• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Кампанію па выкрыццю правакацыйнай сутнасці зубатаўшчыны першым пачаў Бунд. Да яе далучыліся газета «Нскра», асобныя арганізацыі РСДРП, эсэраў і іншых рэвалюцыйных партый. Супраць зубатаўцаў
    выступілі і прадпрымальнікі. Ва ўрадавыя ўстановы пасыпаліся скаргі на незаконнасць іх дзейнасці, парушэнне правоў уласнасці. Урад зрабіў вывады не на карысць Зубатава. Пазбаўленая падтрымкі паліцыі, дыскрэдытаваная агітатарамі-рэвалюцыянерамі, ЯНРП страціла ўплыў сярод рабочых і летам 1903 г. самараспусцілася. У заходніх губернях і на поўдні (Адэса) «паліцэйскі сацыялізм» праваліўся. Аднак у 1903— 1904 гг. ён адрадзіўся ў Пецярбургу ў форме «гапонаўшчыны», набыў шырокі ўплыў сярод рабочых сталіцы і прычыніўся да трагічных падзей Крывавай нядзелі 9 студзеня 1905 г.
    Сіянісцкі рух на Беларусі. Для барацьбы з рэвалюцыйным рухам у заходніх губернях, у прыватнасці з Бундам, царскі ўрад па ініцыятыве Зубатава спрабаваў выкарыстаць дзейнасць сіяністаў, якія ставілі сваёй мэтай аднаўленне яўрэйскай дзяржавы на «радзіме продкаў» — у Палесціне. 3 ёю звязвалася вырашэнне яўрэйскага пытання ў краінах дыяспары — пазбаўленне яўрэяў ад дыскрымінацыі, ганенняў, пагромаў. Сусветная сіянісцкая арганізацыя, створаная ў 1897 г., разгарнула шырокую агітацыю, у тым ліку на Беларусі, за перасяленне яўрэяў у Палесціну, збор сродкаў (шэкеляў) на выкуп яе ў Турцыі і гаспадарчае асваенне. Удзел яўрэяў у вызваленчым руху ў краінах дыяспары сіяністы прызнавалі шкодным для іх нацыянальных інтарэсаў. Разам з тым яны прапагандавалі рэакцыйныя дагматы іудаізму аб «богавыбранасці» яўрэйскага народа і культывавалі сярод яўрэйскіх працоўных нацыянальна-рэлігійны фанатызм і недавер да іншых народаў.
    Колькасць сіянісцкіх арганізацый на Беларусі хутка павялічвалася. Ужо ў 1898 г. у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях налічвалася 54, а ў 1900 г.— 92 сіянісцкія гурткі. Царскія ўлады не перашкаджалі іх дзейнасці. У 1902 г. з дазволу ўрада ў Мінску адбыўся ўсерасійскі сіянісцкі з’езд. Пашырэнне ўплыву сіянізму на паўпралетарскія слаі прычынілася да з’яўлення ў сіянісцкім руху радыкальных плыняў, у тым ліку «паалей-сіён» (рабочых сіяністаў), якія прызналі неабходнасць удзелу яўрэйскіх рабочых у вызваленчай барацьбе. У сувязі з гэтым гірапаганда сіянізму ў Расіі летам 1903 г. была забаронена. Аднак спыніць сіянісцкі рух гэта мера не магла.
    Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. У выніку ары-
    штаў, праведзеных у сакавіку і ліпені 1898 г., РСДРП пазбавілася ЦК і Цэнтральнага органа — «Рабочей газеты». Пры адсутнасці праграмы і статута яна зноў распалася на шэраг асобных самастойных арганізацый і камітэтаў. У канцы 90-х гг. амаль усе яны абмяжоўвалі задачы рабочага руху барацьбою за паляпшэнне эканамічнага становішча і павышэнне культурнага ўзроўню пралетарыяту. Такі напрамак у сацыял-дэмакратычным руху атрымаў назву «эканамізм». Падтрымліваў яго і Бунд, які з сакавіка 1898 г. уваходзіў у РСДРП на правах аўтаномнай арганізацыі. У 1900— 1903 гг. бундаўскія камітэты і групы аформіліся амаль ва ўсіх павятовых гарадах і многіх мястэчках Беларусі. У той час яны прадстаўлялі тут РСДРП. У 1901 г. IV з’езд бундаўцаў насуперак рашэнням I з’езда РСДРП фактычна абвясціў Бунд адзінай нацыянальнай партыяй яўрэйскага пралетарыяту ў Расіі і выставіў патрабаванне аб перабудове РСДРП на федэратыўных асновах.
