Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Ад пачатку XVI ст. пры двары Гаштольдаў пачаў складацца асяродак новага гісторыяпісання ВКЛ. Асноўныя ідэі ўвасобіліся ў лацінаі славянамоўных тэкстах, якія даказвалі заходнееўрапейскае (італійскае) паходжанне дынастыі вялікіх князёў і іх атачэння (асобных магнацкіх родаў дзяржавы). Аўтары імкнуліся ўпісаць гісторыю ВКЛ у шэраг цэнтральнаі заходнееўрапейскіх дзяржаў ранняга Новага часу. Традыцыя дзяр-
жаўнага летапісання згасла на Беларусі ў другой палове XVI ст., але атрымала працяг у форме гарадскіх і манастырскіх хронік. Яны з’яўляюцца цікавай крыніцай па рэгіянальнай гісторыі XVII-XVIII стст. (Магілёў, Віцебск, Гародня, Баркулабава і г. д.), адлюстроўваюць быт, рэлігійныя і сацыяльныя адносіны на Беларусі.
Біяграфіі ўплывовых асоб Сярэднявечча прадстаўлены такімі жанрамі персанальнай гісторыі, як царкоўныя жыціі (Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш.) і свецкія пахвалы («Пахвала Вітаўту» ці пахвала, прысвечаная Канстанціну Астрожскаму як пераможцу ў Аршанскай бітве 1514 г.). Падобныя гворы мелі пэўныя каноны, паводле якіх ключавым персонам прыпісваліся рысы папярэднікаў.
Важнымі крыніцамі па гісторыі Беларусі з’яўляюцца актавыя матэрыялы, да якіх адносяцца вялікая група палітычных і гандлёвых дагавораў (Рыгі з Полацкам, Віцебскам і Смаленскам, ВКЛ з Ноўгарадам, Тэўтонскім ордэнам, уніі ВКЛ і Каралеўства Польскага); акты пасольстваў (у Вялікае Княства Маскоўскае, Крымскае ханства, Канстанцінопаль, да Папскай курыі), а таксама ўнутрыпалітычныя акты статуты, земскія і агульназемскія прывілеі, прывілеі на магдэбургскае права, глейты, увязчыя граматы, попісы, якія складаюць велікакняжацкі архіў Метрыку ВКЛ.
3 XVI ст. вялікае значэнне мела прыватная і дзяржаўная карэспандэнцыя, прадстаўленая лістамі манаршых асоб, прадстаўнікоў знаці, ураднікаў ВКЛ (лісты Жыгімонта Аўгуста да Радзівілаў, перапіска Мікалая Радзівіла Чорнага з Жанам Кальвінам, лісты Філона Кміты-Чарнабыльскага). Інфарматыўнасць падобных крыніц невычарпальная ў святле міждысцыплінарнага дыскурсу ў гуманітарных даследаваннях.
У гістарыяграфію XXI ст. усё актыўней уваходзіць візуальная рэпрэзентацыя гістарычнага матэрыялу, шчыльна звязаная з выкарыстаннем спецыфічных крыніц пры вывучэнні гісторыі. Адносна сярэднявечнай Беларусі, напрыклад, важнымі з’яўляюцца абразы і аб’екты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фрэскавы жывапіс, партрэты, кніжная мініяцюра, гербы.
Недахоп пісьмовых крыніц можа быць кампенсаваны археалагічным матэрыялам, які дае магчымасць даследаваць этнічную і духоўна-фунерапьную культуру насельніцтва Беларусі як у дапісьмовы перыяд, так і ў эпоху Сярэднявечча. На аснове даных археалогіі магчыма прасачыць сацыяльныя трансфармацыі ў грамадстве, эканамічнае развіццё асобных рэгіёнаў і культурныя сувязі паміж імі. Археалагічны матэрыял дапамагае ў даследаванні сярэднявечнай гісторыі гарадоў, мястэчак, фартыфікацый, а таксама ў вывучэнні рэлігійнай і гаспадарчай гісторыі Беларусі.
