• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Асновай гаспадаркі пераважнай большасці сялян заставаліся надзельныя землі, якімі яны не маглі распараджацца так, як хацелі, нават у тых рэгіёнах, дзе было падворнае землекарыстанне. К пачатку XX ст. пасля неаднаразовых сямейных раздзелаў надзелы значна здрабнелі. Узрасла колькасць беззямельных і малазямельных сялян. У 1905 г. з 660 тыс. сялянскіх двароў Беларусі каля 70 тыс. (12%) з’яўляліся беззямельнымі, a 251,4 тыс. (42,6 %) мелі надзелы да 8 дзесяцін, з якіх яны не маглі пражыць. He забяспечваў у той час пражытачны мінімум сярэдняй сялянскай сям’і ў 6—7 душ і надзел да 15 дзесяцін на двор. А такіх сялянскіх двароў налічвалася 82,5 %. Пры гэтым селянін без згоды сельскай грамады не мог прадаць свой надзел, закласці яго ў банку і г. д. Ен быў фактычна прымацаваны да тых павіннасцей, якія былі звязаны з надзелам. Менавіта шматлікія падаткі і павіннасці пры нізкай урадлівасці зямлі і адсталай агратэхніцы і прыводзілі да таго, што сялянская сям’я, маючы надзел да 15 дзесяцін, не магла пракарміць, апрануць сябе, па-чалавечы жыць.
    Сярэдневяковыя формы землеўладання, саслоўная непаўнапраўнасць і прыніжанасць селяніна, непасільныя падаткі і павіннасці, якія ён нёс на карысць памешчыцкай дзяржавы, былі асноўнай прычынай, якая тармазіла развіццё не толькі сельскай гаспадаркі, але і прамысловасці, бо і паўпер-селянін, што знаходзіўся ў кабальнай залежнасці ад памешчыка, і памешчык, што вёў сваю гаспадарку метадамі паўпрыгонніцкай эксплуатацыі такіх сялян, амаль не з’яўляліся спажыўцамі прамысловых тавараў. Абмежаванасць унутранага рынку ўсё больш абвастрала супярэчнасць паміж высокаразвітой прамысловасцю і адсталай паўпрыгонніцкай сельскай гаспадаркай. Невыпадкова менавіта аграрнае пытанне з’яўлялася галоўным і першачарговым у працэсе наспявання і развіцця першай расійскай рэвалюцыі 1905—1907 гг.
    Мэты і этапы рэформы. Рост масавага аграрнага, а затым і палітычнага руху расійскага сялянства ў 1905 г. прымусіў царскі ўрад прызнаць непазбежнасць рэформы старых парадкаў у вёсцы. Ініцыятарам і галоўным кіраўніком пераўтварэнняў выступіў прэм’ерміністр і міністр унутраных спраў П. А. Сталыпін, які ўсвядоміў неабходнасць ломкі сярэдневяковых форм землеўладання з мэтай расчысціць шлях для капіталістычнага развіцця Расіі. Стаўка рабілася найперш на тое, каб разбіць адзіны, агульнасялянскі фронт супраць памешчыкаў, раскалоць вёску, паскорыць стварэнне класа сельскай буржуазіі з ліку заможнага сялянства, прыцягнуць яго на падтрымку царскага ўрада і такім чынам паставіць перашкоду на шляху рэвалюцыйнага руху. Разам з тым урад імкнуўся забяспечыць умовы шпаркага развіцця эканомікі краіны. Важнейшымі сродкамі дасягнення гэтай мэты з’яўляліся разбурэнне сялянскай абшчыны, насаджэнне хутароў і перасяленне «лішняга» ў еўрапейскай частцы Расіі сялянства ў Сібір і на Далёкі Усход. А ўвогуле — пераход ад прускай да амерыканскай (фермерскай) мадэлі землекарыстання.
    Першапачатковым, зыходным этапам рэформы, неабходным для станаўлення прыватнай сялянскай зямельнай уласнасці, з’яўлялася разбурэнне сялянскай абшчыны. Указ ад 9 лістапада 1906 г. дазваляў кожнаму гаспадару па яго жаданню выйсці з абшчыны і замацаваць у асабістую ўласнасць сваю надзельную зямлю. Санкцыю на гэта павінен быў даць агульны сход сель-
    скай грамады на працягу аднаго месяца з часу падачы заявы. Калі сход не задавальняў просьбу, то канчаткова вырашаў пытанне земскі начальнік. Селяніну, што выходзіў з абшчыны, дазвалялася патрабаваць выдзялення зямлі ў адным участку, на хутары. Такім чынам вырашалася пытанне аб ліквідацыі цераспалосіцы, якая перашкаджала прагрэсу сялянскай гаспадаркі.