    Барацьбу з эканамізмам у РСДРП узначалілі Г. В. Пляханаў і У. I. Ленін. 3 канца 1900 г. цэнтрам згуртавання расійскай рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі стала газета «Нскра», якая выдавалася пад іх кіраўніцтвам. Яна імкнулася заваяваць вядучую ролю ў РСДРП, а разам з тым і ў рабочым руху краіны. «Нскра» вяла барацьбу з усімі партыямі і арганізацыямі, якія, на яе погляд, не стаялі на пазіцыях рэвалюцыйнага марксізму або адступалі ад іх.
    Лідэры Бунда адносіліся да «Нскры» насцярожана, а часта і варожа, перашкаджалі яе распаўсюджанню на Беларусі і ў Літве. Тым не менш рэдакцыя «Нскры» мела тут пэўныя сувязі. З’яўленне асобных нумароў газеты, адсылка карэспандэнцый у 1901 —1903 гг. зафіксаваны ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. Крытыка ў «Нскре» эканамізму і «паліцэйскага сацыялізму» садзейнічала пераходу бундаўскіх камітэтаў да палітычнай барацьбы. Выступала «Нскра» і супраць рашэнняў IV з’езда Бунда. Яны характарызаваліся як праяўленні нацыяналізму і сепаратызму.
    Ha II з’ездзе РСДРП (1903 г.) большасць мелі іскраўцы. 3 антыіскраўскіх пазіцый выступалі некалькі эканамістаў і дэлегацыя Бунда. З’езд прыняў распрацаваную рэдакцыяй «Нскры» праграму партыі, у якой яе канчатковай мэтай абвяшчалася заваяванне дыктатуры пралетарыяту і пабудова сацыялізму, а бліжэйшай —
    звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне дэмакратычнай рэспублікі. За гэту праграму галасавалі і бундаўцы. Але ў сувязі з адхіленнем пераважнай большасцю дэлегатаў патрабавання аб перабудове РСДРП на прынцыпах федэрацыі дэлегацыя Бунда заявіла аб яго выхадзе з партыі і пакінула з’езд.
    Барацьба на з’ездзе завяршылася расколам іскраўцаў па арганізацыйнаму пытанню на бальшавікоў і меншавікоў. Бальшавікі на чале з Леніным выступалі за стварэнне строга заканспіраванай і цэнтралізаванай партыі з безумоўным падпарадкаваннем ніжэйшых арганізацый цэнтру. Меншавікч’, да якіх неўзабаве пасля з’езда далучыўся Г. В. Пляханаў, адвяргалі ленінскія арганізацыйныя прынцыпы, звязваючы з імі магчымасць устанаўлення ў партыі дыктатуры цэнтра і культу правадыра. Пасля з’езда паміж бальшавікамі і меншавікамі разгарэлася бескампрамісная барацьба за ўладу ў партыі. Ленін быў вымушаны выйсці з вышэйшых органаў РСДРП. Аднак к канцу 1904 г. яму ўдалося стварыць балыпавіцкія арганізацыйныя цэнтры, у тым ліку газету «Вперед», якія павялі барацьбу за скліканне III з’езда партыі.
    У сувязі з выхадам Бунда з РСДРП прыхільнікі «йскры» з дапамогай ЦК разгарнулі дзейнасць па стварэнню на Беларусі мясцовых арганізацый гэтай партыі. Нягледзячы на супраціўленне Бунда, у канцы 1903 г. і ў 1904 г. яны з’явіліся ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Барысаве, Бабруйску, Магілёве, Мазыры, Полацку, Оршы, Горках, Капылі і іншых населеных пунктах. Узначалілі іх Палескі і Паўночна-Заходні камітэты РСДРП, створаныя з санкцыі ЦК партыі ў студзені — сакавіку 1904 г. Ва ўнутрыпартыйнай барацьбе яны даволі доўга займалі няпэўную, прымірэнчую пазіцыю і толькі ў пачатку 1905 г. выказаліся за скліканне III з’езда РСДРП, г. зн. падтрымалі бальшавікоў.
    Утварэнне народніцкіх арганізацый і партый. У 1902 г. ідэйна і арганізацыйна аформілася Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Да яе далучыліся і рэшткі разгромленай Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі, цэнтр якой у канцы 90-х гг. знаходзіўся ў Мінску. ПСР выступала за знішчэнне самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, устанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі, пабудову сацыялістычнага ладу на аснове сацыялізацыі зямлі з ураўняльным землекарыстаннем і распаўсюджання
    кааперацыі. У сваёй дзейнасці яна арыентавалася на сялянства. Выключна важнае значэнне ў барацьбе з царызмам надавала індывідуальнаму палітычнаму тэрору, якім займалася спецыяльная Баявая арганізацыя. Стваральнікам і першым кіраўніком яе быў мінскі ўрач Р. Гершуні. У 1902—1904 гг. эсэраўскія арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Вільні, Беластоку, Смаленску і іншых гарадах заходніх губерняў. У 1904 г. яны аб’ядналіся ў Паўночна-Заходнюю абласную арганізацыю ПСР.
