Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Матэрыяльная культура тшцінецкага насельніцтва тыповая для сярэдняга этапу бронзавага веку. Асноўнай формай іхняга глінянага посуду былі
гладкасценныя высокія гаршкі цюльпанападобнай формы з патоўшчаным краем венцаў. Выкарыстоўвалі таксама слоікі, кубкі, міскі, дуршлякі-цадзілкі. Посуд аздабляўся пераважна баразёнкамі і адбіткамі тонкага ружанца. Апошні часцей сустракаўся ў зоне сосніцкіх помнікаў. На захадзе тшцінецка-сосніцкага арэалу даволі шырока былі распаўсюджаны розныя наляпныя валікі, гузы і нават вушкі.
У сярэднебронзавы час медных вырабаў стала больш, але ў асноўным гэта былі ўпрыгожанні бранзалеты, простыя шпількі са шчыткамі або спіралепадобнымі галоўкамі, запінкі-фібулы, кольцы, падвескі. Меднай зброі было мала. Сярод крамянёвых вырабаў найбольш характэрны вузкачаранковыя наканечнікі стрэл з трохвугольным або кароткім лістападобным пяром і вялікія сярпы з заглянцаванымі ад ужытку лёзамі. Вядомы былі і кароткія рамбічныя каменныя сякеры з абушкамі з прасвідраванымі адтулінамі. Мяркуючы па знаходках, насельніцтва тшцінецкіх паселішчаў аддавала перавагу жывёлагадоўлі, слядоў земляробства захавалася менш.
У сярэдні перыяд бронзавага веку працягвала развівацца паўночнабеларуская культура. У карыстанні яе носьбітаў была пласкадонная кераміка. арнаменты на якой пераносіліся на верхнія часткі пасудзін. Распаўсюджваліся, хоць і ў вельмі малой колькасці, бронзавыя вырабы шылы і плоскія сякеры.
Позні перыяд бронзавага веку Беларусі даследаваны слаба. Вядома толькі, што на паўднёвым усходзе краіны тшцінецкая культура трансфармавалася ў лебядоўскую. Носьбіты апошняй жылі на невялікіх паселішчах, а памерлых хавалі па абрадзе крэмацыі пад невялікімі курганнымі насыпамі. Цюльпанападобны посуд па форме, тэхналогіі і некаторых элементах арнаментацыі ўказвае на тшцінецкія вытокі. Гэта ж можна сказаць і пра некаторыя прылады працы. На Беларускім Панямонні і ў басейне Віліі пачала складвацца кулыура штрыхаванай керамікі. На Падзвінні фарміравалася днепра-дзвінская культура з гладкай керамікай.
Большасць прылад працы і зброі і ў бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі выраблялася з крэменю, рога, косці і дрэва. Аднак паступова адбываўся заняпад крэменеапрацоўкі. У канцы вызначанага перыяду колькасць і асартымент крамянёвых вырабаў змяншаецца, назіраецца неахайнасць у іх апрацоўцы, выпадковасць форм.
У новую эпоху назіраўся росквіт апрацоўкі некрамянёвых гатункаў KaMena. У штодзённай працы шырока выкарыстоўваліся плоскія сякеры-кліны, а на поўначы Беларусі былі вядомы і плоскія чаранковыя сякеры. Асаблівую ўвагу выклікаюць каменныя сякеры з зашліфаванымі паверхнямі
і прасвідраванымі адтулінамі пад тапарышчы. 3 каменю выраблялі шліфавальныя пліты, зерняцёркі, грузілы для сетак, ліцейныя формы.
У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі працягваў існаваць першабытнаабшчынны лад, аднак развіццё земляробства і жывёлагадоўлі, пачатак апрацоўкі металаў, далейшае распаўсюджванне абмену выклікалі значныя змены ў грамадскім жыцці, якія выявіліся ў першую чаргу ў станаўленні патрыярхальных адносін у родзе, у парушэнні былой маёмаснай роўнасці, у накапленні асобнымі родамі адноснага багацця.
У адпаведнасці з развіццём гаспадарчых заняткаў на першае месца ў сям’і выйшаў мужчына, што адлюстроўваецца ў археалагічных матэрыялах. Так, на могільніках бронзавага веку мужчынскія пахаванні звычайна займалі цэнтральнае, лепшае месца, часта яны мелі і багацейшы інвентар.
