• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Павышэнне кампетэнтнасці і самастойнасці дэлегацыі Беларусі ў пошуку новых сродкаў і метадаў пры выпрацоўцы і прыняцці дакументаў у ААН, у розных міжнародных арганізацыях садзейнічала росту аўтарытэту рэспублікі на міжнароднай арэне.
    Перабудова гандлёва-эканамічных і навуковых сувязей. У другой палавіне 80-х гг. пашырыліся абмены дэлегацыямі па вывучэнню вопыту іншых краін у вырашэнні розных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытанняў. Гэтую місію ажыццяўлялі дэлегацыі партыйных і савецкіх органаў, гаспадарчых і грамадскіх арганізацый. Штогод гасцямі рэспублікі з’яўляліся да 60 дэлегацый рознага ўзроўню з многіх краін, пераважна былога сацыялістычнага лагера. Столькі ж ажыццяўляла-
    ся візітаў у адказ. Аднак гэтыя абмены насілі пераважна рытуальны характар, служылі сродкам забавы для кіруючай эліты.
    Рэспубліка з’яўлялася ўдзельнікам міжнароднага руху пародненых гарадоў. Адзінаццаць гарадоў Беларусі мелі дружалюбныя сувязі з 17 гарадамі Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Індыі, Японіі, Анголы, Фінляндыі, Германіі, ЗША. Праводзіліся абмены дэлегацыямі, спартыўнымі і творчымі калектывамі, групамі моладзі, рознымі выстаўкамі і г. д.
    У гэтыя гады якасна новы характар набылі гандлёва-эканамічныя сувязі рэспублікі з зарубежнымі краінамі. Існуючы эканамічны патэнцыял рэспублікі, выгаднае геаграфічнае размяшчэнне садзейнічалі развіццю новых форм знешнеэканамічных зносін, перш за ўсё стварэнню сумесных з замежнымі фірмамі прадпрыемстваў, устанаўленню прамых вытворчых і навукова-тэхнічных сувязей. Да пачатку 90-х гг. у рэспубліцы дзейнічала больш за 20 такіх прадпрыемстваў, у іх ліку па выпуску абутку, гадоўлі жывёлы і перапрацоўцы мяса, вытворчасці тавараў спажывання. У 1989 г. пачало выпускаць прадукцыю прадпрыемства «Белвест», створанае віцебскай абутковай фабрыкай і заходнегерманскай фірмай «Саламандэр». Пачаты быў выпуск высакаякаснай пражы сумесным савецка-венгерскім прадпрыемствам «Барыфорг» у Барысаве і інш.
    Каля 100 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі ўстанавілі прамыя вытворчыя і навукова-тэхнічныя сувязі з зарубежнымі партнёрамі, у іх ліку аб’яднанні «БелаўтаМАЗ», «Мінскі трактарны завод», «Палімір», «Атлант» і інш. Аднак устойлівых вытворчых адносін дасягнута не было, пераважаў просты тавараабмен. Галоўнай перашкодай з’яўлялася няўстойлівасць эканамічнага становішча рэспублікі, адсутнасць рынку, які сам служыць рухавіком гандлёва-эканамічных сувязей як дзяржаў, так і таваравытворцаў.
    Рэспубліка падтрымлівала сувязі з зарубежнымі краінамі таксама ў галіне навукі, культуры. Каля 30 інстытутаў АН Беларусі і звыш 90 навукова-даследчых устаноў розных краін ажыццявілі за гэтыя гады сумесную распрацоўку больш за 70 навуковых праблем і асобных тэм па розных галінах ведаў. Штогод каля 5,5 тыс. замежных студэнтаў навучалася ў ВНУ і тэхнікумах рэспублікі. Духоўнаму ўзаемаўзбагачэнню народаў служылі дні нацыянальных культур, абмены маста-
    цкімі і самадзейнымі калектывамі, выстаўкамі, кінафільмамі.