    Паводле ўказа ад 29 мая 1911 г. землеўпарадкавальныя камісіі атрымалі права прымусова — у мэтах ліквідацыі цераспалосіцы — выдзяляць сялянам зямлю ў адным участку і такім чынам штурхаць іх да перасялення на хутары. К 1915 г. у Магілёўскай губерні выйшлі з абшчыны 56,8 %, а ў Віцебскай — 28,9 % гаспадароў. Усяго ў гэтых дзвюх губернях замацавалі зямлю ў асабістую ўласнасць 48 % абшчынных двароў (супраць 22 % у цэлым па Расіі).
    На рэалізацыю рэформы ў Беларусі і Літве пэўны адбітак наклаў адкрыта вялікадзяржаўны, па сутнасці каланіяльны накірунак палітыкі царызму, які пры Сталыпіне праявіўся ў дадатковых мерах па насаджэнню тут рускага землеўладання. За кошт казённых зямель тут быў створаны спецыяльны фонд для рускіх пасяленцаў. Адпаведную палітыку павінен быў праводзіць і Сялянскі банк. У выніку ў 1907—1912 гг. толькі ў Гродзенскай губерні рускія пасяленцы пры дапамозе банка купілі ў памешчыкаў «польскага паходжання» амаль 28 тыс. дзесяцін зямлі, а сам банк у гэтых жа мэтах набыў больш за 13 тыс. дзесяцін.
    Хутарская гаспадарка шырока прапагандавалася ў друку. Ствараліся паказальныя хутары, якія забяспечваліся сартавым насеннем, саджанцамі пладовых дрэў, пародзістай жывёлай, мінеральнымі ўгнаеннямі, удасканаленым інвентаром, машынамі і інш. У Віленскай губерні да канца 1914 г. былі арганізаваны 387 паказальных гаспадарак на плошчы каля 5,6 тыс. дзесяцін. Такія ж гаспадаркі заводзіліся і ў іншых беларускіх губернях. Для пераймання іх вопыту наладжваліся экскурсіі сялян як у межах Беларусі, так і ў іншыя краі, напрыклад у Фінляндыю. На ўсё гэта адпускаліся немалыя сродкі.
    3 мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, павышэння культуры земляробства і жывёлагадоўлі, іх тэхнічнай аснашчанасці ў перыяд рэформы землеўпарадкавальнымі камісіямі і земствамі прымаліся меры па ўзмацненню агранамічнай, заатэхнічнай, ветэрынарнай
    службы, арганізацыі пунктаў продажу і пракату ўдасканаленых сельскагаспадарчых прылад і машын, складаў мінеральных угнаенняў, насення, «заводаў» племянной жывёлы і г. д. Колькасць аграномаў у Віцебскай губерні ў 1909—1913 гг. павялічылася з 3 да 169 чалавек.
    Вынікі рэформы. За 10 гадоў ажыццяўлення рэформы на надзельнай, казённай і купленай банкам зямлі ў 5 заходніх губернях было створана больш за 12,8 тыс. хутароў, якія занялі плошчу каля 1,4 млн дзесяцін. Працэнт створаных на Беларусі хутароў (12) быў вышэйшы, чым у Расіі ў цэлым (10). Хутарызацыя паступова набірала тэмпы: з усіх хутароў, што ўзніклі тут да 1915 г., каля 2/з з’явіліся ў 1911 —1914 гг.
    Аднак эфектыўнасць усёй адзначанай дзейнасці ў цэлым была невысокай з прычыны беднасці і непісьменнасці пераважнай болыпасці сялян. Адзінае, што рэальна дала бядняцкай масе сталыпінская рэформа, гэта магчымасць прадаць свой надзел і пазбавіцца такім чынам ад апекі сельскай грамады, а значыць, і ад кабалы ў мясцовага памешчыка, ліхвяра, кулака. Рэформа адкрыла для паўпралетарскага насельніцтва вёскі свабоду выбару заняткаў, пошуку больш выгаднага месца і ўмоў продажу сваёй рабочай сілы, а для заможных сялян ■— больш шырокія магчымасці для інтэнсіфікацыі гаспадаркі. У выйгрышы заставаліся і памешчыкі, якія захоўвалі свае маёнткі. У цяжкае становішча траплялі толькі тыя з іх, што вялі гаспадарку шляхам кабальных адпрацовак.
