• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

    Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 351с.
    Мінск 2018
    113.95 МБ
    Першапачатковыя пранікненні шнуравікоў не праходзілі мірна. На гэта ўказваюць, між іншым, вялікая колькасць баявых сякер у пахаваннях і наканечнікі стрэл у некаторых касцяках. 3 часам шнуравікі пачалі змешвацца з абарыгенамі, што вяло да распаду іх першапачатковага адзінства. У выніку ўжо праз пару стагоддзяў узнік шэраг асобных культур шнуравой керамікі. У Беларусі гэта была найперш сярэднедняпроўская
    культура. Асобныя культуры шнуравікоў сфарміраваліся на Панямонні і Заходнім Палессі.
    Калі першыя шнуравікі былі пераважна жывёлаводамі, якія часта перамяшчаліся з месца на месца, то пазней у іхняй гаспадарцы большую ролю пачало адыгрывать земляробства. Месцамі перасяленцы дамінавалі на Падняпроўі; на іншых тэрыторыях, у прыватнасці на Падзвінні, іх прысутнасць была слабейшай. Там працягвалі развівацца мясцовыя позненеалітычныя супольнасці, аднак і яны адчулі моцныя ўплывы з боку шнуравікоў.
    На Падзвінні сярэдненеалітычная ўсвяцкая культура ў сярэдзіне 3-га тыс. да н. э. у значнай ступені пад уплывам шнуравікоў пачала трансфармавацца ў позненеалітычную паўночнабеларускую культуру. Яе носьбіты па-ранейшаму карысталіся вастрадонным посудам, майстравалі з крэменю лістападобныя наканечнікі стрэл лясных тыпаў, выраблялі вялікую колькасць касцяных прылад працы і паляўнічай зброі, значную ўвагу ўдзялялі паляванню, рыбалоўству і збіральніцтву. Новым у іх паўсядзённасці стала з’яўленне шіаскадоннага посуду, упрыгожанага часам шнуравымі арнаментамі, трохвугольныя наканечнікі стрэл, крамянёвыя сякеры з прышліфаванымі лёзамі, каменныя сякер-кліны і свідраваныя сякеры, нешматлікія медныя вырабы. У гаспадарцы ўсё большае месца займалі земляробства і жывёлагадоўля.
    У неаліце працягвалі існаваць і развівацца рэлігійныя вераванні і культы супольнасцей паляўнічых, рыбакоў і збіральнікаў. Існаваў культ звышнатуральных істот, якія маглі спрыяць чалавеку ў штодзённых занятках або шкодзіць яму. 3 развіццём жывёлагадоўлі і асабліва земляробства пашырыліся культы, звязаныя з верай у жыватворную моц нябесных свяціл і агню. У познім неаліце яскрава праявілася суіснаванне традыцыйных (лясных паляўнічых) і новых (земляробчых) культаў. Несумненным з’яўлялася паўсюдная вера ў замагільнае жыццё неалітычнага чалавека. Пахавальныя рытуалы былі разнастайныя, яны мяняліся ў часе і мелі рэгіянальныя асаблівасці.
    Пра сацыяльнае ўладкаванне неалітычных жыхароў Беларусі мы ведаем вельмі мала. Важнае значэнне ў родзе і племені займаў мужчына здабытчык мяса. Асобныя стаянкі маглі належаць канкрэтным калектывам родам. Скапленні стаянак з падобнай матэрыяльнай культурай, верагодна, акрэслівалі тэрыторыю распаўсюджвання племя і групоўкі роднасных плямён. Паміж племяннымі тэрыторыямі знаходзіліся памежныя слаба заселеныя зоны.
    Побыт неалітычнага чалавека вызначаўся даволі высокай ступенню аселасці. Сітуацыя некалькі змянілася ў познім неаліце, з прыходам рухомых носьбітаў культуры шарападобных амфар і культуры ранняга этапу шнура-
    вой керамікі, якія не пакінулі пасля сябе паселішчаў. Ведаем мы толькі іх пахаванні, як правіла адзінкавыя, ды невялікую колькасць артэфактаў на помніках неалітычных аўтахтонаў.
    Каменны век дзяцінства чалавецтва, эпоха, калі закладваліся і фарміраваліся падмуркі яго далейшага развіцця. Дасягненнямі каменнага веку сталі: здабыванне і выкарыстанне агню, шыццё скураной, а затым і тэкстыльнай вопраткі, абутку, будаванне жытлаў і арганізацыя іх у паселішчы, авалоданне керамічнай вытворчасцю, зараджэнне і развіццё земляробства і жывёлагадоўлі, горназдабыўная справа, у тым ліку здабыча крэменю шахтавым спосабам.
