Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Непасрэднымі арганізатарамі і кіраўнікамі выступленняў з’яўляліся агульнагарадскія выбарныя стачачныя камітэты і камісіі. У Маскве, Пецярбургу і шэрагу іншых гарадоў яны называліся Саветамі рабочых дэпутатаў і выступалі ў ходзе забастовак як органы ўлады, абапіраючыся на ўзброеныя дружыны рабочых. У гарадах Беларусі выбарныя стачачныя камітэты дзейнічалі толькі на ўзроўні буйных прадпрыемстваў і некаторых чыгуначных вузлоў. Уплывовыя рэвалюцыйныя арганізацыі, найперш Бунд, не жадалі давярацца выбарчай стыхіі і выступалі супраць утварэння беспартыйных агульнагарадскіх Саветаў. 3 мэтай каардынацыі дзеянняў рэвалюцыйных арганізацый у гарадах Беларусі на аснове пагадненняў паміж імі ўтвараліся Кааліцыйныя саветы і камітэты. У Мінску ў склад Кааліцыйнага савета ў кастрычніку 1905 г. уваходзілі прадстаўнікі мясцовых арганізацый РСДРП, Бунда, ПСР і Чыгуначнага саюза. У большасці гарадоў і мястэчак кастрычніцкімі выступленнямі працоўных кіравалі камісіі, якія складаліся з прадстаўнікоў РСДРП і Бунда. У Гродне і Брэсце, дзе да канца 1905 г. арганізацый РСДРП не было, у якасці кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху выступалі мясцовыя камітэты Бунда і ППС на Літве. Вядучую ролю ў арганізацыі Кастрычніцкай стачкі на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, адыгралі чыгуначнікі.
На важнейшых чыгуначных станцыях (Орша, Мінск, Баранавічы, Гомель і інш.) рух цягнікоў быў спынены 10—12 кастрычніка. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і заводаў, друкарняў, рамесных май-
стэрняў, а таксама работнікі гандлю і сферы абслугоўвання, служачыя многіх устаноў, вучнёўская моладзь. На чыгуначных станцыях і ў гарадах штодзённа праводзіліся масавыя мітынгі, маніфестацыі і дэманстрацыі. Некаторыя з іх заканчваліся сутыкненнямі з паліцыяй і войскам.
У Гомелі 14 кастрычніка пры разгоне дэманстрацыі былі забіты 7 чалавек, многія паранены. 18 кастрычніка ў сувязі з абвяшчэннем царскага маніфеста каля гарадской управы сабралася да 30 тыс. чалавек. Прадстаўнікі рэвалюцыйных партый заклікалі не верыць маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне самадзяржаўя і скліканне Устаноўчага сходу. Сходы і мітынгі ў цэнтры горада — на рабочай біржы — працягваліся і пазней. Улады пэўны час не рашаліся разганяць іх. У горадзе свабодна распаўсюджваліся рэвалюцыйныя адозвы. 3 мэтай забеспячэння грамадскага парадку рабочыя чыгуначных майстэрняў арганізавалі баявую дружыну і кругласутачнае патруляванне вуліц, на якое выходзілі да 100 чалавек.
У многіх месцах органы царскай улады знаходзіліся ў стане разгубленасці, але ў некаторых гарадах падрыхтавалі ўзброеныя сілы для падаўлення народных выступленняў у дзень абвяшчэння маніфеста — 18 кастрычніка. У Мінску ў гэты дзень па загаду жандарскага палкоўніка, узгодненаму з губернатарам Курловым, на плошчы Віленскага вакзала карнікі расстралялі мітынг, у якім удзельнічалі каля 20 тыс. чалавек. У выніку да 100 чалавек былі забіты, каля 300 паранены.
Кастрычніцкая палітычная стачка ахапіла на Беларусі 32 населеныя пункты, а ў іх — практычна ўсіх рабочых. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прамысловасці дасягала 66 тыс. Акрамя таго, па няпоўных звестках, адбыліся 98 вулічных дэманстрацый і 104 масавыя сходы. Палітычны рух працоўных у кастрычніку 1905 г. распаўсюдзіўся на 53 гарады і мястэчкі.
Дыферэнцыяцыя грамадска-палітычных сіл. Царызму ўдалося адбіць кастрычніцкі націск рэвалюцыі. Пэўную ролю ў гэтым адыграў і маніфест аб свабодах. Паступова рэвалюцыйная хваля спала. У краіне ўстанавілася адносная раўнавага сіл рэвалюцыі і контррэвалюцыі. У такіх умовах. паскорылася дыферэнц-ыяцыя грамадска-палітычных сіл, якая праявілася ва ўзнікненні самых розных партый, саюзаў, арганізацый.
