Запісы 40

Запісы 40

183.21 МБ
6.	Саборык заклікае ўсіх Праваслаўных Беларусаў аб’яднацца каля адзінае Беларускае Праваслаўнае Аўтакефальнае Царквы, гэтым ушанаваць памяць і заслугу сваіх лепшых дзядоў і прадзедаў, змагаўшыхся за аўтакефалію і чысьціню Праваслаўнае Веры. Умацоўвайце БАПЦаркву і Праваслаўную Веру на эміграцыі і ў Беларускім Народзе на Бацькаўшчыне на векі вечныя. Амін.
Подпісы: Епіскап Сергій, праф. М[ікола]Дзямідаў, сьвятар Сьцяпан Войтэнка
23 траўня (5 чэрвеня) 1948 г.
Як згадвалася, ад самага пачатку аднаўленьне й разбудова БАПЦ адбываліся ў цесным супрацоўніцтве з Радаю БНР. Сярод карэспандэнцыі япіскапа Сергія зь Міколам Абрамчыкам і кіраўніком ураду БНР Аўгенам Каханоўскім ёсьць, прыкладам, такі ліст:
Гаспода, 12.4.1949 г.
Апякуну Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Япіскапу Сергію.
Ваша Высокапрэасьвяшчэнства,
Урад БНР выслаў сёньня афіцыйнае паведамленьне ўсім сваім Прадстаўнікам у ЗША, Ангельшчыне, Францыі, Аргентыне, Канадзе, Швэдыі, Бэльгіі і Аўстраліі, а празь іх — кіраўніком усіх ін-
шых беларускіх арганізацыяў на эміграцыі ўважаць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву пад Вашым зьверхніцтвам за адзінапраўную Беларускую Праваслаўную Царкву.
Ад гэтага часу ўсе Вашы крокі ў справе разбудовы Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы будуць урадова падтрымлівацца нацыянальнымі беларускімі органамі і арганізацыямі, а Вы, Ваша Высокапрэасьвяшчэнства, у паразуменьні зьМіністрам Культуры й Веравызваньняў Ураду БНРДр. Аляксандрам Орсаю ці безпасярэдня маеце адгэтуль магчымасьць карэспандаваць у беларускіх царкоўных справах з усімі Прадстаўнікамі Ўраду БНР дзеля чаго, разам з гэтым, дасылаем Вам сьпісы і адрасы Прадстаўнікоў і іншых беларускіх арганізацыяў на эміграцыі.
Прымеце, Ваша Высокапрэасьвяшчэнства, выраз мае шчырае да Вас пашаны.
Прэм’ер-Міністар Ураду БНР А[ўген] Каханоўскі1.
У адным з пратаколаў 1949 г. згадваецца, што сродкі на БАПЦ ішлі непасрэдна з касы ўраду БНР. Яшчэ на саборыку ў Канстанцы ў 1948 г. было заключанае пагадненьне адноўленай БАПЦ з Радай БНР аб узгадненьні пасьвячэньня царкоўных іерархаў. Гэтай справай кіраўніцтва БНР актыўна займалася цягам 1948—1949 гг. Адмысловыя перамовы ішлі з радным Уладзімерам Тамашчыкам як кандыдатам на япіскапства, і зацьвярджэньне яго кандыдатуры было таксама аформленае пастановай Рады БНР. Пасьвячэньне Васіля (Тамашчыка) на пасаду япіскапа БАПЦ адбылося 19 сьнежня 1949 г. у Розэнгайме. Ад гэтага часу, калі царква атрымала свой Сабор япіскапаў, а ўладыка Сергій ужо меў адпускную грамату ад УАПЦ, аднаўленьне БАПЦ прыйшло да пэўнага завяршэньня. Пачаўся працэс разбудовы царквы на Захадзе, які працягваецца й да сёньня.
1 Збор дакумэнтаў Сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (на выгнаньні). 1983. С. 23.
Эміграцыязнаўчая сэкцыя на VII Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі
Натальля Гардзіенка
Менск
УПЛЫЎ ІМІГРАЦЫЙНАЙ ПАЛІТЫКІ КАНАДЫ НА ФАРМАВАНЬНЕ ХВАЛЯЎ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ
Іміграцыйная палітыка ёсьць неад’емнай часткай гісторыі Канады ад часоў зьяўленьня першых пасяленцаў на берагах ракі Сьв. Лаўрэнція. Цягам стагодзьдзяў прырост насельніцтва шмат у чым адбываўся дзякуючы імігрантам, што паступова асвойвалі ўсё новыя тэрыторыі, ствараючы перадумовы для ўзьнікненьня на мапе сьвету ў другой палове XIX ст. новай дзяржавы. Акт аб Брытанскай Паўночнай Амэрыцы 1867 г. аб’яднаў у адну дзяржаўную сыстэму — Канаду — 4 правінцыі: Антарыё, Квэбэк, Новую Шатляндыю й Нью-Брансьвік, у хуткім часе (1871 г.) да іх далучылася аддаленая Брытанская Калюмбія, пазьней дадаліся й іншыя (Манітоба, Саскачавань, Альбэрта, Ньюфаўндлэнд і г. д.). I хоць фармальна Канада заставалася ў складзе Брытанскай імпэрыі, яна атрымала ўласны ўрад і магчымасьць самастойна вызначаць сваю ўнутраную, а пазьней і зьнешнюю палітыку.
