Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Па аграрнаму пытанню праграма БСГ патрабавала скасавання прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі «сваімі рукамі без карыстання з чужой працы» і заяўляла аб неабходнасці прапаганды «ідэі ўсестаронняга сябравання і таварыстваў» з мэтай пераходу да сацыялістычнай гаспадаркі. У праграме былі патрабаванні 8-гадзіннага рабочага дня, устанаўлення мінімуму заработнай платы, роўнай платы пры роўнай працы, дзяржаўнага
страхавання ад няшчасных выпадкаў, старасці, беспрацоўя, бясплатнай медыцынскай дапамогі і інш. У цэлым у ёй спалучаўся рэвалюцыйны дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам.
У 1903—1904 гг. Беларуская грамада часта ўзаемадзейнічала з ідэйна блізкімі Польскай партыяй сацыялістычнай на Літве, Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыяй, Латышскім сацыял-дэмакратычным саюзам, выдавала з імі нелегальную літаратуру. У час руска-японскай вайны БСГ заклікала не ісці добраахвотна на несправядлівую, захопніцкую вайну, хавацца ад мабілізацыі, рабіць усё, каб цар прайграў вайну. Нелегальныя выданні Грамады ў той час выходзілі пад марксісцкім дэвізам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». Распаўсюджваліся яны, як правіла, у сельскай мясцовасці ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях і адрасаваліся сялянам і сельскагаспадарчым рабочым.
Пераход рабочых да палітычнай барацьбы. Галоўным з суб’ектыўных фактараў, якія прадвызначылі складванне рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расіі ў 1901 — 1904 гг., з’яўляўся хуткі рост рабочага руху, на развіццё якога ўсё больш прыкметны ўплыў аказвала рэвалюцыйная сацыял-дэмакратыя. Гэта яскрава праявілася і на Беларусі. У рабочым руху тут, як і ва ўсёй краіне, у пачатку XX ст. адбываўся пераход ад эканамічнай барацьбы да палітычнай, накіраванай на звяржэнне царскага самадзяржаўя. Гэтаму садзейнічалі эканамічны крызіс, дзейнасць рэвалюцыйных партый, найперш сацыял-дэмакратыі, а з пачатку 1904 г.— руска-японская вайна. У заходніх губернях, у тым ліку на Беларусі, найбольшы ўплыў у рабочым руху ў 1901 —1904 гг. мелі арганізацыі Бунда, а ў Вільні, Гродне і Брэсце, акрамя іх,— камітэты ППС на Літве. У гарадах і мястэчках Віленскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў у 1904 г. даволі хутка пашыралася сетка арганізацый РСДРП.
Крызіснае становішча ў прамысловасці Беларусі абвастралася ў 1901 г., а затым у 1904 г. (у сувязі з руска-японскаю вайною). У гэтыя гады больш паловы ўдзельнікаў эканамічных стачак былі вымушаны абараняцца ад наступлення капіталу на іх жыццёвыя інтарэсы. У цэлым за 4 гады ў абарончых выступленнях удзельнічалі 30 % стачачнікаў, якія баставалі па эканамічных прычынах. Адносна невысокай была і эфектыў-
насць стачак: 45 % іх удзельнікаў не дабіліся задавальнення сваіх патрабаванняў і каля 10 % былі вымушаны пайсці на кампраміс. Аднак, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы для эканамічнай барацьбы, агульная колькасць яе ўдзельнікаў у 1901 —1904 гг. вырасла да 20 тыс. і на 73 % перавысіла адпаведны паказчык за 1895—1900 гг. Эканамічны рух ахапіў 56 населеных пунктаў Беларусі — у 2,4 раза больш, чым у папярэдні перыяд. Штогод па эканамічных прычынах у сярэднім баставалі 5 тыс. рабочых супраць 1,4 тыс. у 1895— 1900 гг.
