Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
У 1904—1905 гг. на Гродзеншчыне распаўсюджваліся беларускамоўныя лістоўкі «Царская гаспадарка», «Прызыўныя!», «Братцы мужыкі!» і інш., выдадзеныя «Сацыялістычнай партыяй Белай Русі». Заснавальнікамі яе з’яўляліся студэнты Трускоўскі, М. Фальскі і А. Жаба. Кіраўнікі БСГ неаднаразова вялі перагаворы з імі аб аб’яднанні, аднак яно не адбылося. Звестак аб гэтай партыі захавалася мала. Застаецца невядомай яе праграма. Лістоўкі СПБР прысвячаліся агульнапалітычным пытанням і заклікам да барацьбы за звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне выбарнай народнай улады — каб народ «усім камандаваў сам». У адозве да прызыўнікоў (кастрычнік 1905 г.) СПБР заклікала іх змаўляцца і не ісці добраахвотна ў царскую армію, а калі забяруць сілаю — далучацца да народнага «бунту» незалежпа ад таго, які народ будзе «бунтавацца». Аграрнае і нацыянальнае пытанні ў вядомых адозвах не ставіліся, як і пытанне пра сацыялізм. Ніяк не выказаны і адносіны аўтараў да беларускага народа і «Белай Русі».
Пытанні і заданні. 1. Растлумачце галоўныя палажэнні праграмы БСГ. 2. У чым заключаўся прынцыповы адыход рэдакцыі «Нашай нівы» ад рашэнняў II з'езда БСГ? 3. Значэнне дзейнасці «Нашай нівы». 4. Што вы ведаеце аб «Сацыялістычнай партыі Белай Русі»? 5. Месца беларускага нацыянальнага руху ў рэвалюцыі.
Раздзел Н. САЦЫЯЛЬНА — ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЕ. СТАЛЫПІНСКІЯ РЭФОРМЫ. ГРАМАДСКІ РУХ
§ 6. Развіццё прамыслсвасці
Прамысловы ўздым. 3 1909 г. у эканамічным развіцці Беларусі пасля дэпрэсіі 1904—1908 гг. пачаўся новы прамысловы ўздым, які працягваўся да пачатку першай сусветнай вайны. Ен быў абумоўлены павышэннем пакупной здольнасці насельніцтва, ростам цэн на сельскагаспадарчыя прадукты, прытокам капіталаўкладанняў у прамысловую вытворчасць.
Тэмпы развіцця прамысловасці Беларусі былі вышэйшыя, чым у краіне ў цэлым. За пяцігоддзе (1908— 1913 гг.) буйная фабрычна-заводская прамысловасць Беларусі павялічыла выпуск валавой прадукцыі на 67,5 %. Сярэднегадавы рост склаў 13,9 %. Такіх высокіх тэмпаў развіцця на Беларусі ні раней, ні пазней не назіралася.
Пасля крызісу ажывілася і саматужна-рамесная вытворчасць. Паводле аб’ёму прадукцыі яна павялічылася на 43 %, па колькасці работнікаў— на 23,8 %. У 1913 г. у саматужна-рамеснай вытворчасці былі заняты амаль 170 тыс. чалавек.
Нягледзячы на хуткае развіццё буйной прамысловасці, на Беларусі захоўваўся высокі ўзровень дробнай вытворчасці. У 1913 г. дробнакапіталістычная і саматужна-рамесная вытворчасць давала 53,5 % валавой прадукцыі, у той час як па ўсёй Расіі — 31,4 %. Узровень прамысловага развіцця Беларусі быў ніжэйшым, чым у цэлым па краіне. У 1913 г. на Беларусі на душу насельніцтва прыпадала амаль у двг разы менш прамысловай прадукцыі, чым у Расіі.
Рост акцыянернага капіталу і канцэнтрацыя вытворчасці. У гады прамысловага ўздыму павялічылася доля акцыянернага капіталу. Напярэдадні сусветнай вайны на Беларусі было 34 акцыянерныя прадпрыемствы. Палова іх узнікла ў 1908—1914 гг. Карыстаючыся пад-
трымкай банкаў, акцыянерныя таварыствы атрымлівалі значна большыя магчымасці для павелічэння вытворчасці, чым індывідуальныя прадпрымальнікі. 3 1900 да 1913 г. аб’ём вытворчасці па акцыянерных прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза.
