Старыя й новыя Паміж старымі, пераважна заходнімі, беларускімі асяродкамі й новымі, пераважна постсавецкімі, — істотная розьніца ў саміх падставах стварэньня нацыянальных структураў. Дыяспары ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Бэльгіі ствараліся вымушанымі, палітычнымі эмігрантамі з выразным антыкамуністычным сьветапоглядам, агульнай памяцьцю пра ўціск беларусаў у міжваеннай Польшчы або рэпрэсіі ў БССР. Стваральнікі новых беларускіх структураў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу знаходзіліся зь іншага боку жалезнай заслоны, мелі агульны для ўсіх вопыт жыцьця ў “сацыялістычнай” дзяржаве й апынуліся ў замежжы найчасьцей не з уласнага жаданьня, а празь зьмену геапалітычнай сытуацыі. Паваенныя эмігранты сутыкнуліся з абсалютным няведаньнем прымаючых грамадзтваў пра Беларусь і беларусаў, а часам нават насьцярожаным стаўленьнем да сябе як да эмігрантаў наогул. На постсавецкай прасторы ж Беларусь і беларусы былі добра вядомыя й мелі пераважна станоўчы імідж у мясцовых грамадзтвах, што адбівалася на працэсах заснаваньня структураў дыяспараў. Для паваенных эмігрантаў стварэньне нацыянальных арганізацый, пошук суродзічаў рабіўся натуральнай умовай выжываньня: свае маглі дапамагчы ўладкавацца, атрымаць жытло, працу й г. д. Да таго ж у колах інтэлігенцыі было ўсьведамленьне асаблівай місіі паваенных эмігрантаў — захаваньне й рэпрэзэнтацыя несавецкай Беларусі, яе культуры й мовы. Для ўдзельнікаў новых постсавецкіх дыяспараў далучэньне да беларускіх суполак часта было “вяртаньнем да каранёў”, аднаўленьнем памяці пра продкаў, зваротам да забытай нацыянальнай мовы. У асяродках паваенных эмігрантаў вялікую ролю адыгрывалі рэлігійныя структуры. Яны выступалі аб’яднаўчым фактарам шмат якіх беларускіх грамадаў яшчэ й таму, што часта рэлігійная сьвядомасьць у беларусаў была большаю, чым нацыянальная. Савецкая атэістычная рэчаіснасьць значна зьменшыла важнасьць рэлігіі для беларусаў на постсавецкай прасторы і, адпаведна, каштоўнасьць нацыянальных рэлігійных структураў, у тым ліку й для эмігрантаў хвалі 1990—2000-х. Магчыма, часткова й таму ў сёньняшніх асяродках замежных беларусаў такую папулярнасьць набыло сьвяткаваньне Купальля й Дзядоў. Старыя дыяспары ствараліся ў час халоднай вайны, у ізаляцыі ад Бацькаўшчыны й нават пры варожым яе стаўленьні да сябе. Новыя беларускія грамады зьявіліся ў кардынальна іншых умовах і адпачатку арыентаваліся на кантакты зь Беларусьсю, яе афіцыйнымі і/ці грамадзкімі структурамі. Гэта толькі некаторыя істотныя адрозьненьні старых і новых дыяспараў, якія накладаюць адбітак і на агульную сытуацыю ў сучасным беларускім замежжы. Нягледзячы на тое што ў старых дыяспарах амаль завяршылася сёньня зьмена пакаленьняў за кошт апошняй хвалі эміграцыі, чый мэнталітэт істотна адрозьніваецца ад мэнталітэту паваенных эмігрантаў, пэўныя традыцыі тых “заходніх” беларускіх грамадаў дагэтуль істотна адрозьніваюць іх ад асяродкаў на постсавецкай прасторы. Разам з тым у старых і новых беларускіх дыяспараў можна знайсьці багата агульнага й ва ўмовах існаваньня, і ў формах дзейнасьці, і ў праблемах, зь якімі яны сутыкаліся ды працягваюць сутыкацца. I ў сувязі з гэтым важнае значэньне мае вывучэньне, асэнсаваньне досьведу папярэднікаў для ўдзельнікаў сучасных беларускіх замежных асяродкаў, а таксама й для мэтрапольных беларусаў. Праблема асыміляцыі Традыцыйнай праблемай усіх дыяспараў зьяўляецца асыміляцыя, страта нацыянальнай ідэнтычнасьці. Дыяспара існуе, пакуль супольнасьць захоўвае сваю адрознасьць, адметнасьць у