Запісы 40

Запісы 40

183.21 МБ
Па ліквідацыі нацдэмаў бальшавікі пачалі русіфікаваць і палянізаваць беларускія школы. У Пуцілаве Коранскага сельсавету, дзе было некалькі дзяцей з абеларушаных старавераў, адчынілі расейскую школу, а ў Міхалкавічах, дзе з даўніх часоў былі сьвядомыя беларусы, але каталікі, адчынілі польскую школу, не пытаючы згоды жыхарства, і прыслалі настаўніцу-польку Гансілеўскую. Яна прабыла, здаецца, болып двух гадоў, але не магла спалянізаваць нашых дзяцей. Пасьля яе прыслалі камсамолку Анісаву, а потым камуністку Малянкову, якія праводзілі, як маглі, русіфікацыю ў нашай школе, імкнуліся і ў прыватнай гутарцы, і на лекцыі з вучнямі гаварыць на беларуска-расейскім жаргоне.
Як было ў звычаі з даўніх часоў па ўсёй Беларусі, што дзеці й падлеткі лазілі па чужых садох і гародах. Гэтак было здаўна і ў нашай вёсцы, хоць і не ў вялікіх памерах. Але калі адчынілася наша школа ды дзеці днём, а моладзь вечарам сталі наведвальнікамі школы, дык я вельмі часта знаходзіў час, каб праводзіць гутаркі на гэту тэму й дасягнуў нядрэнных вынікаў. Але пасьля раскулачваньня й калектывізацыі прыватная ўласнасьць стала ня ў модзе, а нават прыватны ўласьнік стаў бяспраўным чалавекам, дык ня толькі дзеці, але й бацькі ня тое што ўночы, а й днём не саромеліся залезьці ў сад. Яны разважалі бадай што гэдак: калі мы пазбавіліся ўласнасьці на зямлю, на жывёлу, на снасьць, дык чаму ж маем шанаваць уласнасьць таго свайго суседа, які выгадаваў і даглядае сад. Ды нават сама савецкая ўлада патурала дробнаму прыватнаму крадзяжу. Калі ў часе НЭПу савецкі народны
суд судзіў — і досыць строга! — парушальнікаў прыватнай уласнасьці (зладзеяў), дык у часе калектывізацыі былі ўстаноўленыя пры сельсаветах як бы “ганаровыя суды” за крадзеж у прыватных асобаў. Гэтыя суды маглі толькі выносіць ганьбаваньне зладзеям. Але за крадзеж у калгасах судзілі вельмі строга. Па законе за значны крадзеж давалі расстрэл ці ня меней як іо гадоў кацэту, а за малую, прыкладам, за сноп ці качан капусты — да чатырох гадоў.
У вёсцы Слабада жыло двое старых — муж і жонка Марозы. Яны ўкралі ў калгасе бярэмя саломы сабе ў пасьцель, каб бакоў не памуляць. Пакражу знайшлі й гаспадара засудзілі на чатыры гады кацэту. Жонка хацела выратаваць мужа, бо ня раз чула, што савецкая ўлада мае большае абачэньне370 на баб, пайшла да ўладаў і заявіла, што гэта ня муж салому краў, але яна. Муж Мароз быў ужо засуджаны й падпісаў вырок суду. Але калі баба Мароз прызналася, што й яна крала, дык і яе судзілі, але ёй далі толькі два гады. Яна ўгадала, што баб саветы судзяць лягчэй.
ДРУГАЯ ВАЙНА
У апошнія гады перад вайной я добра зарабляў; адзежы было дастаткова, і былі грошы. Класьці грошы ў савецкі банк было б тое самае, што купляць савецкія аблігацыі ці выкідаць грошы на вецер, бо з кожным днём курс савецкага рубля падаў. Я заўсёды ўгадваў курс па гарэлцы: калі ў 1924 годзе пры выпуску залатой валюты літар гарэлкі каштаваў 50 капеек, дык у 1939 годзе даходзіў, здаецца, да 19 рублёў. Савецкая ўлада хацела гэтыя грошы выцягнуць ад людзей. I вось у гэтых мэтах настаўнікам падсунулі розныя экскурсіі. Я цікаў371 быў, каб пабачыць нейкія новыя краі: Украіну, Крым, Каўказ ды інш., але з часу гішпанскай вайны не адважваўся паехаць, бо спадзяваўся, што нечакана можа там ці гэнам выбухнуць вайна. А я хацеў, каб абавязкова вайной быць дома. А з 1938 году я быў пэвен, што вайна будзе немінучай: цэлае лета падвозілі войска з Расеі, якое было разьмешчана па местах і ў лясох.
