Запісы 39 дыск у дадатку

Запісы 39

дыск у дадатку
205.84 МБ
У год сьвяткаваньня 500-гадовага юбілею беларускага кнігадруку прыцягнуць увагу чытача зьмешчаныя ў “Выбраным” скарыназнаўчыя артыкулы Тамаша Грыба — “Мейсца і значаньне Франьцішка Скарыны ў сучасным беларускім вызвальнаадраджэнскім руху” (1931), “Пад сьцягам Скарыны” й “Шляхам Скарыны” (1934), “Адвечны шлях — гэта ёсьць шлях Скарыны” (1935).
Вобраз Францыска Скарыны аўтар зьвязваў з пошукам культурных сымбаляў і ідэалаў, на якія магла б абаперціся маладая беларуская нацыя. Азначаючы ўзровень скарыназнаўства на момант сьвяткаваньня 400-годзьдзя беларускага кнігадруку (у тым ліку ў БССР), зьвяртае ўвагу на ацэнку Францыска Скарыны пераважна як перакладчыка й першадрукара, што абмяжоўвае постаць і дзейнасьць генія Беларусі. Тамаш Грыб робіць пасыл, які быў падхоплены й разьвіты далейшым скарыназнаўствам XX ст.: Францыск Скарына — вялікі мысьляр, філёзаф, рэлігійны й сацыяльны рэфарматар, “вялікі рэва/іюцыянэр свайго часу, змагар за дабро паспалітае”.
Для Тамаша Грыба Францыск Скарына — яскравы носьбіт рэнэсансна-рэфармацыйных каштоўнасьцяў, а фармаваньне такой асобы ў рэчаіснасьці Беларусі XVI ст. — паказчык яе тагачаснай культурнай, гаспадарчай і палітычнай магутнасьці, сынхроннасьці разьвіцьця з агульнаэўрапейскімі працэсамі. Прапанаванае ў артыкуле “Шляхам Скарыны” трактаваньне рэнэсанснага гуманізму захавала сваю паўнавартаснасьць аж да нашых часоў, што адзначылі камэнтатары “Выбранага” ў параўнаньні тэкстаў Тамаша Грыба й такога аўтарэтэту сучаснай беларускай філязофска-культуралягічнай думкі, як Сямён Падокшын.
Пры біяграфічных дасьледаваньнях асаблівае значэньне маюць крыніцы эпісталярнага й мэмуарнага характару. Яны раскрываюць кола і зьмест кантактаў, ацэнкі пэрсоны атачэньнем, найчасьцей дазваляюць аднавіць і дапоўніць факталягічны бок жыцьцяпісаў малавядомымі падзеямі асабістага жыцьця, навуковай і грамадзкай дзейнасьці. Унікальнасьць эпісталярных дакумэнтаў палягае ў магчымасьці пранікненьня ў духоўна-псыхалягічны сьвет асобы, у раскрыцьцё матываў яе дзейнасьці, у самаацэнкі. Ліставаньне дае таксама ўяўленьне аб стылі працы й эпісталярнай манэры.
Том “Выбранага” таксама ўключае разьдзелы “Ліставаньне” й “Сучасьнікі пра Тамаша Грыба”. Ліставаньне ахоплівае пэрыяд 1921—1927 гг. Тут зьмешчаныя лісты толькі самога Тамаша Грыба да невялікага кола рэспандэнтаў — Сымона Рак-Міхайлоўскага, Міхася Мялешкі, Уладзімера Жылкі, Мікіты Шапавала, аднапартыйцаў. Тым ня менш гэты разьдзел выданьня атрымаўся даволі значным як паводле аб’ёму, так і паводле інфармацыйнай насычанасьці. Тэматыка эпісталярных кантактаў з адрасатамі разнастайная: актуальныя палітычныя справы й эсэраўская тактыка, кантакты з замежнымі паплечнікамі; сытуацыя ў беларускім эмігранцкім асяродзьдзі, у тым ліку студэнцкім; абмеркаваньне навукова-філязофскіх і творчамастацкіх зьяваў.
Апошняя тэма найбольш раскрытая ў лістах да Уладзімера Жылкі, у якім Тамаш Грыб бачыў блізкага па духу й сьветаадчуваньні
паплечніка. Паэма Уладзімера Жылкі “Ўяўленьні” зрабіла на Тамаша моцнае ўражаньне й вымусіла да разважаньняў пра паэтыкасымбалічнае ўвасабленьне вобразу Маці-Беларусі. У ліставаньні з аўтарам твору Тамаш Грыб дазваляе сабе ацэнкі айчыннага навуковага й літаратурнага працэсу (пэўна, нечаканым для чытачоў, будзе водгук пра клясычную працу Яўхіма Карскага “Беларусы”), філязофскаэстэтычныя разважаньні на тэмы нацыянальнага мэнталітэту й інтэлектуальных здольнасьцяў беларусаў, адпаведнасьці беларускай літаратуры агульнаэўрапейскаму працэсу. Аўтар лістоў раскрывае разуменьне суадносінаў розуму й пачуцьцяў, рацыяльнага й эмацыйнага, катэгорый аб’ектыўнага й суб’ектыўнага, пазнаньня й ісьціны ў інтэлектуальнай і мастацка-творчай дзейнасьці. Ліставаньне з Уладзімерам Жылкам сьведчыць пра такія высокавартасныя рысы асобы Тамаша Грыба, як адданасьць людзям, неабыякавасьць да іх лёсу, вострае суперажываньне. Найбольш яскрава гэта адчуваецца ў фрагмэнтах ліставаньня, якія датычаць хваробы Уладзімера Жылкі ды Палуты Бадуновай, расколу сярод паплечнікаў.