    Асабліва моцны ўдар па апошніх нанесла адмена забароны на перасяленне сялян у азіяцкую частку Расіі. Больш таго, каб прытупіць вастрыню аграрнага пытання ў Еўрапейскай Расіі, урад прымаў пэўныя захады для заахвочвання перасяленцаў. 3 гэтай мэтай выдзяляліся сродкі на праезд, кароткатэрміновыя пазыкі і беззваротную грашовую дапамогу, забяспечваліся спецыяльныя цягнікі, рыхтаваліся пункты прыёму і размеркавання перасяленцаў, наразаліся ўчасткі і г. д.
    За 1904—1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасяліліся 368,4 тыс. чалавек, з іх каля 70 %—у 1907— 1909 гг. Пік перасяленняў (102,5 тыс.) прыйшоўся на 1909 г., калі сяляне страцілі апошнія надзеі атрымаць бясплатна памешчыцкую зямлю на радзіме з дапамогай Дзяржаўнай думы. Абсалютную большасць перасяленцаў (да 77 %) складалі беззямельныя і малазямельныя
    сяляне. Спакусіўшыся шырока разрэкламаванымі сібірскімі прасторамі і выгодамі, ільготамі і ўрадавай дапамогай перасяленцам, яны нярэдка за бясцэнак распрадавалі сваю маёмасць і выязджалі ў Сібір.
    Аднак дапамога з боку ўрада была мізэрнай. Чыноўніцка-бюракратычная сістэма не змагла належным чынам арганізаваць перасяленні. Нярэдка ўчасткі зямлі адводзіліся ў мясцінах, далёкіх ад дарог і вадаёмаў. У многіх месцах адсутнічала медыцынская дапамога, што прыводзіла да масавых захворванняў у суровым краі. У сувязі з гэтым некаторыя перасяленцы былі вымушаны вяртацца назад. Усяго за 1907—1914 гг. на Беларусь вярнулася 36,5 тыс. (каля 11 %) перасяленцаў — зусім збяднелых людзей, якія страцілі апошнія сродкі і надзеі абзавесціся сваёй гаспадаркай.
    Менавіта горкі вопыт многіх тысяч перасяленцаў, які не ўтойваўся ў тагачасным друку, прывёў да рэзкага скарачэння колькасці перасяленцаў у 1910—1914 гг. Пачатак першай сусветнай вайны перапыніў рэалізацыю сталыпінскай рэформы. Аднак і тыя мерапрыемствы, якія былі праведзены, у значнай ступені садзейнічалі развіццю капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі.
    Істотна паскорыўся працэс распаду феадальнай і росту буржуазнай зямельнай уласнасці. У 1911 — 1914 гг. дваране, чыноўнікі, афіцэры прадалі ў пяці заходніх губернях 1514 тыс. дзесяцін зямлі. 3 іх сяляне купілі 714,1 тыс., а купцы і мяшчане — 241,6 тыс. дзесяцін. Пераважная частка купленых зямель пераходзіла ва ўласнасць сялян-прадпрымальнікаў. Сялянская бедната, атрымаўшы ў ходзе рэалізацыі сталыпінскай аграрнай рэформы права ўласнасці на зямлю, як правіла, выступала на зямельным рынку ў якасці прадаўца. У 1907—1914 гт. 40,8 тыс. сялянскіх двароў з ліку тых, што выйшлі на хутары і адрубы, прадалі 177,8 тыс. дзесяцін зямлі. Пры гэтым на аднаго прадаўца прыпадала ў сярэднім каля 4,6 дзесяціны.
    К канцу першага дзесяцігоддзя істотна ўзрасла тэхнічная ўзброенасць памешчыцкіх і пэўнай часткі заможных сялянскіх гаспадарак. У 1910 г. на памешчыцкі маёнтак ужо прыпадала ў сярэднім па 5 жалезных плугоў і па 5,5 розных сельскагаспадарчых машын (малатарань, веялак, сеялак, жняярак, сенакасілак). Колькасць малатарань і веялак павялічылася да 32,4 тыс. і ў гаспадарках заможных сялян. У выніку
    сяляне мелі на 2,8 тыс. больш гэтай тэхнікі, чым памешчыкі, затое сеялак, жняярак і сенакасілак у іх амаль не сустракалася.
    У большасці памешчыцкіх, а таксама ў многіх кулацкіх гаспадарках узрасло выкарыстанне наёмнай працы гадавых, сезонных і падзённых рабочых. Напярэдадні першай сусветнай вайны налічвалася звыш 200 тыс. пастаянных сельскагаспадарчых рабочых (парабкаў). Апрача таго, у летні перыяд памешчыкі і кулакі наймалі вялікую колькасць падзённых і сезонных рабочых. Усё гэта спрыяла развіццю капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі.