Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Мінулае стагоддзе прайшло ў гістарычнай навуцы пад сімвалам вывучэння гаспадаркі і форм гаспадарання, адносін паміж феадалам і селянінам, мешчанінам і гарадской адміністрацыяй, якія ўплывалі на дабрабыт дзяржавы і яе жыхароў у розныя гістарычныя эпохі. Вывучэнне эвалюцыі гандлёвых сувязей з суседнімі рэгіёнамі адыграла важную ролю ў асэнсаванні развіцця беларускіх зямель у эпоху Сярэднявечча. Гандаль і змены форм гаспадарання дазволілі стварыць трывалы падмурак функцыянавання палітычнай сістэмы сярэднявечнай Беларусі, яе элітарнай культуры ў вызначаны перыяд.
Сярэднявечная культура Беларусі гэта сумяшчэнне візантыйскіх і балканскіх традыцый у архітэктуры, прыкладным мастацтве, абразах і рукапіснай кнізе. Царкоўнаславянская мова яднала інтэлектуалаў эпохі ў XXIII стст., а пашырэнне ўплыву іншых славянскіх моў спрыяла пераходу ў духоўнай культуры Беларусі ад візантыяцэнтрызму да арыентацыі на Заходнюю Еўропу. Лацінізмы, тэрміналогія, кнігадрукаванне, адыход ад канонаў у пісанні абразоў, кніжная мініяцюра, партрэтны жанр, эпас (выбар
героя эпохі не ў «Александрыі», а ў «Трышчане і Ізольдзе») паказваюць паступовае фарміраванне рэгіянальных асаблівасцей. Падобныя тэндэнцыі прасочваюцца і ў бытавой культуры. Метадалогія еўрапейскай «новай гісторыі» зацікавіла ўсходнееўрапейскага даследчыка толькі ў канцы 80-х 90-я гг. XX ст.
Адной з важных праблем сучаснай гістарыяграфіі з’яўляецца пазіцыянаванне сярэднявечнай гісторыі Беларусі ў геапалітычнай прасторы Еўропы. Яшчэ Фрэнсіс Бэкан адзначаў, што гісторыя гэта веды аб прадметах, месца якіх вызначана ў прасторы і часе. Увядзенне ў XX ст. тэрмінаў «Усходняя Еўропа» (для IX-XIV стст.) і «Цэнтральная і Усходняя Еўропа» (для XV-XVI стст.) дазволіла ўбачыць геапалітычную сітуацыю для дзвюх гістарычных эпох, прасачыць палітычныя і культурныя працэсы, якія суправаджалі станаўленне дзяржаў Сярэднявечча і ранняга Новага часу і ўплывалі на фарміраванне грамадства на тэрыторыі Беларусі.
Гістарычны час — адна з найважнейшых катэгорый гісторыка. Фернан Брадэль пісаў, што гістарычны час наліпае на думкі даследчыка, як зямля наліпае на рыдлёўку садоўніка. 3 30-х гг. XX ст. вучоныя сталі задумвацца над прыродай гістарычнага часу, яго роляй у гістарычным працэсе. Звяртае на сябе ўвагу тое, што кожная аб’ектыўная рэальнасць функцыянуе ў рэчышчы толькі ёй належнага гістарычнага часу. Яго ўспрыняцце адрозніваецца па эпохах, пакаленнях, культурных традыцыях. Гэта адлюстравана ў змене адліку часу і яго прымяненні ў летапісанні і справаводстве, усведамленні часавай адлегласці паміж падзеямі і асобамі, якія прымалі ў іх удзел. У традыцыйным разуменні гістарычны час праяўляецца ў навуковай нерыядызацыі і вылучэнні гістарычных эпох.
ПЕРЫЯДЫЗАЦЫЯ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ
У айчыннай гістарыяграфіі і дыдактычнай літаратуры захавалася традыцыя, распачатая М. В. Доўнар-Запольскім і У. М. Ігнатоўскім, атаясамліваць перыяды ў развіцці Беларусі з дзяржаўнымі фарміраваннямі, якія панавалі на нашай тэрыторыі ў той ці іншы прамежак часу. Падобная перыядызацыя атрымала найменне «дзяржаўніцкая», выкарыстоўвалася да 1930-х гг. і з рознымі ўдакладненнямі актуалізавалася ў другой палове XX ст. У 1930— 80-я гг. пад агульнасавецкім уплывам у гістарыяграфіі выкарыстоўвалася перыядызацыя, якая грунтавалася на фармацыйнай тэорыі. У канцы XX ст. у аснову перыядызацыі гісторыі Беларусі быў пакладзены цывілізацыйны падыход, вылучаліся перыяды, звязаныя з развіццём грамадства, духоўнай і матэрыяльнай культуры. Сутнасць падыходу вылучэнне лакальных
цывілізацый і кампаратыўны аналіз яе асаблівых рыс. У пачатку XXI ст. гісторыя Беларусі разглядаецца ў кантэксце гісторыі еўрапейскай цывілізацыі, адбываецца пошук агульных працэсаў, якія прасочваюцца ва ўсеагульнай і айчыннай гісторыі.
