Запісы 39 дыск у дадатку

Запісы 39

дыск у дадатку
205.84 МБ
Трэці тып нацыяналізму створаны самімі “дыяспарамі катаклізму”. Нацыяналістычныя памкненьні й погляды меньшасьці ўключаюць хутчэй “нацыянальныя”, чым “этнічныя” патрабаваньні да ўладаў прызнаць асобную нацыянальную группу й даць яе ўдзельнікам калектыўныя, заснаваныя на нацыянальнасьці правы — культурныя альбо палітычныя. Падобныя самаадчуваньні й адпаведныя ім палітычныя перакананьні адрозьніваюць “дыяспары катаклізму”6.
У выніку геапалітычных падзей на працягу XX — пачатку XXI ст. палітычная карта Цэнтральнай і Усходняй Эўропы зьмянялася тройчы: пасьля Першай і Другой сусьветных войнаў і пасьля распаду Савецкага Саюзу. Сфармуляваны Роджэрсам Брубэкерам прынцып вывучэньня дыяспары стаў асновай дасьледаваньня гісторыі фармаваньня беларускай этнічнай групы ў Літве ў канцы XIX — пачатку XXI ст. Тэрыторыя дасьледаваньня — сучасныя межы Літоўскай дзяржавы.
На пачатку XX ст. этнічна беларускія тэрыторыі ўваходзілі ў склад адзінай дзяржавы — Расейскай імпэрыі. Другая палова XIX — пачатак XX ст. характарызуюцца ўздымам нацыянальнай самасьвядомасці беларусаў. Вільня была цэнтрам нацыянальнага жыцьця, дзе друкаваліся беларускія пэрыядычныя выданьні “Наша доля” й “Наша ніва”, “Саха”, “Bielarus”, "Гоман”, працавалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецтвы “Нашай нівы”, “Загляне сонца і ў наша ваконца”, выдавецкае таварыства “Наша хата”, Беларускі музычнадраматычны гурток7. У 1903 г. адбыўся ўстаноўчы сход першай беларускай нацыянальнай партыі — Беларускай рэвалюцыйнай грамады8. Паводле зьвестак перапісу 1897 г., беларусы складалі 56 % насельніцтва Віленскай губэрні9.
5 Брубекер, Роджерс. “Днаспоры катаклнзма”...
6 Брубекер, Роджерс. “Днаспоры катаклнзма”...
7 Філякоў, Уладзімір. Беларусь у пачатку XX ст. Культура // Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст). Мінск, 2007. С. 409—434.
8 Біч, Міхаіл. Станаўленне буржуазнага грамадства // Нарысы гісторыі Беларусі. Мінск, 1994. С. 303—379.
9 Внленская губерння. Первая Всеобіцая Перепнсь населення Росснйской Нмпернн. 1897 год. [Электронный ресурс]. Гл.: http://rusemp.info/perepisi897/vilno.html.
У выніку палітычных падзей 1914—1922 гг. аформілася новая карта Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Этнічна беларускія тэрыторыі ўвайшлі ў склад Польскай і Літоўскай рэспублік, БССР і РСФСР. Тэрыторыя сучаснай Літвы ў выніку Першай сусьветнай і польска-савецкай войнаў была падзеленая на дзьве часткі: заходнюю — утворана Літоўская рэспубліка са сталіцай у Коўне й усходнюю — Віленскае ваяводства, якое было адміністрацыйнай адзінкай II Рэчы Паспалітай. Цэнтрамі беларускага жыцьця міжваеннага пэрыяду былі Вільня й Коўна. Дзяржаўная палітыка Польскай і Літоўскай рэспублік адрозьніваліся, але можна вылучыць агульныя этапы:
1.	Лібэральны (актывізацыя дзейнасьці беларусаў: былі адкрыты навучальныя ўстановы, СМІ, грамадзкія й палітычныя арганізацыі) — першая палова 1920-х гг.;
2.	Радыкальны (скарачэньне беларускіх навучальных установаў, СМІ, ліквідацыя грамадзкіх і палітычных аб’яднаньняў) — другая палова 1920-х — 1930-я гг.
