• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

    Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 351с.
    Мінск 2018
    Тым не менш 1568 г. прынёс пэўнае паляпшэнне становішча ВКЛ у Лівонскай вайне. Па-першае, у тым годзе новым каралём Швецыі стаў Ёхан III, швагер Жыгімонта Аўгуста. Швецыя з праціўніка ператварылася ў саюзніка Вялікага Княства і ў тым жа годзе пачала вайну з Маскоўскай дзяржавай. Па-другое, у жніўні 1568 г. войскі ВКЛ на чале з Р. Сангушкам ўсё ж здолелі захапіць Улу. Падчас захопу такога важнага на гэтым тэатры баявых дзеянняў замка вызначыліся ротмістры Рыгор Война, князь Багдан Лукомскі, М. Салагуб, Юрый Тышкевіч. У адказ 6-тысячнае маскоўскае войска ў верасні 1568 г. паспрабавала авалодаць Віцебскам, але на трэці дзень аблогі з-за актыўнага супраціўлення абаронцаў вымушана было адступіць ні з чым.
    Такім чынам, ініцыятыва ў вайне паступова пераходзіла на бок літвінаў. Аднак ВКЛ, як і Маскоўская дзяржава, было знясілена ад працяглай вайны. Для ўсіх варагуючых бакоў патрабавалася перадышка. I хоць баявыя дзеянні працягваліся і ў 1569 г. (напрыклад, літвіны ў студзені на некаторы час нават
    * Звестак пра імя не захавалася.
    захапілі замак Ізборск на Пскоўшчыне), абодва бакі схіляліся да заключэння перамір’я. Актыўныя баявыя дзеянні, частыя падаткі, пастоі войскаў, неўраджаі прывялі Вялікае Княства да гаспадарчага крызісу. Фінансавых сродкаў для далейшага вядзення вайны па сутнасці не мелася, шляхта была знясілена пастаяннымі выплатамі грошай. Катастрафічна не хапала фінансавых сродкаў на разлік з праслужыўшымі жаўнерамі і найм новых, на забеспячэнне памежных замкаў людзьмі, зброяй і боепрыпасамі. Так, у сакавіку 1569 г. віленскі ваявода і канцлер М. Радзівіл Руды выступаў за заключэнне міру з Масквой, які «есть велмй потребный под тым часом, трудностей й недостатку нашого». У крызісным становішчы знаходзілася і Маскоўская дзяржава. Менавіта цяжкае становішча ў Лівонскай вайне было адной з важнейшых прычын, па якіх Вялікае Княства Літоўскае пайшло на заключэнне рэальнай уніі з Каралеўствам Польскім у Любліне 1 ліпеня 1569 г.
    На Люблінскім сойме 1569 г. было вырашана адправіць у Маскву вялікае пасольства новаўтворанай Рэчы Паспалітай, якое б распачало перамовы аб перамір’і. 22 чэрвеня 1570 г. пасольства Рэчы ГТаспалітай у складзе інавроцлаўскага ваяводы Яна Кратоскага (прадстаўнік Польшчы), менскага кашталяна Мікалая Тальваша, старосты радзяеўскага Рафала Ляшчыньскага (прадстаўнік Польшчы) і каралеўскага сакратара, падкаморага новагародскага Андрэя Харытонавіча-Абрынскага ў Маскве заключыла перамір’е з Маскоўскай дзяржавай на тры гады (да 29 чэрвеня 1573 г.). Краіны захоўвалі за сабой тыя тэрыторыі, якімі валодалі на дадзены момант (перамір’е на ўмовах uti possidetis). Такім чынам, да Маскоўскай дзяржавы адыходзіла значная частка Лівоніі, паўночная Полаччына разам з Полацкам, частка Віцебскага ваяводства з гарадамі Азярышча і Усвяты. Увесну 1571 г. Жыгімонт Аўгуст прыняў пасольства ад Івана IV і ратыфікаваў перамір’е. Зразумела, палітычная эліта ВКЛ, ды ўсёй Рэчы Паспалітай, сам манарх не маглі пагадзіцца са стратай значных тэрыторый у Лівоніі і Вялікім Княстве, таму далейшы працяг вайны быў толькі пытаннем часу. Заўважым таксама, што ў 1571 г. у Шчэціне мірны трактат падпісалі паміж сабой Швецыя і Данія.