    ПЛЯМЁНЫ БЕЛАРУСІ Ў БРОНЗАВЫМ ВЕКУ
    У пачатку 2-га тыс. да н. э. на тэрыторыі Беларусі наступіў бронзавы век эпоха ў гісторыі першабытнага грамадства, калі ва ўжытку распаўсюджваюцца вырабы з бронзы (сплаў медзі з волавам або іншымі металамі).
    Бронзавы век Беларусі мае свае асаблівасці, звязаныя найперш з аддаленасцю нашай тэрыторыі ад цэнтраў старажытнай металургіі, самыя вядомыя з якіх існавалі ў Карпацкім, Балканскім і Каўказскім рэгіёнах. Медных і бронзавых вырабаў у Беларусь трапляла мала, і цаніліся яны вельмі высока. Гэта былі пераважна ўпрыгожанні, сустракаліся таксама сякеры, наканечнікі коп’яў, нажы, шылы, зрэдку нават мячы. Пераважная ж большасць прылад працы і зброі па-ранейшаму выраблялася з крэменю.
    На нашай тэрыторыі эпоха бронзы працягвалася крыху больш чым тысячагоддзе па VII ст. да н. э. на поўдні краіны, калі мясцовае насельніцтва авалодала сакрэтамі здабычы жалеза з балотнай руды. На поўначы Беларусі працэс пераходу ад бронзавага веку да жалезнага запазніўся і прыпаў прыкладна на сярэдзіну 1-га тыс. да н. э.
    Выкарыстанне металаў прывяло да паскоранага развіцця гаспадаркі, матэрыяльнай і духоўнай культуры, сацыяльных адносін у грамадстве. Аднак традыцыйныя формы гаспадаркі захоўвалі перавагу на працягу ўсяго перыяду.
    Як правіла, бронзавы век Беларусі падзяляюць на ранні (XIX-XIV стст. да н. э.), сярэдні (XV-XI стст. да н. э.) і позні (X-VIII/V стст. да н. э.) перыяды. Век металу на Беларусі распачаўся з часу з’яўлення ва ўжытку насельніцтва позніх культур шнуравой керамікі і мясцовых постнеалітычных супольнасцей бронзавых вырабаў.
    Сярэднедняпроўская культура сфарміравалася на невялікай тэрыторыі правабярэжжа Сярэдняга Падняпроўя. З’яўляючыся ў сваёй аснове
    шнуравой, яна ўвабрала ў сябе элементы культур шарападобных амфар, суседніх жыхароў стэпу і лесастэпу, а таксама нашчадкаў мясцовага позненеалітычнага насельніцтва. Набраўшы моц на цяперашняй Кіеўшчыне, сярэднедняпроўцы пачалі экспансію на суседнія тэрыторыі. У сярэдзіне 3-га тыс. да н. э. адбылося пранікненне на паўднёвы ўсход Беларусі. У пачатку 2-га тыс. да н. э. гэтае насельніцтва пачало выкарыстоўваць бронзавыя вырабы.
    Сярэднедняпроўцы карысталіся гліняным пласкадонным, а часам акругладонным посудам, як кухонным, так і сталовым. Сярод арнаментаў, утвораных пераважна шнуравымі адбіткамі і нарэзкамі, асабліва характэрнымі былі паясы са спалучаных трохвугольнікаў. Сярэднедняпроўцы ўжывалі разнастайныя крамянёвыя прылады працы і зброю. Для іх былі характэрнымі трохвугольныя баявыя і паляўнічыя лістападобныя наканечнікі стрэл. Даволі шырокае распаўсюджванне набылі каменныя вырабы. У якасці матэрыялу выкарыстоўваліся таксама косці і рогі. Меднымі і бронзавымі былі ўпрыгожанні, наканечнікі коп’яў, сякеры, кінжалы. Сваіх памерлых сярэднедняпроўцы хавалі ў магільных ямах, пераважна ў скручаным стане. Даволі часта над пахаваннем насыпаўся курган.
    Галоўнымі гаспадарчымі заняткамі сярэднедняпроўцаў з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля, хоць яны практыкавалі і больш ірадыцыйныя паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Сярэднедняпроўцы атрымоўвалі гатовыя металічныя вырабы не толькі шляхам абмену або гандлю з суседнімі тэрыторыямі, але і самі займаліся бронзаліцейнай справай.