Крайне правыя, контррэвалюцыйныя і рэакцыйныя
сілы, прыхільнікі захавання неабмежаванага самадзяржаўя цара, гуртаваліся вакол шавіністычнага «Саюза рускага народа», члены якога атрымалі назву чарнасоценцаў. Ініцыятывы стварэння чарнасоценных арганізацый зыходзілі ад рэакцыйных чыноўнікаў, жандарскіх і паліцэйскіх устаноў, а таксама праваслаўнага духавенства. 3 сацыяльных нізоў да іх далучаліся дэкласіраваныя, часта крымінальныя элементы. У канцы 1905—пачатку 1906 г. арганізацыі чарнасоценцаў аформіліся ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Пінску, Оршы, Глыбокім і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. У кастрычніцкія дні і пазней яны ўдзельнічалі ў яўрэйскіх пагромах, сутычках з рабочымі дружынамі ў ходзе дэманстрацый і мітынгаў, у забойствах рэвалюцыянераў.
Ліберальная буржуазія ў цэлым сустрэла «Маніфест 17 кастрычніка» з задавальненнем і прызнала мэты рэвалюцыі ў асноўным дасягнутымі. У кастрычніку 1905 г. у ліберальным лагеры ўтварыліся дзве галоўныя партыі — «Саюз 17 кастрычніка» і Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты).
Арганізатарамі аддзелаў «Саюза 17 кастрычніка» ў гарадах Беларусі выступалі, як правіла, мясцовыя рускія чыноўнікі-манархісты, памешчыкі, праваслаўнае духавенства. Іх ідэйныя і палітычныя пазіцыі вызначаў шалёны вялікадзяржаўны шавінізм, і ў гэтых адносінах яны па сутнасці не адрозніваліся ад чарнасоценцаў, з якімі пазней, у час выбараў у Дзяржаўную думу, выступалі ў адным блоку. Для іх абсалютна непрымальнай была, у прыватнасці, палітыка кадэтаў па нацыянальным пытанні (прызнанне для Фінляндыі і Польшчы права на дзяржаўную аўтаномію, поўнай грамадзянскай і палітычнай раўнапраўнасці ўсіх народаў Расіі, свабоды ўжывання ў грамадскім жыцці розных моваў і г. д.). Таму мясцовыя акцябрысты, у адрозненне ад сталічных, у прынцыпе адвяргалі любыя пагадненні з «аўтанамістамі» і рэзка нападалі на іх у сваіх органах друку. Для ўтварэння арганізацый кадэтаў на Беларусі з-за адсутнасці земстваў і вышэйшых навучальных устаноў спрыяльнай сацыяльнай глебы не было. Да вясны 1906 г. невялікія групы кадэтаў аформіліся толькі ў Магілёве і Пінску. Кадэцкую партыю тут падтрымлівалі розныя групоўкі яўрэйскай буржуазіі, у тым ліку сіяністы, і часткова (па агульнапалітычных і нацыянальным пытаннях) — польскія памешчыкі і каталіцкі касцёл.
Саюзніцай кадэтаў стала панска-клерыкальная Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, створаная ў канцы 1905 —• пачатку 1906 г. па ініцыятыве віленскага каталіцкага епіскапа барона Э. Ропа. Дзейнасць гэтай партыі разгортвалася пераважна ў Віленскай губ., дзе большасць насельніцтва складалі католікі. 3 мэтай нейтралізаваць агітацыю рэвалюцыйных партый сярод сялян барон Роп узяў за ўзор канстытуцыйна-дэмакратычную праграму і дапоўніў яе прынцыпамі хрысціянска-каталіцкай веры.
У кастрычніку — лістападзе 1905 г. як ніколі раней актывізавалася дзейнасць партый рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера. Іх нізавыя структуры явачным парадкам легалізаваліся. Небывалы размах набыла агітацыя — як пісьмовая (у газетах, лістоўках), так і вусная (на мітынгах і сходах). Фактычным легальным органам Мінскай групы РСДРП стала вялікая штодзённая газета «Северо-Западный край», выданне якой пасля чатырохмесячнага перапынку было адноўлена ў канцы кастрычніка 1905 г.
