Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Станаўленне беларускай гістарычнай навукі адбывалася ў міжваеннае дзесяцігоддзе. Заснаванне Інбелкульта, Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дазволіла мэтанакіравана праводзіць мерапрыемствы па вывучэнні гісторыі Беларусі ад старажытнасці да сучаснасці.
У міжваенны перыяд працягваліся даследаванні праблемы сацыяльнай і эканамічнай гісторыі ВКЛ да Люблінскай уніі. З’явіліся працы
В. Дружчыца. К. Кернажыцкага, А. Бурдзейка, В. Шчарбакова («Нарысы Беларусі», «Сялянскі рух»). У працах апошняга можна прасачыць сувязь паміж эканамічнымі іірацэсамі і класавай барацьбой. Любыя працэсы ў грамадстве тлумачыліся як вынік сялянскага руху. Паступова з узмацненнем кантролю над гістарычнай навукай узмацняўся і акцэнт на класавай барацьбе ў беларускім грамадстве XVI ст.
У другой палове XX ст. была звернута ўвага на гісторыю гарадоў, гарадскога права і сацыяльных адносін (3. Капыскі). Сацыяльную барацьбу гараджан вывучаў А. Грыцкевіч. Аграрная праблематыка знайшла сваё адлюстраванне ў працах П. Казлоўскага і В. Мялешкі. Праводзіліся даследаванні сістэмы падаткаў і павіннасцей сялян, вывучаліся магнацкае вотчыннае землекарыстанне і яго ўплыў на сацыялыіыя адносіны. Пры гэтым трэба адзначыць, што вывучэнне палітычнай гісторыі ВКЛ у Беларусі практычна адсутнічала.
Імпульс да развіцця даследаванняў гісторыі ВКЛ быў дадзены сацыяльна-палітычнымі працэсамі другой паловы 1980-х гг. Цікавасць да айчыннай гісторыі абумовіла зварот да пошуку каранёў сваёй дзяржаўнасці. У вывучэнні ВКЛ вылучаюцца некалькі напрамкаў, якія змянілі надыход да цэлага комплексу пытанняў: утварэнне і станаўленне дзяржавы (А. Краўцэвіч, В. Насевіч), дыпламатычныя адносіны і знешняя палітыка, сацыяльна-палітычная гісторыя, скіраваная на вывучэнне беларускай шляхты і саслоўных прадстаўнічых органаў улады ў ВКЛ (П. Лойка). На першы план выйшлі даследаванні ваеннай гісторыі (Ю. Бохан) і ўнутрыпалітычныя канфлікты (унутрыпалітычная барацьба 1430-40-х гг., паўстанне М. Глінскага).
У 1990-я гг. сярод айчынных даследаванняў XIII-XIV стст. узнік новы напрамак гісторыя царквы. З’явіліся працы, прысвечаныя манастырскай і парафіяльнай структуры на Беларусі, дзейнасці асобных прадстаўнікоў царквы (Р. Цамблак), узаемаадносінам паміж велікакняжацкай уладай і царквой.
У наш час перажывае росквіт даследаванне гісторыі культуры. Гэтаму ў некаторай ступені паспрыялі ўмовы глабалізацыі інфармацыйнай прасторы, запатрабаванасць у даследаваннях аўтэнтычных элементаў культуры, рэстаўрацыі і рэнавацыі аб’ектаў мастацтва (Мірскі і Нясвіжскі замкавапалацавыя комплексы, гарадскія ратушы).
Беларуская гісз арычная навука інтэгравана ў міжнародныя праекты па вывучэнні еўрапейскай гістарычнай і культурнай спадчыны. На гістарычным факультэце БДУ склалася навуковая школа даследаванняў сацыяльнай і палітычнай гісторыі Беларусі эпохі Сярэднявечча і ранняга Новага часу.
НАСЕЛЬНІЦТВА
БЕЛАРУСІ Ў КАМЕННЫМ
I БРОНЗАВЫМ ВЯКАХ
• Супольнасці палеаліту на тэрыторыі Беларусі
• Плямёны паляўнічых, рыбакоў і збіральнікаў у часы мезаліту
• Неаліт. Пераход да вытворчых форм гаспадаркі
• Плямёны Беларусі ў бронзавым веку
СУПОЛЬНАСЦІ ПАЛЕАЛІТУ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ
Каменны век самы працяглы перыяд развіцця грамадства, калі галоўнай выробнай сыравінай з’яўляўся камень, пераважна крэмень, падзяляецца на старажытны каменны век (палеаліт), сярэдні каменны век (мезаліт) і новы каменны век (неаліт).