На момант стварэньня дзяржавы ў чатырох правінцыях Канады жыло толькі каля 3 млн чалавек. Перапіс 1871 г. зафіксаваў, што з 3 485 761 жыхароў1 брытанскае паходжаньне мелі каля 2,1 млн чалавек, зь якіх 846 тысяч складалі ірландцы, 706 тысяч — ангельцы, 550 тысяч — шатляндцы. Франкаканадцы на той час налічвалі каля 1083 тысячы чалавек. Пры гэтым цягам 1861—1870 гг. з Канады больш выяжджалі, чым туды прыяжджалі — краіна была своеасаблівым перавалачным пунктам для эміграцыі ў ЗША, дый уласнае насельніцтва актыўна перабіралася да паўднёвых суседзяў для асваеньня на прывабных умовах земляў амэрыканскага Захаду.
Фэдэральны канадыйскі ўрад, які меў вызначальную ролю ў вырашэньні пытаньняў іміграцыйнай палітыкі, мусіў дзеля актывізацыі эканамічнага разьвіцьця краіны й загаспадараньня вялікіх тэрыторыяў стымуляваць іміграцыю. Для гэтага ў 1869 г. быў прыняты першы Іміграцыйны акт у Канадзе. У гэтым дакумэнце вызначаўся мэханізм
1 Census of Canada 1870—1871 = Recensement de Canada. Vol. I. Ottawa, 1873.
P. 426.
Уплыў іміграцыйнай палітыкі Канады на фармаваньне хваляў... прыбыцьця імігрантаў, рэглямэнтавалася магчымая колькасьць імігрантаў на караблі ў залежнасьці ад ягонага танажу, памер падатку з кожнага імігранта (пераважна складаў адзін даляр з чалавека), адказнасьць перавозчыка й г. д. Іміграцыйны акт меў на мэце стварыць умовы для кантраляванага, рэгуляванага прыбыцьця ў краіну замежнікаў. У ім фармуляваліся абавязкі перавозчыкаў па дакладным уліку імігрантаў, вызначаліся непажаданыя для ўезду ў краіну асобы: лунацікі, сляпыя, глухія, нямыя, псыхічнахворыя. Таксама адзначалася, што фэдэральны ўрад меў права абмежаваць прыбыцьцё ў краіну жабракоў і асацыяльных асобаў2.
Падставаў для прыцягненьня працоўных рук у Канаду было некалькі. Па-першае, урад выкупіў у Кампаніі Гудзонскай затокі вялікія абшары земляў паміж Антарыё й Брытанскай Калюмбіяй — тэрыторыі, якія неабходна было асвойваць і засяляць (яны з часам склалі найперш правінцыі Манітоба, Альбэрта, Саскачавань). Па-друтое, трэба было наладзіць сталую транспартную сувязь паміж тэрыторыямі на ўсходнім і заходнім узьбярэжжах Канады — нарадзіўся праект пабудовы Трансканадзкай чыгункі, які патрабаваў працоўных рук. Па-трэцяе, у працэсе асваеньня канадыйскіх земляў знаходзіліся ўсё новыя радовішчы карысных выкапняў (вугалю, руды й інш.), што патрабавалі распрацоўкі. Пад уплывам усіх гэтых фактараў ад 1870-х гг. Канада пачала актыўна запрашаць імігрантаў, у выніку чаго пашырыўся нацыянальны склад яе насельніцтва: на захадзе сталі зьяўляцца кітайцы, а з усходу ехалі немцы, шведы, нарвежцы, ісьляндцы, італьянцы, габрэі, палякі, украінцы ды інш.
Можна сьцьвярджаць, што на падставе Іміграцыйнага акту 1869 г. да канца XIX ст. на іміграцыю ў Канаду не было амаль ніякіх абмежаваньняў (за выключэньнем хваробаў). Ад 1885 г., праўда, канадыйскі парлямэнт пачаў стрымліваць кітайскую іміграцыю: быў уведзены падатак у памеры 50 даляраў на кожнага кітайца, які прыбываў у краіну.