Цывілізацыйны падыход прадугледжвае вылучэнне наступных перыядаў: эпоха Старажытнасці, якая ў беларускай гісторыі супадае з дадзяржаўніцкай гісторыяй Беларусі; Сярэднявечча; Новы і Навейшы час.
Старажытнасць (100-35 тыс. гадоў таму сярэдзіна 1-га тыс. н. э.) падзяляецца на каменны, бронзавы (ці каменна-бронзавы) і жалезны вякі. У эпоху каменнага веку на Беларусі з’явіліся першыя каланісты-паляўнічыя. У сярэднім каменным веку яны засялілі ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Эпоха характарызуецца развіццём сацыяльнай арганізацыі насельніцтва (ад праабшчыны да племя), зменамі матэрыяльнай і духоўнай культуры. У новым каменным веку адбыўся пераход да вытворчых форм гаспадарання, з’явіліся промыслы. У бронзавым веку (для наіпай тэрыторыі характэрна вызначэнне каменна-бронзавы, ці энеаліт) пад уплывам руху індаеўрапейцаў праз беларускія землі праходзілі буйныя міграцыі, тут з’яўляліся ўмацаваныя паселішчы, змянялася этнічная карта Беларусі.
Сярэднявечча (ад прыходу славян на нашыя землі і фарміравання першых дзяржаў на Беларусі да канца XV ст.) было часам інтэнсіўных змен палітычнага, культурнага і эканамічнага жыцця рэгіёна і ўсёй еўрапейскай цывілізацыі. У IX ст. на тэрыторыі Беларусі як племянныя палітычныя цэнтры з’явіліся гарады, а затым і дзяржавы (землі-княствы Полацкае, Тураўскае, Смаленскае, Чарнігаўскае). Адбыліся змены ў дзяржаўнай і эканамічнай арганізацыі рэгіёна, што прывяло да феадальнай раздробленасці і ўтварэння ВКЛ. Змянілася сістэма вераванняў, адбыўся пераход ад політэізму да монатэізму. Стварыліся ўмовы суіснавання розных канфесій і рэлігій у адной дзяржаве.
Пачатак Новага часу, ці ранні Новы час, эпоха, якая пачалася ў 1492 г., характарызуецца кардынальнымі пераўтварэннямі ў дзяржаўным ладзе ВКЛ, тэрытарыяльнымі стратамі, якія вымусілі палітычныя колы дзяржавы ісці на перамовы аб дзяржаўнай уніі з Каралеўствам Польскім. На гэтым этапе адбывалася інтэнсіфікацыя этнічных працэсаў на беларускіх землях, росквіт старабеларускай мовы і культуры.
Ранні Новы час спрэчна называецца ў навуковай і дыдактычнай літаратуры «залатым часам». Так, у XVI ст. панаванне дынастыі Ягелонаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе дало штуршок развіццю культуры і мастацтва, палітычных праў шляхецкага саслоўя, узвышэнню ролі інстытутаў улады, соймавай і судовай сістэмы ВКЛ. Аднак не трэба забываць, што ў ранні
Новы час ВКЛ вяло войны, заключала дагаворы, уступала ў кааліцыі і саюзы. Вынікам гэтага і стала страта ўласнай знешняй палітыкі, партнёраў-саюзнікаў і значных тэрыторый на ўсходзе і поўначы, што адбівалася на рэлігійнай сітуацыі ўнутры краіны, вяло да эканамічнага заняпаду адных рэгіёнаў і адасаблення іншых.
КРЫНІЦЫ ВЫВУЧЭННЯ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ
Неад’емнай часткай працы гісторыка з’яўляецца спасціжэнне гістарычнага тэксту: крыніцы інфармацыі, адлюстраванне эпохі, а з прыходам лінгвістычнага павароту ў гістарычнай навуцы і магчымасць зазірнуць у працэс узаемадзеяння стваральніка-аўтара і карыстальніка-чытача, убачыць асобу інтэлектуала таго часу. Такім чынам, сам тэкст становіцца захавальнікам часу, з дапамогай якога магчыма прасачыць след, пакінуты ў мінулым. Гэтым следам могуць быць месцы памяці ці гістарычная памяць. Гісторык адначасова з’яўляецца і назіральнікам, і ўдзельнікам падзей; працы па гісторыі напісаны з погляду свайго часу, яны асвятляюць увесь спектр дасягненняў і памылак сваёй эпохі.
