• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Рост сельскагаспадарчай вытворчасці. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы суправаджалася агульным пашырэннем пасяўных плошчаў. 3 1907 да 1913 г. яны павялічыліся з 3789,6 тыс. да 4215,3 тыс. дзесяцін, ці на 11,2 %. У першую чаргу рост адбываўся за кошт пашырэння пасеваў тэхнічных і кармавых культур, што стымулявала пераход ад трохпольнай сістэмы земляробства да больш прадукцыйнай — шматпольнай. Асабліва павялічылася плошча пасеваў пад бульбай — з 452,1 тыс. да 551,6 тыс. дзесяцін, г. зн. на 22 %. Гэта было звязана з далейшым развіццём малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэння. Памешчыкі і заможныя сяляне выкарыстоўвалі бульбу для корму жывёлы або збывалі яе на вінакурных заводах. Сялянская ж бедната кампенсавала ёю недахоп хлеба.
    К пачатку першай сусветнай вайны Беларусь стала адным з буйнейшых раёнаў вырошчвання бульбы. У 1913 г. на яе прыпадала 17,2 % усёй плошчы пад бульбай у Еўрапейскай Расіі. А збор бульбы ў заходніх губернях за перыяд з 1901 па 1913 г. павялічыўся на 37,6 %.
    Узраслі пасевы лёну. Аднак, нягледзячы на пашырэнне, удзельная вага гэтай культуры ў агульнай пасяўной плошчы заставалася нязменнай, складаючы 2,6— 2,8 %. Справа ў тым, што ў гэты час адбылося зніжэнне цаны на льновалакно. Ільняныя тканіны пачалі выцясняцца больш таннымі баваўнянымі.
    Павялічваліся і пасевы збожжавых культур. Ураджай жыта ў 1911 —1913 гг. у параўнанні з 1902— 1904 гг. узрос на ўладальніцкіх палях з 45,4 пуда да 53,9 (на 18,7 %). Аднак, нягледзячы на рост ураджайнасці збожжавых, удзельная вага іх у агульнай плошчы пасеваў паступова памяншалася.
    Павышэнне збораў бульбы і збожжавых спрыяла развіццю вінакурэння і жывёлагадоўлі. Колькасць вінакурных заводаў з 1907 да 1913 г. вырасла з 574 да 630. У 1913 г. яны перапрацавалі на спірт 32 млн пудоў бульбы, амаль удвая больш, чым у 1900 г., і каля 3 млн пудоў зерня. У гэты час на долю пяці заходніх губерняў прыпадала 1 1,5 % усяго спірту, што вырабляўся ў Расіі. Адходы ад вінакурнай вытворчасці ішлі на корм жывёле. У пачатку XX ст. у сялян і памешчыкаў Беларусі было 2,8 млн галоў буйной рагатай жывёлы, з іх прыблізна 1,4 млн складалі дойныя каровы. Павялічылася і пагалоўе свіней. У 1913 г. іх налічвалася 1,6 млн галоў.
    Памешчыцкія і кулацкія гаспадаркі ўцягваліся ў гандлёва-рыначныя адносіны. Аб гэтым сведчыць вываз сельскагаспадарчых прадуктаў з Беларусі. У 1912 г. у іншыя раёны Расіі і за мяжу было вывезена 395 тыс. пудоў малочных прадуктаў. Толькі па чыгунках за гэты год з 26 паветаў было вывезена 649,1 тыс. пудоў мяса і сала, 47,7 тыс. галоў свіней і 11,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. Напярэдадні першай сусветнай вайны штогод вывозілася 1911 тыс. пудоў ільновалакна і кудзелі, 1137 тыс. пудоў алейнага семя.
    Узмацненне класавай дыферэнцыяцыі ў вёсцы. Развіццё капіталістычных адносін выклікала не толькі рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, але і ўзмацненне класавай дыферэнцыяцыі беларускай вёскі. Павялічылася праслойка вясковай беднаты і кулацтва, паменшылася колькасць серадняцкіх двароў. Напярэдадні першай сусветнай вайны бедната складала каля 70 %, сяляне-сераднякі— 19—20 % і заможныя сяляне— 10—11 % усяго сялянства.