    ЗАКЛЮЧНЫ ЭТАП ВАЙНЫ I ЯЕ ВЫНІКІ
    Утварэнне Рэчы Паспалітай значна змяняла баланс сіл у канфлікце вакол Лівоніі. Паводле рашэнняў Люблінскага сойма 1569 г. Лівонія станавілася кандамініумам (супольным уладаннем) Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, а Курляндскае і Земгальскае герцагства пераходзіла ў падвойную васальную залежнасць ад Польшчы і ВКЛ. Вялікае Княства магло разлічваць на фінансавую і ваенную дапамогу з боку Полыпчы. Тым
    больш, што акт Люблінскай уніі абавязваў, каб у Рэчы Паспалітай «адзін бок другому быў радай і дапамогай».
    Аб неабходнасці супольна супрацьстаяць Маскоўскай дзяржаве палітычная эліта ВКЛ нагадвала сваім польскім партнёрам адразу пасля заключэння уніі: яшчэ на Люблінскім сойме 1569 г., на павятовых сойміках і вальным сойме ў 1570 г. Каронная шляхта хоць і выказвалася аб гатоўнасці дапамагчы Вялікаму Княству, рэальных захадаў так і не рабіла. Нічога не пастанавіў аб супольнай абароне і вальны сойм Рэчы Паспалітай 1572 г., аношні пры жьіцці Жыгімонта Аўгуста. Як адзначаў яшчэ ў лютым 1570 г. вялікі гетман ВКЛ Рыгор Хадкевіч у лісце да Р. Сангушкі, у справе абароны «...панове корунные, ставшй ся однымь члонкомь й нероздельнымь теломь с князьством Лйтовском, заровно прйкладать не хочете».
    Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў ліпені 1572 г. у Рэчы Паспалітай пачалося першае бескаралеўе. Палітычная барацьба вакол выбараў новага караля і вялікага князя, якая разгарнулася як у Полыпчы, так і ў ВКЛ, часова адсунула пытанне працягу Лівонскай вайны на другі план. Тым не менш у Вялікім Княстве пастаянна адчувалі небяспеку аднаўлення баявых дзеянняў з боку Маскоўскай дзяржавы. Таму літвіны прыкладалі ўсе магчымыя намаганні ў дыпламатычнай сферы, каб захаваць мірныя адносіны з Масквой.
    Так, з элекцыйнага сойма 1573 г. у Маскоўскую дзяржаву былі накіраваны ганцы Рэчы Паспалітай Фёдар Варапай і Анджэй Тараноўскі (прадстаўнік Польшчы), якія здолелі працягнуць перамір’е яшчэ на год да 15 жніўня 1574 г. У ліпені 1574 г. у Маскву накіраваліся чарговыя ганцы: каралеўскія сакратары Мацей Пратасовіч з Вялікага Княства і Барталамей Завадскі з Кароны. Яны ў канцы жніўня 1574 г. дамовіліся аб працягу перамір’я Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай яшчэ на два гады, да 15 жніўня 1576 г. Акрамя таго, значная частка палітычнай эліты ВКЛ ужо ў верасні 1572 г. на з’ездзе ў Рудніках пад Вільняй распачала дыпламатычную гульню з Маскоўскай дзяржавай. Літвіны паведамілі Маскве, што гатовы распачаць перамовы аб абранні каралём польскім і вялікім князем літоўскім або самога Івана IV, або кагосьці з яго двух сыноў. Аднак сапраўднай мэтай гэтай прапановы была нейтралізацыя ваеннай небяспекі з боку вялікага князя маскоўскага. Пакуль ішлі перамовы, можна было спадзявацца, што Маскоўская дзяржава не распачне баявых дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай, якая апынулася ў цяжкім палітычным становішчы. На сур’ёзную падтрымку ў ВКЛ і Польшчы Івану IV разлічваць было вельмі цяжка. Сутнасць гэтай дыпламатычнай гульні ў 1574 г. вельмі трапна ахарактарызаваў Ф. Кміта-Чарнабыльскі: «Солгавшы спаслйся. Бо без напастй от него (Івана IV. Аўт.) б не быть... Да только то мне росказывано от всех, хто
    был на зьезде Руднйцком й хто не был, звлаіца йж о Лйтву шло... Нно от него Бог збавйл». Аб тым, што гэта была толькі спроба зацягнуць час, ускосна сведчыць і тое, што ў перамовах з прадстаўнікамі іншых кандыдатаў на ўладу ў Рэчы Паспалітай палітычная эліта ВКЛ пастаянна вылучала пастулат аб аднаўленні былых межаў Вялікага Княства, а фактычна аб працягу вайны з Масквой. Тым не менш «маскоўская» кандыдатура ў шляхецкім асяроддзі Вялікага Княства, асабліва ў часы другога бескаралеўя (1574-1576) сапраўды мела пэўную папулярнасць. Меркавалася, што абранне вялікага князя маскоўскага Івана IV або яго сына Фёдара каралём Рэчы Паспалітай, па-першае, спыніць войны паміж краінамі, па-другое, дазволіць вярнуць у склад ВКЛ страчаныя землі.