Усё большы размах набывала стварэнне прафесійных саюзаў, як правіла, на партыйных платформах, найчасцей — РСДРП і Бунда. Асаблівую актыўнасць праяўлялі чыгуначнікі буйных станцый, якія на масавых сходах запісваліся ў мясцовыя аддзяленні Усерасійскага чыгуначнага саюза. Сярод іх значным уплывам карысталіся эсэры. Адной з галоўных функцый прафсаюзаў з’яўлялася арганізацыя стачачнай барацьбы за паляпшэнне эканамічнага становішча рабочых і служачых. Тактыка бундаўцаў у прафсаюзным руху (стварэнне асобных прафсаюзаў яўрэйскіх рабочых) мела раскольніцкі характар і аслабляла яго.
Уздым сялянскага руху і выступленні салдат. Пасля вераснёўскага спаду ў кастрычніку 1905 г. зноў пачаўся ўздым сялянскага руху. Кастрычніцкая хваля рэвалюцыі дакацілася ў вёску ў лістападзе, калі колькасць выступленняў на Беларусі ўзрасла да 154 (супраць 54 у кастрычніку). Найбольшы размах сялянскага руху назіраўся ў снежні 1905 г.— 286 выступленняў. Вялікую ролю ў гэтым уздыме адыграла агітацыя рэвалюцыйных арганізацый і непасрэдна рабочых, якія ў час кастрычніцкай, а затым снежаньскай палітычных стачак тысячамі вярталіся ў родныя вёскі з гарадоў і прамысловых цэнтраў.
Пад уздзеяннем Усерасійскай палітычнай стачкі
значна мацней, чым раней, завагалася армія. Найбольшы рэзананс мелі паўстанні матросаў у Кранштаце (26—27 кастрычніка) і Севастопалі (11 —15 лістапада). У Гродне 5 лістапада «забаставала» (выйшла з падпарадкавання камандаванню) 26-я артылерыйская брыгада. 8 лістапада ад імя 4 тыс. удзельнікаў мітынгу рабочых і салдат быў выказаны пратэст супраць увядзення ваеннага становішча ў Польшчы. На салдацкіх мітынгах у Гродне прымаліся рэзалюцыі салідарнасці з рэвалюцыйнымі матросамі і салдатамі Адэсы, Кранштата, Севастопаля, рабочымі Пецярбурга, якія аб’явілі агульную забастоўку ў абарону соцень арыштаваных удзельнікаў Кранштацкага паўстання. У Бабруйскай крэпасці ў канцы лістапада ўспыхнула паўстанне дысцыплінарнага батальёна (900 чалавек, з іх 300 кранштацкіх матросаў). Хваляванне ў Брэсцкай крэпасці ахапіла 7 рот, якія разам з патрабаваннямі паляпшэння свайго матэрыяльнага становішча выказалі салідарнасць з удзельнікамі Севастопальскага і Кранштацкага паўстанняў. Падобныя выступленні адбываліся і ў іншых месцах Беларусі.
Снежаньскія падзеі на Беларусі. У пачатку снежня 1905 г. царскі ўрад паспрабаваў авалодаць становішчам у краіне. 2 снежня па яго ўказу былі закрыты ўсе дэмакратычныя газеты, якія надрукавалі «Маніфест» Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, Галоўнага камітэта Усерасійскага сялянскага саюза, бальшавіцкага ЦК і меншавіцкай Арганізацыйнай камісіі РСДРП, цэнтральных камітэтаў Партыі сацыялістаўрэвалюцыянераў і Польскай партыі сацыялістычнай з заклікам да фінансавага байкоту антынароднага рэжыму («Фінансавы маніфест»), Неўзабаве былі арыштаваны члены выканаўчага камітэта і многія дэпутаты Пецярбургскага Савета, з’явіўся ўказ аб забароне дзейнасці чыгуначных саюзаў.
У адказ 7 снежня 1905 г. ад імя Савета рабочых дэпутатаў, РСДРП, ПСР і Бунда была выдадзена адозва «Да ўсяго народа», якая фактычна заклікала да ўзброенага паўстання супраць царызму. У Маскве ў той жа дзень пачалася ўсеагульная палітычная стачка. Усерасійскую чыгуначную стачку з 7 снежня аб’явілі прадстаўнікі 29 чыгунак і Цэнтральнае бюро Усерасійскага чыгуначнага саюза. Так пачалася снежаньская ўсерасійская палітычная стачка. Пралетарыят Масквы ў ноч на 10 снежня ўзняўся на ўзброенае паўстанне.