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ СЯРЭДНЯВЕЧЧА I РАННЯГА НОВАГА ЧАСУ
Вывучэнне гісторыі беларускіх зямель пачалося задоўга да інстытуцыянальнага станаўлення ўніверсітэцкай навукі. Цікавасць да напісання аўтарскай гісторыі ВКЛ была праяўлена Мацеем Стрыйкоўскім у яго «Хроніцы» (1582). Ён упершыню правёў крытычны разбор крыніц па гісторыі ВКЛ, выявіў несупадзенні па асобных падзеях і з’явах з гісторыі нашых зямель паміж наратыўнымі крыніцамі польскага і беларускага паходжання, летапісным і актавым матэрыялам. На жаль, яго праца не была шырока запатрабавана ва ўмовах фарміравання палітычнай і культурнай прасторы Рэчы Паспалітай канца XVI пачатку XVII ст. Але ўжо ў сярэдзіне XVII ст. тэкст хронікі быў выкарыстаны выкладчыкам езуіцкага калегіума Альбертам Віюк-Каяловічам для напісання «Гісторыі Літвы». Пры ўсіх разважаннях аб патрэбе ведання гісторыі да сярэдзіны XVII ст. навучанне ва ўстановах ордэна езуітаў абмяжоўвалася так званай біблейскай археалогіяй. Для выкладання гісторыі бацькаўшчыны ў польскай і літоўскай правінцыях ордэна былі створаны свае падручнікі. На тэрыторыі ВКЛ у якасці такога выкарыстоўвалася двухтомная кампіляцыйная праца на лацінскай мове. А. Віюк-Каяловіч прысвяціў другі том перыяду ад Крэўскай да Люблінскай уніі. У канцы XVII першай палове XVIII ст. пашыралася захапленне вывучэннем генеалогіі магнацкіх і шляхецкіх родаў, канструяваннем родавых легенд пры апісанні адпаведнай эпохі (Адам Нарамеўскі. Францішак Папроцкі, Мацей Догель). Піярская рэформа Канарскага і стварэнне Адукацыйнай камісіі павінны былі карэнным чынам змяніць адносіны да гісторыі, гісторыяпісання і вывучэння асобных зямель Рэчы Паспалітай. Аднак падзелы дзяржавы запаволілі адпаведныя працэсы. Вывучэнне гісторыі на нашых землях у традыцыях эпохі Асветніцтва праводзіў Адам Нарушэвіч, які змог прадставіць грамадству свайго часу заснаваную на прыватных архівах гістарычную біяграфію Яна Караля Хадкевіча. Пад кіраўніцтвам А. Нарушэвіча рыхтавалася першая буйная праца па гісторыі Рэчы Паспалітай «Гісторыя польскага народа», дзе адводзілася месца і гісторыі беларускіх зямель.
Заснаванне Віленскага імператарскага ўніверсітэта (1803) і кафедры гісторыі пры ім дазволіла падняць вывучэнне і выкладанне гісторыі беларускіх зямель на новы ўзровень. Маладое пакаленне даследчыкаў займалася палявымі даследаваннямі, пошукам крыніц, іх археаграфічнай апрацоўкай і падрыхтоўкай да выдання. Ва ўніверсітэцкай зале з курса лекцый Іахіма Лялевеля пачалося сістэматычнае вывучэнне ВКЛ. I хоць яго «Гісто-
рыя Літвы і Русі» выйшла толькі ў 1839 г., Лялевель увёў у гістарыяграфію ўласную перыядызацыю гісторыі ВКЛ, разгледзеў ключавых асоб гісторыі, знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржавы, свецкія і царкоўныя уніі XIVXVI стст. У атачэнні I. Лялевеля працавалі такія спецыялісты, як I. Даніловіч, М. Баброўскі, I. Анацэвіч, Ю. Крашэўскі і інш. Навуковая спадчына гістарычнай школы Віленскага імператарскага ўніверсітэта складаецца з адкрыцця Статута 1529 г. і падрыхтоўкі да выдання яго Супрасльскага спісу летапісу 1446 г., апрацоўкі актавага матэрыялу па знешнепалітычных кантактах ВКЛ, апублікаваных пад назвай «Скарбніца».
Паралельна з гістарычнай школай Віленскага ўніверсітэта фарміраваліся і асяродкі вывучэння гісторыі беларускіх зямель пры рэзідэнцыях магнатаў і расійскіх арыстакратаў (Румянцавых, Тышкевічаў, Радзівілаў, Сапегаў). У першую чаргу там праводзіліся археаграфічныя і археалагічныя даследаванні, якія далі магчымасць заявіць пра сябе ў сярэдзіне другой палове XIX ст. навукова-асветніцкім праектам Віленскай археалагічнай і Віленскай археаграфічнай камісій, дзейнасць якіх звязана з 3. ДаленгаХадакоўскім, К. і Я. Тышкевічамі, Г. Грыгаровічам і інш.
Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта гісторыю беларускіх зямель пачалі даследаваць у іншых універсітэцкіх цэнтрах Расійскай імперыі: Санкт-Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Варшаве. Складвалася навуковая спецыялізацыя, якая вынікала з асаблівасцей персанальных навуковых школ М. Каяловіча ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, Д. Ілавайскага і М. Любаўскага пры Маскоўскім універсітэце, У. Антановіча пры Імператарскім універсітэце Святога Уладзіміра ў Кіеве. На базе гэтых школ у канцы XIX пачатку XX ст. сталі магчымымі даследаванні царкоўнай гісторыі на беларускіх землях, уніі паміж Польшчай і ВКЛ, брацкага руху, рэгіянальнай гісторыі. Пры Маскоўскім універсітэце вывучаліся ўтварэнне ВКЛ і яго тэрытарыяльнае ўладкаванне (працы М. Любаўскага «Абласны падзел», «Нарысы»), а таксама гісторыя дзяржаўных органаў («Літоўскарускі сейм»), сацыяльна-эканамічных рэформ (праца У Пічэты, прысвечаная аграрнай рэформе Жыгімонта Аўгуста). Даследчыкі Маскоўскага ўніверсітэта пачалі актыўна выкарыстоўваць акты Метрыкі ВКЛ. Кіеўскі ўніверсітэт даў штуршок даследаванням рэгіянальнай гісторыі эпохі Сярэднявечча (У Данілевіч «Нарысы гісторыі Полацкай зямлі», А. Грушэўскі «Нарысы гісторыі Турава-Пінскага княства», П. Галубоўскі «Гісторыя Смаленскай зямлі», М. Доўнар-Запольскі «Нарысы гісторыі крывічскай і дрыгавічскай зямель»),
Такім чынам, гістарыяграфія XIX ст. заклала падмурак для з’яўлення абагульняючых прац па гісторыі беларускіх зямель. Гісторыя Беларусі
ўпершыню пачала прыцягваць увагу даследчыкаў як непарыўнае развіццё гісторыі этнасу і тэрыторыі яго кампактнага пражывання, абумоўленага паступовымі зменамі дзяржаўных утварэнняў на гэтых землях.
У XX ст. факталагічная база папоўнілася здабыткамі археалагічнай навукі. У міжваенны перыяд археалаіічныя экспсдыцыі адкрылі некалькі соцень стаянак каменнага і селішчаў бронзавага веку. Беларускім археолагам К. Палікарповічам былі даследаваны стаянкі паляўнічых каля Бердыжа і Юравічаў, выказаны гіпотэзы пра пачатковас засяленне тэрыторыі Беларусі чалавекам. У вывучэнні аб’ектаў жалезнага веку за 1919-1941 гг. былі знойдзены больш за 800 гарадзішчаў і неўмацаваных паселішчаў, некалькі дзясяткаў могільнікаў. На аснове археалагічнага матэрыялу даследчыкамі аналізавалася развіццё гаспадаркі старажытнага насельніцтва Беларусі, яго этнічны склад і матэрыяльная культура.
У пасляваенны час асноўны акцэнт археолагамі быў зроблены на даследаванні гаспадарчага развіцця, светапогляду, праблем этнагенезу. Вывады знайшлі адлюстраванне і ў абагульняльных працах па гісторыі, падручніках і энцыклапедыях. Вядучую ролю адыгрывалі архсолагі ў даследаванні сярэднявечнай гісторыі Беларусі там, дзе наратыўны матэрыял не дазваляе раскрыць у поўнай ступені гаспадарчую ці духоўную культуру. Гісторыю Полацкай зямлі вывучалі Г. Штыхаў і С. Тарасаў, Смаленскага княства Л. Аляксееў, Тураўскага княства П. Лысенка. Даследаванне сярэднявечнага Новагародка здзяйсняла Ф. Гурэвіч, Панямоння -Я. Звяруга і С. Піваварчык, МінскаЭ. Загарульскі, а таксама Ю. Заяц, Пасожжа-А. Мяцельскі. Працу па вывучэнні полацкай дзяржаўнасці працягваюць у XXI ст. В. Ляўко і Д. Дук.
Першыя абагульняльныя працы па гісторыі Беларусі былі створаны ў 1910—20-я гг. (В. Ластоўскі, У. Ігнатоўскі, М. Доўнар-Запольскі, У. Пічэта). Эпохам Старажытнасці і Сярэднявечча ў іх надавалася вялізная ўвага з прычыны фарміравання спецыфічных умоў для ўтварэння беларускага этнасу, беларускай культуры. У Х-ХШ і XIV-XVI стст. шукаліся пачаткі беларускай дзяржаўнасці, дзяржаўныя сімвалы, гістарычныя героі і знамянальныя даты.