• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Поспех БСГ тлумачыўся перш за ўсё яе праграмай, што прадугледжвала ўвядзенне сацыялістычнага ладу шляхам рэвалюцыі, шырокія дэмакратычныя свабоды, задавальненне інтарэсаў сялян (адчужэнне ўдзельнай, манастырскай, царкоўнай і памешчыцкай зямлі без выкупа і перадача яе ў карыстанне «ўсяго працуючага народа») і рабочых, аўтаномія Беларусі ў складзе Расійскай Федэрацыі, развіццё беларускай культуры і г. д.
    Праграма была асабліва прыцягальнай па такому пытанню, як аграрнае,— самаму злабадзённаму ў той час на Беларусі. У процілегласць ёй праграма БПНС, у кіраўніцтве якой былі памешчыкі (Р. Скірмунт), прадугледжвала захаванне памешчыцкага землеўладання.
    Ажыццяўленне праграмы БСГ ускладала на беларускую краёвую ўладу, якая павінна была выбірацца на Усебеларускім з’ездзе пасля склікання Усерасійскага Устаноўчага сходу. У новых умовах яна ўзяла курс на мірнае рэфарміраванне ўсяго палітычнага ладу на Беларусі. Гэтыя ідэі шырока прапагандаваліся газетай БСГ «Грамада».
    У асноўным БСГ падтрымлівала палітыку Часовага ўрада, але дабівалася аўтаноміі для Беларусі. Грамада падзяляла ідэю вядзення вайны да пераможнага канца, бо лічыла, што мір без анексій і кантрыбуцый быў магчымы пры ўмове перамогі над Германіяй. Такая пазіцыя БСГ была невыпадковай: у выпадку неадкладнага заключэння міру Беларусь магла аказацца разарванай на часткі.
    Летам 1917 г. у беларускім нацыянальным руху абвастрылася барацьба паміж левым і правым накірункамі. Аўтарытэт БНК з-за пазіцыі правых падаў. Тады кіраўніцтва БСГ патрабавала выключыць з камітэта прадстаўнікоў правых партый (БПНС і ХДЗ). 3 гэтай мэтай па яе ініцыятыве ў ліпені 1917 г. быў скліканы II з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый.
    Ліпеньскі з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый. Дзейнасць Цэнтральнай рады. З’езд адбыўся ў Мінску. У ім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх палітычных плыняў беларускага нацыянальнага руху. Прысутнічалі эсэры, меншавікі, кадэты, а таксама дэлегаты яўрэйскіх, украінскіх і польскіх нацыянальных арганізацый. Але больш прадстаўнічай і радыкальнай на з’ездзе была БСГ. Яна і вызначала яго палітычную лінію.
    З’езд прыняў прапанову БСГ аб ажыццяўленні нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дзяржавы і падкрэсліў неабходнасць дабівацца яе ад Часовага ўрада. Занепакоеныя ростам аграрных непарадкаў, дэлегаты выказаліся за ўзмацненне ўплыву на сялянства ў процівагу бальшавіцкай агітацыі, за актывізацыю працы беларускіх нацыянальных арганізацый сярод вайскоўцаў. Былі абраны члены Цэнтральнай рады — у яе склад увайшлі галоўным
    чынам прадстаўнікі ад БСГ. I наогул, на падставе рашэння з’езда ў Раду мелі права пасылаць сваіх дэлегатаў толькі тыя арганізацыі, якія прызнавалі аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай Федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі, бясплатную перадачу зямлі народу і развіццё беларускай культуры. Старшынёй выканкама Цэнтральнай рады стаў адзін з лідэраў БСГ — Я. Лёсік, членамі — А. Смоліч, У. Фальскі, У. Галубок і інш.
    Цэнтральная рада па свайму складу і поглядах аказалася больш дэмакратычнай, чым БНК. Гэтым і вызначалася накіраванасць яе дзейнасці пасля з’езду. Перш за ўсё Рада імкнулася аб’яднаць усе беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Яна ўстанавіла кантакт з арганізацыямі ў Вільні, а іменна: з «Сувяззю незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» (В. Ю. Ластоўскі) і Беларускай саныял-дэмакратычнай рабочай групай (A. I. Луцкевіч). Дзякуючы яе дзейнасці ўжо да жніўня 1917 г. у беларускім руху аб’ядналася 23 арганізацыі, у якія ўваходзіла да 23 тыс. чалавек.
