• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Пытанне і заданні. 1. Растлумачце, як аднесліся да выбарчага закона ад 11 снежня 1905 г. палітычныя партыі. 2. Якія партыі і чаму перамаглі на выбарах у I і II Дзяржаўныя думы ў Беларусі? 3. Прасачыце па фактах працэс адстуллення рэвалюцыі. 4. Раскажыце аб пазіцыі дэпутатаў ад Беларусі па галоўных пытаннях, якія разглядаліся ў Думах. 5. Вызначце галоўныя прычыны роспускаў I і II Дзяржаўных дум.
    § 5.	Беларускі нацыянальны рух у рэвалюцыі
    Адной з важнейшых састаўных частак рэвалюцыі стаў нацыянальна-вызваленчы рух прыгнечаных царызмам народаў, у тым ліку беларускага, мэтай якога з’яўлялася нацыянальнае адраджэнне занядбанага і забытага, афіцыйна непрызнанага мужыцкага этнасу,
    яго «хамскай» (у вачах паноў і чыноўнікаў) мовы і культуры, барацьба за «пачэсны пасад між народамі» Арганізатарам, ідэйным і палітычным кіраўніком гэтага руху з’яўлялася Беларуская сацыялістычная грамада.
    У пракламацыях 1905 г. БСГ выступала за ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі з супольным соймам (Канстытуцыйным сходам) для ўсіх народаў і прадастаўленне кожнаму народу права мець свой сойм, які «вёў бы яго справы». Па аграрным пытанні яна прапагандавала эсэраўскую ідэю сацыялізацыі зямлі і ўраўняльнага землекарыстання. У сакавіку 1905 г. БСГ разам з эсэрамі арганізавала ў Мінску сялянскі з’езд, які падтрымаў яе платформу і ўтварыў Беларускі сялянскі саюз. Рашэнні з’езда мелі рэвалюцыйна-дэмакратычны характар.
    Разам з іншымі рэвалюцыйна-дэмакратычнымі партыямі БСГ байкатавала Булыгінскую думу. У лістоўцы «Царава дума» яна выкрывала ашуканства маніфеста аб скліканні Думы і заклікала да далейшай барацьбы з царызмам: не плаціць падаткаў, не ісці ў салдаты, сілай дабівацца Канстытуцыі, «права народу сваёй уласцю пастанаўляць аб сваіх справах і патрэбах», права выбіраць выбарных у Канстытуцыйны сход ці сойм агульным, роўным і тайным галасаваннем, свабодна пісаць і гаварыць праўду, збірацца і змаўляцца, як палепшыць сваю долю. Агітацыйная дзейнасць БСГ пашырылася ў канцы 1905 г., калі яна змагла наладзіць ўласную падпольную друкарню ў Мінску.
    У студзені 1906 г. у Мінску адбыўся II з’езд БСГ, на якім былі прыняты новая праграма і арганізацыйны статут, выбраны ЦК у складзе Івана і Антона Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага і Алеся Бурбіса. У праграме заяўлялася, што БСГ арганізуе «працавітую беднату Беларускага краю без адрознення нацыянальнасцей» з канчатковаю мэтаю замены капіталістычнага ладу сацыялістычным. Бліжэйшай сваёй задачай БСГ абвясціла звяржэнне самадзяржаўя сумесна з пралетарыятам усёй Расіі і выказалася за ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культурна-нацыянальнай аўтаноміяй народнасцей. Для Беларусі Грамада патрабавала дзяржаўнай аўтаноміі з мясцовым соймам у Вільні. Другі з’езд БСГ адмовіўся ад эсэраўскай ідэі сацыялізацыі зямлі і адобрыў тэзіс аб утварэнні абласнога зямельнага фонду з казённых, удзельных, царкоўных
    і памешчыцкіх уладанняў, які больш адпавядаў патрабаванню аўтаноміі Беларусі.
    Ажыццяўленне ўсіх праграмных палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў з’езд звязваў з рэвалюцыйным звяржэннем самадзяржаўя і скліканнем Устаноўчага сойма для Беларусі на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага выбарчага права, які павінен быў выпрацаваць і ўмовы адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Аб пераходзе сялянскіх гаспадарак на сацыялістычны шлях не ўпаміналася.