Хваля палітычных выступленняў — стачак, вулічных дэманстрацый, маніфестацый, сходаў (масовак) — нарастала яшчэ хутчэй. У палітычных стачках у 1901 — 1904 гг. прынялі ўдзел 34 тыс. рабочых. Па палітычных матывах штогод у гэты час у сярэднім баставала 8,5 тыс. чалавек. У тыя ж гады рабочыя Беларусі арганізавалі 59 вулічных дэманстрацый з удзелам прыблізна 20,5 тыс. чалавек і каля 560 масовак і маніфестацый, у якіх удзельнічалі больш за 80 тыс. чалавек. Найбольшы ўздым палітычных выступленняў назіраўся ў 1903— 1904 гг. Праводзіліся яны найчасцей у сувязі з 1 Мая і ў знак пратэсту супраць рэпрэсій царызму, у тым ліку ў месцах, далёкіх ад Беларусі (Растоў-на-Доне, Златавуст, Якуцк і інш.). Усё шырэй у рабочым руху адзначаліся такія падзеі, як адмена прыгоннага права (19 лютага), забойства нарадавольцамі Аляксандра 11 (1 сакавіка), паўстанне дзекабрыстаў (14 снежня). У палітычных выступленнях, праведзеных у 1904 г., гучалі матывы пратэсту супраць антынароднай рускаяпонскай вайны. Дэманстрацыі і масоўкі праводзіліся, як правіла, пад аховай узброеных дружыннікаў. У сувязі з вулічнымі выступленнямі, найперш дэманстрацыямі, адбыліся 23 сутыкненні рабочых з паліцыяй і войскам, у ходзе якіх яны аказвалі супраціўленне карнікам, а іншы раз і нападалі на паліцыю з мэтаю вызвалення арыштаваных таварышаў.
Пераход да масавай палітычнай барацьбы выводзіў пралетарыят на пазіцыі лідэра ўсяго агульнадэмакратычнага руху. Распаўсюджанне рабочага руху на новыя гарады, мястэчкі, памешчыцкія маёнткі стварала перадумовы для ўцягнення ў барацьбу сялянскіх мас.
Барацьба сялян. Сялянскі рух на Беларусі і ў гэты час, нягледзячы на абвастрэнне аграрнага пытання, заставаўся на невысокім узроўні. У 1901 —1904 гг. тут
улічана 113 выступленняў (штогод у сярэднім — 28). He змяніліся яго формы і характар. Каля 1 /3 выступленняў складалі патравы панскіх угоддзяў і лясныя парубкі, 23 % — адкрытыя захопы памешчыцкіх зямель, сервітутаў і сутычкі пры размежаванні зямлі, 12 % — сутычкі з мясцовай адміністрацыяй і паліцыяй, звязаныя з праследаваннем за патравы, парубкі і інш.
3 мэтай змякчыць сацыяльную напружанасць у вёсцы, якая найбольш выразна праявілася ў 1902 г. у сялянскіх паўстаннях на Украіне і ў Паволжы, царскі ўрад указам ад 12 сакавіка 1903 г. скасаваў кругавую паруку сялян пры спагнанні падаткаў. Маніфестам 11 жніўня 1904 г. адмяняліся цялесныя пакаранні сялян па прыгаворах валасных судоў, а таксама частка нядоімак па выкупных плацяжах, дзяржаўных і мясцовых падатках.
У 1902—1904 гг. у беларускай вёсцы пачалася агітацыйная дзейнасць рэвалюцыйных арганізацый — РСДРП, Бунда, ПСР, ППС на Літве, БСГ. Адносна моцныя сувязі з сялянамі прыгарадных вёсак мелі сацыял-дэмакраты Віцебска, Копысі, Шклова, Гомеля. Аднак уплыў рабочага руху і рэвалюцыйнай агітацыі ў той час закрануў зусім нямногіх сялян. Сялянскі рух заставаўся стыхійным, раздробленым, не асветленым палітычнай свядомасцю. Ен, як і раней, накіроўваўся супраць памешчыцкага землеўладання і звязаных з ім феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў.
Пытанні і заданні. 1. Растлумачце прычы.чы абвастрэння ў пачатку XX ст. сацыяльных супярэчнасцей і нацыянальнага пытання. 2. Якія асноўныя паргыйна-палітычныя накірункі былі характэрныя для грамадскага руху на Беларусі ў перыяд рэвалюцыйнай сітуацыі? 3. Ахарактарызуйце рабочы і сялянскі рух на Беларусі ў пачатку XX ст.
§ 2. Пачатак рэвалюцыі. Рэвалюцыйны рух у студзені — верасні 1905 г.
Выступленні рабочых Беларусі. Рэвалюцыя пачалася 9 студзеня 1905 г., калі загадзя падрыхтаваныя войскі па загаду цара ў розных месцах Пецярбурга расстралялі масавыя шэсці рабочых, якія накіроўваліся да Зімовага палаца з просьбай палепшыць становішча народа. Гэтай акцыяй царскі ўрад спадзяваўся прадухіліць рэвалюцыю. Аднак атрымалася непрадбачанае:
залпамі на Дварцовай плошчы і ў іншых месцах сталіцы была расстраляна не рэвалюцыя, а вера народа ў цара. У выніку абудзілася каласальная рэвалюцыйная энергія. Магутная, нябачаная раней хваля выступленняў пратэсту — стачак, вулічных дэманстрацый і маніфестацый рабочых — пракацілася па ўсёй краіне, у тым ліку і па Беларусі.
