Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
3 мэтай сарваць наступленне Рэчы Паспалітай маскоўскае войска, колькасцю ад 20 да 30 тыс. чалавек, здзейсніла паход па Падняпроўі. Былі спустошаны наваколлі Шклова, Магілёва, Копысі, Чэрыкава, але ніводзін з гэтых гарадоў захоплены не быў. Больш за тое, пад Магілёвам войска ВКЛ нанесла значныя страты маскоўцам. Як паведамляў Баркулабаўскі летапіс: «Москву от Могйлева отперлй, побйлй, отогналй». Маскоўскія войскі адступілі, так і не сарваўшы планаў Стэфана Баторыя. Наступленне амаль 40-тысячнага войска Рэчы Паспалітай (з якіх войска ВКЛ налічвала каля 14 500 жаўнераў) на Пскоў адбылося. Ужо 21 жніўня быў захоплены Востраў, а ўласна асада Пскова пачалася 28 жніўня. Фактычна адначасова ў глыб Маскоўскай дзяржавы (на Таропец і Холм) быў здзейснены рэйд аддзелаў палявога гетмана К. Радзівіла і Ф. Кміты-Чарнабыльскага. Атрады, у якіх налічвалася болып за 5 тыс. вершнікаў, даходзілі нават да Волгі.
Асада Пскова была збольшага пасіўнай і відавочна зацягвалася. Абаронцы горада былі добра падрыхтаваны да доўгатэрміновай аблогі. Спроба генеральнага штурму 7 верасня 1581 г. скончылася безвынікова. У войску Рэчы Паспалітай расла незадаволенасць працяглай аблогай, не хапала зброі і харчавання. Арыстакратыя Вялікага Княства нават пакінула вайсковы стан пад Псковам. Сярод шляхты ВКЛ станавілася ўсё больш прыхільнікаў хутчэйшага спынення баявых дзеянняў і заключэння міру з Маскоўскай дзяржавай. Жадаў хутчэйшага міру і Іван IV. Становішча Масквы ўскладнялася і тым, што супраць яе актывізавала баявыя дзеянні таксама шведская армія, якая атрымала шэраг перамог над маскоўскім войскам і ўвосень 1581 г. захапіла Нарву.
У рэшце рэшт, у снежні 1581 г. распачаліся мірныя перамовы паміж маскоўскімі пасламі і пасламі Рэчы Паспалітай (брацлаўскі ваявода Януш Збаражскі, дворны маршалак ВКЛ Альбрыхт Радзівіл і пісар Міхал Гарабурда). Яны праводзіліся з 13 снежня 1581 г. пры пасрэдніцтве папскага легата
Антоніа Пасевіна і скончыліся падпісаннем 15 студзеня 1582 г. Ям-Запольскага перамір’я на 10 гадоў. Уся Лівонія і землі паўночна-ўсходняй Беларусі разам з Полацкам і Азярышчам, а таксама Усвяты, Веліж і Себеж, вярталіся ў склад Рэчы Паспалітай. За адмову Івана IV ад усякіх прэтэнзій на Лівонію і Курляндыю Маскоўскай дзяржаве былі аддадзены заваяваныя раней Вялікія Лукі, Невель, Завалочча і інш. Таксама Рэч Паспалітая не стала настойваць на грашовай кампенсацыі за панесеныя ў час вайны страты.
Разам з тым працягвалася яшчэ вайна Швецыі з Маскоўскай дзяржавай. Яна была скончана падпісаннем у 1583 г. паміж гэтымі краінамі Плюскага перамір’я на тры гады. Паводле перамір’я, да Шведскага каралеўства адыходзіла Паўночная Эстонія, а таксама некаторыя рускія землі (Івангорад, Ям, Капор’е, Карэла).
Такім чынам, Лівонская вайна завяршылася перамогай Рэчы Паспалітай. Яе ўтварэнне ў 1569 г. дазволіла аб’яднаць сілы ВКЛ і Польшчы і кардынальна змяніць расклад сіл у вайне. Лівонія стала правінцыяй Рэчы Паспалітай, а Вялікае Княства Літоўскае вярнула ў свой склад амаль усе этнічныя беларускія землі. Маскоўская дзяржава пацярпела ваеннае паражэнне. Больш за тое, яна на доўгі час аказалася выключанай з барацьбы за ўплывы на Балтыцы. Затое Рэч Паспалітая стала адной з самых уплывовых дзяржаў у рэгіёне Балтыйскага мора. Аднак у Лівоніі засталіся супярэчнасці паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй. што пазней стала прычынай працяглага ваеннага канфлікту паміж гэтымі краінамі. Акрамя таго, Лівонская вайна прывяла да значнага гаспадарчага і дэмафафічнага крызісу на землях паўночна-ўсходняй Беларусі. Вёскі, якія пацярпелі ад баявых дзеянняў, прыходзілася цалкам вызваляць ад падаткаў на 10 і нават 15 гадоў.
