Запісы 39 дыск у дадатку

Запісы 39

дыск у дадатку
205.84 МБ
Дарагая Дора Абрамаўна!
Вашыя пісьмы прыносяць мне столькі радасьці, сумнай радасьці, радасьці, што знайшоўся чалавек, які памятае так многа дарагога для мяне, зьвязанага з найлепшым часам майго жыцьця, калі была маладосьць, здароўе, і ўсё, здавалася, яшчэ наперадзе, і суму, што ўсё гэта мінула й людзей тых ужо няма, і наперадзе нічога няма. Вайна паламала ўсё маё жыцьцё, у першы ж дзень вайны я згубіў маю дачку, трохгадовую дзяўчынку. Яна была, як заўсёды, у дзіцячым садку, недалёка ад нас. Калі пачалася бамбёжка Менску, то ўсіх дзяцей эвакуіравалі й ніхто ня мог сказаць куды. Была страшная неразьбярыха, не было да каго зьвярнуцца ў палаючым Менску. А яна была такая музыкальная, сьпявала многія рускія рамансы, на зьдзіўленьне знаёмых. Безь яе ўцякалі мы зь Менску, спрабавалі перайсьці лінію фронту, але не атрымалася праз абстрэл, давялося вярнуцца назад. Тут сустрэлі Зінчука, Шварца, Грынбліта, Пілеман, Сьцягеннага, Арлова’6,
96 Зважаючы на прозьвішчы, Сьцягенны й Арлоў, найбольш верагодна, сталі вязьнямі й ахвярамі Сталіна.
некаторых артыстаў опэрнага тэатру, балету й драматычнага тэатру, кампазытараў Туранкова, Шчаглова, Самохіна97, Спаскага98, Равенскага". I пачалося дзіўнае жыцьцё сярод руінаў. Часам мне здавалася, што ўсё гэта сон, што я прачнуся і ўсё будзе так, як было. Каб пражыць, я стаў працаваць у тэатры як бібліятэкар і рэпэтытар, часта іграў з Арловым (віялянчэлістам), іграў Скрабіна, вядома, ня вельмі складаныя рэчы, вельмі люблю яго; я таксама кампанаваў беларускія песьні. Дарэчы, у тэатры выступаў сын Сьцягеннага — піяніст. Ці ведалі Вы яго? Аднойчы партызаны падклалі ў тэатральнай залі бомбу, павінен быў прысутнічаць гаўляйтар і іншыя ўплывовыя немцы, але іх якраз не было, і загінула шмат беларусаў100. Я ацалеў, таму што ў гэты час быў за кулісамі.
У гэты час я сустрэўся з Галяй Чыстоўскай101. Яна перад вайной была студэнткай майго, гісторыка-тэатральнага факультэту. У Менску ж яна зьявілася ў складзе нейкай танцавальнай групы, якая хутка распалася, а Галя засталася ў горадзе. Для мяне пачаўся час неверагоднай, казачнай рамантыкі, якая прымусіла забыць усё: жонку, вайну, радзіму. Пішу пра гэта Вам шчыра, усё ўжо ў мінулым, і ў апошнія дні перад ад’ездам зь Менску мы згубілі адно аднаго з вачэй, і што зь ёй потым здарылася, я ня ведаю. Казалі, што яна была зьвязаная з
97 Рыгор Самохін (1911—1944), беларускі кампазытар, “кароль рамансаў”, аўтар опэраў, сымфанічных сюітаў і сымфоній, аранжыроўшчык народных мэлёдый, дажыў толькі да ўзросту Хрыста. Працаголік і чалавек, для якога музыка ўсіх жанраў і часоў была паветрам, ён стаў адным з карыфеяў сучаснай беларускай музычнай культуры. Быў выпускніком Аладава й Залатарова па клясе кампазыцыі й апынуўся ў нямецкім “мяшку”, як і болыпасьць ягоных суайчыньнікаў таго часу. Прычыны ягонай сьмерці невядомыя: вэрсіі розьняцца ад цяжкай хваробы да савецкай бамбёжкі пры наступленьні. Відавочна адно: краіна рана страціла выбітнага кампазытара.
98 Пра А. Спаскага зьвестак мала; вядома, што ў 1943 г. у Рызе быў апублікаваны ягоны раманс “Астры” на словы Максіма Багдановіча.
99 Мікола Равенскі (1886—1953), адзін зь вядучых беларускіх кампазытараў, хормайстраў і аранжыроўшчыкаў народнай музыкі, выпускнік Маскоўскай кансэрваторыі (1930). Падзяліў лёс Карповіча й Шчаглова. Равенскі пачынаў як хормайстар царкоўнага хору, і духоўная музыка назаўсёды засталася важнай часткай ягонай творчасьці. Кампазытар пакінуў значную спадчыну і ў сьвецкіх жанрах. Ён — аўтар опэраў, апэрэтаў і шматлікіх рамансаў на словы беларускіх і сусьветных клясыкаў, сучасных яму паэтаў. 3 1950 г. Равенскі працаваў у Бэльгіі, дзе стварыў пры Лювэнскім ўнівэрсытэце студэнцкі ансамбль беларускай музыкі.