    Беларусь — незалежная дзяржава. Канец 80-х — пачатак 90-х гг. у гісторыі былога СССР адзначыўся ажыўленнем і хуткім нарастаннем руху народаў за разбурэнне імперскай ідэакратычнай Савецкай дзяржавы і набыццём рэспублікамі сапраўднага дзяржаўнага суверэнітэту. Першымі да практычнай рэалізацыі гэтых мэт прыступілі Прыбалтыйскія рэспублікі. У сакавіку 1990 г. Вярхоўны Савет Літвы першым з рэспублік СССР абвясціў аб аднаўленні поўнага дзяржаўнага суверэнітэту Літвы, якога яна была пазбаўлена ў 1940 г. у сувязі з насільным далучэннем да СССР. Аб сваім суверэнітэце абвясцілі таксама Латвія і Эстонія.
    На Беларусі рух за нацыянальнае адраджэнне і незалежнасць ад імперскага Цэнтра таксама ўзмацніўся, але ён прадугледжваў перш за ўсё карэннае пераўтварэнне Саюза ССР у сапраўды дэмакратычную прававую дзяржаву, заснаваную на добраахвотным аб’яднанні раўнапраўных суверэнных рэспублік. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі, якая азначала, што Беларусь выбрала ўласны шлях развіцця, хаця і не выключала магчымасці аб’яднання разам з іншымі рэспублікамі ў новы саюз. Магчымасць такога напрамку ў развіцці адносін паміж рэспублікамі, якія адна за адной аб’яўлялі аб сваім суверэнітэце, пацвярджаецца вынікамі праведзенага ў сакавіку 1991 г. рэферэндуму. Большасць насельніцтва рэспублікі выказалася за ўваходжанне ў абноўлены саюз. За поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі і адмову ад уваходжання ў саюз з самага пачатку рашуча выступіў БНФ і ўзначальваемая ім апазіцыя ў Вярхоўным Савеце, а таксама розныя плыні і групы беларускай інтэлігенцыі.
    Аднак надзеі забяспечыць суверэнітэт рэспублік і ў той жа час захаваць саюз аказаліся нязбыўнымі. Гэтаму супрацьстаялі дзве супрацьлеглыя сілы. 3 аднаго боку, радыкальна-патрыятычныя нацыянальныя рухі ў рэспубліках, уплыў якіх хутка ўзрастаў, патрабавалі поўнай незалежнасці і ніякага саюза. 3 другога, кіруючая партыйна-дзяржаўная наменклатура стаяла за захаванне Саюза як унітарнай дзяржавы толькі з падмаляваным фасадам. 3 гэтым адзінствам краіны яны не ў апошнюю чаргу звязвалі свае надзеі і на захаванне
    каманднай эканомікі, якая забяспечвала ім панаванне над грамадствам. Гэта было тое галоўнае, што аб’ядноўвала інтарэсы правячых колаў у цэнтры і ў рэспубліках.
    3 мэтай не дапусціць набыцця рэспублікамі незалежнасці, спыніць радыкальныя рэформы ў эканоміцы і грамадстве рэакцыянеры, якія аказаліся ў большасці на чале дзяржавы, развязалі жнівеньскі путч. Яго падаўленне адчыніла шлях да хуткага набыцця рэспублікамі поўнай незалежнасці.
    26 жніўня 1991 г. сесія Вярхоўнага Савета Беларусі прыняла Закон «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР». Усе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага падпарадкавання, якія размяшчаліся на тэрыторыі рэспублікі, перадаваліся ва ўласнасць Беларускай ССР. Гэтым самым прамое ўмяшанне Цэнтра ў гаспадарчае жыццё рэспублікі спынілася.
    19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў Закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім з гэтага дня яна пачала называцца «Рэспубліка Беларусь», а ў скарочаных назвах — «Беларусь». Новым сцягам Рэспублікі Беларусь з’явілася палотнішча з бела-чырвонабелай палосамі, а дзяржаўным гербом — «Пагоня».