Асобнае месца ў разьдзеле займае ліст “Да сяброў партыі”. Гэты аб’ёмны тэкст толькі па форме мае эпісталярны характар, а па сутнасьці зьяўляецца вострым палітычным памфлетам. Ён напісаны ў адказ на зварот лідараў часткі беларускіх эсэраў, якія засталіся ў Беларусі ў спадзяваньнях на парытэт з камуністычнымі сіламі. Час даказаў марнасьць такіх надзей, а ціск з боку савецка-чэкісцкіх структураў вымусіў кіраўніцтва БПСР да ліквідацыйнага зьезду, які адбыўся ў 1924 г. Адказам на пазіцыю падсавецкай часткі партыі й стаў разгорнуты ліст Тамаша Грыба, у якім ён выкрыў прыроду бальшавіцкай дыктатуры, яе несумяшчальнасьць з клясычнай тэорыяй сацыялізму й міжнародным сацыялістычным рухам. Разважаньні зноў прыводзяць аўтара да высновы пра будучыню беларускага народу: яна можа быць толькі ў межах уласнай дзяржаўнасьці, якая стане адмежаваньнем ад расейскіх камуністычных эспэрымэнтаў у сялянскай краіне.
Спэцыялісты й простыя чытачы адзначаць адмысловы літаратурны стыль, а таксама й лексыку Тамаша Грыба, частка якой, на наш погляд, патрабавала б тлумачэньня камэнтатараў.
Разьдзел “Сучасьнікі пра Тамаша Грыба” аб’яднаў успаміны й нэкралёгі. Зь першых найбольш непасрэдным, жывым і асабістым характарам вылучаецца фрагмэнт успамінаў Паўліны Мядзёлкі — ужо друкаваны Ўладзімерам Калесьнікам у 1993 г., але пададзены па больш поўным варыянце, падрыхтаваным Ганнай Запартыкай.
Пасьмяротныя ўспаміны-нэкралёгі, улічваючы іх аўтарства, даюць падставы для ацэнкі Тамаша Грыба як дзеяча беларускага й міжнароднага руху. Ягоны ўнёсак у навуковае й грамадзкае жыцьцё
засьведчылі такія аўтарытэты, як лідар расейскіх эсэраў Віктар Чарноў і вядомы чэскі славіст Адольф Чэрны. Пранікнёнасьцю й цікавымі фрагмэнтамі эпісталярыю, раскрываючымі нязьдзейсьненыя пляны Тамаша Грыба, вызначаецца тэкст Сяргея Сахарава.
Некалькі выпадковым у гэтай групе падаецца ліст Палуты Бадуновай, зьмест якога сьведчыць не столькі пра Тамаша Грыба, колькі пра хваравіты стан самой аўтаркі й патрабаваў бы большага камэнтару. Без камэнтару засталіся таксама й факсымільныя тэксты, зьмешчаныя ў гэтым разьдзеле, хоць сам прыём падачы матэрыялаў трэба прызнаць удалым.
Навуковую вартасьць “Выбранага” забясьпечвае грунтоўны камэнтар складальнікаў, які ўвасобіўся ў амаль тысячы спасылак, а па аб’ёме займае ня менш як чвэрць усяго тэксту. Тут сабраны каштоўныя зьвесткі пра пэрсаналіі й падзеі беларускага руху 1920—1930-х гг.
Уключаная ў том бібліяграфія складае 93 публікацыі Тамаша Грыба, у тым ліку на чэскай і ўкраінскай мовах, і 29 пазначэньняў сучасных перадрукаў ягоных твораў. Апошняе сьведчыць пра пэўны пад’ём цікавасьці да спадчыны дзеяча, які пакуль не завяршыўся аналітычнымі абагульненьнямі, бо з 9 публікацый, прысьвечаных асобе палітыка й мысьляра, усяго 3 — сучасныя артыкулы (прычым адзін належыць украінскай дасьледчыцы Вользе Ямковай), што пацьвяржае справядлівасьць заўвагі пра неасэнсаванасьць пэрсоны, ягонай спадчыны, а таксама й палітычнага кантэксту ягонай дзейнасьці.
Будзем спадзявацца на ўвасабленьне надзеі складальнікаў, што “Выбранае” мае стаць ня так сымбалічным помнікам... як прыступкай да будучага поўнага збору твораў і поўнай, без лякунаў, біяграфіі Тамаша Грыба.
