Запісы 40

Запісы 40

183.21 МБ
У1946/47 навучальным годзе школа была ўкамплектавана 97 вучнямі. Было чатыры клясы: I кляса — 20 вучняў, Селязьнёва; II кляса — 16 вучняў, Скараход482; III кляса — 23 вучняў, Сіткоўскі; IV кляса — 31 вучань, Гладкі. У гэтым годзе гэдаксама заняткі пачаліся рана, яшчэ ў жніўні месяцы. Настаўнікі гэдаксама націскалі на вучняў, каб мець добры посьпех.
Гэта зіма была надта сьцюдзёная. Пасьля Каляд напалі вялікія маразы, што блізка з пачатку студзеня да пачатку сакавіка школа была зачынена. Апалу ў табары не было, а мелі толькі сьвятары, высокія кіраўнікі табару й той, хто меў адвагу пайсьці на станцыю ламаць таварныя вагоны. Я гэтыя два месяцы зусім не паліў печы. Адно шчасьце, што меў цёплую адзежу й добрыя валёнкі. Калі клаўся ў пасьцель, дык адзяваў цёплыя нагавіцы, кароценькі, без рукавоў нямецкі вайсковы ўшпіляны кажушок, на ногі двое суконных шкарпэтак. Накрываўся
482 Аляксандар Скараход (Скараходаў, 1913—?), пэдагог. Ад 1946 г. працаваў у беларускай пачатковай школе ў лягеры АБЦ у Ватэнштэце. Актыўна ўдзельнічаўу афармленьні кніг, выдаваных у Ватэнштэце. У1947 г. выехаў у Вялікабрытанію, быў сябрам ЗБВБ і Згуртаваньня беларускіх камбатантаў.
трыма коўдрамі, добрым таўстым зімовым палітом на ваціне й велізарным кажухом. Гэта ўсё накрыцьцё так удала абтыкаў пад сябе, каб нідзе ня выехала. Галаву накрываў кажухом, які шчыльна абтыкаў, а дыхаць уладжваўся праз рукаво ў кажусе. Я ў гэтай вялікай похве мог варочацца на розныя бакі. Але калі рукаво ў кажусе зарастала інеем, дык не было чым дыхаць, тады мусіўуставаць і працярэбліваць рукаво. Калі толькі клаўся ў намерзлую пасьцель ды саграваў яе, дык рабіўся мокры, а пасьля з часам абсыхаў, і рабілася цёпла. Надта пакутліва было ўставаць з гэтага лагва на вялікі мароз. Калі ўсхватваўся з пасьцелі, дык хутка нацягваў валёнкі, надзяваў кажух і падпярэзваўся. Два разы на ноч пускалі электрычнасьць: адзін раз зь вечара, а другі перад днём; тады я грэў каву й напіваўся цёплай вады. Днём сядзеў у хаце і ўкладаў падручнікі; пісаў алоўкам, бо чарніла замярзала на пяры. Але днём хацелася, каб хоць на кароткі час пабываць у цёплай хаце, дык амаль ні кожны дзень шукаў прычыны, каб зайсьці дзе ў цёплы барак.
На праваслаўныя Каляды прыйшоў да мяне Скараход і кліча мяне, каб дзе схадзіць у цёплую хату пагрэцца, але калі выйшлі на двор, успомнілі, што сёньня Каляды, ды пасаромеліся заходзіць і вярнуліся ў мой барак. Я ўкруціўся ў кажух, яму даў цёплае паліто, дык нейкі час пасядзелі. Аднаго гэткага вечара зайшлі да мяне Ільляшэвіч і Коўш ды засталі мяне ў хаце зусім зьінеўшым. Яны прапанавалі завесьці мяне нанач у цёплую хату. Я адмовіўся, бо не хацеў надакучаць людзям, ды яшчэ й тое, што мяне прывялі б як пастаяльца на кватэру.
Заняткі ў нашай школе пачаліся на першым тыдні сакавіка, і мы мусілі гэтыя заняткі працягваць аж да ліпеня месяца, каб папоўніць тое, што зімой быў змушаны перапынак на два месяцы. Мая IV выпускная кляса была вялікая — выпускаліся 28 вучняў, разнаякасныя й векам (8—16 гадоў), і ведамі. Старэйшыя дзяўчаты былі слаба падрыхтаваны. Я толькі пасыіеў правесьці пісьмовыя экзамэны, аж прыходзіць камэндант табару Коўш і кажа, што яму трэба часова памяшканьні, і хоча заняць школу. Я яму растлумачыў, што магу толькі дзьве клясы адпусьціць, а трэцюю мушу на тыдзень затрымаць, бо абавязкова трэба экзамэны правесьці. Ён на мае патрабаваньні згадзіўся й пайшоў, але праз пару гадзінаў пасьля гэтага прыходзяць трое работнікаў і давай усё школьнае прыладзьдзе вярнуць вон з усіх клясаў. Я ім тлумачу, што мы з камэндантам дамовіліся, каб IV клясу пакінуць у цэласьці для заняткаў, а яны мне кажуць, што камэндант ім загадаў усе клясы ачышчаць, і выкінулі вон і лаўкі, і сталы, і партрэты, і малюнкі, і геаграфічныя мапы, і расклады экзамэнаў.