ХРАНАЛОГІЯ ВАЖНЕЙШЫХ ПАДЗЕЙ
Каля 100 тыс. 40-35 тыс. гадоў таму з’яўленне чалавека (неандэртальца) на тэрыторыі Беларусі.
Каля 100 тыс. 10 тыс. гадоў таму — старажытны каменны век (палеаліт) на тэрыторыі Беларусі.
Каля 27 тыс. каля 24 тыс. гадоў таму познепалеалітычныя паселішчы-стаянкі краманьёнцаў каля в. Юравічы і Бердыж Гомельскай вобл.
9-5 тыс. да н. э. сярэдні каменны век (мезаліт) на тэрыторыі Беларусі.
5-е пач. 2-га тыс. да н. э. новы каменны век (неаліт) на тэрыторыі Беларусі.
Пачатак 2-га тыс. да н. э. VIII/VII ст. да н. э. бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.
VI1I/VII ст. да н. э. V ст. н. э. жалезны век на тэрыторыі Беларусі.
VI—VIII стст. рассяленне славян на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
859 г. першае летапіснае ўпамінанне крывічоў-палачан.
862 г. першае летапіснае ўпамінанне пра Полацк.
885 г. першае летапіснае ўпамінанне радзімічаў.
980 г. першае летапіснае ўпамінанне пра Тураў.
983 г. першае летапіснае ўпамінанне яцвягаў.
984 г. бітва на р. Пяшчань.
988 г. прыняцце хрысціянства ў Кіеўскай Русі.
992 г. стварэнне хрысціянскай епархіі ў Полацку.
Каля 988 1001 г. княжанне ў Полацку Ізяслава.
1003-1044 гг. княжанне ў Полацку Брачыслава Ізяславіча.
1005 г. стварэнне Тураўскай епархіі.
1009 г. першае ўпамінанне літвы ў заходніх крыніцах.
1019 г. першае летапіснае ўпамінанне пра Берасце.
1021 г. паход князя Брачыслава Ізяславіча на Ноўгарад.
1044-1101 гг. княжанне ў Полацку Усяслава Брачыславіча.
1050-я гг. будаўніцтва ў Полацку Сафійскага сабора.
1066 г. паход полацкага князя Усяслава Брачыславіча на Ноўгарад.
3 сакавіка 1067 г. бітва на р. Нямізе войск полацкага князя з князямі Яраславічамі.
1067 г. першыя летапісныя звесткі пра Менск і Оршу.
1068-1069 гг. княжанне Усяслава Брачыславіча ў Кіеве.
1078 г. першае ўпамінанне пра Друцк, Лагойск, Лукомль.
1078-1086 гг. княжанне Яраполка Ізяславіча ў Тураве.
1088-1113 гг. княжанне Святаполка Яраславіча ў Тураве.
1097 г. з’езд рускіх князёў у Любечы. Першае летапіснае ўпамінанне пра Пінск.
1104-1119 гг. княжанне Глеба Усяславіча ў Менску.
Каля 1104-1167 г. жыццё і дзейнасць Ефрасінні Полацкай.
1116 г. — першае летапіснае ўпамінанне пра Слуцк.
1127 г. першыя летапісныя звесткі пра Гародню і Клецк.
1129 г. высылка полацкіх князёў у Візантыю.
Каля 1130 каля 1182 г. — жыццё і дзейнасць Кірылы Тураўскага.
1142 г. першыя звесткі пра Гомель, Драгічын і Рагачоў.
1147 г. першае летапіснае ўпамінанне пра Брагін.
1155 г. першае летапіснае ўпамінанне пра Мазыр.
1157 пасля 1167 г. княжанне ў Тураве Юрыя Яраславіча.
1159 г. першае летапіснае ўпамінанне пра Чачэрск.
1162 г. апошняе летапіснае ўпамінанне крывічоў.
1169 г. апоішіяе летапіснае ўпамінанпе радзімічаў.
1180 г. утварэнне Мсціслаўскага ўдзельнага княства.
1202 г. заснаванне ваенна-манаскага Ордэна мечаносцаў.
1203,1206, 1216 гг. паходы полацкіх дружын на крыжаносцаў.
1229 г. заключэнне гандлёвага дагавора Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з Рыгай і востравам Готланд («Смаленская гандлёвая праўда»),
1237 г. -утварэнне Лівонскага ордэна.
15 ліпеня 1240 г. бітва наўгародскай дружыны князя Аляксандра Яраславіча са шведскімі рыцарамі на р. Няве.
5 красавіка 1242 г. — бітва з нямецкімі рыцарамі на Чудскім возеры.