мясцовым грамадзтве. Разам з тым сёньня праблема захаваньня нацыянальнай адметнасьці аднолькава актуальная й для беларусаў замежжа, і для суродзічаў у Беларусі. У глябалізаваным сьвеце, дзе чалавек мае магчымасьці значна больш езьдзіць, кантактаваць з прадстаўнікамі іншых культураў, пачувацца “грамадзянінам сьвеіу”, сама каштоўнасьць захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці размываецца. А калі згадаць, што сёньня менавіта нацыянальная самасьвядомасьць (а не рэлігійная, як часта ў паваенных эмігрантаў) зьяўляецца матывавальным фактарам далучэньня беларусаў да нацыянальных арганізацый у замежжы, то можна сьцьвярджаць, што праблемы з нацыянальнай ідэнтычнасьцю ў жыхароў Беларусі наўпрост уплываюць і на стан беларускіх асяродкаў у замежжы. Для прыкладу, цягам 1993— 2016 гг. больш за зз тысячы народжаных у Беларусі атрымалі амэ- рыканскае грамадзянства. Пры гэтым колькасьць тых, хто далучыўся да беларускіх арганізацый у ЗША, вымяраецца ў найлепшым выпадку некалькімі тысячамі чалавек. Іншыя іубляюцца ў новым грамадзтве ня толькі для дыяспары, але часта й для самой Беларусі. I гэткая ж сытуацыя бадай па ўсіх напрамках эміграцыі зь Беларусі. Зрэшты, калі зьвярнуцца да досьведу старых дыяспараў, можна сказаць, што і ў сярэдзіне XX ст. далёка ня ўсе эмігранты, і нават не палова, далучаліся да беларускіх нацыянальных арганізацый. I зь пераменным посьпехам вялася “ўсьведамляльная” праца ў дачыненьні да суродзічаў, прытым і прадстаўнікоў папярэдніх хваляў эміграцыі (міжваеннай ці нават яшчэ з часоў Расейскай імпэрыі). Сёньня можна сказаць, што вырашэньне праблемы захаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў — супольная задача й замежжа, і Беларусі. I роля беларусаў замежжа тут можа быць надзвычай важная. На пачатку 1990-х, у часы беларускага Адраджэньня, прыбылыя на Першы зьезд беларусаў сьвету суродзічы з ЗША, Аўстраліі, Канады, Вялікабрытаніі, што захавалі сваю мову й самасьвядомасьць, былі выдатным прыкладам для беларусаў на Бацькаўшчыне, стымулам аднаўленьня цікавасьці да нацыянальнай культуры. Гэтаксама й сёньня прыклад нацыянальна сьвядомых актыўных замежных беларусаў можа быць дадатковым фактарам пашырэньня беларушчыны ў самой Беларусі. Супрацьстаяньне працэсам асыміляцыі, захаваньне нацыянальнай самасьвядомасьці ў прадстаўнікоў другога й трэцяга пакаленьняў беларусаў дыяспары — важная й складаная задача для любой нацыі. Вопыт старых беларускіх дыяспараў сьведчыць, што без мэтанакіраванага ўцягненьня дзяцей і моладзі ў нацыянальную дзейнасьць, без нацыянальнай адукацыі ўжо друтое пакаленьне беларусаў страчваецца для дыяспары. Прыклад арганізацый, заснаваных паваеннымі эмігрантамі, выразна гэта даказвае: вельмі невялікі адсотак дзяцей эмігрантаў захаваў сувязі з грамадою, і бяз новай хвалі эміграцыі дзейнасьць беларускіх арганізацый у Вялікабрытаніі, Канадзе, ЗША на гэты момант фактычна спынілася б, як амаль замерла яна сёньня ў калісьці вельмі актыўнай беларускай Аўстраліі. Замежжа й Беларусь Безумоўна, важным фактарам існаваньня беларускага замежжа зьяўляецца сувязь яго з Бацькаўшчынай. Чым большая адарванасьць дыяспары ад мэтраполіі, тым складанейшыя ўмовы выжываньня нацыянальных структураў у замежжы й магчымасьці паразуменьня паміж геаграфічна (і ня толькі) разьдзеленымі суродзічамі. Той самы вопыт старых дыяспараў сьведчыць, што абыякавасьць ці нават варожасьць уладных структураў да замежных суродзічаў ня толькі спрыяе нэгатыўнаму стаўленьню да замежных суачыньнікаў у беларускім грамадзтве, але й правакуе зьяўленьне