Палеаліт (каля 100-10 тыс. гадоўтаму) харакгарызаваўся адаптацыяй чалавека да суровых умоў ледавіковай эпохі. Каля 95 тыс. гадоў таму пачалося апошняе, паазерскае зледзяненне. Сфарміраваўшыся на гарах Скандынавіі, ледавік таўшчынёй да 3,5 км пачаў паступова насоўвацца на Паўночную Еўропу. 20-18 тыс. гадоў назад ён дасягнуў тэрыторыі Паўночнай Беларусі.
У шэрагу месцаў Паўднёва-Усходняй Беларусі знойдзены крамянёвыя вырабы архаічнага выгляду, якія датуюцца часам ад 100 да 40-35 тыс. гадоў таму. У гэты перыяд Еўропу засялялі мускулістыя людзі з нізкай пасадкай галавы, нізкім ілбом, шырокімі скуламі і вялікімі надброўнымі дугамі неандэртальцы (палеаантрапы). Яны выраблялі з крэменю прылады працы пераважна ручныя рубілы, разнастайныя востраканечнікі, скрэблы, разакі. Неандэртальцы жылі паляваннем і, магчыма, збіральніцтвам,
валодалі членараздзельнай мовай, стала карысталіся агнём, будавалі сховы-жытлы, прыкрывалі цела скураной вопраткай, мелі зачаткі рэлігійных вераванняў. Выяўленыя матэрыяльныя рэшткі еўрапейскіх неандэртальцаў навукоўцы аб’ядноўваюць у шэраг блізкіх між сабой археалагічных культур мусцьерскага перыяду.
Рэшткі жыццядзейнасці першабытных жыхароў жытлы, прылады працы, творы мастацтва, упрыгожанні, а таксама пахаванні, якія вызначаліся ўзаемападабенствам, існавалі на пэўнай тэрыторыі і ў акрэсленым прамежку часу, вучоныя аб’ядноўваюць у археалагічныя культуры. Лічыцца, што яны маглі адпавядаць плямёнам з адзінай мовай або падобнымі дыялекгамі. Такое супадзенне этнасу з культурай найбольш верагодна магло існаваць на ранніх стадыях развіцця культуры або калі яе межы працяглы час былі стабільныя. Экспансія на суседнія тэрыторыі, звязаная з прапэсамі ўзаемаасіміляцыі, прыводзіла да парушэння адпаведнасці археалагічнай культуры з этнасам.
Наяўнасць аднолькавых рыс матэрыяльнай культуры ў чалавечых супольнасцях, адасобленых сотнямі кіламетраў, можа сведчыць як пра далёкія міграцыі, так і пра зачаткі племянной арганізаванасці.
Менавіта неандэртальцы і рабілі спробы асвоіць абшары на ўзбярэжжах Дняпра, Сожа і Прыпяці. Іх першапачатковае пранікненне на нашу тэрыторыю магло адбыцца напярэдадні або ў пачатку паазерскага зледзянення, калі яшчэ захоўваўся цёплы клімат.
Несумненныя сведчанні сталага засялення першабытным чалавекам Паўднёвай Беларусі адносяцца да перыяду 27-24 тыс. гадоў таму, калі тут з’явіліся людзі сучаснага антрапалаі ічнага тыпу, краманьёнцы. Да гэтага часу адносяцца рэшткі доўгачасовых паселішчаў-стаянак, якія знойдзены пад тоўшчамі земляных адкладаў у в. Юравічы Калінкавіцкага раёна і каля в. Бердыж Чачэрскага раёна на Гомельшчыне.
Краманьёнцы выраблялі больш разнастайныя і дасканалыя прылады працы і паляўнічую зброю, чым іх папярэднікі. Жыхары бердыжскай стаянкі карысталіся драўлянымі коп’ямі з крамянёвымі наканечнікамі, скрабкамі для апрацоўкі шкур, скоблямі для дрэва, разцамі для косткі, нажамі, кінжаламі, праколкамі, мелі сякерападобныя інструменты. Вузкія рэтушаваныя пласцінкі, па меркаванні некаторых вучоных, былі наканечнікамі для стрэл. Выкарыстоўвалі краманьёнцы таксама косткі і мамантавы біўні. На некаторых еўрапейскіх стаянках знаходзяць касцяныя наканечнікі коп’яў, коп’екідалкі, землекапалкі, кінжалы, праколкі і нават іголкі. Выкарыстоўвалася і дрэва для рукаятак дрэўкаў і ўдарнай зброі.
