Ліза Літаровіч: А мы сваю сьвіньню калолі на працяіу трынаццаць гадоў. Партугальцы на фарме прадавалі сьвіней, Лёня мой паедзе, купіць, яны абсмаляць там. Прывязем, і трэба разьбіраць. Але Лёня мой ня мог глядзець на гэта, сыходзіў з хаты. Лёнеў бацька сьвіньню разьбіраў, а я глядзела. Потым Лёнеў бацька памёр, і што? Я сама разьбірала, рабіла каўбасы, мы іх сушылі. Тут можна было штосьці ў капцілаўку пакласьці, занясеш, аддасі й потым забіраеш. I цяпер яшчэ мо тая фарма ёсьць, але я ня знаю, ці яшчэ хто езьдзіць з нашых туды. Ужо ня робяць таго. Цяпер, напрыклад, сала можна набыць у кітайскай краме. Калі ў нас у царкоўнай залі робяць пікнік, дык Люды Бахар сын паедзе, купіць гэтага сала, пасоляць яго і смажаць. Усе любяць. Усякае было. Я сама некалькі разоў купляла сала й адзін раз таксама ўзяла пасаліла. Лёня бочкі спэцыяльныя зрабіў, і я туды пасаліла. А неяк была ўзяла сала, пасаліла й паклала ў фрызэр. I яно яшчэ лепей тады было. To пазьней купілі добры фрызэр і так рабілі. Лёня раздаваў сала сваім сябрам, і дома елі. I каўбасы рабіла. Купляць было дорага, мала грошай было, але было дзёшава рабіць. У нас было трое дзяцей, разам — пяць чалавек. На дзесяць даляраў можна было пражыць цэлы тыдзень. Цяпер папробуй! Цяпер я адна і мне трэба 50 даляраў. Курыцу купляла або Лёнева мама, або я на фарме. Там заб’юць, прынясеш дадому, абскубеш і варыш. Магазінаў так не было, як цяпер. Цяпер перавярнулася ўсё ў фабрыку. У Саўт-Рывэры было шэсць пякарняў, на кажнай былі розныя магазіны, дзе можна было купіць хлеб. А тады як гэтыя вялікія крамы паадчыняліся, малыя павыходзілі зь бізнэсу, бо там дзешавей. Надзея Запруднік: I мы самі каўбасы рабілі і сальцісоны. I яшчэ людзі робяць. Нядаўна Нік Бахар цяпер паехаў на фарму, купіў вялікае парасё і гэта ўсё парэзаў, падзяліў і нарабіў каўбасаў з маткай разам. Нават і мне пару прывез яшчэ. Ляжаць замарожаныя. Таксама мы зь Лізай кожны год робім хрэн на Вялікдзень. Кожны год плачам. Натальля Гардзіенка: А сам хрэн купляеце цірасьце ў кагосьці? Надзея Запруднік: Купляем і пільнуем, калі яўрэйская пасха, тады яны па нізкай цане аддаюць. Ліза сядзіць і пільнуе, дзе чатыры даляры за фунт, а дзе яна можа за паўтара даляры купіць. Дык мы робім многа хрэну. Бо якая то пасха бяз хрэну? Традыцыйна ўсе маюць хрэн, сальцісон, каўбасы, саляткі дадаюць свае. Натальля Гардзіенка: УАўстраліі мне часта беларускі паказвалі свае агароды, дзе вырошчвалі агуркі, памідоры самі. Ці тут у Амэрыцы вы нешта сваё вырошчвалі? Надзея Запруднік: Вырошчвалі-вырошчвалі. Некаторыя і сёньня маюць. Некалі ў нас быў агародзік у некалькі градак. Цяпер ужо ня садзім. Ліза Літаровіч: Раней мы мелі вялікі агарод, памідоры, аіуркі. Мая мама садзіла буракі таксама. I мята ў мяне расла, і маліна. Натальля Гардзіенка: А салілі агуркі, памідоры? Надзея Запруднік: Салілі й цяпер робяць. Такія зацятыя жанчыны былі. Вунь сёньня капусту прывезьлі вельмі смачную сваю. Робяць на сёньня й на пару дзён, але ў банкі цяпер не закатваюць. Але адразу як прыехалі, дык рабілі. I памідораў закаткі рабілі, і іншае. Але яно не аплачваецца. Хто будзе з гэтым вазіцца, калі можна пайсьці й набыць? Ліза Літаровіч: Я раней саліла агуркі й добра саліла, і капусту рабіла. У мяне бочка была для капусты. Мы куплялі нейкіх 6 галовак капусты, нью-ёрская капуста дужа добрая, вялікія галоўкі й яна поўная такая. Цэлую бочку капусты гэтай зраблю, бывала, яна як закісьне, моркву клала, і стаяла цэлую зіму. Раздавала людзям. I Лёня гасьцям