Заснаванне акцыянерных таварыстваў і кампаній, будаўніцтва імі пераважна буйных фабрык і заводаў садзейнічала росту канцэнтрацыі прамысловай вытворчасці. У 1913 г. на прадпрыемствах з колькасцю рабочых 500 і больш працавала 18,8 % агульнай колькасці занятых у цэнзавай прамысловасці. У Расіі на такіх прадпрыемствах было сканцэнтравана 56,5 % фабрычна-заводскіх рабочых. Перавага ў прамысловасці Беларусі параўнальна невялікіх фабрык і заводаў вызначалася галоўным чынам яе спецыялізацыяй на перапрацоўцы драўніны, бульбы і іншай сельскагаспадарчай сыравіны. Такія галіны прамысловасці не патрабавалі прадпрыемстваў буйных памераў, як металургія, машынабудаванне, здабыча вугалю, нафты і г. д.
У характэрных для Беларусі галінах прамысловасці — запалкавай, папяровай, шкляной, дражджавой — канцэнтрацыя дасягнула пэўных памераў, што садзейнічала ўключэнню многіх заводчыкаў у агульнарасійскія і рэгіянальныя манапалістычныя аб’яднанні. Так, Заходняе дрожджава-вінакурнай і сельскагаспадарчай прамысловасці акцыянернае таварыства з капіталам 4,5 млн руб. уваходзіла ў агульнарасійскі сіндыкат. Утварыліся аб’яднанні запалкавых фабрыкантаў і ўладальнікаў шкляных заводаў Беларусі. Лесапрамыслоўцы ўваходзілі ў Саюз лесапрамыслоўцаў ПаўночнаЗаходняга краю і г. д.
Развіццё асобных галін прамысловасці. Напярэдадні першай сусветнай вайны галіновая структура прамысловасці была амаль такой жа, як і ў канцы XIX ст. Дамінуючае становішча займалі галіны, якія спецыялізаваліся на перапрацоўцы мясцовай сыравіны.
Найбольш высокія тэмпы развіцця назіраліся ў дрэваапрацоўчай галіне. Толькі ў 1911 —1913 гг. на Беларусі ўзнікла 77 новых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Перш за ўсё развіваліся фанерная, папяровая, запалкавая, лесахімічная вытворчасці. Выраб фанеры, напрыклад, павялічыўся ў 5 разоў. Доля Беларусі ў агульнарасійскай вытворчасці фанеры і запалкавай саломкі ў той час дасягала адпаведна 23,5 і 44,8 %, а ў лесаэкспарце Расіі — 27,4 %.
Да ліку параўнальна развітых галін прамысловасці Беларусі, якія выкарыстоўвалі ў вытворчасці драўніну, належала кардонна-папяровая. На папяровых фабрыках была высокая канцэнтрацыя вытворчасці і рабочых. Найбольш буйной з’яўлялася Добрушская фабрыка, на якой было занята 1500 чалавек. На Беларусі выраблялася 23,5 % шпалернай паперы Расіі.
Напярэдадні вайны на долю Беларусі прыпадала каля 12 % у аб’ёме вытворчасці запалкавай прамысловасці краіны, а таксама 18 % прадукцыі лесахімічнай прамысловасці. Параўнальна буйныя прадпрыемствы па сухой перагонцы дрэва мелі акцыянерныя таварыствы «Шэрынг» і «П. і I. Данішэўскія».
Істотныя зрухі адбыліся ў развіцці вытворчасці шкла і будаўнічых матэрыялаў. Напярэдадні сусветнай вайны ўзніклі акцыянерныя прадпрыемствы, у прыватнасці акцыянернае таварыства «Заходняя Дзвіна» з асноўным капіталам 600 тыс. руб., якому належаў шклозавод «Ноўка». Былі пабудаваны шклозаводы ў Мінску і ў Ялізаве Бабруйскага павета. У 1912 г. шклопрадпрыемствы Беларусі давалі 55,7 % белага ліставога аконнага шкла і 20,1 % багемскага. Такім чынам вызначылася спецыялізацыя шкляной вытворчасці.
У 1909—-1913 гг. узмацніўся прыток капіталу і ў вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. У гэты час узніклі акцыянерныя таварыствы кафельна-маёлікавых заводаў у Віцебску, цагельных заводаў у Гомелі і інш. У 1912 г. на Беларусі выраблялася 32,2 % пячной аднакаляровай кафлі і каля паловы карнізу для ўпрыгожвання будынкаў і кватэр. Гэтыя вырабы знаходзілі значны попыт на рынках Расіі.
Эканамічны ўздым спрыяльна адбіўся і на рабоце чыгуначных майстэрань, занятых рамонтам рухомага саставу. Пра гэта сведчыць рост аб’ёму вытворчасці і ўзбуйненне саміх майстэрань. Так, аб'ём вытворчасці з 1908 да 1913 г. павялічыўся на 30 %. У 1913 г. у майстэрнях, дзе працавала звыш 1 тыс. рабочых, была сканцэнтравана амаль трэцяя частка ўсіх рабочых чыгуначных майстэрань Беларусі.
