Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Асабліва набалелым для Беларусі было пытанне аб міры. Насельніцтва краю пакутавала ад цяжару ўтрымання болып як двухмільённай арміі Заходняга фронту. Па напружанасці сацыяльнай барацьбы ў вёсцы Беларусь выйшла на трэцяе месца ў Расіі пасля Цэнтральна-земляробчага раёна і Паволжа. Абвастрэнне эканамічнага крызісу вызвала хвалю забастовак рабочых: у маі — чэрвені 1917 г. іх было больш за 60. Салдаты выказвалі незадаволенасць палітыкай правядзення вайны да канчатковай перамогі. Пад уплывам антываеннай агітацыі бальшавікоў пачалося разлажэнне арміі. Дэманстрацыі ў шэрап гарадоў Беларусі прайшлі пад іх лозунгамі, якія былі накіраваны супраць Часовага ўрада.
Цяжкае становішча краіны бальшавікі імкнуліся выкарыстаць, каб захапіць уладу ў свае рукі. 3—5 ліпеня ў Петраградзе і іншых цэнтрах Расіі па ініцыятыве ваеннай арганізацыі РСДРП(б) адбыліся ўзброеныя дэманстрацыі, якія выставілі патрабаванне перадачы ўлады ў рукі Саветаў. Але бальшавікі сутыкнуліся з рэзкім супраціўленнем дэмакратычных сіл. Бальшавіцкія арганізацыі аб’яўляліся па-за законам і разганяліся. Па палітычных матывах расфарміроўваліся вайсковыя злучэнні.
Бальшавікі Беларусі ў гэты час пакуль што працягвалі змагацца за ўладу мірнымі палітычнымі сродкамі. 13 ліпеня 1917 г. яны разам з прадстаўнікамі буржуазна-дэмакратычных партый і беларускіх нацыянальных арганізацый увайшлі ў Камітэт рэвалюцыйных арганізацый, які ставіў сваёй задачай падтрымліваць парадак, заснаваны на загадах і распараджэннях Часовага ўрада і ВЦВК Саветаў. У другой палове ліпеня Мінскі камітэт РСДРП(б) выступіў у блоку з меншавікамі на выбарах у гарадскую думу. Але з канца ліпеня бальшавіцкія арганізацыі сталі прытрымлівацца іншай тактыкі.
Новая тактыка бальшавікоў выцякала з рашэнняў VI з’езда РСДРП(б), які ўзяў курс на захоп улады
праз узброенае паўстанне. Гэта было авантурыстычнае рашэнне, якое арыентавала арганізацыі партыі на паглыбленне канфрантацыі ў грамадстве і рабіла немагчымым вырашэнне злабадзённых праблем законным шляхам — праз Устаноўчы сход.
Часовы ўрад страчваў кантроль за развіццём падзей. У абстаноўцы безуладдзя, эканамічнага хаосу і развалу фронту ўсё часцей у партыі кадэтаў раздаваліся прызывы да ўсталявання цвёрдай улады, бо А. Ф. Керанскі — прыхільнік буржуазна-дэмакратычнага развіцця краіны ўжо не задавальняў буржуазна-памешчыцкія колы Расіі. Наспявала ваенная змова. На пост дыктатара быў вылучаны рашучы да дзеянняў генерал Л. Г. Карнілаў. У канцы жніўня 1917 г. ён і падняў мяцеж, у якім Беларусі надавалася важнае значэнне, паколькі яе тэрыторыя звязвала Стаўку ў Магілёве з франтамі, Масквой і Петраградам.
Цэнтрам барацьбы з карнілаўшчынай у Беларусі быў Мінск. На аб’яднаным пасяджэнні выканкамаў фронту і Мінскага Савета быў створаны Часовы рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ЧРК), у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў, Бунда, бальшавікоў і іншых партый. ЧРК ажыццявіў дзейсны кантроль за працай паштовых і тэлеграфных устаноў, тэлефонных станцый і друкарняў, за перамяшчэннем войск на тэрыторыі Беларусі. Дзеянні карнілаўцаў былі надзейна блакіраваны ў раёне Гомеля. He прапусцілі ніводнага эшалона з карнілаўскімі войскамі рабочыя і салдаты Оршы. Фактычна была ізалявана і сама Стаўка ў Магілёве, у чым вялікая заслуга належала выканкаму Магілёўскага губернскага Савета, які ўзначальваўся меншавікамі і эсэрамі і дзейнічаў у падполлі.