даваў. Хто прыяжджаў, усе любілі. Тут цяпер у Нью-Джэрзі можна купіць усё, а раней гэтага не было. Была другая ежа, і людзі, якія прыехалі, гэтага не любілі. Я саліла таксама агуркі сама. А цяпер такія можна купіць, што амаль тое самае. Натальля Гардзіенка: А грыбы беларусы ўАмэрыцы зьбіралі? Надзея Запруднік: Грыбы тут — толькі шампіньёны. Амэрыканцы карыстаюць грыбы, дадаюць іх да мяса ці яшчэ. Некалі мая пляменьніца сама ў падвале грыбы вырошчвала. Беларусы хадзілі спачатку ў лес у грыбы, апенькі ці лісічкі часам я нават зьбірала. Але тут загорача. Мы некалі езьдзілі на адпачынак у штат Мэйн, дык там усё расьце і ў пачатку жніўня можна баравікоў назьбіраць. Ці чаго іншага. А тут загорача. Натальля Гардзіенка: А адкуль у вас былі рэцэпты беларускіх страваў? Ліза Літаровіч: Рэцэпты ад мамы. Яна добрая гаспадыня была. I я ад яе шмат навучылася. Праўда, мама, прыкладам, варыла баршчы, а я не любіла капусты і ня ела. Надзея Запруднік: Рэцэпты былі з дому. Многія старэйшыя жанчыны памяталі, а малодшыя пераймалі адразу. Скажам, у мяне ёсьць рэцэпт сырнай пасхі, якую мала дзе хто рабіў. Гэты рэцэпт ад майго першага мужа Гені бабулі зь Вільні. Генеў бацька быў сьвятар, з двух бакоў сьвятары былі ў яго. I дзед ягоны таксама, а ягоная матушка рабіла такую пасху. I ён вельмі часта ўспамінаў: вот мама рабіла, мама рабіла. Нарэшце мы пачалі перапіску, наладзілі лучнасьць з сваякамі, і мне прыслалі рэцэпт. To я кожны год традыцыйна гэтую пасху раблю. Сырную менавіта. Я тварог свой раблю. Там цэлая працэдура, кіпяціш малако, даеш сьмятану, яйкі, лімон, каб тварог атрымаўся, пасьля адцэжваеш і даеш ўжо, як на гатовае цукар, ванілу й прысмакі. Часам нават маленькія арэшкі кладу. Бяру формачку, мне зрабілі такую, як піраміда, і пасха вельмі прыгожа выходзіць. I кожны год усе нашыя робяць пасху, многа вазьні зь ёй. Я заўсёды вару ў чацьвер, у пятніцу мы прыяжджаем з цэрквы, і я яе адцэжваю цэлую ноч. А тады на другі дзень гэта ўсё ў формачку і ў халадзільнік. Гэта такое традыцыйнае. Я давала некалькім жанчынам рэцэпт, але нешта ў іх не атрымалася. Некаторыя робяць толькі з тварагу, і гэта таксама проста, але гэтая яна такая, як марожанае, яна вельмі далікатная. Натальля Гардзіенка: Значная частка беларускай кухні — кулічы, пірагі, караваі, булкі, рэцэпты якіх зьберагаліся свае ледзь ня ў кожнай сям’і. Ці шмат на эміграцыі жанчыны пяклі? Надзея Запруднік: Багата ўсяго рабілі, і пірагі, караваі. У нас такая была спадарыня Вайдэка, старэйшая жанчына. У яе быў сьпісак рэцэптаў. To як яна памерла, я ўзяла яго сабе на памяць. У мяне яна яшчэ й сёньня недзе ёсьць гэтая кніжка, старэнькая. I там быў рэцэпт булак-пірагоў, які мне вельмі спадабаўся. Называўся — “Булкі Клаўдзіі Ўладзіміраўны”. Хто гэтая Клаўдзія Ўладзіміраўна, ня ведаю, але гэтыя булкі я пераняла й далей раблю. Пякла іх адразу па 50 штук. Бо як нейкая аказія, прыкладам Кавыля кніжкі прэзэнтацыя, дык і ён шчасьлівы быў з тых пірагоў, бо сваё. Тыя ж Кавылі нас былі на 50 год вясельля запрасілі, дык замест кветак я сьпякла пірог, паставіла на ім каласкоў пару й васілёчкай — ой шчасьце вялікае было. Пробавала я таксама сеяць лён, у мяне ён рос, і было насеньне, каб для пірагоў. Я заўсёды пякла. Калі нашая Іра (Рагалевіч-Дутко. — Н. Г.) выходзіла замуж, дык я такія вялікія два пірагі сьпякла. Але была праблема, што як цеста падышло, мой пірог аказаўся завысокі — немагчыма было пячы. To я мусіла асобна пячы верх і ніз. А тады гэтыя часткі злучыла, паставіла там каласкі-васількі — і ніхто не заўважыў. Цэлы дзень я гэта рабіла. А аднойчы было, што я сьпякла каравай, а ён упаў. Куды ж я такі панясу? А гэта ж для маёй хрэсьніцы было. Дык я купіла маленькі вазончык фіялкаў і паставіла кветкі малыя зьверху на пірог. I так прыгожа на стале выглядала гэта разам, што й не заўважылі, што каравай апаў. Прыгоды былі розныя. Была Кіпелю на юбілей вялікі зрабіла каравай, а ён добра падгарэў, бакі падгарэлыя былі. Ну я ж не магу такі несьці. Зрабіла другі лепшы. To я кажу знаёмым, што першы раздам усім, бо прыпалены, а Кіпелю панясу другі, які даволі добра выйшаў. А ён як пабачыў каравай, то кажа, што гэта найлепшы падарунак. Ен любіць салодкае, асабліва нашае. А аднойчы Кіпелева нявестка Ларэйн вырашыла для доктара, сябры мужа Юркі, зрабіць у падарунак пірог. Звоніць мне і пытаецца, як рабіць. To я па тэлефоне кансультавала яе ўвесь час, што рабіць. Але ж пірог не падняўся, Ларэйн яго выкінула. Стала рабіць другі, і той таксама. Толькі трэці пірог сыіякла нарэшце. Яна такая настойлівая. А гэта ж Надзея Запруднік і Натальля Гардзіенка. Сомэрсэт, 2017 г. столькі часу ўзяло! Я казала ёй: “Давай я сьпяку”. Але яна адказвае, што гэта мае быць ня Надзін пірог, а пірог Ларэйн. I дабілася. I гэты сябра такі быў шчасьлівы: яны паклалі на рушнічок і так паднесьлі яму той каравай. Сёлета да Вялікадня я сьпякла мо якіх 18 пірагоў, болыных ці меншых. Некаторыя старэйшыя людзі ўжо адны жывуць і ня могуць пячы. To я сабе запісваю, каму трэба, і пяку. I маленькі — сабе, смачны. Налаўчылася так лёгка іх рабіць, толькі трэба, каб хатняй тэмпературы ўсё было — расчыніш, падымецца ўсё, замясіла, у форму і як падымецца — у печ. Па пяць, па шэсьць запар, і вельмі прыгожа выходзіць. У вялікіх формах не сьпячэш, гарыць. Найлепш у банках ад кавы, там сьценкі тонкія, то пірагі хутка пякуцца й добра выглядаюць. Дык я цяпер пільную, каб знайсьці такую вялікую жасьцяную банку. Булкі гэтыя якраз па рэцэпце тае Вадэйчыхі раблю. Вадэйкі жылі недзе ў Баранавічах, то й рэцэпт адтуль. I я яго трымаюся. Многія, хто каштуе, кажуць, што вельмі смачныя. Ліза Літаровіч: А я яшчэ й булачкі пякла. Як у Флярыдзе неяк была, дык з унучкамі напяклі 65 штук. Усе любілі тыя булачкі. Цеста салодкае раскатвала й рабіла розныя, часам масла, мармалад дадавала або як касу заплятала. Таксама ад маці навучылася. Думаю, усе гэта ўмелі. Таксама просьвіркі пякла ў царкву. На Пасху пяку кулічы. У гэтым годзе толькі 12 сьпякла. Сваякам трэба было паслаць, і тут і Соня, Кавылёва жонка, просіць, і Дзямешчыкам трэба. А сваякам па пошце дасылаю, трэба ўкруціць добра, і яно дойдзе. Можна яшчэ замарозіць. Дасылаю ў Паўночную Караліну і ў Морыстаўн. Натальля Гардзіенка: Царква была цэнтрам прыцягненьня беларусаў на эміграцыі, часта менавіта вакол яе гуртаваліся. I цяркоўныя сьвяты былі вельмі важныя. Нездарма столькі ўжо расказвалі пра велікодныя кулічы. А што яшчэрабілі на Вялікдзень? Як сьвяткавалі? Надзея Запруднік: Была традыцыя: у першы дзень на Вялікдзень мужчыны ходзяць па хатах і віншуюць. Кожная гаспадыня тады хоча, каб як найпрыгажэй было ўсё. А тады на другі дзень жанчыны ходзяць, а мужчыны прымаюць. Я памятаю, як да нас прыйшлі мужчыны ўжо трошкі пад мухай. Бо ж з хаты да хаты даюць па яйку й наліваюць. Усе вельмі стараліся рабіць багатыя сталы. Накрывалі стол, сьвятар хадзіў па хатах, айцец Мікалай Лапіцкі, сьвяціў ежу, стол. А тады памалу пачалося, што сьвятар ужо быў стары, то ня будзе хадзіць па хатах, то сталі прыносіць ежу ў царкву.