У зацішных і сухіх мясцінах рачнога ўзбярэжжа краманьёнцы ладзілі свае паселішчы ў два-тры жытлы. Пабудовы былі доўгачасовыя, пераважна
акруглыя ў плане, дыяметрам чатыры-пяць метраў. Аснову іх складалі нізкія масіўныя сценкі з чарапоў і буйных костак мамантаў, а каркас даху ладзіўся з драўляных або звязаных з мамантавых рэбраў жэрдак і накрываўся шкурамі.
Асноўным заняткам краманьёнцаў было загоннае паляванне на валасатых насарогаў, першабытных быкоў, бурых мядзведзяў, паўночных аленяў і інш. Асабліва важнай здабычай былі маманты, з якіх атрымлівалі шмат мяса і тлушчу, косткі для будаўніцтва і паліва, біўні, шкуры для ўцяплення падлогі, сценак і дахаў жытлаў, высцілання лсжакоў.
Жыхары познепалеалітычных стаянак мелі сістэму рэлігійных вераванняў, звязаных пераважна з паляўнічай магіяй, жаночай плоднасцю, уяўленнямі пра замагільнае жыццё. Матэрыяльным адлюстраваннем гэтых вераванняў былі выразаныя з біўняў маманта фігуркі людзей, пераважна жанчын, звяроў і птушак, наразныя арнаменты на касцяных вырабах, падвескі са звярыных зубоў.
Аснову сацыяльнай арганізацыі краманьёнцаў, відавочна, складалі сем’і па пяць сем асоб. Яны групаваліся ў першабытныя родавыя абшчыны. Улічваючы знаходкі палеалітычных «венер», мы можам гаварыць аб вялікай ролі ў тагачасных супольнасцях жанчын як прадаўжальніц чалавечага роду. Аднак не меншае значэнне мелі і мужчыны-паляўнічыя, дзякуючы старанням якіх гэты род карміўся.
Тыповыя для бердыжскай стаянкі востраканечнікі з бакавой выемкай сустракаюцца ад Падоння на ўсходзе да Аўстрыі і Паўднёва-Усходняй Гсрманіі на захадзе. Некаторыя навукоўцы лічаць гэта сведчаннем існавання на дадзенай тэрыторыі асобнай вілендорфска-касцёнкаўскай культуры.
Каля 20-18 тыс. гадоў таму ледавік дасягнуў раёнаў сённяшніх Гродна, Вілейкі, Оршы. На Беларусі ўсталяваўся асабліва неспрыяльны клімат. Наш край зноў цалкам абязлюдзеў. Аднак у хуткім часе пачалося імклівае пацяпленне і праз тры тысячагоддзі лёд пачаў адступаць з поўначы сучаснай тэрыторыі Беларусі. Узгоркі і раўніны, зазелянелыя тундравай і стэпавай расліннасцю, запаланілі статкі паўночных аленяў. Услед за імі прыйшлі і грамады паляўнічых. Пачаўся перыяд фінальнага палеаліту (13/12—10 тыс. гадоў таму).
Старажытнейшымі з гэтай трэцяй хвалі засялення тэрыторыі Беларусі былі плямёны лінгбійскай і грэнскай культур. Лінгбійцы засялілі захад Беларусі, грэнцы прыкладна ў той жа час, а можа, нават крыху раней, прасунуліся ў Падняпроўе з поўдня.
Некалькі пазней, у самым канцы фінальнага палеаліту, у Заходняй і Цэнтральнай Беларусі і на суседніх тэрыторыях Полыпчы, Украіны і Літвы запа-
навала насельніцтва свідэрскай культуры, якое, як мяркуюць, генетычна паходзіць ад лінгбійскага.
Асноўнай паляўнічай зброяй фінальнапалеалітычнага насельніцтва Беларусі былі лукі са стрэламі. Лінгбійцы майстравалі масіўныя крамянёвыя вырабы: лістападобныя наканечнікі з выдзеленымі чаранкамі, нажы, скрабкі, разцы. У грэнцаў наканечнікі стрэл былі таксама лістападобныя, але чаранкі мелі толькі адну бакавую выемку. Свідэрцы ж свае наканечнікі майстравалі з вузкіх правільна аграненых пласцін, рэтушуючы чаранкі з абодвух бакоў.
У фінальным палеаліце для вырабу прылад працы пачалі выкарыстоўваць якасную сыравіну, якую здабывалі на крэйдавых адкладах і на ўчастках крэменяноснай марэны адкрытым спосабам перакопам у ямах і траншэях. Сустракаюцца і рэчы з адмысловых гатункаў крэменю, які здабывалі на аддаленых тэрыторыях, што сведчыць пра міжплемянны абмен або міграцыі. Акрамя крамянёвых, у фінальным палеаліце карысталіся вырабамі з рога і косці. Гэта былі найперш сякеры і гарпуны для палявання на хутканогую дзічыну.