    Сацыяльна-класавая дыферэнцыяцыя сялянства — гэта заканамерны працэс развіцця капіталізму. У выніку вымывалася серадняцкая частка вёскі (патрыярхальная, мала звязаная з рынкам катэгорыя вясковых жыхароў) і ствараліся два галоўныя класы буржуазнага грамадства — клас заможных сялян, або сельскай дробнай буржуазіі, і клас наёмных сельскагаспадарчых і іншых рабочых. Сталыпінская аграрная рэформа істотна паскорыла гэты працэс.
    Земская рэформа. У заходніх губернях П. А. Сталыпін імкнуўся ўзняць палітычную ролю заможнага сялянства ў сістэме мясцовых органаў кіравання. 3 плануемай рэформай ён звязваў вырашэнне яшчэ адной
    задачы — выцясненне, ці, па меншай меры, істотнае аслабленне палітычнай ролі на мясцовым і імперскім узроўні буйных землеўладальнікаў «польскага паходжання». Значная перавага іх землеўладання над «рускім» у гэтых губернях давала ім магчымасць выбіраць на дваранскіх сходах у Дзяржаўны савет выключна сваіх прадстаўнікоў. «Нстннно-русскне» памешчыкі і чыноўнікі, найперш мясцовыя, патрабавалі ад урада прыняць меры па ліквідацыі «польскага засілля». Але адкрыта пазбавіць польскую знаць права выбараў у Дзяржаўны савет урад не мог, не рызыкуючы сваім аўтарытэтам у заходніх краінах.
    Прааналізаваўшы суадносіны «рускага» і «польскага» насельніцтва і адпаведныя маёмасныя цэнзы ў 9 заходніх губернях, урад не адважыўся ўводзіць выбарнае земства ў Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губернях, дзе яно з прычыны значнай перавагі католікаў, якіх адносілі да палякаў, магло трапіць у рукі польскіх паноў. Паводле законапраекта, ухваленага П. А. Сталыпіным, земствы меркавалася стварыць у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернях шляхам выбараў па нацыянальных — «рускай» і «польскай» курыях. Праваслаўныя сялянебеларусы залічваліся ў першую з іх, католікі— у другую. Маёмасны цэнз выбаршчыкаў у параўнанні з Палажэннем аб земскіх установах ад 12 чэрвеня 1890 г. паніжаўся ўдвая (да 7,5 тыс. руб.). Пры гэтым, аднак, забяспечвалася пераважная большасць памешчыкаў і ў адной, і ў другой курыі. Колькасць дэпутатаў ад курыі ў земства ўстанаўлівалася ў адпаведнасці з сярэднеарыфметычным ад сумы працэнтаў колькасці выбаршчыкаў і вартасці іх нерухомай маёмасці. Напрыклад, калі колькасць выбаршчыкаў у «польскай» курыі ў пэўным павеце складала 2 % ад агульнай, а іх нерухомая маёмасць — 38 %, то колькасць дэпутатаў земства ў дадзеным выпадку не магла перавышаць 20. Калі гэта падаць у выглядзе формулы, то атрымаецца так:
    (2 + 38) 2	'
    Увядзенне і роля земстваў. Галасамі фракцыі рускіх нацыяналістаў пры падтрымцы часткі акцябрыстаў законапраект П. А. Сталыпіна з неістотнымі папраўкамі быў праведзены праз Дзяржаўную думу і паступіў на разгляд Дзяржаўнага савета. Класавая пазіцыя буйных землеўласнікаў выявілася тут вельмі выразна: не-
    залежна ад нацыянальнасці яны ў пераважнай большасці выступілі супраць нацыянальных курый і паніжэння выбарчага цэнзу і 4 сакавіка 1911 г. адхілілі законапраект. У адказ П. А. Сталыпін заявіў цару аб сваёй адстаўцы з пасады прэм’ер-міністра, калі ён не зацвердзіць законапраект надзвычайным парадкам — па 87 артыкуле Асноўных законаў, які дазваляў гэта зрабіць у час паміж сесіямі Думы і Савета. Мікалай II задаволіў просьбу-ультыматум: распусціў на 3 дні Думу і Дзяржаўны савет і падпісаў указ аб увядзенні земстваў у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях з выбарамі па нацыянальных курыях і пры паніжаным маёмасным цэнзе. Нягледзячы на перамогу, становішча П. А. Сталыпіна як прэм’ер-міністра пасля гэтага рэзка пахіснулася. У верасні 1911 г. ён быў забіты агентам ахоўнай службы.