фэномену “падзеленай нацыі”, прадстаўнікі якой адчужаныя адзін ад аднаго на сьветапоглядным узроўні. А яшчэ гэта вядзе да ўзьнікненьня сытуацыі, калі патрэбная ўжо своеасаблівая рэабілітацыя вобразу замежнага беларуса ў грамадзтве мэтраполіі, тлумачэньне, што беларус у ЗША, Канадзе, Літве, Украіне, Расеі — такі самы прадстаўнік агульнай беларускай нацыі, як і суродзіч у Беларусі. I найперш гэта павінны ўсьвядоміць уладныя структуры ў Беларусі. Але... Мы ад зьезду да зьезду паўтараем, як мантры, што мэтраполія мае зразумець важнасьць і вартасьць замежных беларусаў, праводзіць сыстэмную палітыку й г. д. Але ёсьць тое, што залежыць ад канкрэтных асобаў і іх актыўнасьці, ад нас з вамі. Гісторыя беларускіх структураў у розных краінах сьвету пацьвярджае: усё залежыць ад асобаў. Памяць і архівы Скажу толькі пра адзін важны момант, пра памяць. Менавіта супольная памяць лучыць людзей у нацыі. Памяць пра ўдзельнікаў і падзеі ў беларускіх асяродках у розных краінах — ня толькі важны фактар гуртаваньня тых грамадаў, але й частка агульнай гістарычнай памяці ўсіх беларусаў, частка супольнага вопыту выжываньня. Захаваньне гэтай памяці, вывучэньне вопыту — агульная задача беларусаў замежжа й Беларусі. I ў сувязі з гэтым неабходна сказаць пра архівы ды супольную адказнасьць суродзічаў і замежжа, і мэтраполіі за захаваньне кулыурнай спадчыны замежных беларусаў як часткі агульнай нацыянальнай культуры. Архівы арганізацый і паасобных дзеячаў маюць зьвярнуць на сябе асаблівую ўвагу. Гэта датычыць як традыцыйных, так і электронных архіваў. 3 1990-х гг. у Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры й мастацтва пачалося зьбіраньне архіваў замежных беларусаў. У 2014 г. гэта аформілася ў зьяўленьне адмысловай навукова-творчай ініцыятывы “Цэнтар камплектаваньня й вывучэньня дакумэнтальнай спадчыны беларускага замежжа”. Цягам апошніх гадоў нам актыўна перадаюцца архівы беларускіх дзеячаў і арганізацый з ЗША, Канады, Аўстраліі, Польшчы, Расеі. Архівы — гэта ня могільнікі папераў. Хто валодае архівамі — валодае гісторыяй. Сабранае ў архіве будзе спрыяць ня толькі захаваньню памяці пра вас для нашчадкаў, але й справе папулярызацыі дзейнасьці й спадчыны беларускага замежжа ў Беларусі. На мінулым зьездзе вы На Сёмым зьезьдзе беларусаў сьвету. Ліпень 2017 г. Здыліак Надзеі Нортан маглі бачыць выставу “Ў літарах і вобразах”, заснаваную пераважна на калекцыях нью-ёркскага Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Цяпер гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў нас у Менску. Да гэтага зьезду мы падрыхтавалі дзьве выставы ўжо на фондах нашага БДАМЛМу: “Зора і Вітаўт. Да 90-годзьдзя дзеячаў беларускай эміграцыі ў ЗША Зоры і Вітаўта Кіпеляў” і “За пчалою Скарыны: друкаваная спадчына беларускай эміграцыі на Захадзе”. I гэта толькі асобныя прыклады дзейнасьці па папулярызацыі беларускага замежжа, якая робіцца на падставе сабранага намі. Сумесна са Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” друкуюцца кнігі, рыхтуюцца публікацыі, ладзяцца мерапрыемствы. I мы запрашаем суродзічаў з усіх асяродкаў беларускага замежжа перадаваць нам дакумэнты й матэрыялы, зьвязаныя з вашай дзейнасьцю, атрымліваць кансультацыі па захаваньні й ўпарадкаваньні архіваў. Гэта тое, што мы з вамі самі рэальна можам зрабіць і адказнасьць за што нельга перакласьці на кагосьці іншага. Захаваньне нашай супольнай спадчыны залежыць менавіта ад нас з вамі. А гэта хоць і невялікая, але надзвычай важная справа ў працэсе захаваньня беларусаў як нацыі. Давайце рабіць яе разам!