3 узнікненнем і ўмацаваннем прыватнай уласнасці ўзнікла і маёмасная няроўнасць — беднасць і багацце, якія суседнічалі ўнутры родаў. Сфарміраваліся дамінуючыя роды, якія вылучаліся адносным багаццем. 3 іх ліку часцей выбіраліся правадыры на час узброеных канфліктаў. Найбольш яскрава маёмасная няроўнасць адлюстроўваецца ў пахаваннях.
Са з’яўленнем металічных вырабаў пачаўся больш рэгулярны міжплемянны абмен. Аб’ектамі гандлю з’яўляліся медзь, бронза, бурштын, высакаякасны крэмень. У бронзавым веку ўзброеныя сутыкненні сталі часцейшымі, перарастаючымі ў шматгадовыя войны. Цяпер, апрача багатых дзічынай лясоў і балот, рыбных вадаёмаў, імкнуліся захапіць і ўрадлівейшыя землі, травяністыя пашы, багатыя сыравінай радовішчы, гандлёвыя шляхі. Імкнуліся завалодаць і суседскай маёмасцю.
Рэлігія ў бронзавым веку, як і ва ўсе першабытныя часы, грунтавалася на анімізме веры ў духаў і душы, волі якіх нібыта падлягаюць усе навакольныя прадметы і з’явы. Важнае месца ў такіх уяўленнях займаў культ продкаў. Найбольш яскрава гэта праяўлялася ў пахавальных абрадах. Пра існаванне культу продкаў сведчаць не толькі пахаванні, але і выявы людзей на кераміцы, статуэткі.
Земляробства і жывёлагадоўля паспрыялі ўзнікненню культу Сонца як вярхоўнага боства, якому падуладна ўсё існае, у тым ліку і розныя меншыя боствы і духі. Ад культу Сонца быў неадрыўны і культ агню, як зямнога ўвасаблення нябеснага свяціла. 3 узнікненнем рэлігійных вераванняў з’явіліся і асобы, якія прафесійна абслугоўвалі культы, святары-шаманы. Вядомы нават шаманскія пахаванні. Пра афармленне рэлігіі ў бронзавым веку як пра складаную сістэму паняццяў і рытуалаў сведчаць і знаходкі спецыяльных культавых збудаванняў.
3 уяўленнем пра ачышчальную і жыватворную сілу агню звязаны звычай спальваць нябожчыкаў. На тэрыторыі Беларусі ён стаў вядомы яшчэ ў канцы існавання сярэднедняпроўскай культуры, а ў сярэдняй бронзе пашырыўся сярод плямён тшцінецкай і роднасных ёй культур. Магчыма, распаўсюджванне абраду трупаспальвання на такіх велізарных тэрыторыях сведчыць аб узнікненні першай сусветнай рэлігіі сонцапаклоннікаў. У бронзавым веку працягвала існаваць і вера ў роднасную сувязь людзей з пэўнымі відамі жывёл і раслін — татэмізм. Рэлігійныя і мастацкія погляды перыяду бронзавага веку адлюстроўваюцца ў арнаментацыі керамічных начынняў, дробнай пластыцы — падвесках, пацерках, амулетах, аздобах адзення.
Ужо ў сярэдні перыяд неалітычнай эпохі колішняя адносная этнакультурная блізкасць на тэрыторыі Беларусі была перарвана пранікненнямі іншакультурнага насельніцтва. На захадзе з’явіліся перасяленцы з Павіслення і Пабужжа «польскага ляснога неаліту», на поўначы плямёны прыбалтыйскай культуры. Наступнае распаўсюджванне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, у тым ліку і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, энеалітычнага насельніцтва шарападобнікаў, і асабліва шнуравікоў, пачало аднаўляць гэта адзінства. Яно ўмацавалася ў ранні перыяд бронзавага веку, калі завяршыўся працэс узаемаасіміляцыі груп носьбітаў культур шнуравой керамікі і позненеалітычных аўтахтонаў. У гэты час на тэрыторыі Паўднёва-Усходняй Прыбалтыкі, Беларусі, Паўночнай Украіны, Цэнтралыіа-Усходняй Польшчы і ў Волга-Окскім рэгіёне Расіі сфарміраваўся шэраг так званых эпішнуравых культур. Паміж плямёнамі, што засялялі адзначаныя тэрыторыі, падтрымліваліся культурныя і гаспадарчыя сувязі.