У1938 і 1939 гадох у Менску харчовых прадуктаў было дастаткова, а асабліва шмат было цукру. Вакацыі 1939 году я праводзіў у вёсцы. У вясковых каапэратывах гэтаксама было перапоўнена цукрам. Аднэй ночы (здаецца, у сярэдзіне жніўня, калі Рыбэнтроп372 прыяжджаў да Сталіна ў Маскву) былі прысланыя зь Менску вазюрныя машыны, якія закуплівалі ўсе запасы цукру. Я ў хуткім часе паехаў у Менск, аж
370 Абачэньне — увага, пашана (АВ).
371 Цікаў — зацікаўлены.
372 Іахім фон Рыбентроп (1893—1946), міністар замежных спраў Нямеччыны (1938—1945), дараднік Адольфа Гітлера па зьнешней палітыцы.
там у продажы няма ніякіх харчовых прадуктаў. Хадзілі чуткі, што ўсе гэтыя прадукты пайшлі ў Нямеччыну. А войска безупынку ўсё везьлі й везьлі на захад.
1 верасьня 1939 году я быў у Барысаве ў свайго знаёмага, калі пачуў, што немцы напалі на Польшчу. У хуткім часе бальшавікі аб’явілі мабілізацыю, a 17 верасьня перакрочылі бяз бою польскую мяжу. Калі я быў у Інстытуце школьнай пэдагогікі, дык аднаго разу завязалася такая гутарка. Прафэсар Замоцін кажа:
— Цяпер я зусім не магу арыентавацца з палітыкай, бо сытуацыя вельмі часта мяняецца. Ніяк не магу зразумець, як гэта пагадзіліся і ўступілі ў вайсковы саюз савецкая сацыялістычная дзяржава з фашыстоўскай Нямеччынай.
Камуніст Яворскі адказвае:
— Трэба разумець, што мы ўступаем у гэту вайну не паважна. Няхай буржуазея крывавіцца. Яны, калі схвацяцца, дык адзін аднаго скончаць, але й той пераможца зусім аслабее, тады мы яго нават голымі рукамі возьмем.
Калі ліквідавалі польскую дзяржаву, дык немцы аддавалі бальшавіком польскіх жыдоў, а бальшавікі аддавалі немцам тых польскіх, летувіскіх, латыскіх і эстонскіх грамадзян, якія сябе называлі немцамі. Тыя польскія жыды, як пабачылі, у якіх умовах жыве народ пад уладай саветаў, дык шмат зь іх паўцякалі назад. Я меў гутарку з адным гэткім жыдам, які казаў:
— Яны мяне цешаць373, што “работу далі”. Што мне за ўцеха з гэтай работы, калі я ня маю хлеба й памяшканьня (ім для чатырох асобаў нанялі маленькі пакойчык). Я ў Польшчы беспрацоўным быў, а да мяне раніцой у дзьверы стукаюць і пытаюцца, можа я хачу сьвежых булак і сьвежага малака. Я ўсё ж знаходзіў грошы на гэту пільную патрэбу. А тут колькі я мушу часу страціць і перамерзнуць, каб кутць кілё чорнага чэрствага хлеба!
У Менску ў Доме ўраду была арганізацыя, якая апекавалася жыдамі-перасяленцамі. Група іх пайшла да гэтай арганізацыі дамагацца для сябе элемэнтарных праў чалавека, але савецкія ўрадоўцы выгналі іх вон, дык яны ў знак пратэсту выйшлі на вуліцу й паклаліся на трамвайных рэйках. Прыйшлі энкавэдыстыя й пагналі іх туды, адкуль яны прыйшлі.
Калі кончылася вайна ў Польшчы, у лістападзе месяцы ў Інстытуце школьнай пэдагогікі паклікалі высокага вайскоўца зрабіць даклад нашым навукоўцам “Аб сучасным палітычным і ваенным стане Савецкага Саюзу”. Яму заплацілі за даклад 6о рублёў. Гаворачы аб вайне з Польшчай, ён сказаў:
373 Цешыць — тут: суцяшаць, супакойваць.
— Сучасная бліскучая перамога ўдалася нам надта лёгка, безь ніякіх затрат. Але перад намі стаіць вельмі вялікая задача. Будучы наш вораг лепей за нас узброены, абучаны й дысцыплінаваны. Будучая наша вайна патрабуе ад нас вялікага напружаньня сілы й волі, каб выйсьці пераможцамі.