У якасці ініцыятараў і кіраўнікоў руху салідарнасці з рабочымі Пецярбурга ў большасці гарадоў і мястэчак Беларусі выступалі арганізацыі РСДРП і Бунда, а ў некаторых месцах — Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, ППС на Літве і БСГ. Падзеі Крывавай нядзелі ў Пецярбургу на доўгі час сталі галоўным матывам іх агітацыйнай дзейнасці. У лістоўках і вусных выступленнях яны выкрывалі антынародную сутнасць самадзяржаўя і заклікалі мясцовых рабочых усімі сіламі падтрымаць гераічную барацьбу пралетарыяту сталіцы.
У Мінску забастоўка салідарнасці пачалася 11 студзеня і неўзабаве ахапіла большасць фабрык і заводаў, прыватныя друкарні і ўсе рамесныя майстэрні. 15 студзеня каля 200 рабочых спрабавалі выйсці на дэманстрацыю, аднак былі рассеяны казакамі. 16 студзеня была спынена конка. Далучыць да забастоўкі рабочых чыгуначных майстэрняў не ўдалося, бо іх узялі пад ахову вайсковыя падраздзяленні. Агульная колькасць стачачнікаў у Мінску дасягала 2 тыс.
У Гомелі 12—15 студзеня наладжваліся сходкі і мітынгі рабочых. Некаторыя з іх заканчваліся ўзброенымі сутычкамі з паліцыяй. 16—17 студзеня забастоўка набыла агульнагарадскі размах. Да яе не ўдалося далучыць толькі найбольшае прадпрыемства горада — чыгуначныя майстэрні. Усяго баставала каля 4 тыс. чалавек. 18 студзеня пры разгоне мітынгу гарадавы застрэліў работніцу і смяротна параніў рабочага. У пахаванні ахвяраў паліцэйскага сваволу 19 студзеня ўдзельнічалі 8 тыс. чалавек.
У Смаргоні па закліку стачачнай камісіі 13 студзеня забаставалі каля 3 тыс. чалавек. Болыпасць з іх складалі рабочыя гарбарных заводаў. У цэнтры горада адбыўся масавы мітынг. Затым пачалася дэманстрацыя, якая працягвалася, чаргуючыся з мітынгамі, некалькі гадзін. Баявыя дружыны рабочых залпамі выстралаў салютавалі прамоўцам. Мясцовыя ўлады ў час гэтых выступленняў адчулі сваё поўнае бяссілле.
У цэлым студзеньскі рух салідарнасці з рабочымі
Пецярбурга ахапіў на Беларусі 30 гарадоў і мястэчак. Агульныя палітычныя стачкі, акрамя Смаргоні, адбыліся ў Полацку, Гродне, Брэсце, Мазыры, Ашмянах, Слоніме, Ветцы, Дуброўне, Талачыне, Парычах, Шчэдрыне. У іншых месцах стачкі таксама ахоплівалі значныя масы рабочых, іншы раз — усіх галін дробнай прамысловасці і гандлю, але распаўсюдзіць іх на асобныя буйныя прадпрыемствы не ўдалося. Агульная колькасць стачачнікаў дасягала 34 тыс., што ў 2,7 раза пераўзыходзіла адпаведны паказчык за ўвесь 1904 г. Дэманстрацыі былі праведзены ў 17, масоўкі і маніфестацыі — у 26 населеных пунктах. У 9 выступленнях рабочыя аказалі супраціўленне карнікам.
У лютым — сакавіку 1905 г. хваля палітычных выступленняў рабочых рэзка знізілася, але ў той жа час назіраўся ўздым эканамічных забастовак. Рабочыя выступалі з патрабаваннямі скарачэння рабочага дня, павелічэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы, аплаты забастовачнага часу, дапушчэння ўдзелу сваіх прадстаўнікоў у вырашэнні пытанняў, звязаных з устанаўленнем расцэнак, прыёмам і звальненнем з работы і інш. У лютым — сакавіку баставалі рабочыя чыгуначных майстэрняў у Пінску і Мінску, запалкавых фабрык у Мазыры, Пінску і Койданаве, усіх кафляных заводаў у Копысі і інш. Эканамічныя стачкі ў студзені — сакавіку 1905 г. ахапілі 25 населеных пунктаў Беларусі. Пад уплывам выступленняў рабочых, найперш палітычных, пачалі абуджацца дэмакратычныя слаі гарадскога насельніцтва, вучнёўская моладзь, сяляне прыгарадных вёсак.