Ганна Севярынец
Менск
ГЭТАК ПЕРАМОЖАМ
Уладзімір Самойла. Выбранае. Мінск: Кнігазбор, 2017. — 288 с. — (Падсерыя “Спадчына: агледзіны”; серыяБібліятэкаБацькаўшчыны: кн. 34).
Усё ж кожная кніга прыходзіць да чытача ў свой час. Як бы тое ні было крыўдна творцам і добразычлівым сучасьнікам гэтых творцаў, але траекторыя лёсу кнігі амаль ніколі не супадае з кірункамі лёсу ягонага аўтара, асабліва калі кніга — вартая сваёй уласнай траекторыі. Хацелася б, вядома, каб прарокаў у сваёй Айчыне чулі й шанавалі своечасова, аднак ці магла б Касандра стацца прарочыцай на ўсе будучыя часы, калі б траянцы насуперак Апалёнаваму пракляцьцю вырашылі ўсё ж прыслухацца да яе? Дый наогул ці была б Троя вечнай у гісторыі й культуры, калі б не спазнала горыч паразы, жах сьмерці, шчасьце Шліманавай ве-
ры ў яе — і перамогу адраджэньня для вечнага жыцьця?
Абавязковасьць зла — як спосабу нарадзіць і ўзгадаваць дабро. Неабходнасьць зла — дзеля таго, каб дабру было як мацавацца. Жывёльнае існаваньне народу — як неабходная ступень фармаваньня нацыі. Тэорыя крытычнага аптымізму, распрацаваная выбітным беларускім філёзафам Уладзімерам Самойлам у 1924 г., вяртаецца ў наш пост-постмадэрнісцкі час да нашчадкаў, стомленых татальным адмаўленьнем і адсутнасьцю Абсалютаў, у сваім бясспрэчным і афарыстычным выглядзе.
Тое, что ў 1924 г., да таго ж — у акупаванай Вільні падавалася недзе спрэчным, недзе — занадта рамантычным, дзесьці, мабыць,
другасным, сьпісаным з брашураў Фіхтэ й томікаў Канта, сёньня апынаецца максімамі, сьцьверджанымі самой гісторыяй.
“Усе рэвалюцыі беспасярэдна давадзілі да нябывалага ўзмацаваньня ўлады ўраду, да неабмяжованага дэспатпызму аднае ці некалькіх асоб, — вялі проста да ўзьвялічэньня рабства”.
«Яктолькінарод,наваттой,якімаетакзваную“сувэрэннасьць”, пачынае адставаць, духова абленівацца, як толькі ён губляе свою творчую, працоўную актыўнасьць, — дык ўраз-жа пачынае губляць часткамі сьпярша фактычную, а пасьля і юрыдычную “ўласнасьць” нават на сваю ўласную дзяржаву... Яго тэрыторыя, яго натуральныя багацьці пераходзяць да дужэйшых канкурэнтаў, якія маюць вышэйшую духовую актыўнасьць і ўлажылі ў яго зямлю капітал сваей энэргіі. Народ пападае перш у эканамічнае, а пасьля і ў палітычнае рабства ў народаў з вышэйшай актыўнасьцяй».
«Права на народную зямлю, на сваю бацькаўшчыну, на сваю мову, культуру, — на самавызначэньне, на вольнае развіцьцё, нацыянальнае аблічча і г. д — усе гэтыя правы цяпер ня толькі “бяруцца з бою”, але і валаданьне імі ўсьцяж трэба падтрымліваць заўсёды напружанай энэргіяй, вечнай духовай актыўнасьцяй, як-быццам запраўды кожную часіну заваёвываць нанова — пасярод вечнае канкурэнцыі народаў».
‘Тістарычнае самапазнаньне як частка грамадзянскай культуры ставіць сабе галоўную для грамадзянства мэту: самаўзгадаваньне”.
Усе мы сёньня адчуваем недахоп нашых, беларускіх афарызмаў і максімаў датычна нацыянальнага самавызначэньня. Надта простыя, мабыць, для філёзафаў і культуролягаў, яны, як паветра, патрэбныя папулярызатарам беларушчыны, публіцыстам, школьным настаўнікам і музэйным супрацоўнікам, тым, хто паўсядзённа “ідзе ў народ” зь беларускім словам і беларускай праўдай. Стоячы перад вялікай і часьцяком недаверлівай аўдыторыяй, якая трымае напагатове стагодзьдзямі каваныя аргумэнты “супраць”, мімаволі шукаеш нешта сьпінай: магчымасьці абаперціся, адчуць непахісную сьцяну, намацаць пад нагамі надзейную глебу, вэрбальна выказаную, завостраную ня горш за тую, якая абавязкова будзе супраць цябе скарыстаная. На жаль, сёньня якаснай зброі для папулярызатараў не вырабляюць: постмадэрн. Мала хто бярэ на сябе рызыку выказацца наўпрост і бясспрэчна, а калі й бярэ — дык гэта выглядае (і часам ёсьць) тэндэнцыйным і палітычна матываваным. Зло й Дабро даўно ня маюць межаў і вымярэньняў і наогул рэдка адрозьніваюцца адно ад аднаго. Маральная інтуіцыя не працуе ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў — адкуль брацца якасным максімам?