Часта старыя настаўнікі выказваліся: “Школа — сьвятыня навукі”. Сапраўдныя настаўнікі, сумленныя грамадзяне гэдак і ставяцца да школы, якому б народу яна ні належалася, на якой бы мове ў той школе ні вучылі. А тут з нашай школай, з нашымі вучнямі, у дачыненьні да
беларускай культуры камэндант табару Коўш паступіў як сапраўдны вандал. На той час былі вольныя дзіцячыя ясьлі, клюб, некалькі пакояў гімназіі, але ён наважыў пазьдзекавацца з народнай школы.
Тут блізка праз вуліцу быў нямецкі табар, дзе мелася на той час пустая школа, а з другога боку нашага табару быў летувіскі табар, дзе таксама была тады пустая школа. Як немцы, гэдак і летувісы, не адмовілі б на нейкія два-тры дні выкарыстаць іхную школу, але мы не хацелі людзей сьмяшыць, каб паказаць на якім культурным узроўні наш “беларускі” камэндант. Мы, настаўнікі й вучні, мусілі паўдня часу затраціць і перацягнуць свае сталы й лаўкі ў пусты пакой табару С, дзе так-сяк закончылі свой навучальны год.
А патрэба была камэнданту Каўшу ў жылых будынках гэткая. У вадным украінскім табары жыхары былі пабіліся ці парэзаліся, і камэндант ДПКСу хацеў расьсяліць гэты табар. Вось ён і прапанаваў камэнданту беларускага табару, калі той мае вольнае месца, каб прыняў на кароткі час некалькі сем’яў. У той час Коўш ужо быў распачаў вайну ўнутры табару зь беларускай інтэлігенцыяй, дык стараўся дагадзіць камэнданту ДПКСу нават там, дзе гэткай дагоды483 ад яго й не патрабавалася. Коўш хапіўся за гэты выпадак, каб пайграць на нэрвах настаўнікаў. У 25-м украінскім табары былі тады вольныя й школа, і гімназія, і клюб, але яны адмовіліся прыняць гэтых людзей, аж пакуль ня вызваляцца жылыя кватэры.
1947/48 навучальны год пачынаўся пазнавата: на другім тыдні верасьня. Гэтай восеньню разлад паміж камэндантам Каўшом і беларускай нацыянальнай інтэлігенцыяй дайшоў да самага высокага пункту: настаўнікі гімназіі адмовіліся ад працы, бо Коўш нацкаваў супроць нас вучняў гімназіі. Мы, настаўнікі народнай школы, засталіся на месцы. У гэты час Коўш пайшоў нам насустрач і першы раз, на трэцім навучальным годзе, адрамантаваў школу. Тут былі чатыры клясныя пакоі й малюсенечкі настаўніцкі. Мая кватэра была перанесена ў іншы барак. Цяпер камэндант абяцаў ня ўмешвацца ў справы школы, але гэта было зусім нядоўга. Калі мінулай вясной настаўнік Скараход выехаўу Англію, на ягонае месца засталася працаваць Люня Будзька, але гэтай восені яна выехала ў другі табар. Заместа яе я ўзяў настаўніка Лішчонка484, які закончыў настаўніцкі інстытут, але гэта Каўшу не спадабалася,
483 Дагода — праява дагодлівасьці.
484 Дакладна невядома, ці маецца наўвазе Баляслаў Ліпгчонак (1919—1990), грамадзкі дзеяч і музыка, або ягоны бацька Язэп Лішчонак (1893—1964), грамадзкі й вайсковы дзеяч. Абодва ў 1944 г. пакінулі Беларусь. Некаторы час жылі ў Нямеччыне, Вялікабрытаніі, адкуль на пачатку 1950-х гг. перабраліся ў Канаду. Хто зь іх меў пэдагагічную адукацыю — высьветліць не ўдалося.