    18 кастрычніка 1991 г. прыняты Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», што з’яўляецца неад’емным атрыбутам дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Важнае значэнне для фарміравання беларускай дзяржаўнасці, укаранення нацыянальнай самасвядомасці мае Закон аб мовах, які ўстанавіў, што дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова. Закон аб культуры накіраваны на рэалізацыю суверэнных правоў рэспублікі ў галіне культуры, ажыццяўлення прынцыпаў ідэалагічнай і палітычнай незалежнасці культуры ад грамадска-палітычных структур, на стварэнне прававых умоў для свабоднага самаразвіцця культурных працэсаў. У Законе аб адукацыі адзначаецца: «Рэспубліка Беларусь як суверэнная дзяржава мае ўласную сістэму адукацыі і выхавання і гарантуе кожнаму свайму грамадзяніну магчымасць развіцця асобы, атрымання адукадыі, якая адпавядала б яе патрабаванням і здольнасцям, актыўнае далучэнне да культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа, іншых нацыянальных супольнасцей рэспублікі».
    Аб неабходнасці такіх законаў сведчаць факты рэальнага жыцця. У 1988 г. у рускамоўных школах рэспублікі навучалася 86 % усяго школьнага кантынгенту і толькі 14 %—у беларускамоўных. Удзельная вага выданняў мастацкай літаратуры на беларускай мове складала каля 5 % ад агульнай колькасці такіх выданняў у рэспубліцы. Агульны тыраж рэспубліканскіх газет на беларускай мове быў у 10 разоў меншы, чым на рускай мове. Таму правядзенне ў жыццё Законаў аб нацыянальным і культурным адраджэнні, умацаванні дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь, пераадолення нацыянальнага нігілізму стала адной з асноўных задач сучаснага грамадска-палітычнага жыцця. У сувязі з гэтым асаблівую важнасць набывае работа, якую праводзіць узначальваемая Н. С. Гілевічам камісія Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны. Гэта адна з найбольш аўтарытэтных і дзейных камісій у Вярхоўным Савеце.
    Заключным актам у набыцці Рэспублікай Беларусь, як і іншымі рэспублікамі былога Саюза, дзяржаўнага суверэнітэту з’явілася прыняцце 8 снежня 1991 г. пагаднення, якое падпісалі кіраўнікі Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны, аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У пагадненні абвяшчалася, што Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як суб’ект міжнароднага права і палітычная рэальнасць спыніў сваё існаванне. Тры дзяржавы аб’ядналіся ў СНД і запрасілі ўступіць у Садружнасць іншыя дзяржавы былога СССР. Статус дзяржаўнай незалежнасці ўсіх былых саюзных рэспублік прызнаны міжнародным згуртаваннем. Рэспубліка Беларусь па стану на кастрычнік 1992 г. была прызнана больш чым 100 дзяржавамі свету. Рэспубліка стала паўнапраўным удзельнікам нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, членам Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў. Ядзерная тактычная зброя поўнасцю выведзена за яе межы, a праз 7 гадоў скончыцца вывад і зброі стратэгічнага прызначэння.
    У знешнепалітычным курсе Рэспубліка Беларусь прытрымліваецца нейтралітэту і бяз’ядзернасці, хаця па-сапраўднаму нейтральнай яна можа быць толькі тады,калі пазаблокавай стане ўся Еўропа,калі свабода руху ідэй, людзей, капіталаў, тавараў і паслуг стане штодзённай рэальнасцю.
    Заданні. 1. Растлумачце, у чым выяўлялася новае палітычнае мысленне ў сферы міжнародных адносін у другой палавіне 80-х — пачатку 90-х гг. 2. Раскажыце, якія новыя з'явы адбыліся ў гэтыя гады ў сферы гандлю. 3. Абгрунтуйце непазбежнасць распаду былога СССР. Раскажыце, як гэта адбылося. 4. Назавіце асноўныя заканадаўчыя акты, у якіх атрымала замацаванне незалежнасць Рэспублікі Беларусь.
    ЗМЕСТ
    Ад аўтараў	 .	.	3
    Раздзел I. Рэвалюцыя 1905—1907 гг. на Беларусі
    § 1.	Наспяванне рэвалюцыйнай сітуацыі . .	....	6
    § 2.	Пачатак рэвалюцыі. Рэвалюцыйны рух у студзені — верасні 1905 г	 .	.	.16
    § 3.	Беларусь у перыяд найвышэйшага ўздыму рэвалюцыі 22