У міжваенны пэрыяд для беларускай этнічнай супольнасьці ў Літве (у сучасным разуменьні тэрыторыі краіны) былі характэрныя тры тыпы нацыяналізму, вылучаныя Роджэрсам Брубэкерам. Так, на тэрыторыі Віленскага ваяводства “нацыяналізм” дыяспары быў рэалізаваны праз адкрыцьцё беларускіх грамадзкіх, культурных арганізацый: у 1919 г. у Вільні пачала сваю дзейнасьць Беларуская гімназія, якая заклала аснову нацыянальнай сыстэмы адукацыі ў Заходняй Беларусі, у 1921 г. былі заснаваныя Таварыства беларускай культуры й Беларускі музэй, у 1926 г. — Беларускі інстытут гаспадаркі й культуры. Дзейнічалі ў гэты час на Віленшчыне й грамадзкапалітычныя арганізацыі беларусаў: Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская сялянска-работніцкая грамада ды інш.10. Ад 1926 да 1939 г. адбываецца зьмена лібэральнага кірунку на болып радыкальны — “нацыяналізуючы” нацыяналізм — пэрыяд, калі палітыка польскай дзяржавы была накіраваная на адзіны курс унутранага жыцьця з дамінаваньнем прадстаўнікоў польскай нацыі.
Пра колькасьць беларусаў на тэрыторыі Віленшчыны даюць інфармацыю зьвесткі перапісаў 1921 і 1931 гг. Так, на тэрыторыі чатырох паветаў Віленскага ваяводства (без уліку насельніцтва Сярэдняй Літвы) згодна з перапісам 1921 г. жылі 47,3 % беларусаў11. У1931 г. 59,7 % насельніцтва назвалі польскую мову роднай, а нацыянальныя меншасьці складалі: беларусы (22,7 %), рускія (3,4 %), габрэі
10 Ціхаміраў, Аляксандр. 3 гісторыі беларускай дыяспары ў Літве // Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя. Мінск, 2006. С. 30—36.
11 Skorowidz miejscowosci Rzeczypospolitej Polskiej. T. VII. Warszawa, 1923.
(8,5 %) і літоўцы (5,5 %)12. Зьвесткі перапісу засноўваліся на моўным і рэлігійным прынцыпах. Прадстаўнік каталіцкай канфэсіі — паляк, размаўляеш на польскай мове — паляк. Праз гэта й хібы перапісаў, бо камэнданты паліцыі называлі праваслаўных сялянаў беларусамі, а сялянаў-каталікоў — палякамі13. У такім выпадку рэлігійная прыналежнасьць выступала крытэрам вызначэньня этнічнай. Другі момант — чалавечы фактар, калі самі беларусы прыпісвалі сябе да палякаў, каб атрымаць ільготы, зямлю ды інш. Можна сьцьвярджаць, што большасьць “палякаў” на тэрыторыі Заходняй Беларусі — грамадзяне-беларусы.
Для другога пэрыяду былі характэрныя асыміляцыя й паланізацыя далучаных тэрыторый праз насаджэньне польскамоўных школаў, закрыцьцё навучальных установаў з беларускай мовай навучаньня. Так, на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1922/23 навучальным годзе было 32 беларускія школы14. У 1937/38 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі дзейнічалі толькі 5 польска-беларускіх пачатковых школ, 1 беларуская гімназія, у 44 польскіх школах беларуская мова вывучалася як прадмет. У 1930-я гг. рух за беларускую школу трансфармаваўся ў культурна-асьветніцкі, дзе галоўнае месца адводзілася самаадукацыі.
Яскравай выразьніцай сьвядомасьці мясцовага насельніцтва Заходняй Беларусі была літаратура. Асноўным цэнтрам выдавецкай справы была Вільня. 3 233 найменьняў беларускай пэрыёдыкі 221 выдавалася ў Вільні15, сярод якіх газэты “Беларуская справа”16, “Беларуская ніва”17, “Беларускі кліч”18, газэта-аднадзёнка “Водклік”19. 3 466 беларускамоўных кніг і брашур, надрукаваных у 1920—1930-я гг. у Польшчы, 98 % прыпадала на Вільню: тут разьмяшчаліся друкарні
12 Wykaz miejscowosci Rzeczypospolitej Polskiej. T. i. Wojewodztwo Wilenskie. Warszawa, 1938.
13 Токць, Сяргей. Беларуская вёска ў эпоху зьменаў. Другая палова XIX — першая траціна XX ст. Менск: Тэхналёгія, 2007. С. 204.
14 Вабішчэвіч, Аляксандр. Нацыянальная школа: складанасці развіцця (1921—1939 гг.) // Назаўсёды разам: Да бо-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мінск: БелЭн, 1999. С. 6о.
15 Вабішчэвіч, Аляксандр. Духоўнае жыццё ва ўмовах паланізацыі // Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. Мінск, 2007. С. 423— 448.
16 Літоўскі цэнтральны гістарычны архіў (далей — ЛЦГА). Ф. 51. Воп. 7. Спр. 153. Арк. 1.
17 ЛЦГА. Ф. 51. Воп. 7. Спр. 283. Арк. 10.
18 ЛЦГА. Ф. 51. Воп. 7. Спр. 520. Арк. 3.
19 ЛЦГА. Ф. 51. Воп. 7. Спр. 283. Арк. 11.
й выдавецтвы, сярод якіх — Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецтвы Ўладзіслава Знамяроўскага, Барыса Клецкіна, Таварыства беларускай школы, Беларускага інстытуту гаспадаркі й культуры, Беларускае каталіцкае выдавецтва20, кнігарня Станіслава Станкевіча21 ды інш.
У Літоўскай дзяржаве, паводле зьвестак перапісу 1923 г., беларусамі запісаліся 4400 асобаў (0,2 % насельніцтва). Беларускае насельніцтва канцэнтравалася ў ваколіцах Нова-Аляксандраўска і Еўя. Галоўным цэнтрам дзейнасьці беларусаў у Літве стаў Каўнас. Як і на тэрыторыі Віленскага ваяводства, “нацыяналізм” дыяспары меў сваё ўвасабленьне ў дзейнасьці грамадзкіх, адукацыйных і культурных арганізацый. У 1919—1920 гг. тут дзейнічалі Міністэрства беларускіх справаў у Літве22, Выдавецкае таварыства імя Ф. Скарыны, выходзілі пэрыядычныя выданьні23, фармаваліся беларускія вайсковыя адзінкі, якія падпарадкоўваліся літоўскаму камандаваньню24.
Значнай падзеяй стала заснаваньне ў Каўнасе ў красавіку 1923 г. Беларускага цэнтру, галоўнымі задачамі якога былі выдавецкая дзейнасьць для абслугоўваньня Заходняй Беларусі, падтрыманьне сувязяў з грамадзкімі арганізацыямі ў Заходняй Беларусі, выступленьне на міжнароднай арэне ў абарону беларускіх і літоўскіх нацыянальных інтарэсаў.
У другой палове 1920-х гг. становішча беларусаў на Літве рэзка пагоршылася. Найперш гэта стала наступствам палітыкі, якую праводзілі ў адносінах да беларусаў літоўскія ўлады. He спрыялі літоўскія ўлады й разьвіцьцю беларускага школьніцтва на тэрыторыях, дзе кампактна пражывалі беларусы. Новая хваля ажыўленьня беларускага жыцьця — пачатак 1930-х. У 1932 г. было заснавана Беларускае культурна-асьветнае таварыства, галоўныя задачы якога — “арганізацыя беларускай меншасці і праца над узаемным беларускалітоўскім яднаннем”25. Альтэрнатывай БКАТ стаў Беларускі цэнтар, які аднавіў сваю дзейнасьць у сталіцы Літвы 23 лютага 1933 г. і галоўнай мэтай якога было аб’яднаньне й каардынацыя дзейнасьці асобных беларусаў і беларускіх арганізацый усёй Літвы. Спрэчкі паміж рознымі структурамі зьнізілі эфэктыўнасьць дзейнасьці беларусаў у Літве. У 1935—1936 гг. практычна ўсе беларускія суполкі
20 Вабішчэвіч, Аяксандр. Духоўнае жыццё ва ўмовах паланізацыі.
21 Русак, Міраслава. Лявонава доля. Вільня, 2000. — 103 с.
22 ЛЦГА. Ф. 395. Воп. 1. Спр. 1.
23 ЛЦГА. Ф. 395. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 15—17; Воп.1. Спр. 9.
24 ЛЦГА. Ф. 395. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 13.
25 Ціхаміраў, Аляксандр. 3 гісторыі беларускай дыяспары ў Літве.
ў Літве спынілі сваю працу з прычыны арганізацыйных і фінансавых цяжкасьцяў.
Неабходна адзначыць, што ў міжваенны пэрыяд “нацыяналізуючы” нацыяналізм для беларусаў Літоўскай і Польскай рэспублік стаў вынікам зьнешняй палітыкі, якую праводзілі дзяржавы непасрэдна пасьля атрыманьня незалежнасьці. Урад кожнай з рэспублік разьлічваў на падтрымку беларусаў з мэтай рэалізацыі сваіх мэтаў, сярод якіх галоўнай была спрэчка за Віленшчыну. Пасьля вырашэньня гэтага пытаньня ўзаемаадносіны з прадстаўнікамі нацыянальнай меншасьці займелі іншы характар. Таксама неабходна ўлічваць, што колькасьць беларусаў на тэрыторыі Літоўскай рэспублікі была невялікая, а на тэрыторыі Віленскага ваяводзтва — значна большая, але 8о % пражывалі ў сельскай мясцовасьці. Такім чынам, у першым выпадку беларусы не маглі займаць даміноўныя пазыцыі з прычыны малалікасьці, а ў другім — праз адсутнасьць адпаведнай адукацыі й патрэбаў: галоўная праца селяніна — на зямлі, ад якой залежыць ягонае жыцьцё й дабрабыт. Рухавіком нацыянальнага жыцьця была інтэлігенцыя.