыянэраў, легендзе праскай эміграцыі. Варта пагадзіцца са складальнікамі й камэнтатарамі выданьня Натальляй Гардзіенкай, Лявонам Юрэвічам ды Андрэем Бучам, што малавядомасьць гэтай асобы ў сёньняшнім грамадзтве й незапатрабаванасьць ягоных твораў у навуковым дыскурсе зьяўляюцца фактам мала вытлумачальным. Але можам толькі дадаць, што, на жаль, гэты факт не адзінкавы, а датычыць многіх іншых як паплечнікаў, так і апанэнтаў Тамаша Грыба па беларускай справе.