Выглядае, што менавіта ў другой палове XIX ст. у Канаду сталі прыяжджаць выхадцы зь беларускіх тэрыторыяў. Прынамсі вядома пра пасяленне пад назвай Вільня, якое зьявілася ў Атаўскай даліне ў правінцыі Антарыё ў 1865 г. Праўда, у літаратуры яно фіксуецца як польскае3.
Іміграцыя спрычынілася да пачатку бурнага эканамічнага ўздыму ў Канадзе на мяжы XIX — XX стст., які атрымаў назву “пшанічны бум” (дзякуючы ўздыму сельскай гаспадаркі на новаасвоеных землях Манітобы, Альбэрты, Саскачавані). У гэты час да ўлады ў краіне прыйшлі кансэрватары на чале з Уілфрэдам Лур’е, які абвясьціў новую іміграцыйную палітыку, заснаваную на селектыўных прынцыпах.
2 https://www.pier21.ca/research/immigration-history/immigration-act-1869.
3 Шлепаков, А. Славянскне группы Канады // Нацнональные проблемы Канады. Москва, 1972. С. 137.
У1906 г. быў прыняты значна болып дэталёва распрацаваны, чым папярэдні, Іміграцыйны акт, які заклаў аснову канадыйскай іміграцыйнай сыстэмы. Дакумэнт дакладна вызначаў іміграцыйную тэрміналёгію, арганізацыю іміграцыйнай службы, магчымасьці зьмены правілаў, мэханізмы прыёму, мэдыцынскага агляду і ўліку імігрантаў і г. д.4. Важная частка Акту датычыла вызначэньня забароненых для іміграцыі катэгорыяў. Сярод іх былі псыхічнахворыя, асобы з інфэкцыйнымі хваробамі, а таксама глухія, сляпыя й нямыя асобы (за выключэньнем выпадкаў, калі яны прыбываюць да сям’і, якая ўжо жыве ў Канадзе й можа іх забясьпечыць усім неабходным). Забараняўся ўезд у Канаду жабракам, злачынцам, прастытуткам і суценёрам. Іміграцыйны акт зьмяшчаўтаксама артыкулы, якія датычылі абароны правоў імігрантаў, рэгуляваў дзейнасьць іміграцыйных агентаў, уладальнікаў гатэляў, перавозчыкаў і г. д. у дачыненьні да імігрантаў. Варта зазначыць, што Іміграцыйны акт даваў фэдэральнаму ўраду выключныя правы на абмежаваньне іміграцыі пэўных групаў.
Тыя ж правы зацьвердзіў і нават пашырыў Іміграцыйны акт 1910 г., які прадугледжваў магчымасьці для ўраду забараніць уезд у краіну або дэпартаваць любога імігранта. Новы дакумэнт яшчэ больш дэталёва распрацоўваў іміграцыйную тэрміналёгію, вызначаў катэгорыі імігрантаў і неімігрантаў, уводзіў панятак дазволу на сталае жыхарства (domicile), які мусіў атрымаць кожны імігрант праз тры гады жыцьця ў краіне. Да гэтага часу ён мог быць дэпартаваны, калі б быў вызначаны як непажаданы для грамадзтва. Яшчэ больш пашырыўся й дэталізаваўся сьпіс забароненых для ўезду асобаў: да злачынцаў, суценёраў, прастытутак, псыхічнахворых і іншых, што згадваліся ў папярэдніх актах, дадаліся асобы, якія прыбывалі ў Канаду на запрашэньне дабрачынных арганізацый. Гэта было выклікана вялікай колькасьцю беднякоў, што ад 1907 г. сталі прыбываць праз Брытанію дзякуючы дапамозе харытатыўных інстытуцыяў. У Акце была таксама пазначана магчымасьць дэпартацыі з Канады палітычных уцекачоў, што заклікалі да гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады й парушалі грамадзкі парадак5. Іміграцыйны акт 1910 г. на дзесяцігодзьдзі вызначыў прынцыпы іміграцыйнай палітыкі Канады і стварыў умовы для прыезду значнай колькасьці імігрантаў. Цягам 1897—1929 гг. у краіну штогод прыбывала да 140 тысяч чалавек. За першыя тры дзесяцігодзьдзі XX ст. у Канаду прыехалі каля 4,6 млн імігрантаў, зь якіх каля 3,2 млн — да Першай сусьветнай вайны. Выехалі з краіны пры гэтым 3,4 млн, такім чынам, станоўчае сальда міграцыі склала 1,2 млн чалавек, — больш за 20 % ад насельніцтва краіны на пачатку стагодзьдзя.