100 Адным з загінулых быў сын Натальлі Арсеньневай.
101 Зьвестак пра Галіну Чыстоўскую ня знойдзена.
партызанамі, але ці слушна — ня ведаю. Вядома, час усё згладзіў, але Вы згадалі яе імя, і зноў усё ўспомнілася. А дзе Вы былі ў час нямецкай акупацыі? Так, успомнілася яшчэ піяністка Ждановіч, якая таксама працавала ў тэатры, магчыма, Вы яе ведалі. Вы вельмі дакладна ахарактарызавалі Бэргэра. Мне, як завучу, даводзілася мець зь ім шмат справаў, і я добра помню, як любіў ён пусьціць пыл у вочы. Мы зь ім часам езьдзілі ў Маскву на канфэрэнцыі, і ў гатэлі ён неадменна патрабаваў нумар з раялем. I ў яго кабінэце ў кансэрваторыі стаяў раяль, на якім ён любіў “даваць гучка”, граючы пачатак канцэрту Чайкоўскага b-moll102.
Клумаў разышоўся з Лорай не празь яе раман зь Берзіным103. Ён быў вельмі палкі й захоплены, а яна нейкая стрыманая й сабраная. Клумаў казаў, што яна любіць гадзінамі граць эцюды і што ў жыцьці яна такая самая. Ці бачылі Вы яе пасьля вайны? Мая жонка зь ёй сябравала, як і з усімі маладымі пэдагогамі, якія ў адзін час прыехалі са мной у Менск. Яна (жонка) па прафэсіі не музыкант, а чарцёжніца, але дастаткова добра іграла на раялі, цяпер зусім закінула, ды праз свой багемны характар заўсёды была блізкая да мастацтва: ведала ў Маскве многіх пісьменьнікаў і паэтаў, сама пісала вершы й малявала. Нягледзячы на шэраг “навальніцаў” у нашым сямейным жыцьці, мы й цяпер разам і дажылі амаль што да залатога вясельля.
3 кампазытараў у нас часта бываў Пеця Падкавыраў. Ці праўда, што Алоўнікаў ажаніўся з Барысенкай і што ён моцна піў? Ці ведаеце, як загінуў дзядзька Клумава, яны ж, здаецца, не былі яўрэямі і ў гета яго, здаецца, не было.
Вы просіце прабачэньня за “крамзолі”, але Вы цудоўна пішаце. А ў мяне зусім кепска з кісьцямі рук, сьцяжэньне сухажыльляў і мала расьцяжкі паміж пальцамі, яны быццам бы склейваюцца міжсобку, таму я перайшоў на машынку. Вельмі цяжка пісаць ноты, а машынкі такой яшчэ, на жаль, ня вынайшлі. Да таго ж зусім прапала тэхніка, цяжка іграць.
Чым займаецца зараз Дзьмітры Раманавіч? Сардэчнае яму прывітаньне. Вялікі дзякуй за паштоўку. Які прыгожы стаў Менск — я б яго не пазнаў. Пішыце як мага хутчэй. 3 найлепшымі пажаданьнямі Вам усім. Ваш Аляксей Уладзіміравіч,
Алесь Карповіч.
102 Маецца на ўвазе першы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам.
103 Зьвестак пра Берзіна ня знойдзена.
Альдэнбург, ю траўня 1983 г. Дарагія Дора Абрамаўна і Дзьмітры Раманавіч!
Ад душы спачуваю няшчасьцю, якое вам выпала. Вось ужо дапраўды, толькі пажару вам не хапала104. Добра, што засталіся жывыя й цэлыя, а рэчы — справа нажыўная, дый страхавое таварыства дапаможа зноў абсталявацца. Ці быў у Вас ужо інструмэнт? Чаму б Вам, Дора Абрамаўна, не пачаць зноў даваць урокі фартэпіяна? Адна мая знаёмая, некалі вучаніца, ёй зараз ужо за 50, жыве ў Эдмантане й мае 25 вучняў. Цяжкі толькі пачатак, а паступова вучні самі прыходзяць, трэба толькі добра сябе зарэкамэндаваць як пэдагог і — што ня менш істотна — як чалавек. Моўны бар’ер тут лёгка пераадольваецца, ведаю гэта на сваім вопыце. А Дзмітры Раманавіч ня мог бы кіраваць хорам? Да маёй працы ў музычнай школе я вёў хоры ў Нямеччыне й Бэльгіі.