    Праз газету «Вольная Беларусь», якую пачаў выдаваць яшчэ БНК. Рада абуджала нацыянальную самасвядомасць беларускага народа. Яна арганізоўвала культурна-асветныя гурткі ў войску, збірала сродкі на дапамогу бежанцам-беларусам і г. д. Прынцыповы характар мела пастаноўка Радай перад Часовым урадам пытанняў аб стварэнні на Беларусі органаў мясцовай краёвай улады, а таксама аб арганізацыі беларускіх нацыянальных вайсковых фарміраванняў. Але Часовы ўрад адхіліў гэтыя прапановы.
    Восенню 1917 г. адбыліся беларускія вайсковыя з’езды Заходняга, Паўночнага, Паўднёва-Заходняга, Румынскага франтоў і матросаў Балтыйскага флоту, шэрага з’ездаў бежанцаў, канферэнцыі беларускіх партый і арганізацый. Амаль усе яны прайшлі пад лозунгамі аўтаноміі Беларусі, цэласчасці яе тэрыторыі ў этнаграфічных межах, арганізацыі беларускага нацыянальнага войска з мэтай абароны краю, дабрабыту і спакою яго насельніцтва, бясплатнай перадачы зямлі народу і г. д. У выніку вайсковых з’ездаў у Мінску была створана Цэнтральная вайсковая беларуская рада — ЦВБР (старшыня С. Рак-Міхайлоўскі), якая практычна занялася стварэннем беларускіх вайсковых фарміраванняу. Ужо ў снежні 1917 г. быў ство-
    раны 1-ы беларускі полк.
    Імкненне дзеячаў беларускага нацыянальнага руху арганізаваць беларускую краёвую ўладу і яе нацыянальныя войскі было абгрунтаваным і своечасовым. Справа ў тым, што, з аднаго боку, да восені 1917 г. уся Расія была ўцягнута ў стан хаосу, развалу і безуладдзя, ад чаго ў першую чаргу пакутавала насельніцтва. На Беларусі становішча пагаршалася наяўнасцю вялікай колькасці салдат Заходняга фронту, якія былі дэмаралізаваны. Дарэчы, праз яе тэрыторыю масавым патокам хлынулі дэзерціры, якія часта займаліся марадзёрствам і рабаўніцтвам. Больш таго, гэта пагражала агаленнем фронту і нямецкай акупацыяй. Патрэбна была моцная ўлада і яе апора ў выглядзе ўзброеных сіл. 3 другога боку, да гэтага часу завяршылася ў асноўным збіранне беларускіх нацыянальных сіл. Для каардынацыі дзеянняў гэтых сіл у кастрычніку 1917 г. Цэнтральная рада беларускіх партый і арганізацый на аснове рашэнняў вышэйадзначаных з’ездаў была ператворана ў Вялікую беларускую раду (ВБР). Яна заявіла, што бярэ на сябе ролю беларускай краёвай улады і выбрала спецыяльную камісію для вядзення дзяржаўных спраў.
    Падрыхтоўка Усебеларускага з’езда. Пасля бальшавіцкага перавароту ў кастрычніку 1917 г. Вялікая беларуская рада прызнала ўладу Саветаў у Расіі, але не прызнала яе ў Беларусі. Беларускія дзеячы разглядалі Аблвыканкамзах як выключна франтавы орган улады, які не зацікаўлены ў кіраўніцтве грамадскапалітычным, эканамічным і культурным жыццём Беларусі. Падставай для такога вываду служыла тое, што ў прэзідыуме Аблвыканкамзаха былі толькі прадстаўнікі фронту і не было ніводнага беларуса.