1253(1252) г. каранацыя Міндоўга ў Новагародку.
1260 г. бітва з крыжакамі каля воз. Дурбе.
1263 г. забойства Міндоўга.
1263-1264 гг. княжанне Траняты ў ВКЛ.
1264-1267 гг. княжанне Войшалка ў ВКЛ.
1267-1270 гг. княжаннс Шварна Данілавіча ў ВКЛ.
1267 г. псршае ўпамінанне пра Магілёў.
1270-1282 гг. княжанне Трайдзеня ў ВКЛ.
1293-1316 гг. княжанне Віценя ў ВКЛ.
1307 г. уключэнне Полацкага княства ў склад ВКЛ.
Каля 1315 г. далучэнне Берасцейскай зямлі да ВКЛ.
1316-1341 гг. княжанне Гедыміна ў ВКЛ.
Каля 1320 г. уваходжанне Віцебскага княства ў склад ВКЛ.
1323 г. перанясенне сталіцы ВКЛ у Вільню.
1331 г. бітва з нямецкімі рыцарамі на р. Акмяне.
1341-1345 гг. княжанне Яўнута ў ВКЛ.
1345-1377 гг. княжанне Альгерда ў ВКЛ.
2 лютага 1348 г. — бітва з крыжакамі на р. Стрэве.
1355 г. далучэнне Бранскага княства да ВКЛ.
1358 (1359) г. далучэнне Мсціслаўскага княства да ВКЛ.
1362 г. бітва на р. Сіняя Вада (Сінія Воды).
1360-я гг. уваходжанне Мазырскай і Брагінскай валасцей у ВКЛ. Каля 1364-1419/1420 г.— жыццё і дзейнасць Грыгорыя Цамблака.
1368,1370,1372 гг. паходы войскаў ВКЛ на Маскву.
1377-1381, 1382-1392 гг. княжанне Ягайлы ў ВКЛ.
8 верасня 1380 г. Кулікоўская бітва.
1381-1382 гг. княжанне Кейстута ў ВКЛ.
14 жніўня 1385 г. падпісанне Крэўскай уніі.
1386 г. каранацыя Ягайлы як польскага караля (1386-1434).
20 лютага 1387 г. выданнс Ягайлам першага Агульназемскага прывілея.
22 лютага 1387 г. прывілей Ягайлы каталіцкай царкве ў ВКЛ.
1387 г. магдэбургскае права атрымала Вільня. Стварэнне Віленскага каталіцкага біскупства.
1390 г. магдэбургскае права атрымала Берасце.
5 жніўня 1392 г. Востраўскае пагадненне.
1392-1430 гг. княжанне Вітаўта ў ВКЛ.
12 кастрычніка 1398 г. заключэнне Салінскага дагавора.
12 жніўня 1399 г. бітва на р. Ворскле.
1401 г. Віленска-Радамская унія.
1404 г. уключэнне Смаленска ў склад ВКЛ.
1409-1411 гг. Вялікая вайна Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам.
15 ліпеня 1410 г. Грунвальдская бітва.
1 лютага 1411 г. заключэнне Торуньскага дагавора.
2 кастрычніка 1413 г. заключэнне Гарадзельскай уніі.
1413 г. заснаванне Віленскага і Трокскага ваяводстваў.
1430-1432 гг. княжанне Свідрыгайлы ў ВКЛ.
1432-1439 гг. феадальная (грамадзянская) вайна ў ВКЛ.
1432-1440 гг. княжанне Жыгімонта Кейстутавіча ў ВКЛ.
6 мая 1434 г. прыняцце Агульназемскага прывілея Жыгімонта Кейстутавіча.
1435 г. бітва пад Вількамірам.
1440-1492 гг. княжанне Казіміра ў ВКЛ.
1441 г. магдэбургскае права атрымаў Слуцк.
1446 г. стварэнне Беларуска-літоўскага летапісу.
2 мая 1447 г. выданне Агульназемскага прывілея Казіміра.
1449 г. дагавор паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам аб міры («Вечнае даканчэнне»).
Каля 1460 -1530 г. жыццё і дзейнасць Канстанціна Астрожскага.
29 лютага 1468 г. прыняцце Судзебніка Казіміра.
1470-я гг. — пасля 1553 г. — жыццё і дзейнасць Міколы Гусоўскага.
1481 г. змова князёў ВКЛ супраць Казіміра IV Ягелончыка.
Каля 1490 каля 1551 г. жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны.
1492-1506 гг. княжанне Аляксандра ў ВКЛ.
6 жніўня 1492 г. прыняцце Агульназемскага прывілея Аляксандра.
1492-1494 гг. вайна Вялікага Княства Маскоўскага з Вялікім Княствам Літоўскім.