У час барацьбы з карнілаўшчынай у цэлым па краю стварылася адзінства ўсіх дэмакратычных сіл. Часовы урад адмежаваўся ад Карнілава і таксама ўключыўся ў барацьбу з ім. У гэтых умовах адкрывалася новая магчымасць для кансалідацыі ўсіх сіл дэмакратыі, у тым ліку і ўрадавых. Аднак бальшавікі, якія паставілі сваёй мэтай захоп улады і не падтрымлівалі Часовы ўрад, не пайшлі на кампраміс з іншымі палітычнымі сіламі.
Падрыхтоўка і правядзенне бальшавікамі Кастрычніцкага перавароту. Восенню 1917 г. яшчэ больш пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча краіны. Значна знізіўся агульны жыццёвы ўзровень насель-
ніцтва. У народзе ўзраслі антыўрадавыя настроі. Гэта спрыяла бальшавікам ажыццяўляць курс VI з’езда РСДРП(б) на ўзброенае паўстанне. Яны пачалі актыўна праводзіць сваіх прадстаўнікоў у Саветы і ў верасні 1917 г. дабіліся значнага поспеху, але толькі ў буйных прамысловых цэнтрах краіны.
У Беларусі бальшавікі ўмацавалі сваі пазіцыі толькі ў Мінскім і Гомельскім Саветах. Што ж датычыцца Саветаў сялянскіх дэпутатаў, дык напярэдадні Кастрычніцкага перавароту іх абсалютная большасць знаходзілася пад уплывам дэмакратычных партый. Падтрымліваючы бальшавіцкі лозунг «Уся ўлада Саветам!» насельніцтва Беларусі разумела яго як стварэнне аднароднага сацыялістычнага ўрада і скліканне Устаноўчага сходу. Гэтым і тлумачыцца прыняцце ў кастрычніку 1917 г. шэрагам Саветаў Беларусі рэзалюцый аб скліканні II Усерасійскага з’езда Саветаў. Даволі слабыя пазіцыі ў Саветах бальшавікі Беларусі імкнуліся кампенсаваць узмоцненай агітацыяй сярод салдат Заходняга фронту. Змучаныя вайной, апошнія ахвотна паддаваліся іх агітацыі. He выпадкова, што бальшавіцкія арганізацыі ў Беларусі на 95 % складаліся з салдат. Гэта давала бальшавікам магчымасць разгарнуць падрыхтоўку ўзброеных фарміраванняў (Чырвонай гвардыі) для захопу ўлады.
Да кастрычніка 1917 г. нецярпенне мас дасягнула той мяжы, калі яны былі гатовы да вырашэння набалелых праблем крайнімі сродкамі. I бальшавікі былі практычна падрыхтаваны да захопу ўлады.
25 кастрычніка 1917 г. рабочыя і па-бальшавіцку настроеныя салдаты пад кіраўніцтвам ЦК РСДРП(б) зверглі Часовы ўрад. A 26 кастрычніка II Усерасійскі з’езд Саветаў абвясціў Савецкую уладу ў цэнтры і на месцах, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі і ўтварыў Часовы рабоча-сялянскі ўрад — Савет Народных Камісараў на чале з У. I. Леніным.
Апоўдні 25 кастрычніка бальшавікі Мінска па вайсковаму радыё атрымалі паведамленне аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі бальшавікі, абвясціў сябе ўладай і на важнейшыя аб’екты горада паслаў сваіх камісараў. Па яго ўказанню з турмы былі вызвалены салдаты, арыштаваныя за антыўрадавыя выступленні. 3 іх быў арганізаваны Першы рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк. На бок бальшаві-
коў перайшлі і некаторыя другія часці. Разам з узброенымі рабочымі і чыгуначнікамі яны склалі ўзброеныя сілы Савета, якія ўзялі пад ахову чыгуначны вузел, урадавыя і ваенныя ўстановы, пошту, тэлеграф, вайсковыя радыёстанцыі.
Непасрэднае кіраўніцтва пераходам улады да Саветаў ажыццяўлялі штучна створаныя бальшавікамі ваенна-рэвалюцыйныя камітэты (ВРК), якія абапіраліся на салдацкія масы. ВРК Заходняй вобласцг і фронту, улада якога распаўсюджвалася на Мінскую губерню, узначальвалі вядомыя балылавікі 1. Алібегаў, В. Кнорын, К. Ландэр (старшыня), А. Мяснікоў, М. Рагозінскі, В. Селязнёў і інш.