    3 груп Польскай сацыялістычнай партыі, што дзейнічалі на тэрыторыі Літвы і Заходняй Беларусі, у верасні 1902 г. утварылася «ППС на Літве». Яна выставіла лозунгі барацьбы за незалежнасць Літвы і Беларусі і ўстанаўленне сацыялістычнага ладу. Дзейнічала сярод насельніцтва ўсіх мясцовых нацыянальнасцей, выдавала агітацыйную літаратуру на польскай, беларускай, рускай і яўрэйскай мовах. Належала да тыпу народніцкіх партый. Разам з тым ідэалогія партыі ў значнай меры абапіралася на марксізм. Найбольш уплывовыя арганізацыі ППС на Літве ў 1902—1904 гг. існавалі ў Вільні, Гродне і Брэсце.
    Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. На рубяжы XIX—XX стст. назіраліся пэўныя прыкметы ажыўлення беларускага нацыянальнага руху. Павялічвалася колькасць беларускамоўных публікацый у легальным друку, даследаванняў па этнаграфіі, мове, гісторыі беларускага народа (працы Я. Карскага, М. ДоўнарЗапольскага, Е. Раманава і інш.). Распаўсюджваліся выдадзеныя ў 90-я гг. за межамі Расіі зборнікі твораў Ф. Багушэвіча («Дудка беларуская», «Смык беларускі»), агітацыйныя творы на беларускай мове («Дзядзька Антон» і інш.), якія садзейнічалі абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці новага пакалення ўдзельнікаў нацыянальнага руху. Разам з тым паступова ўсведамлялася ідэя аб неабходнасці стварэння нацыянальнай палітычнай партыі, якая ўзначаліла б барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа.
    У пачатку XX ст. у ліку першых усвядомілі гэта браты Іван і Антон Луцкевічы. Па іх ініцыятыве ў канцы 90-х гг. у Мінску сярод моладзі (пераважна навучэнцаў) узнік навукова-асветніцкі гурток з мэтай вывучэння Беларусі і распрацоўкі беларускага нацыянальнага пытання. У 1902 г., ужо ў час вучобы ў
    Пецярбургу, Луцкевічы ўдзельнічалі ў стварэнні «Гуртка беларускай народнай асветы і культуры», які працягваў пачатую ў Мінску дзейнасць. У 1903 г. гэты гурток выдаў зборнік вершаў Янкі Лучыны «Вязанка», а ў 1904 — зборнікі «Калядная пісанка» і «Велікодная пісанка». Зімою 1902—1903 гг. на аснове нацыянальнакультурных гурткоў беларускай моладзі ў Мінску, Вільні і Пецярбургу была ўтворана «Беларуская рэвалюцыйная грамада» (пазней яна назвалася «Беларускай сацыялістычнай грамадой»). Да ліку яе стваральнікаў і кіраўнікоў, акрамя I. і А. Луцкевічаў, належалі Алаіза Пашкевіч (Цётка), К. Кастравіцкі (Карусь Каганец), Алесь Бурбіс, Вацлаў Іваноўскі, Фелікс Умястоўскі. Амаль усе яны паходзілі з дробнапамеснай каталіцкай беларускай шляхты.
    Ha I з’ездзе ў 1903 г. БСГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як сацыяльна-палітычную арганізацыю беларускага працоўнага народа, да якога адносіла сялян і рабочых. Сваёю канечнаю мэтаіо яна абвясціла знішчэнне капіталістычнага ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытворчасці і камунікацыі, а бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі сумесна «з пралетарыятам усіх народаў Расійскага гасударства». Па нацыянальнаму пытанню Грамада выступала за тое, «каб усе народы мелі як найбольшую свабоду» і фактычна выказалася за ўтварэнне незалежнай дэмакратычнай рэспублікі. Палітычную аснову апошняй павінны былі скласці: прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, народнае заканадаўства, «спаўненне найвысшай уласці праз Канстытуцыйны сход», замена пастаяннай арміі агульным народным апалчэннем, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, бясплатны суд, выбарныя суддзі, падсуднасць чыноўнікаў, поўная свабода слова, друку, сходаў, сяброўстваў, таварыстваў, забастовак і г. д.