Гісторыя зямель Беларусі адлюстроўваецца ў летапісах і хроніках Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пачынаючы з X ст. Усходнееўрапейскае летапісанне (Кіеўскі, Галіцка-Валынскі, Наўгародскі, Суздальскі летапісы) змяшчае інфармацыю аб рассяленні славянскіх плямён на тэрыторыі Беларусі, стварэнні першых дзяржаў, іх уладных элітах (агульнаруская частка «Аповесць мінулых гадоў»). Летапісы ўтрымліваюць інфармацыю пра ваенна-палітычныя падзеі і ўдзел у іх прадстаўнікоў Полацкай і Тураўскай зямель, раскрываюць узаемаадносіны з такімі палітычнымі цэнтрамі Усходняй Еўропы, як Ноўгарад, Кіеў, Смаленск, Галіцка-Валынскае княства і Польская дзяржава. Цікавым помнікам усходнееўрапейскага летапісання з’яўляецца Радзівілаўскі летапіс XV ст., адметны мініяцюрамі (617 адзінак), якія тлумачаць і дапаўняюць тэкст, змяшчаюць шмат інфармацыі па візуальных вобразах гісторыі беларускіх зямель («Замах Рагнеды на Уладзіміра», «Бітва на Нямізе», «Палон Усяслава»), Усходнееўрапейская летапісная традыцыя ўплывала на фарміраванне рэгіянальнага светапогляду: ад часоў Уладзіміра Манамаха і яго сына Мсціслава складаецца агульны канон гісторыі Русі.
На жаль, да сённяшняга часу не захавалася летапісаў, якія паходзяць з беларускіх гарадоў і зямель XI-XIV стст. Такія палітычныя цэнтры, як Полацк, Менск, Тураў, а таксама Новагародак, Пінск, Гародня, Берасце,
не маглі не мець у Сярэднявеччы сваіх летапісаў, дзе спалучалася агульнаруская і рэгіянальная часткі гістарычнага наратыву. Спробы адшукаць і рэканструяваць на аснове тэкстаў наяўных летапісных зводаў урыўкі з Полацкага і Новагародскага летапісаў праводзіліся з XVIII ст., але не далі вынікаў.
На тэрыторыі сучаснай Польшчы і Паўночнай і Усходняй Прыбалтыкі ў Сярэднявеччы склалася свая традыцыя гісторыяпісання, а ў тэкстах сфарміравалася ўстойлівая ацэнка гісторыі беларускіх зямель. У хроніках. створаных на тэрыторыі Польшчы, Прусіі і Лівоніі, утрымліваюцца ўнікальныя звесткі па гісторыі Беларусі. Стаўленне аўтараў да беларускіх зямель, іх характарыстыка падзей і спосаб выкладання інфармацыі змяняліся на працягу XI1I-XVI стст. Пад уздзеяннем інтэграцыйных працэсаў паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім беларускія землі далучаліся аўтарамі да заходнееўрапейскай прасторы, разглядаліся часткай лацінскага свету. 3 ліку польскіх крыніп найбольш інфарматыўнымі з’яўляюцна хронікі Янкі з Чарнкова, Марціна і Яўхіма Бельскіх, Бернара Вапоўскага, Мацея Мехавіта і інш. Асэнсаванне сацыяльных і палітычных працэсаў у ВКЛ выкладзена ў «Хроніцы» Яна Длугаша, які ўпершыню звярнуўся да пытання паходжання велікакняжацкай дынастыі. Тэксты польскіх храністаў першай паловы XVI ст. аказалі вялікі ўплыў на летапісанне княства. Сярод ордэнскіх храністаў вылучаюцца Генрых Латыш, Барталамей Хёнэке, Герман Вартберг, Віганд з Марбурга. Яны апісваюць станаўленне ВКЛ і яго ваенна-палітычныя стасункі з суседнімі дзяржавамі.
У першай трэці XV ст. на тэрыторыі ВКЛ адбывалася фарміраванне ўласнага гісторыяпісання, што ўвасобілася ў стварэнні смаленскага і віленскага летапісных цэнтраў. Пры двары епіскапа Смаленскага (а ў далейшым мітрапалітаўсяе Русі Герасіма) быў створаны так званы Летапіс 1446 г., які ўтрымліваў, акрамя агульнарускай часткі, і «Летапісец князёў літоўскіх». Ідэйная кампазіцыя летапісу была скіравана на разгляд ВКЛ у якаспі прадаўжэння агульнай усходнееўрапейскай гісторыі пасля ваенных і палітычных узрушэнняў XIII ст. Летапіс апавядаў пра палітыку «збірання рускіх зямель» пад уладай Вільні і, магчыма, рыхтаваў інфармацыйны падмурак для абвяшчэння ВКЛ еўрапейскім каралеўствам.