    27 кастрычніка 1917 г. ВБР, ЦБВР, Беларускі выканаўчы камітэт Заходняга фронту, БСГ, БПНС выдалі «Грамату да беларускага народа» з заклікам згуртавацца вакол Вялікай беларускай рады дзеля таго, каб пакончыць з безуладдзем і абараніць родны край. 30 лістапада 1917 г. яны звярнуліся з адозвай «Да ўсяго народа беларускага», дзе абвясцілі сваю палітычную праграму, у якой прадугледжвалася абвяшчэнне Беларусі дэмакратычнай рэспублікай у саюзе з Вялікарасіяй і іншымі суседнімі рэспублікамі на аснове федэрацыі з адпаведным размежаваннем правоў краёвых і федэральных улад, перадача ўсёй улады ў Беларусі
    Краёвай радзе, якая павінна выбірацца на аснове, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага галасавання. У адозве вызначаліся і такія неадкладныя задачы, як надзяленне сялян зямлёй, захаванне ўсіх каштоўнасцей краю, фарміраванне беларускага нацыянальнага войска, дэлегаванне свайго прадстаўніцтва на міжнародную канферэнцыю з мэтай прадухілення падзелу Беларусі паміж суседнімі дзяржавамі. Справядліва лічылася, што вырашыць гэтыя задачы зможа толькі ўлада, выбраная самім беларускім народам. Для арганізацыі такой улады ў цэнтры і на месцах адозва аб’яўляла скліканне на 5 снежня 1917 г. з’езда прадстаўнікоў усяго беларускага народа ў Мінску.
    ВБР звярнулася да кіраўнікоў Аблвыканкамзаха з прапановай супрацоўніцтва ў стварэнні беларускай дзяржаўнасці. Аднак яны адхілілі прапанову ВБР. Аблвыканкамзах усю ўвагу аддаваў праблемам фронту і дэмабілізацыі арміі, а праблемы беларусаў яго мала цікавілі. Больш таго, кіруючыся ідэямі сусветнай рэвалюцыі, перавагамі агульнапралетарскіх інтарэсаў над нацыянальнымі, патрабаванне самавызначэння беларусаў ён успрымаў як контррэвалюцыйнае. Да таго ж многія члены Аблвыканкамзаха наогул не прызнавалі існаванне беларускай нацыі. Старшыня камітэта А. Ф. Мяснікоў выехаў у Петраград, каб дабіцца забароны з’езда, аднак яму параілі знайсці процівагу ВБР у якойнебудзь іншай беларускай арганізацыі. Бальшавікі зрабілі спробу выкарыстаць супраць ВБР Беларускі абласны камітэт (БАК) пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе. Яны дамовіліся з кіраўнікамі БАК (Я. С. Канчар, Ф. М. Караткевіч, М. Б. Гольман і інш.) аб тым, што апошнія выступяць за скліканне з’езда, які будзе праведзены з мэтай умацавання Савецкай улады. БАК абвясціў аб скліканні такога з’езда 17 снежня 1917 г. у Рагачове. Але ўсё ж такі значнае падабенства палітычных праграм БАК і ВБР, іх агульная зацікаўленасць лёсам Беларусі далі ім магчымасць знайсці кампраміс і дамовіцца аб правядзенні агульнага з’езда 5 снежня 1917 г.
    Першы Усебеларускі з’езд. З’езд адбыўся 5—17 снежня 1917 г. у Мінску. У ім удзельнічалі 1872 дэлегаты, якія былі абраны губернскімі, павятовымі і валаснымі земствамі, губернскімі і павятовымі зямельнымі камітэтамі, беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, у тым ліку бежанскімі, вайскоўцамі, Саветамі рабочых, ся-
    лянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Па сацыяльнаму складу дэлегаты з’езда прадстаўлялі пераважна сялян, рабочых, сярэднія і ніжнія слаі інтэлігенцыі, па нацыянальнаму — галоўным чынам беларусаў. Па свайму прадстаўніцтву і складу гэта быў у поўнай меры паўнамоцны з’езд. Ен меў права вырашаць пытанне аб стварэнні краёвай улады і інш.
    На з’ездзе выступілі прадстаўнікі ВБР, ЦВБР, беларускіх настаўнікаў, газеты «Вольная Беларусь», маскоўскай арганізацыі БСГ, беларусаў Бабруйска, усіх франтоў і Балтыйскага флоту, 1-га беларускага палка і інш. Прамоўцы падкрэслівалі цяжкае становішча Беларусі, неабходнасць стварыць органы краёвай і мясцовай улады, вырашыць зямельнае пытанне і пытанне аб арганізацыі беларускага войска. Яны праявілі вялікую занепакоенасць пагрозай падзелу Беларусі паміж Германіяй і Расіяй і прынялі рашэнне паслаць на маючыя адбыцца перагаворы ў Брэсце сваіх дэпутатаў з мэтай адстойваць інтарэсы Беларусі.