Я склаў для Дзьмітрыя Раманавіча кароткі ліст да Цымэрмана, які пасылаю для подпісу й перасылкі паветранай поштай у Франкфурт, калі Дзьмітры Раманавіч згодзен з маёй рэдакцыяй. Вось пераклад гэтага пісьма.
Глыбокапаважаныя дамы й панове!
Я пішу гэты ліст, бо ведаю, што выдавецтва Цымэрман заўсёды было зьвязана з рускай музыкай. Я — рускі кампазытар, звыш 30 гадоў працаваў па гэтай спэцыяльнасьці ў гор. Менску (Беларусь) і маю кампазыцыі ва ўсіх жанрах: буйныя аркестравыя творы, камэрную, фартэпіянную й вакальную музыку. Многія мае творы былі прынятыя да выкананьня, запісаныя на пласьцінкі й высока ацэненыя крытыкай. Нядаўна я выехаў у Канаду, каб узьяднацца з маімі дзецьмі. У Канадзе я працягваю маю творчую дзейнасьць і, калі Вы зацікаўлены ў гэтым, магу вам выслаць некаторыя з маіх твораў. Магу таксама прапанаваць свае паслугі як аранжыроўшчык і інструмэнтатар. Прашу вас адказаць мне і быў бы вельмі рады, калі б праз вас мне ўдалося аднавіць кантакт з музычнай грамадзкасьцю.
3 найвялікшым шанаваннем...
Вельмі шкада, што прапалі пласьцінкі, іх жа наўрад ці можна здабыць там. А ноты, калі Цымэрман зацікавіцца, трэба паслаць у выглядзе ксэракопій. У гэтым Вам дапаможа Янка Запруднік, ён пастаянна нешта капіруе. Па-мойму, паслаць лепей за ўсё невялікія рэчы, кшталту прэлюдый, некалькі штук. Вы іграеце гэтыя прэлюдыі? Тады можна бы запісаць на касэту, гэта проста зрабіць і паслаць.
104 У шматкватэрным доме, дзе бацькі здымалі кватэру, адбыўся пажар. Гэтая падзея, безумоўна, адбілася на здароўі абодвух пажылых людзей.
Я гарэў тры разы, два ў Менску й адзін раз у Бэрліне, страціў тры музычныя інструмэнты, усе кнігі й мае працы. Трэба было пачынаць з пункту “нуль”. За мяжой у сфэры мастацтва добра ўладкоўваюцца толькі зоркі, астатнія даюць урокі, вядуць хоры, пішуць артыкулы або займаюцца апрацоўкамі, інструмэнтоўкай для розных эстрадных ансамбляў. Вельмі добра авалодаць акардэонам і гітарай, на гэтыя інструмэнты вялікі попыт. Як справы з Вашым здароўем, Дзьмітры Раманавіч, ці ёсьць у Вас яшчэ жыцьцёвая й творчая энэргія, настойлівасьць і аптымізм? Я доўгія гады даваў урокі, рабіў аранжыроўкі, пералажэньні, пісаў рэцэнзіі, акампаніраваў у канцэртах, але цяпер моцна здаў, хутка стамляюся, ні за што ня хочацца брацца. Калі дазваляе надвор’е, корпаюся ў зямлі, у нас вакол дома трохі зямлі, і я вырошчваю гародніну й трускалкі, гэта адцягвае ад змрочных думак, якія ўсё часьцей прыходзяць. Як Вы бавіце час, Дзьмітры Раманавіч, ці займаецеся кампазыцыяй? Ці ведаеце кнігу “Гісторыя беларускай савецкай музыкі”, там некалькі разоў у розных яе разьдзелах згадваецца Вашае імя? Ці прыбралі ў сувязі з Вашым выездам у Канаду гэтую кнігу, а таксама Вашыя творы, з абыходку? Калі Вам удасца нешта апублікаваць у Цымэрмана, то лепей, калі гэта будуць новыя або “абноўленыя” творы, калі ж ужо надрукаваныя, то я Вам раю спачатку высьветліць пытаньне “аўтарскіх правоў”, каб не было непрыемнасьцяў пазьней.
Дарагая Дора Абрамаўна, дзякуй за Вашае пісьмо, якое Вы напісалі, нягледзячы на пажарныя хваляваньні. Многа Вы перажылі такога, што й ня сьнілася амэрыканскім і канадыйскім жанчынам. У Нямеччыне іначай, тут людзі таксама хапілі шмат гора, таму тут такі стыхійны рух супраць узбраеньня й вайны, таму й амэрыканская ваенная палітыка тут вельмі мала папулярная. Пішыце больш пра сябе, тут справа не ў інтарэсе з нашага боку, а ў тым, што мы з жонкай Вас так добра разумеем і спачуваем у тым, што Вы перажылі.