Гэта ён казаў наконт Гітлера374. Тады фінская вайна толькі пачыналася, і той прамоўца яе ня ўспомніў; напэўна, ён думаў фінаў шапкамі закідаць. Зіма 1939/40 гадоў была занадта халодная. Адна з тых, якая ў нас бывае адна на сто гадоў. Мне прыходзілася назіраць, як у гэту зіму пры тэмпэратуры -40° расейскія жаўнеры ехалі на фінскі фронт у вадных шынялёх і ў летніх шапках, а ехалі на плятформах.
Зь вясны 1941 году было відаць, што вайна зь немцамі немінучая й яе можна чакаць штодня. Звонку можна было бачыць, што быццам бальшавікі з гітлераўцамі ў вялікай дружбе, але як адны, гэдак і друтія пасьпяхова ладзіліся да вайны. Былі чуткі, што бальшавікі ладзіліся напасьці на немцаў 8 ліпеня, бо да гэтага часу павінны былі спыніцца водпускі. Інстытут школьнай пэдагогікі быў яшчэ зь зімы заплянаваў склікаць на іо ліпеня настаўніцкую канфэрэнцыю, але ў палове чэрвеня адклікаў гэту канфэрэнцыю.
У нядзелю 22 чэрвеня я ўстаў пазнавата, пусьціў сваю радыёкропку й чую алярм: “Хавайцеся ў скляпы й ямы ды ў розныя ўкрытыя мясьціны, бо варожыя самалёты лятуць на Менск”. А пасьля пералічваецца, на якія месты СССР нападалі варожыя самалёты. Перад гэтым бальшавікі часта рабілі пробныя алярмы, калі, прыкладам, паведамлялася: “Завод Варашылава ў агні, вораг бамбіць цэнтральную частку места”. Я, палічыўшы, што й цяпер гэткая самая пробная трывога, не зьвярнуў на яе ўвагі.
Работа над пабудовай Менскага возера ўжо даўна была скончана й на гэту нядзелю на 12 гадзін меўся быць парад — сьвята адчыненьня возера. Сюды мелася зьехацца ўсё места. Надвор’е гэтага дня было спрыяльнае, да мяне прыйшоў мой знаёмы, і мы праз Старажоўку пехатой пайшлі да возера. Там было сабраўшыся досыць шмат людзей і стаяць напагатове на возеры некалькі маторных лодак. A 12 гадзіне меўся пачацца парад, але прыходзіць і-я гадзіна, а галоўнае партыйнае й савецкае начальства не прыяжджае. Мы заўважылі, што часамі ў грамадзе адзін аднаго таркане пад бок: яны абодва адыходзяцца на бок ды нешта паціху гавораць між сабой. Падышоў і да нас знаёмы, адвёў набок ад грамады ды й кажа, што ўжо вайна пачалася, а тады й я кажу, што чуў па радыё, але належна ня цяміў.
374 Адольф Гітлер (1889—1945), нямецкі палітык і лідар нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (NSDAP). Зь яго імем злучаны шматлікія злачынствы супраць чалавецтва, зьдзейсьненыя нацысцкім рэжымам як у самой Нямеччыне, гэтак і на акупаваных ёю тэрыторыях.
Я прыйшоў дахаты, быў усхваляваны ад гэтых падзеяў, мне не сядзелася на месцы, хацелася хадзіць — і хадзіў да сваіх знаёмых. Я бачыў па людзях, што ўсе цешыліся ад гэтай вялікай падзеі, бо спадзяваліся, што прыйшоў канец бальшавіцкаму панаваньню над нашым краем.
Вечарам я пайшоў да свайго блізкага прыяцеля, Рублёва, там застаў свайго знаёмага па працы ў Інстытуце школьнай пэдагогікі Сядуру. Мы сядзелі ўпацёмку. Тэмай нашай размовы была вайна — стараліся ўгадаць, хто будзе ў ёй пераможца. Мы з Рублёвым, калі бывалі ўдвух, часта не хавалі сваіх поглядаў у дачыненьні да бальшавіцкай улады, а цяпер, калі былі ўтрох, дык трохі стрымліваліся. Рублёў казаў, што, магчыма, немцы перамогуць, а Сядура — што расейцы, а я казаў, што й расейцы маюць шмат зялезьзя (танкаў, гармат), але бадай што яны ня змогуць перамагчы немца.
У Рублёва было радыё, мы пусьцілі яго. 3 кёнігсбэрскай станцыі перадавалі навіны на польскай мове, зь якіх мы даведаліся, што немцы дайшлі ўжо да Горадні й ідуць далей. Сядура хацеў болей слухаць, але Рублёў пабаяўся. Калі мы зь Сядурам а 12-й гадзіне ішлі ад Рублёва, дык разгаварыліся аб будучай мабілізацыі. Я кажу: