Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Усе гэтыя падзеі рэхам адгукнуліся і на Беларусі. Мінскі кааліцыйны Савет і Віцебскі камітэт ПСР перавыдалі адозву «Да ўсяго народа». «Фінансавы маніфест» у перакладзе на беларускую мову выдала БСГ. Магілёўскі кааліцыйны Савет выдаў лістоўку «Банкруцтва самадзяржаўнага ўрада», у якой падтрымаў патрабаванні «Фінансавага маніфеста».
Агульныя палітычныя забастоўкі ў Мінску, Гомелі, Мазыры, Пінску і іншых гарадах і чыгуначных станцыях Беларусі пачаліся 8 снежня па закліках мясцовых чыгуначных камітэтаў, кааліцыйных саветаў і адпаведных ім органаў. У дні стачкі яны выступалі як фактычныя органы мясцовай улады. Аднак у Мінску, ужо ў ноч на 9 снежня, былі арыштаваны 17 вядомых рэвалюцыйных дзеячаў, у тым ліку і членаў Савета. У той жа дзень губернатар Курлоў аб’явіў Мінск і губерню на становішчы надзвычайнай аховы, закрыў газету «СевероЗападный край». Арышты працягваліся і ў наступныя дні. У выніку рэвалюцыйныя сілы ў Мінску ў самыя напружаныя дні барацьбы былі фактычна абезгалоўлены.
Забастоўка на Гомельскім чыгуначным вузле паралізавала пасажырскі і таварны рух на значнай частцы Лібава-Роменскай і Палескіх чыгунак. У чыгуначных майстэрнях і на станцыі штодзённа адбываліся мітынгі. Мясцовыя ўлады не адважваліся арыштаваць Рэвалюцыйны камітэт. У сваю чаргу і ён праявіў нерашучасць, чакаючы, відаць, вынікаў барацьбы ў сталіцах імперыі. А тым часам да Гомеля набліжаўся эшалон з карным батальёнам генерала Арлова, узброены кулямётамі і гарматамі. Гомельскі Рэвалюцыйны камітэт прымаў пэўныя захады з мэтай не дапусціць яго ў горад, аднак беспаспяхова. 19—22 снежня стачка ў Гомелі была падаўлена.
У Баранавічах стачачны камітэт абапіраўся на распрапагандаваных салдатаў другога чыгуначнага батальёна. Рух цягнікоў тут быў спынены 9 снежня намаганнямі 300 рабочых-чыгуначнікаў на чале з інжынерам М. Ляпко. 11 снежня на пляцы чыгуначнай брыгады адбыўся мітынг рабочых і салдатаў. Генерал Арцем’еў, які з групай афіцэраў спрабаваў разагнаць іх, быў збіты. Стычка суправаджалася перастрэлкай, якая ледзь не перарасла ва ўзброенае паўстанне рабочых і салдатаў. Аднак сілы, верныя ўраду, змаглі апярэдзіць іх і авалодаць сітуацыяй на пляцы.
Снежаньская палітычная стачка ахапіла на Беларусі 17 гарадоў і мястэчак, а з улікам дэманстрацый, мітынгаў, сутыкненняў з паліцыяй і войскам,— 28 гарадоў і мястэчак. У стачках удзельнічалі каля 44 тыс. рабочых. Размах руху па колькасці населеных пунктаў у параўнанні з кастрычнікам звузіўся ў 2 разы. Пры гэтым рэзка скарацілася колькасць дэманстрацый і мітынгаў. Па напалу і напружанасці барацьбы сітуацыя ў некаторых гарадах была блізкай да ўзброенага паўстання. Аднак мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі прытрымліваліся тактыкі чакання зыходу барацьбы ў цэнтры краіны. Прамых заклікаў да ўзброенага паўстання і спроб арганізацыі яго на Беларусі не было. Што за гэтым хавалася — нерашучасць? разважнасць? — адказаць цяжка. Адпаведныя дакументы гісторыкам пакуль невядомы. Паўстанні ў Маскве, іншых гарадах і раёнах краіны былі падаўлены ўзброенымі сіламі, вернымі царызму.
Пытанні і заданні. 1. Ахарактарызуйце кастрычніцкую палітычную стачку на Беларусі. 2. Растлумачце, якую ролю адыгрывалі кааліцыйныя саветы і камітэты ў Беларусі. 3. У чым праявіліся асаблівасці заснавання і дзейнасці палітычных партый чарнасоценнага і ліберальна-буржуазнага напрамку ў Беларусі? 4. Растлумачце, у чым галоўная прычына снежаньскага паўстання. Чаму палітычная стачка на Беларусі не перарасла ва ўзброенае паўстанне?
§ 4. Адступленне рэвалюцыі. Дэпутаты Беларусі ў і і II Дзяржаўных думах
Выбары ў Думу. У сувязі з падаўленнем снежаньскіх выступленняў пралетарыят і яго саюзнікі па рэвалюцыйнай барацьбе былі вымушаны адступаць. 3 мэтай аслаблення рэвалюцыйнага націску царскі ўрад выкарыстаў не толькі рэпрэсіўныя меры. 11 снежня 1905 г. быў выдадзены новы закон аб выбарах Дзяржаўнай думы, які забяспечваў найперш інтарэсы памешчыкаў. Адзін голас памешчыка на выбарах адпавядаў 3,5 галасам гарадской буржуазіі, 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых. Выбары для працоўных былі шматступенныя. Шматлікія катэгорыі наёмных работнікаў пазбаўляліся права голасу.
Тым не менш ліберальна-буржуазныя партыі заклікалі народныя масы спыніць рэвалюцыйныя выступленні і прыняць удзел у выбарах думы, абяцаючы ім, што
такім — мірным, парламенцкім шляхам можна вырашыць усе набалелыя пытанні. Бальшавікі і ўсе дэмакратычныя партыі спадзяваліся на новы рэвалюцыйны ўздым і прынялі рашэнні байкатаваць выбары, працягваць агітацыйна-арганізацыйную падрыхтоўку звяржэння царызму рэвалюцыйным шляхам. Рабочыя многіх буйных прадпрыемстваў у Мінску, Мазыры, Пінску, Бабруйску, Гродне, Слоніме, Магілёве і іншых месцах байкатавалі выбары, не зважаючы на ўрадавы ўказ, які забараняў гэта. Але асноўная маса сялянства і гарадской дробнай буржуазіі не зжыла яшчэ канстытуцыйных ілюзій. Таму сарваць выбары не ўдалося. Большасць месцаў у Думе заваявалі кадэты.
3 36 дэпутатаў пяці заходніх губерняў 29 прайшлі ў Думу пад кадэцкім сцягам пры падтрымцы Канстытуцыйна-каталіцкай партыі, сіяністаў і «Саюза дасягнення раўнапраўнасці яўрэяў у Расіі». Сярод гэтых 29 дэпутатаў былі 10 памешчыкаў, 13 буржуазных інтэлігентаў і духоўных асоб (рабінаў і ксяндзоў), а таксама 6 сялян. 3 7 астатніх дэпутатаў (усе сяляне) 5 адносілі сябе да беспартыйных, адзін — да сацыял-дэмакратаў і адзін — да правых.
Рэвалюцыйны рух у 1-й палове 1906 г. Пачатак дзейнасці Дзяржаўнай думы ў красавіку 1906 г. супаў з новым уздымам рэвалюцыйнага руху. На Беларусі ў сувязі з 1 Мая забастоўкі рабочых былі праведзены ў 40 населеных пунктах. Абсалютную большасць іх складалі агульныя і групавыя выступленні. Адначасова ўзмацніўся і эканамічны рабочы рух. Пры гэтым пачасціліся патрабаванні ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня, устанаўлення рабочага кантролю за наймам і звальненнем, аплаты часу забастовак і інш. У арганізацыі эканамічнай барацьбы рабочых усё больш прыкметную ролю адыгрывалі прафсаюзы.
Гэтаму спрыялі ўказ ад 2 снежня 1905 г. аб адмене крымінальнага праследавання за ўдзел у эканамічных стачках, калі яны працякалі «мірна», і «Часовыя правілы» ад 4 сакавіка 1906 г., што дазвалялі ўтварэнне прафесійных саюзаў наёмных рабочых і служачых у прамысловасці і гандлі з мэтай абароны эканамічных інтарэсаў, паляпшэння ўмоў працы і быту, павышэння прафесійнага, культурнага і маральнага ўзроўню сваіх членаў.
Вясновае наступленне пралетарыяту, як і ў 1905 г., актыўна падтрымалі сяляне. Зноў ажывілася дзейнасць
у вёсцы партый рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера. Найболынае распаўсюджанне ў гэты час набылі забастоўкі сялян-падзёншчыкаў і сельскагаспадарчых рабочых; яны склалі 37 % усіх выступленняў. У Навагрудскім павеце ў пачатку ліпеня, паводле паведамлення газеты «Русское слово», работы не вяліся «ні ў адным маёнтку». Забастоўка суправаджалася масавымі мітынгамі. Удзельная вага палітычных выступленняў сялян Беларусі летам 1906 г. перавысіла паказчыкі 1905 г.
Уздым рэвалюцыйнага руху адбіўся і на арміі. Ажывілася дзейнасць ваенна-рэвалюцыйных арганізацый. Распаўсюджанне рэвалюцыйнай літаратуры, правядзенне мітынгаў і сходак салдатаў у красавіку — ліпені 1906 г. адзначаны ў Гродне, Мінску, Баранавічах, Бабруйскай, Брэсцкай і Асавецкай крэпасцях, Кобрыне, Картуз-Бярозе. У лагерах Брэсцкай крэпасці салдаты выказалі пратэст супраць накіравання іх у карную экспедыцыю.
Дзейнасць беларускіх дэпутатаў у Дзяржаўнай думе. Рэвалюцыйны ўздым аказаў пэўны ўплыў і на дзейнасць Дзяржаўнай думы. Галоўным у Думе, як і чакалася, стала аграрнае пытанне. Кадэцкая фракцыя спрабавала выступіць у ролі лідэра агульнанацыянальнай апазіцыі царызму і найперш імкнулася павесці за сабою сялянскую дэмакратыю, прадстаўленую ў Думе фракцыяй трудавікоў. Для надзялення сялян зямлёю кадэты прапанавалі стварыць «дзяржаўны зямельны запас» за кошт казённых, удзельных, манастырскіх і часткі прыватнаўласніцкіх зямель, якія здаваліся памешчыкамі ў арэнду, або ўвогуле не выкарыстоўваліся імі. Такія землі падлягалі адчужэнню на аснове прымусовага выкупу па «справядлівай» (не рыначнай) ацэнцы. Трудавікі і эсэры па гэтым пытанні карэнным чынам разышліся з кадэтамі. Яны выказаліся за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання, за перадачу ўсёй зямлі ў агульнанародную ўласнасць і ўвядзенне ўраўняльнага землекарыстання па працоўнай норме. Распараджэнне нацыяналізаванай зямлёю перадавалася на месцы зямельным камітэтам, выбраным усеагульным, прамым, роўным і тайным галасаваннем, г. зн. фактычна сялянам.
У ходзе работы Думы ў атмасферы вострых міжпартыйных дыскусій адбыліся істотныя змены ў пазіцыях многіх дэпутатаў ад 5 заходніх губерняў. 3 іх ліку
толькі 8 (усе інтэлігенты і 1 памешчык) уступілі ў фракцыю кадэтаў. Сярод іншых гэта зрабілі і 3 сіяністы, 15 дэпутатаў — прыхільнікаў Канстытуцыйна-каталіцкай партыі — далучыліся да фракцыі так званых аўтанамістаў з украінскіх, польскіх, прыбалтыйскіх і мусульманскіх губерняў. У фракцыю трудавікоў уступілі 3 дэпутаты (з іх двое сялян). Шэсць сялянскіх дэпутатаў аб’явілі сябе беспартыйнымі, але пры галасаванні падтрымлівалі кадэтаў, аўтанамістаў, або правых. Абсалютная большасць дэпутатаў-сялян з Беларусі (11 з 13) не падтрымалі праграму нацыяналізацыі зямлі і ўраўняльнага землекарыстання, якая карысталася шырокай папулярнасцю ў масах рускага сялянства.
Рашучымі праціўнікамі законапраектаў трудавікоў выступілі польска-беларускія памешчыкі-аўтанамісты (Р. Скірмунт і інш.). Па аграрным пытанні яны разышліся і з кадэтамі. Апошніх пакінуў нават адзін са стваральнікаў і караўнікоў Пінскай групы Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі князь Друцкі-Любецкі. Найперш яны настойвалі на прадастаўленні аўтаноміі і шырокага абласнога самакіравання, органы якога і павінны былі вырашыць на месцы аграрнае пытанне. Польска-беларускія аўтанамісты цвёрда адстойвалі неабходнасць захавання і памешчыцкай і сялянскай уласнасці на зямлю.
20 чэрвеня 1906 г. была апублікавана ўрадавая праграма па аграрным пытанні, якая прадугледжвала ліквідацыю абшчыннага землеўладання, надзяленне сялян зямлёю ў асабістую ўласнасць, расшырэнне сялянскага землеўладання за кошт казённага фонду і добраахвотнага продажу памешчыцкай зямлі праз Сялянскі банк. Публікацыя гэтай праграмы паставіла Думу перад неабходнасцю звароту да народа са свайго боку. У ходзе абмеркавання гэтага пытання левыя фракцыі ў Думе згуртаваліся на рэвалюцыйнай платформе. Кадэты засталіся ў ізаляцыі. Урад, не чакаючы выбуховага дакумента, указам ад 9 ліпеня 1906 г. распусціў Думу і назначыў новыя выбары.