    Хоць фармальна паміж дзяржавамі існавала перамір’е, сітуацыя ў Лівоніі для Рэчы Паспалітай была вельмі складанай. Яшчэ ў 1570 г. дацкі каралевіч Магнус прынёс васальную прысягу Івану IV і быў прызначаны кіраўніком Лівоніі. Магнус у парушэнне ўмоў перамір’я з ведама вялікага князя маскоўскага нападаў на падкантрольную Рэчы Паспалітай тэрыторыю правінцыі. Так, ужо ў пачатку 1575 г. маскоўскія войскі пад фармальным кіраўніцтвам Магнуса спустошылі ваколіцы замкаў Пернава (суч. Пярну), Руен, Буртнек, Гельмет, Лемзаль. На мяжы вясны і лета 1575 г. васал Івана IV захапіў Эрмес, Гельмет, Руен, a 9 ліпеня Пернаву. Акрамя таго, Маскоўская дзяржава ў тым жа годзе заключыла двухгадовае перамір’е са Швецыяй, што давала ёй магчымасць сканцэнтраваць усе сілы на далейшым падпарадкаванні Лівоніі.
    Пасля працяглай палітычнай барацьбы ў 1576 г. новым каралём польскім і вялікім князем літоўскім стаў трансільванскі князь Стэфан Баторый. Пэўная стабілізацыя ўнутранага грамадска-палітычнага жыцця Рэчы Паспалігай давала магчымасць дзейнічаць у Лівоніі больш актыўна. Аднак яшчэ Гданьск не прызнаваў уладу новага караля, таму Стэфан Баторый спачатку скіраваў свае сілы супраць мяцежнага горада, а з Маскоўскай дзяржавай пачаў мірныя перамовы. Тым больш што тэрмін перамір’я заканчваўся 15 жніўня 1576 г. Праўда, спадзявацца на спрыяльны вынік гэтых псрамоў не прыходзілася. Магнус працягваў захопліваць замкі ў Лівоніі (напрыклад, у кастрычніку 1576 г. быў заняты замак Лемзаль), а ў Маскве адназначна падкрэслівалі свае правы на валоданне Полацкам і лівонскімі землямі.
    Пасля заканчэння вальнага сойма 1576 г. быў вызначаны склад новага вялікага пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву. У яго ўвайшлі мазавецкі ваявода Станіслаў Крыскі (прадстаўнік Польшчы), менскі ваявода Мікалай Сапега і падскарбі дворны і пісар ВКЛ Фёдар Скумін-Тышкевіч. Аднак Іван IV, не дачакаўшыся прыезду пасольства ў Маскоўскую дзяржаву, улетку 1577 г. аднавіў баявыя дзеянні.
    Сітуацыя ў вайне для ВКЛ стала крытычнай. 30-тысячнае войска Івана TV у ліпені ўвайшло на тэрыторыю правінцыі, і на працягу жніўня ўся Лівонія па правым беразе Заходняй Дзвіны, за выключэннем Рыгі з ваколіцамі і Курляндыі, была пад уладай маскоўцаў Варожае войска падышло амаль што да меж Вялікага Княства. Літвіны пачалі тэрмінова шукаць сродкі на абарону. Галоўны соймік ВКЛ ужо ў ліпені 1577 г. ухваліў падатак на абарону, але грошы збіраліся марудна і не маглі забяспечыць усіх вайсковых патрэб краіны. У жніўні ў Вялікім Княстве быў абвешчаны збор паспалітага рушэння, але і на яго надзей было няшмат. Як адзначаў польны гетман Крыштаф Радзівіл, ніхто ў ВКЛ выходзіць у рушэнне не жадаў, пакуль яго не ўзначаліў бы асабіста Стэфан Баторый. У лістападзе 1577 г. літвінам удалося дасягнуць некаторых поспехаў у Лівоніі: былі ўзяты Дынабург (суч. Даўгаўпілс) і Вендэн (суч. Цэсіс). Аднак кардынальна сітуацыю ў правінцыі гэта не змяніла. Толькі ўлагодзіўшы канфлікт з Гданьскам у снежні 1577 г., кароль і вялікі князь здолеў сканцэнтраваць усю ўвагу на вайне з Маскоўскай дзяржавай.