    У пачатку 2-га тыс. да н. э. бронзавы век распачаўся і на іншых тэрыторыях Беларусі, дзе пепасрэдна рассяляліся шнуравікі або дзе яны аказвалі ўплыў на аўтахтонаў, — у басейнах Верхняй Прыпяці і Нёмана. Свайго росквіту ў эпоху бронзы дасягнулі плямёпы паўночнабеларускай культуры, якія ўспрымалі ўплывы з боку суседзяў, найперш шнуравікоў. Развіццё мясцовага земляробства і жывёлагадоўлі пры далейшай эксплуатацыі асяроддзя ранейшымі прысваяльнымі спосабамі садзейнічала адчувальнаму паскарэнню прыросту насельніцтва. У выніку яно пачало асвойваць новыя ўчасткі азёрных і рачных узбярэжжаў, пашырала межы старых паселішчаў.
    У кераміцы распаўсюджваліся пласкадонныя пасудзіны, якія паступова замянялі вастрадонныя формы. Сярод крамянёвых вырабаў з’явіліся трохвугольныя шыпастыя наканечнікі стрэл, серпападобныя нажы і шліфаваныя сякеры. Пачалі выкарыстоўвацца каменныя сякеры-кліны, сякеры і матыкі з прасвідраванымі адтулінамі. Майстраваліся тыповыя для бронзавага веку касцяныя вырабы, найперш наканечнікі дроцікаў з фрагментаў трубчастых костак.
    Пры захаванні традыцый вераванняў і мастацтва лясной зоны распаўсюджваліся і новыя характэрныя для жывёлаводаў і земляробаў.
    У канцы існавання супольнасцей культур шнуравікоў, недзе ў XVI ст. да н. э., на паўднёвы ўсход Беларусі пачалі пранікаць невялікія групы носьбітаў культуры шматвалікавай керамікі. Плямёны гэтай культуры ў другой чвэрці 2-га тыс. да н. э. займалі стэпы і лесастэпы Паўночнага Прычарнамор’я. Яны жылі на даволі доўгачасовых паселішчах, а галоўнай галіной гаспадаркі мелі жывёлагадоўлю. Для іх быў характэрны ляпны гладкасценны посуд з наляпнымі валікамі, кароткія свідраваныя сякеры, трохвугольныя наканечнікі стрэл з чаранком, бронзавыя кінжалы.
    Да сярэдзіны 2-га тыс. да н. э. складаныя этнакультурныя працэсы, якія адбываліся цягам мінулых стагоддзяў, выкліканыя інвазіяй шнуравікоў і паступовым іх змешваннем з аўтахтонамі, у цэлым завяршыліся. Наступіў сярэдні перыяд бронзавага веку. У гэты час Паўднёвая і Сярэдняя Беларусь увайшла ў вобласць культур «тшцінецкага кола», якую падзяляюць на заходнетшцінецкую і ўсходнетшцінецкую. У арэале апошняй вылучаюць сосніцкую групу.
    Плямёны заходнетшцінецкай культуры займалі Сярэдняе і Верхняе Павісленне ў Польшчы і Пабужжа, а таксама Заходнюю Беларусь. Насельніцтва, якое пакінула пасля сябе помнікі сосніцкага тыпу, рассялялася ў асноўным на Падняпроўі паміж Кіевам і Магілёвам, на Ніжняй Прыпяці. Лічыцца, што тшцінецкая культура сфарміравалася на аснове культуры позніх шнуравікоў і нашчадкаў мясцовага позненеалітычнага насельніцтва, пры ўплыве некаторых іншых культурных элементаў.
    На тэрыторыі Беларусі найбольшае скапленне тшцінецкіх паселішчаў і могільнікаў знаходзіцца ў яе паўднёвай частцы. Аднак матэрыялы гэтай культуры сустракаюцца і паўночней уключаючы правабярэжжа Нёмана і Паўднёва-Заходнюю Літву. Тшцінецкія элементы заўважаюцца нават на Падзвінні, у старажытнасцях паўночнабеларускай культуры.
    Некаторыя тшцінецкія паселішчы мелі вялікія памеры. Жытламі былі паўзямлянкі, вядомы таксама наземныя прамавугольныя жытлы на слупах, з плеценымі і абмазанымі глінай або складзенымі з невялікага бярвення сценамі.
    Сваіх памерлых жыхары тшцінецкіх паселішчаў хавалі на курганных і плоскіх могільніках, пераважна ў ямах, па абрадзе трупапакладання і трупаспалення. Нябожчыкаў суправаджаў пахавальны інвентар найчасцей з посуду, прылад працы, зброі, упрыгожанняў.