    У чэрвені 1906 г. адбылася канферэнцыя БСГ, у якой удзельнічалі 15 прадстаўнікоў ад ЦК, 1-га краёвага камітэта (Мінск), Мінскага рабочага камітэта, 2-га краёвага камітэта (Вільня), Віленскай групы рабочых, Віленскай арганізацыі вучнёўскай моладзі, Пецярбургскай групы, мясцовых арганізацый Лідскага, Дзісненскага і Бельскага паветаў. 3-за тэрміновага склікання не ўсе мясцовыя арганізацыі былі прадстаўлены на канферэнцыі. Па пытанні аб тактыцы яна прыняла рашэнне працягваць самы энергічны байкот Дзяржаўнай думы і адначасова падтрымліваць тыя рэвалюцыйныя патрабаванні, якія зыходзілі ад рэвалюцыйных элементаў Думы і не супярэчылі праграме БСГ. Разам з тым канферэнцыя прызнала, што вялікае рэвалюцыйнае значэнне мае адпраўка ў Думу наказаў і хадакоў ад сялян, і даручыла камітэтам арганізаваць адпаведную дзейнасць. Спецыяльным рашэннем аб’яўляўся байкот афіцыйным землеўпарадкавальным камісіям. Канферэнцыя заклікала мясцовыя камітэты прыняць самыя рашучыя захады для таго, каб выкарыстаць рэвалюцыйны настрой сялянства з мэтай зліцця сялянскага руху за зямлю з агульным палітычным рухам. Дэлегаты выказаліся за тое, каб ЦК хутчэй прыступіў да выд'ання партыйнага органа.
    Легальным органам БСГ стала тыднёвая газета «Наша доля», якая пачала выдавацца ў Вільні з 1 верасня 1906 г. кірыліцай і лацінкай (адно выданне прызначалася для беларусаў праваслаўных, другое — для католікаў). Неафіцыйнымі яе рэдактарамі з’яўляліся браты Луцкевічы, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Умястоўскі. Да арганізацыі газеты меў дачыненне А. Уласаў, які прыцягнуў да супрацоўніцтва з ёю Якуба Коласа.
    Першы нумар выйшаў 10-тысячным накладам. Адкрываўся ён вершам Цёткі (пад псеўданімам Мацея
    Крапіўкі) «Наш палетак», які заклікаў беларусаў да нацыянальнага адраджэння. У гэтым жа нумары быў апублікаваны яе публіцыстычны твор «Прысяга над крывавымі разорамі», у якім сілу і права рэвалюцыі Цётка ўвасобіла ў сімвалічных постацях родных братоў — панскага парабка, салдата і пецярбургскага рабочага. Артыкул «Як мужыку палепшыць сваё жыццё», змешчаны ў другім і трэцім нумарах, заклікаў да стварэння сялянскіх саюзаў па ўзору прафесійных саюзаў гарадскіх рабочых, тлумачыў, як гэта зрабіць. Ліквідацыя эксплуататарскага ладу звязвалася ў артыкуле з цесным саюзам працоўных горада і вёскі: «Зрабіць гэту перамену можа толькі ўвесь рабочы народ, уся вясковая і мястовая (гарадская) працавітая бедната, калі ўсе разам пойдуць па адной дарозе, дзеля чаго ўсе мужыцкія саюзы павінны злучыцца праз свае камітэты з рабочымі саюзамі і партыямі ў горадзе». Рэвалюцыйна-дэмакратычны характар мелі і многія іншыя публікацыі газеты. У сувязі з гэтым на нумары 1, 3, 4 быў накладзены арышт. 5 і 6 нумары былі канфіскаваны, сёмы паліцыя знішчыла ў наборы. А ў студзені 1907 г. рашэннем Віленскай судовай палаты выданне «Нашай долі» было забаронена назаўсёды.
    Пакінуўшы «Нашу долю», кіраўнікі БСГ арганізавалі ў Вільні выданне новай штотыднёвай легальнай газеты «Наша ніва», у першым нумары якой 10 лістапада 1906 г. заявілі аб тым, што будуць служыць «усяму пакрыўджанаму беларускаму народу» — руху, накіраванаму на яго нацыянальнае адраджэнне. Вырашэнне асноўных сацыяльна-эканамічных пытанняў яны звязвалі ўжо не з рэвалюцыяй, а з Дзяржаўнай думай.
    Адпаведная праграма была апублікавана ў «Нашай ніве» ў снежні 1906 г. У ёй патрабавалася ад Думы скасаванне ўсіх абмежавальных законаў адносна куплі і продажу зямлі, а таксама цераспалосіцы, «шнуроў» і сервітутаў («без крыўды для працуючых»), утварэння хутарской гаспадаркі, арганізацыі таннага крэдыту і дапамогі з боку дзяржавы для паляпшэння гаспадаркі, увядзення ўсесаслоўнай воласці, пашырэння мясцовага самакіравання — валаснога, павятовага і губернскага, прадастаўлення асобнага самакіравання для Беларусі з сваім соймам, выбраным усеагульным, роўным, тайным і простым галасаваннем, адмены ўскосных падаткаў і ўстанаўлення адзінага прагрэсіўнага падаходнага падатку, увядзення ўсеагульнай абавязковай бясплат-
    най адукацыі з забеспячэннем права і магчымасці вучыцца на сваёй роднай мове. Пра лёс памешчыцкага землеўладання і неабходнасць дадатковага надзялення зямлёй сялян у артыкуле не ўпаміналася.