Процідзеянне бальшавікам у Мінску аказаў Камітэт выратавання рэвалюцыі на чале з меншавіком Т. М. Калатухіным. Ен быў створаны 27 кастрычніка ў складзе меншавікоў, эсэраў, бундаўцаў, прадстаўнікоў сіянісцкіх арганізацый і беларускіх нацыянальных груповак, якія імкнуліся не дапусціць бальшавіцкай дыктатуры і стварыць дэмакрытычную прадстаўнічую ўладу ў Беларусі. Камітэт увёў у Мінск Каўказскую дывізію і прад’явіў Мінскаму Савету ультыматум з патрабаваннем перадачы Камітэту ўсёй улады ў горадзе і на Заходнім фронце. Перавага сіл у гэты момант аказалася на баку Камітэта выратавання, і Мінскі Савет пайшоў на часовы кампраміс з ім.
Неўзабаве з прыбыццём па-бальшавіцку настроеных войск і бранірованага поезда суадносіны сіл змяніліся на карысць бальшавікоў. Камітэт выратавання рэвалюцыі не адважыўся пайсці на ўзброены канфлікт. Уладу ў Мінску і на Заходнім фронце ўзяў у свае рукі ВРК Заходняй вобласці і фронту. Вн распусціў Камітэт выратавання, а яго старшыню Т. М. Калатухіна арыштаваў. Арышту падвергся таксама і галоўнакамандуючы Заходнім фронтам генерал П. С. Балуеў за адмову пачаць перагаворы аб перамір’і з камандаваннем германскай арміі. На месца П. С. Балуева быў назначаны камандзір і2-га Туркестанскага стралковага палка падпалкоўнік В. В. Каменшчыкаў.
Пры дапамозе ВРК (у іх распараджэнні было нямала ўзброеных сіл) бальшавікі распускалі Саветы, у якіх не мелі пераважнай большасці, праводзілі іх перавыбары і такім чынам забяспечвалі ўсталяванне сваёй улады. Такі характар насіла змена ўлады ў Віцебску і Го-
мелі. 3 некаторымі асаблівасцямі так адбылося і ў Магілёве.
Магілёў, як зазначыў вядомы бальшавіцкі публіцыст М. С. Альмінскі, быў трэцім, пасля Петраграда і Масквы, цэнтрам, які вырашыў вынік бальшавіцкага перавароту. Тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, якая пасля звяржэння Часовага ўрада ўзначаліла барацьбу з бальшавікамі. Вакол яе групаваліся царскія генералы і афіцэры, замежныя ваенныя місіі, цэнтральныя органы буржуазна-ліберальных і дэмакратычных партый. Яна прымала экстранныя меры, каб не дапусціць перамогі бальшавіцкага паўстання, адзываючы з фронту вайсковыя фарміраванні і накіроўваючы іх у Петраград і Маскву.
Эсэра-меншавіцкае кіраўніцтва Магілёўскага Савета патрабавала ад бальшавікоў стварэння аднароднага сацыялістычнага ўрада, што прывяло б да супрацоўніцтва ўсіх дэмакратычных сіл як гарантыі супраць узнікнення грамадзянскай вайны. Балывавікі ігнаравалі гэта патрабаванне. Савецкі ўрад аб’явіў генерала М. М. Духоніна звержаным з пасады выконваючага абавязкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміяй за адмову пачаць перагаворы з немцамі аб перамір’і. У Магілёў былі накіраваны прабальшавіцкія ўзброеныя сілы. Стаўка была ліквідавана, а ўлада ў Магілёве перайшла ў рукі ВРКВярхоўным галоўнакамандуючым быў назначаны прапаршчык М. В. Крыленка.
Хутка і бяскроўна адбыўся бальшавіцкі пераварот у арміях Заходняга фронту, дзе бальшавікі мелі шматлікія партыйныя арганізацыі і значную падтрымку. Але многія салдаты, якія падтрымлівалі балыпавікоў, ускладалі надзеі, што бальшавікі, захапіўшы ўладу, створаць аднародны сацыялістычны ўрад і забяспечаць скліканне Устаноўчага сходу.
Выбары ва Устаноўчы сход праходзілі 12—19 лістапада 1917 г. На Заходнім фронце за бальшавікоў галасавала 66,7 % выбаршчыкаў. Аднак па трох беларускіх акругах яны не набралі абсалютнай большасці галасоў — атрымалі толькі 46 % галасоў; эсэры сабралі 43 %. Вынікі выбараў ва Устаноўчы сход паказвалі, што за бальшавікамі ішла большасць салдат, а не насельніцтва Беларусі. Гэта пацвярджала ваенны характар паходжання ўлады бальшавікоў.