    Нягледзячы на антыдэмакратычны характар выбарчага закону, выбарныя павятовыя і губернскія земствы ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях нават за кароткі час іх дзейнасці адыгралі прыкметную ролю ў развіцці мясцовай гаспадаркі, у павышэнні культуры земляробства і жывёлагадоўлі. Земскія ўправы адкрывалі бальніцы, урачэбныя пункты, школы, стваралі кааператыўныя таварыствы, сельскагаспадарчыя гурткі, пракатныя пункты сельскагаспадарчых машын, склады і г. д. У 1912 г., напрыклад, у Віцебскай губерні дзейнічала 50 сельскагаспадарчых гурткоў, многія з іх мелі пракатныя склады сельскагаспадарчых машын, зернеачышчальныя пункты. Гурткі садзейнічалі набыццю машын, штучных угнаенняў, арганізацыі малочных арцелей і г. д. У некаторых паветах земскія ўправы адкрывалі майстэрні па вытворчасці чарапіцы, цэглы.
    Дзейнасць земстваў была накіравана ў першую чаргу на задавальненне прадпрыемніцкіх інтарэсаў заможнага сялянства і памешчыкаў.
    Пытанні і заданні. 1. Абгрунтуйце галоўныя прычыны сталыпінскай аграрнай рэформы, яе сацыяльна-эканамічную і палітычную мэты. 2. Якія асаблівасці яе правядзення былі на Беларусі? Пакажыце вынікі рэформы. 3. Дакажыце, што ў сельскай гаспадарцы Беларусі ўзмацнілася развіццё капіталістычных адносін. 4. Якія поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі назіраліся к пачатку першай сусветнай вайны? 5. У чым заключаліся галоўныя мэты і асаблівасці ўвядзення земстваў на Беларусі?
    § 8.	Узмацненне шавінізму ў палітыцы царызму. Грамадскі рух
    Трэцячэрвеньская палітычная сістэма і расстаноўка сіл. Пасля паражэння першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў краіне ўстанавілася паласа чарнасоценнай рэакцыі. У многіх паветах і гарадах Беларусі да 1909 г. дзейнічала «Палажэнне аб узмоцненай і надзвычайнай ахове». Царская адміністрацыя на месцах (губернатары, граданачальнікі) атрымала права выдаваць «абавязковыя пастановы», якія мелі сілу закону. Праводзіліся шматлікія вобыскі і арышты «палітычных злачынцаў». Распускаліся прафесійныя саюзы рабочых. На Беларусі з 1907 да 1910 г. было закрыта больш як 40 прафсаюзаў, у тым ліку ў Віцебску— 16, Мінску — 11, Магілёве— 4. У Смаргоні быў забаронены прафсаюз гарбароў, у якім налічвалася каля 1500 членаў.
    Новы выбарчы закон ад 3 чэрвеня 1907 г. азначаў па сутнасці пераварот у сістэме дзяржаўнай улады. Паводле новага закону значна павялічвалася прадстаўніцтва ад памешчыкаў і буржуазіі. Праўда, у заходніх губернях царызм не даў перавагі памешчыкам (іх квота ў складзе выбаршчыкаў абмяжоўвалася 48,5%). Разам з тым на Беларусі захоўвалася адносна большае, чым у Еўрапейскай Расіі ў цэлым, прадстаўніцтва ад сялян (29,5 % выбаршчыкаў). Гэта было зроблена з мэтай супрацьпаставіць на выбарах польскім памешчыкам праваслаўных беларускіх сялян, якіх запісалі «рускімі».
    Антыдэмакратычны выбарчы закон садзейнічаў таму, што большасць месцаў сярод партый у Думе атрымалі акцябрысты. Парламенцкая большасць залежала ад акцябрыстаў, якія блакіраваліся то з правымі, то з кадэтамі. Дзве думскія большасці — праваакцябрысцкая і акцябрысцка-кадэцкая — і складалі галоўную асаблівасць трэцячэрвеньскай сістэмы.
    У ходзе наступлення контррэвалюцыі і рэакцыі летам і восенню 1907 г. амаль усе мясцовыя арганізацыі левых партый былі разгромлены ці вельмі аслаблены. Сярод меншавікоў і бундаўцаў у гэты час стала пануючай ліквідатарская плынь. Ліквідатары дамагаліся легалізацыі РСДРП, прыстасавання яе да сталыпінскага рэжыму шляхам адмовы ад падпольнай дзейнасці. На такія, па сутнасці, пазіцыі стала і Беларуская сацыялістычная грамада, якая згарнула свае падпольныя струк-