    Разам з тым БСГ працягвала нелегальную дзейнасць. У канцы 1906 — першай палове 1907 г. яна выдала некалькі падпольных брашур і лістовак рэвалюцыйна-дэмакратычнага зместу: «Чы будзе для ўсіх зямлі», «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць», «Забастоўка» і інш. У першай палове 1907 г. і на старонках «Нашай нівы» з’явіўся шэраг публікацый, якія паслужылі падставай для абвінавачання яе ў агітацыі супраць тагачаснага грамадскага і дзяржаўнага ладу («Зямельная справа ў Новай Зеландыі», «Дума і народ» і інш.).
    У ходзе выбарчай кампаніі ў II Дзяржаўную думу і пазней газета смела выкрывала як «ісцінна-р^скіх», так і «ісцінна-польскіх» шавіністаў як ворагаў беларускага народа, падтрымлівала «мужыкоў-сацыялістаў», заклікала сялянскіх выбаршчыкаў аб’яднацца, злучыцца з гарадскімі выбаршчыкамі і не пусціць у Думу памешчыкаў. Узнімаючы аграрнае пытанне, «Наша ніва» ў гэты час неаднаразова адзначала, што на Беларусі казённай, удзельнай, манастырскай, царкоўнай і касцельнай зямлі так мала, што задаволіць ёю сялян было немагчыма. У гэтай сувязі яна крытыкавала пазіцыю думскіх дэпутатаў ад памешчыкаў Беларусі, якія «частавалі» сялян толькі такою зямлёю і заяўлялі аб недатыкальнасці памешчыцкага землеўладання. Газета падтрымала патрабаванне браць зямлю, «дзе выпадае і прымусам ад памешчыкаў». У тым жа нумары яна апублікавала праект зямельнай рэформы, прапанаваны ў Думе літоўскімі сацыял-дэмакратамі. Трэцячэрвеньскі дзяржаўны пераварот і наступленне шалёнай рэакцыі прымусілі кіраўніцтва БСГ адмовіцца ад падпольнай дзейнасці і істотна звузіць сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і нацыянальныя патрабаванні ў легальным друку.
    Напярэдадні і ў перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гг. Грамада выступала як леванародніцкая нацыянальная рэвалюцыйна-дэмакратычная партыя. Паводле няпоўных звестак, нелегальныя выданні БСГ у той час распаўсюджваліся ў гарадах Мінску, Вільні, Дзісне, Рэчыцы, Мінскім, Ігуменскім, Барысаўскім, Бабруйскім, Навагрудскім, Слуцкім паветах Мінскай губерні, Ві-
    ленскім, Лідскім, Дзісненскім, Вілейскім, Ашмянскім паветах Віленскай губерні, Гродзенскім, Брэсцкім і Бельскім паветах Гродзенскай губерні. Зусім слабыя сувязі Грамада мела ва ўсходняй Беларусі. У Магілёўскай губерні не зафіксавана фактаў распаўсюджання яе лістовак. На тэрыторыі Віцебскай губерні нейкія, відаць, выпадковыя сувязі ў Грамады былі толькі ў Віцебскім павеце. Вядомы факт распаўсюджання адозвы БСГ у Парэцкім павеце Смаленскай губерні.
    Уплыў БСГ у рабочым руху гарадоў, за выключэннем Мінска і Вільні, амаль не адчуваўся з-за нязначнай колькасці беларускіх рабочых і іх нізкай нацыянальнай самасвядомасці. Асноўным аб’ектам дзейнасці Грамады з’яўлялася вёска — сельскія рабочыя і сяляне-падзёншчыкі. У шэрагу паветаў БСГ арганізавала значныя сельскагаспадарчыя забастоўкі, праводзіла мітынгі і палітычныя сходы. У канцы 1906 — пачатку 1907 г. Мінскі краёвы камітэт БСГ, як адзначалася, разам з РСДРП, ПСР і Бундам уваходзіў у левы блок па выбарах у Дзяржаўную думу. У красавіку 1907 г. БСГ удзельнічала ў канферэнцыі нацыянальнасацыялістычных партый Расіі ў Фінляндыі. Паводле звестак дэпартамента паліцыі, у БСГ у перыяд першай расійскай рэвалюцыі налічвалася каля 2 тыс. членаў.