Фарміраванне ў сярэдні перыяд бронзавага веку тшцінецка-сосніцка-камароўскай суііольнасці культур зноў падзяліла Беларусь на дзве зоны — паўночную і паўднёвую. На Панямонпі, Падзвінні і ў басейне Віліі ў канцы бронзавага веку пачалі складвацца супольнасці культур шнуравой керамікі і днепра-дзвінскай, асноўнае развіццё якіх прыпадае на жалезны век. Іх этнічная прыналежнасць вызначаецца як балцкая.
На поўдні Беларусі назіралася больш складаная сітуацыя. Частка даследчыкаў схільна шукаць сярод тшцінецкага насельніцтва праславян. У значнай ступені на тшцінецка-сосніцкай аснове сфарміравалася лебядоўская супольнасць познебронзавага часу, якая перарасла ў мілаградскую культуру жалезнага веку. Апошнюю інтэрпрэтуюць як балцкую або славянскую, а некаторыя адносяць да нявызначанай этнічнай групоўкі.
У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі...
• яшчэ захоўваліся традыцыйныя формы гаспадарання паляванне, рыбацтва і збіральніцтва; важную ролю адыгрывалі крамянёвыя вырабы;
• распаўсюджваліся новыя, вытворчыя формы гаспадарання земляробства і жывёлагадоўля, а на поўдні краіны яны паступова станавіліся дамінуючымі; медныя і бронзавыя вырабы; пласкадонны посуд, формы якога набылі разнастайнасць; пахавальны абрад трупаспалення;
• важнае гаспадарчае і сацыяльнае значэнне набылі каменныя шліфаваныя вырабы;
• транспартныя сродкі дапоўніліся колавымі;
• у духоўнай культуры да традыцыйных вераванняў паляўнічых дадаліся вераванні, звязаныя з земляробчымі культамі плоднасці і з салярнымі культамі;
• у мастацтве, якое па-ранейшаму з’яўлялася ў асноўным эстэтычным адлюстраваннем рэлігіі, адбываўся росквіт арнаментальнай абстракцыі;
• у выніку складаных этнакультурных пераўтварэнняў да канца бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі сфарміраваліся супольнасці прабалтаў і, магчыма, праславян.
ГРАМАДСТВА
НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ Ў ЖАЛЕЗНЫМ ВЕКУ
• Археалагічная карта Беларусі
• Этнічная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі ў жалезным веку
• Асноўныя віды гаспадарчай дзейнасці
• Абмен і культурныя сувязі
• Грамадскі лад
• Генезіс усходнеславянскіх плямён і шляхі іх рассялення на тэрыторыі Беларусі
АРХЕАЛАГІЧНАЯ КАРТА БЕЛАРУСІ
Пачатак жалезнага веку адносіцца да таго часу, калі людзі навучыліся здабываць жалеза з руды. На тэрыторыі Беларусі гэта адбылося не раней за VII ст. да н. э. У старажытнасці жалеза здабывалі з бурых жалезнякоў, але часцей за ўсё з балотных, азёрных, лугавых і іншых руд. Шырокаму распаўсюджванню чорнай металургіі спрыялі два фактары: з аднаго боку, практычна паўсюднае распаўсюджванне руд, якія змяшчаюць вокісы жалеза, а з іншага даўнія традыцыі каляровай металургіі.
У жалезным веку на тэрыторыі Беларусі досыць выразна выявілася нераўнамернасць сацыяльна-эканамічнага развіцця асобных рэгіёнаў. Першымі, хто пазнаёміўся з чорнай металургіяй і ўкараніў яе і металаапрацоўку, былі плямёны паўднёвых абласцей, у прыватнасці носьбіты мілаградскай культуры, якія з VII ст. да н. э. мелі цесны кантакт з лесастэпавымі скіфамі. Мяркуючы па знаходках прылад працы і зброі, аналагічных скіфскім, менавіта яны перадалі сваім паўночным суседзям тэхналагічныя навыкі «варэння»
і апрацоўкі жалеза. Што да цэнтральных, а тым болып паўночных раёнаў Беларусі, то там першыя жалезныя вырабы не могуць быць датаваны раней за V-IV стст. да н. э. Гэта адзінкавыя знаходкі клінаватых вушных сякер, таксама супастаўныя са скіфскімі. Уласная чорная металургія ў гэтых месцах пачалася не раней за канец 1-га тыс. да н. э. Дагэтуль тут дамінавалі касцяная і каменная вытворчасці, характэрныя для эпохі бронзы.