Пранікненне замежнага капіталу ў тэкстыльную прамысловасць выклікала з’яўленне новых прадпрыемстваў. На пачатку XX ст. руска-бельгійскім таварыствам была пабудавана льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» ў Віцебску. Аўстрыйскім прадпрымальнікам належала Высачанская льнопрадзільная фабрыка.
Французскае «Акцыянернае таварыства «Баньфуа, Жорж і К°» набыло дзве шоўкакруцільныя фабрыкі. Гэта прывяло да абнаўлення асноўнага капіталу. Да 1913 г. на новых прадпрыемствах выпрацоўвалася 78,7 % прадукцыі тэкстыльнай прамысловасці Беларусі. 3 1908 да 1913 г. аб’ём вытворчасці ў гэтай галіне павялічыўся ў 1,6 раза.
У гады прамысловага ўздыму ўзніклі першыя фабрыкі ў гарбарна-абутковай вытворчасці: абутковая фабрыка «Арол», гарбарны завод Сальмана ў Мінску і інш. Аднак гарбарна-абутковая вытворчасць заставалася ў асноўным на саматужна-рамесным узроўні.
Такім чынам, у пачатку XX ст. і асабліва ў гады ўздыму прамысловасць Беларусі зрабіла вялікі крок наперад. Колькасць адносна буйных, цэнзавых — пераважна фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 1900— 1913 гг. вырасла з 799 да 1282, а рабочых на іх з 31,1 тыс. да 54,9 тыс. Пры гэтым магутнасць рухавікоў павялічылася з 27,3 тыс. к. с. у 1908 г. да 44,9 тыс. у 1913 г., а энергаўзброенасць на аднаго рабочага ўзрасла з 0,71 да 0,82 к. с., што ўскосна сведчыць аб якасным росце рабочага класа.
Асаблівасці прамысловасці Беларусі. Аднак на Беларусі, нягледзячы на істотныя зрухі, па-ранейшаму захоўваўся адносна нізкі ўзровень фабрычнай вытворчасці і канцэнтрацыі прамысловасці. Дробнакапіталістычныя і рамесна-саматужныя прадпрыемствы ў 1913 г. давалі больш за палавіну (53,5 %) усёй валавой прадукцыі. На гэтых прадпрыемствах у 1913 г. былозанята 184,8 тыс. работнікаў, г. зн. у 3,4 раза больш, чым у цэнзавай прамысловасці. Беларусь значна адставала ад агульнарасійскага ўзроўню па вытворчасці прамысловай прадукцыі, што прыпадала на душу насельніцтва.
На пачатку XX ст. буйная прамысловасць найбольш хутка развівалася ў Мінску і Віцебску, дзе колькасць рабочых на цэнзавых прадпрыемствах з 1900 да 1913 г. павялічылася ўдвая (адпаведна да 5,1 і 4 тыс). Новыя адносна буйныя прадпрыемствы з’явіліся ў Гродне, Пінску, Гомелі і іншых гарадах. Аднак у цэлым для Беларусі было характэрна пераважнае размяшчэнне фабрычна-заводскай прамысловасці ў сельскай мясцовасці — бліжэй да крыніц сыравіны і больш таннай рабочай сілы.
Пытанні і заданні. 1. Растлумачце асноўныя прычыны эканамічнага ўздыму. Якія суадносіны назіраліся ў цэнзавай, дробнакапіта46
лістычнай і саматужна-рамеснай вытворчасці? 2. Якія галіны прамысловасці Беларусі і чаму набылі найбольшае развіццё? 3. У чым праяўлялася манапалізацыя фабрычна-заводскай прамысловасці? Пакажыце гэта на прыкладах.
§ 7. Аграрная рэформа і развіццё сельскай гасладаркі. Увядзенне земстваў
Дваранскае і надзельнае сялянскае землеўладанне. Як вядома, да пачатку XX ст. галоўнымі формамі землеўладання на Беларусі з’яўляліся дваранскае, надзельнае сялянскае і дзяржаўнае.
У 1905 г. дваране на Беларусі трымалі ў сваіх руках 41 % усёй зямлі. Яны складалі абсалютную большасць сярод 2896 латыфундыстаў, што валодалі 500 і больш дзесяцінамі, а таксама і сярод буйных памешчыкаў (5431), якія мелі маёнткі ад 100 да 500 дзесяцін. Многія памешчыцкія гаспадаркі, перш за ўсё буйныя, прыстасаваліся да рынку. Капіталістычная сістэма значна пацясніла паўпрыгонніцкія, адпрацовачныя формы гаспадарання і істотна ўмацавалася ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў цэлым. Тым не менш развіццё капіталізму па прускаму шляху, пачатак якому паклала рэформа 1861 г., і праз 40 гадоў пасля яе не прывяло да вырашэння аграрнага пытання.