і ён назначыў Якубаву, якая ня мела пэдагагічнай адукацыі й ніколі настаўніцай не была. У гэтым годзе Якубава вяла I клясу (16 вучняў), Селязьнёва — II клясу (26 вучняў), Гладкі — III клясу (20 вучняў), Сіткоўскі — IV клясу (23 вучні). У гэтым годзе настаўнікі гэдаксама націскалі на вучняў, і пасьпяховасьць у клясах была. Хіба I кляса не дацягвала, бо настаўніца была нізкай адукацыі.
Пасьля Новага году Коўш зноў падняў авантуру — загадаў, каб настаўнікі кожнай нядзелі вадзілі вучняў да царквы й там клясамі на каленях трымалі. Я адмовіўся. Коўш і сьвятар Сурвіла па гэтым пытаньні склікалі сход бацькоў, які цягнуўся да самага вечара. Я даводзіў, што непэдагагічна малых дзяцей — ад 6 да 9 гадоў — трымаць на каленях, а другое, што настаўнікі маюць права на адзін дзень у тыдні на адпачынак. Нарэшце я пайшоў на ўступку:
— Калі камэндант табару такхоча, дыкмы парушым і пэдагагічны, і гігіенічны законы, і закон аховы працы настаўніка ды павядзём вучняў у царкву, калі гэта самае зробяць і настаўнікі гімназіі.
Тут сьвятар Сурвіла запярэчыў, тлумачачы тым, што ён не спадзяецца, што вучні гімназіі падпарадкуюцца гэтай пастанове. Калі спрэчкі закончыліся й сталі рыхтавацца ставіць гэта пытаньне на галасаваньне, бацькі па адным, па два паўцякалі за дзьверы й не было каму галасаваць. Прадстаўніком ад школы быў я адзін, а зь іхнага боку былі Коўш, Сурвіла й каля пяці асобаў іхных падхалімаў. У часе нашых спрэчак бацькі ціха сядзелі, а нарэшце паўцякалі, хоць былі на маім баку, але маўчалі, бо не хацелі гнявіць сьвятара й камэнданта.
Гэта справа заціхла аж да канца навучальнага году. Школа пасьпяхова закончыла навучальны год, быў зроблены выпуск і пераводы зь ніжэйшых у вышэйшыя клясы.
У1948/49 навучальным годзе школа была ўкамплектавана зь 1 верасьня: I кляса —14 вучняў, Селязьнёва; II кляса —11 вучняў, Евец485; III кляса — 29 вучняў, Сіткоўскі; IV кляса —15 вучняў, Гладкі. Незадоўга перад заняткамі прыходзіць да мяне Коўш і кажа, што ён настаўніцу Якубаву мае звольніць з працы, бо сьвятар Сурвіла ня можа хадзіць да школы на лекцыі рэлігіі, калі Якубава будзе ў школе. Я сказаў, што быў проці ейнага прызначэньня, а цяпер супроць ейнага звальненьня. А калі сьвятар хацеў быць аўтарытэтным сьвятаром, дык не павінен быў закідаць Якубавай непрыстойныя жарты. А справа выяўлялася гэдак.
Сьвятар і Якубава чакалі чаргі ў лазьню на ванну, дык сьвятар закінуўЯкубавай жарт: запрасіўяе сумесна ісьці мыцца, а Якубава расказала гэта табарным бабам. Якубаву звольнілі, а на яе месца прызначылі Евец, жанчыну адукаваную, але не пэдагагічку; яна працавала добра, але без асаблівых парываў.
485 Маецца на ўвазе Раіса Евец.
У скорым часе пасьля ўкамплектаваньня школы Коўш прапанаваў мне зноў вадзіць вучняў да царквы па нядзелях, ды паведамляе мне, што й гімназія будзе сваіх вучняў вадзіць. Я згадзіўся, бо і ў леташнім годзе паставіў умову: калі гімназія будзе вадзіць сваіх вучняў да царквы, дык і мы будзем. У першую нядзелю сабраліся ўсе вучні — 70 асоб. Хоць да царквы было 10—15 крокаў, але кожны настаўнік павёў сваю клясу калёнай. Там у царкве пасталі калёнамі. Гэдаксама прыйшлі й з гімназіі каля 30—40 асобаў. Амаль уся царква занята. Прыйшлі й старэйшыя людзі, дык і цесна. У царкве трэбала стаяць або на каленях, або на нагах, а тут дзеці 6—9 гадоў. Прастоялі нейкіх 10—15 мінут, дык і пачалося: “Пані настаўніца, я выйду”, і гэдак амаль бясконца, а царкоўная служба каля 1,5 гадзіны. У другую нядзелю прыйшло шмат меней, у трэцюю — менш як палавіна, а ў чацьвертую зусім не прыйшлі. У школе на занятках я й пытаю ў іх: